Лексіка традыцыйнага жылля і народнага будаўніцтва ў гаворках Гомельска-Бранскага памежжа

0
570
Лексіка традыцыйнага жылля і народнага будаўніцтва ў гаворках Гомельска-Бранскага памежжа

Традыцыйная ўсходнеславянская культура, якая фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў, адлюстравала ў сабе народную мудрасць і вопыт, нашу нацыянальную свядомасць і менталітэт. Памежжа Гомельшчыны і Браншчыны — тэрыторыя інтэнсіўных гісторыка-культурных і этнічных кантактаў, якія абумовілі адметны характар фарміравання і развіцця розных форм традыцыйнай духоўнай і матэрыяльнай культуры гэтага рэгіёна. Канфігурацыя традыцыйнай культуры беларускага-рускага памежжа паказвае ўнікальнасць і непаўторнасць ўсходнепалескай культуры як цэльнага феномена, непасрэдна звязанага з эстэтыкай сферы існавання ўсходніх славян ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя, поліканфесіянальнасці мясцовага насельніцтва, дывергентным развіццём яго асобных груп. Супастаўляльны аналіз матэрыялаў, сабраных у беларускіх пагранічных рэгіёнах і на сумежных тэрыторыях усходнеславянскіх этнасаў — даўніх суседзяў беларусаў, якія маюць агульныя гістарычныя карані і тыпалагічна блізкія па віду культуры, мае вялікае значэнне для вызначэння характару многіх гісторыка-культурных працэсаў.

Тэрыторыю Браншчыны і Гомельшчыны аб’ядноўваюць, акрамя таго, тыя сумныя абставіны, што абодва рэгіёны істотна пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Наступствы гэтай аварыі з’яўляюцца найбольш важным фактарам рызыкі страты розных форм праяўлення традыцыйнай культуры. Гэта дыктуе неабходнасць тэрмінова максімальна поўна даследаваць населеныя пункты тых раёнаў на памежжы Беларусі і Расіі, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, з мэтай фіксацыі і вывучэння найбольш значных фактаў праяўлення іх традыцыйнай культурнай спадчыны.

Прадметам нашага даследавання з’явіліся назвы народнага жылля і будаўніцтва, якія выкарыстоўваюцца ў гаворках Гомельска-Бранскага памежжа, крыніцай фактычнага матэрыялу — архіў кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны, складзены з матэрыялаў дыялекталагічных экспедыцый, праведзеных у Веткаўскім і Добрушскім раёнах Гомельскай вобласці, Навазыбкаўскім, Клімаўскім і Злынкаўскім раёнах Бранскай вобласці.

Народная будаўнічая лексіка адзначанага рэгіёна даволі разнастайная ў тэматычных адносінах. У яе складзе вызначаюцца агульныя назвы жылых пабудоў: дом, хата; назвы ўнутраных памяшканняў жылога дома: комната, зал, кухня, пярэдняя, пірэдня, задняя, летняя кухня, трэцяя хата, горніца, бакавушка, калідор, карыдор, прахожая, прыхожая; назвы частак жылой пабудовы — памяшкання паміж столлю і дахам: гара, гарышча, чардак, хоры, вышкі; верхняга ўнутранага пакрыцця памяшкання: паталок; насцілу, па якім ходзяць: пол, мост; памяшкання для захавання прадуктаў: кладоўка; чулан; памяшкання паміж жылой часткай хаты і ганкам: сенцы; знадворных прыбудоў да жылля: веранда, ганкі, крыльцо, прыстройка, прыстрояк; назвы структурных элементаў зруба: балка, брус, бервено, бревно, венец, страпіла, сціна, сцяна; бруса, на які насцілаецца падлога: лага; верхняй часткі будынка: стреха, крыша, дах; верхняй часткі фасада: франтон, хрантон, прантон; асновы для сцен будынка: фундамен; назвы гаспадарчых пабудоў і іх частак: гумно, амбар, пуня, ріга, сарай, сельнік; назвы будаўнічага матэрыялу: лес, рубероід, цэмент, шалёўка, шчабёнка, шыхвер; будаўнічых інструментаў: кельма, струг, рубанак, свярдло, фуганак, сякера і інш.

