Лексіка-семантычныя вар’іраванні найменняў традыцыйнага жылля беларуска-расійскага памежжа

0
330
Лексіка-семантычныя вар’іраванні найменняў традыцыйнага жылля беларуска-расійскага памежжа

Архітэктура і будаўніцтва з’яўляецца састаўной часткай духоўнай і матэрыяльнай культуры ўсходніх славян. “Tempora mutantur et nos mutamur com illis (Часіны мяняюцца, і мы змяняемся разам з імі)”, — сведчылі старажытныя рымляне. Разам з часам і людзьмі мяняюцца іх архітэктурныя перавагі. Старажытныя прыкметы знікаюць (або ўжо зніклі) пад націскам прагрэсу.

Цікавасць выклікае самабытнасць Гомельшчыны як часткі Усходняга Палесся і беларуска-расійскага памежжа. Матэрыялы экспедыцый у Добрушскі раён Гомельскай вобласці выкладчыкаў і студэнтаў філалагічнага факультэта УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны” натхняюць, што лексіка будаўніцтва не толькі захавалася, але і актыўна функцыянуе і паказвае змяненні будаўнічых прэферэнцый у выніку аб’ектыўных сацыяльна-культурных фактараў.

Традыцыйнае жыллё ўсходніх славян — гэта сядзіба, якая складаецца з жылых і гаспадарчых пабудоў (хата, клеці, адрына, гумно, лазня, хлеў). Сучасны фактычны матэрыял сведчыць аб скарачэнні лексікі, што называе сядзібныя пабудовы.

На тэрыторыі Добрушскага раёна функцыянуюць лексемы хата і дом. Першая ўспрымаецца гаворачым як беларуская, а ў спалучэнні з парадкавым лічэбнікам ужываецца для адрознення пакояў: Там, дзе печ стаіць, эта трэцяя хата (в. Грушаўка). Слова дом называе і саму хату, і ўсю гаспадарку. Зрэдку для ўсёй сядзібы ўжываецца назва імушчэство ‘маёмасць’, якая з’яўляецца вынікам рускага моўнага ўплыву на рэгіён: Імушчэства ў нас було бальшое (в. Вуць).

Адасобленая сялянская гаспадарка ў беларускай і рускай мовах мае найменне хутар, якое захоўваецца і ў Добрушскім раёне: На хутары жылі больш кулакі, ну тыя, хто многа што дзелалі (в. Вуць).

Жыллё як месца пражывання чалавека спрадвеку ў сядзібным комплексе мела стасункі з падсобнымі гаспадарчымі памяшканнямі, уключаючы звычайна хату і сенцы. У сенцах аддзялялася невялікая камора (каморка) ці кладоўка. Пад уздзеяннем новых архітэктурных і сучасных дызайнерскіх уплываў старажытны тып планіроўкі змяняецца. Аднак даўнія найменні захоўваюцца: лексема сенцы на тэрыторыі Добрушскага раёна ўжываецца ў значэннях ‘пярэдняя частка хаты’, ‘першы пакой’: Як у хату заходзіш — адразу сенцы (в. Ларышчава); Як уваходзіш з вуліцы адразу былі сенцы, бо і сена ляжала, і каровы жылі, і свінні. А патом дальшэ у хату заходзілі (в. Церахоўка). Каля ўваходу ў сенцы часам ладзілася паўадкрытая галерэя — падсені, падчэні, ганак. Захоўваюцца звесткі пра такія пабудовы і на беларуска-расійскім памежжы: ганкі ‘прыбудова перад уваходнымі дзвярамі’: А вон на ганках гэта ступенкі (в. Івакі).

Першы пры ўваходзе ў хату пакой называецца таксама калідор (карыдор), піредня, прыхожая: У калідор уходзіш, а патом ужо у хату (в. Івакі); Як у хату уходзіць дак сразу карыдор (в. Грушаўка); Первую комнату называлі піредня (в. Івакі); Як у хату заходзіш первая комната, называлася прыхожая (в. Івакі).