Тыпы структурна-семантычнай матывацыі будаўнічых назваў, якія ўжываюцца ў гаворках на тэрыторыі Гомельска-Бранскага памежжа, даволі разнастайныя, самую шматлікую групу сярод іх складаюць аддзеяслоўныя суфіксальныя дэрываты, матываваныя прызначэннем, функцыяй прадмета або дзеяннем, якое ён выконвае пад уздзеяннем знешняй сілы: засавень “юшка ў коміне”, дзергач “інструмент для выцягвання цвікоў”; адліў “прыстасаванне для сцёку вады”; засланка “металічная пласціна, якой закрывалі печ”; лежанка “шырокі цагляны выступ на печы, на якім можна адпачыць”; сходзец “прыступка”; просавень “металічны стрыжань для закрывання аканіц”; растворка “адна з частак акна, якая магла адкрывацца”; паддувала “адтуліна пад топкай, праз якую праходзіць паветра для падтрымання гарэння”. Такі тып матывацыі характэрны для розных відаў інструментаў, прылад працы, прыстасаванняў, а таксама асобных канкрэтных прадметаў або іх частак, намінацыя якіх утворана на аснове дзеяння, для якога яны прызначаны.

Некаторыя адсубстантыўныя і адад’ектыўныя суфіксальныя дэрываты паказваюць на прасторавае размяшчэнне рэаліі: бакавушка “бакавы пакой”; гарышча “гара”; вяршняк “верхняя частка рамы акна”. Даволі прадуктыўным у складзе разглядаемых назваў з’яўляецца суфіксальна-прыставачнае адсубстантыўнае ўтварэнне назоўнікаў, якія ўказваюць на месца размяшчэння аб’екта: прыпечак “выступ з боку вусця печы”; падпрыпячак “месца пад прыпечкам”; падпечча “месца пад печкай”; запечак, закутак , закомінак “месца за печчу”; нахатье “гара”; падполье “яма пад палом для захавання прадуктаў”; падзагнетак “полка пад подам печы”; падмоснікі “невялікія слупы, на якія насцілаецца падлога”; падмурак “фундамент”; прімыльнік “пакой у лазні”. Такі ж тып семантычнай матывацыі характэрны для прэфіксальных адсубстантыўных дэрыватаў, якія ўказваюць на месца знаходжання прадмета: закут “куток у хаце каля печы”; запек “выступ збоку ў печы”; падпеч “месца пад печчу”; падстраха “прастора пад страхой”.

У складзе разглядаемай лексікі сустракаюцца адзінкавыя субстантываваныя назвы, якія ўказваюць на парадак размяшчэння прадметаў: задняя, пярэдняя (хата), або на іх уласцівасць: халодная “веранда”; прызначэнне: прахожая “прыхожая”. Асобныя субстантыўныя назвы характарызуюць структуру рэаліі або асаблівасці яе выкарыстання: аднаручка “піла-нажоўка”; паперочка “піла з дзвюма ручкамі”, уласцівасці рэчыва: сырэц “неабпаленая гліна”.

Генетычная характарыстыка будаўнічых назваў паказвае, што большасць з іх адносіцца да сваямоўнай лексікі. У складзе лексем іншамоўнага паходжання, якія адносяцца да так званых “культурных” запазычанняў, большасць складаюць германізмы тыпу: абценькі, балка, дах, зал, кельма, клямка, кухня, лага, фуганак, фундамент, шалёўка, шыфер; нешматлікімі з’яўляюцца цюркізмы: амбар, баркан, балтызмы: пуня, лацінізмы: рубероід, фортка, цэмент, грэцызмы: баня, галіцызмы: веранда, франтон, італьянізмы: калідор і інш.

Такім чынам, назвы традыцыйнага жылля і будаўніцтва, якія функцыянуюць на тэрыторыі беларуска-рускага памежжа, складаюць значны лексічны пласт, з’яўляюцца разнастайнымі ў тэматычных і матывацыйных адносінах і ў большасці сваёй агульныя для беларускіх і рускіх гаворак, што сведчыць аб працяглых і трывалых гісторыка-культурных кантактах блізкароднасных народаў-іх носьбітаў.

Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Традиционная культура на территории Российско-Белорусского по­граничья: историко-этнографический и лингвокультурологический аспек­ты: Материалы XIV международной научно-практической конференции (г. Новозыбков, Брянская область, 14-15 ноября 2012 г.) / Под ред.: С.Н. Стародубец, В.В. Мищенко, В.Н. Пустовойтова, Ю.А. Шевцовой, О.В. Белугиной. — Брянск: РИО БГУ, 2012. – С. 174-177.