У традыцыйнае беларускае жыллё ўваходзіла клець ‘памяшканне для захоўвання збожжа, прадуктаў, бытавых рэчаў, адзення’. Лексема мела сінанімічныя назвы: камора, кладоўка, спіжарня, свіран. На тэрыторыі Добрушскага раёна для абазначэння дапаможных гаспадарчых памяшканняў унутры хаты сустракаюцца словы кладоўка (кладовачка) ‘невялікі пакойчык у хаце для захавання гаспадарчых прылад’ і чулан ‘невялікае памяшканне ў першым пакоі хаты’: Кладоўка ёсць, там банкі усякія (г. Добруш); Ну чулан — кладовачка, калі ў хату сразу заходзіш (в. Івакі). Месца, дзе захоўваецца салома і сена, жыхары Добрушскага раёна называюць скірдоўка: Салому злажвалі ў скірдоўку, было інцересна, весялей (в. Вуць).

Пашыранай назвай асобных гаспадарчых пабудоў у сядзібным комплексе з’яўляецца сарай, хаця асноўная семантыка слова — ‘пабудова для ўтрымання хатняй жывёлы’: А на дваре сарай (в. Прудоўка); У сарае свінні у мяне стаяць (г. Добруш). Месца для захавання сена ў сараі — гэта сенавал: Зверху робім сенавал, каб яшчэ не будаваць болей нічога (в. Церахоўка).

Сядзіба будавалася не адразу, пазней дабудаваныя часткі хаты атрымлівалі адпаведныя назвы прыстройка і прыстрояк: І кухня летняяя у прыстройкі (г. Добруш); Некаторыя эта прыстрояк завут (г. Добруш).

Адсутнасць у старажытнасці халадзільных установак абумовіла існаванне паглыбленых у зямлю памяшканняў, якія называліся: склеп, пограб, лёх, байрак, яма. На тэрыторыі Добрушскага раёна такія памяшканні традыцыйна рабіліся ўнутры хаты і называліся пограб (у фанетычных варыянтах) ці падвал ‘месца пад падлогай’: Места пад полам называецца пограб ц’і падвал. Там хранім гурочкі, капусту (в. Івакі); Раней падвал капалі звычайна на кухні і ставілі ўсе, што наросцім (в. Церахоўка). Такое памяшканне спецыяльным чынам прыстасоўваецца: пограб ‘выкапаная яма, абкладзеная дошкамі або цэглай, у якой захоўвалі прадукты’: Капаем яму, робім сцены па бакам і зверху потым засыпаем зямлей, ды і атрымоўваецца погреб (в. Церахоўка). З такой самай семантыкай ужываецца і слова падполье: Ну картошку ў падполье хранілі, а сейчас вот закаткі (в. Івакі).

Прастора пад страхой заўсёды пільна выкарыстоўвалася ў гаспадарцы. У беларускіх гаворках для назвы месца пад дахам ужываюцца словы гара, гарышча, падстрэшша. У Добрушскім раёне часцей сустракаецца слова рускай мовы чердак і яго “збеларушаныя” варыянты чэрдак і чардак: Старыя вешчі складываю на чердак (г. Добруш); Над паталком і пад крышэй, вун там вон, эта чэрдак; Чардак — звычайна сушылі там ягады і грыбы (в. Церахоўка). Для абазначэння месца пад страхой выкарыстоўваецца і апісальнае найменне на хату: Бывала, што каб ад маткі ці ад бацькі схавацца, прыходзілася на хату лезці (в. Вуць).

Лексіка традыцыйнага народнага жылля беларуска-расійскага памежжа сведчыць аб цесным узаемаўплыве беларускай і рускай моў. У працэсе наймення частак жылля, асобных гаспадарчых пабудоў сядзібнага комплексу насельніцтва памежных абласцей выкарыстоўвае нароўні з беларускімі адзінкамі (ганкі, сенцы, скірдоўка) лексемы рускай мовы (чердак, чулан, сарай). Існуюць агульныя для ўсходнеславянскіх моў лексемы (кладоўка, пограб). Уся ўказаная лексіка прайшла на беларускай тэрыторыях фанетычную асіміляцыю і падпала пад адметнасці мясцовага вымаўлення.

Аўтар: К.Л. Хазанава
Крыніца: Традиционная культура на территории Российско-Белорусского по­граничья: историко-этнографический и лингвокультурологический аспек­ты: Материалы XIV международной научно-практической конференции (г. Новозыбков, Брянская область, 14-15 ноября 2012 г.) / Под ред.: С.Н. Стародубец, В.В. Мищенко, В.Н. Пустовойтова, Ю.А. Шевцовой, О.В. Белугиной. — Брянск: РИО БГУ, 2012. – С. 206-210.