Лексіка каляндарна-абрадавага зімовага цыклу на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна

0
1411
Лексіка каляндарна-абрадавага зімовага цыклу на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна

Комплекснае вывучэнне духоўнай спадчыны беларусаў, якое аб’ядноўвае этнаграфію, фальклор і мовазнаўства, з’яўляецца адным з самых актуальных і перспектыўных напрамкаў сучасных навуковых даследаванняў. Этналінгвістычныя даследаванні разглядаюць мову праз прызму традыцыйнай народнай духоўнай культуры. У аснову ўказанага падыходу пакладзена формула “мова + культура”. Уласцівасць мовы адлюстроўваць адметнасць культуры яе носьбітаў абумоўлена кумулятыўнай функцыяй, якая заключаецца ў назапашванні і захаванні традыцый, гістарычных здабыткаў, нацыянальнай свядомасці народа. Мову ў яе кумулятыўнай функцыі даследчыкі разглядаюць як механізм, што спрыяе кадзіраванню і трансляцыі культуры.

У кантэксце ўзаемазвязанага вывучэння мовы і культуры беларускага народа аб’ектам увагі становяцца культурна афарбаваныя моўныя адзінкі, якія з’яўляюцца прадуктам кумуля- тыўнай функцыі мовы і тым ці іншым элементам сваёй семантыкі або структуры адлюстроўваюць сувязь мовы і культуры, у якой дастаткова дакладна выяўляюцца дыялектныя рысы і многія асаблівасці беларускай гаворкі. У мове захоўваюцца самыя разнастайныя па часе ўзнікнення і функцыянавання лексічныя адзінкі. Цікавай у гэтым плане з’яўляецца абрадавая лексіка, якая звязана са зменамі ў жыцці прыроды і імкненнем чалавека ўздзейнічаць у сваіх інтарэсах на з’явы прыроды, прымусіць працаваць на сваю карысць. Каляндарныя святы беларусаў падпарадкаваны гадавому земляробчаму і жывёлагадоўчаму цыклам і выразна падзяляюцца на восеньскія, зімовыя, веснавыя і летнія. “Галоўным святам беларусаў з часоў Адама Міцкевіча лічацца Дзяды, бо яны адначасова сімвалізуюць не толькі “смерць” прыроды, але і непазбежнае заканчэнне жыццёвага шляху і пераход на той свет, да продкаў, кожнага чалавека” [1, с. 20]. Зімовыя абрады, якія ажыццяўляюцца ў снежні і студзені, даследчыкі звычайна звязваюць з сонцастаяннем [2, с. 389].

Лексіку зімовага абрадавага цыклу можна прадставіць у наступным выглядзе:

  1. Назвы зімовых абрадаў і свят: Сеяткі — тыдзень з 6 студзеня па 19 студзеня. Две недзелі ў нас называюцца святкі. Две недзелі — эта тут Крышчэніе, Новы год і шчадруха. Тут ходзяць шчадраваць і песні пяюць усякія на эту шчадруху. Асобенна перад Новы год увечар сабіраюцца к каждаму двару, праз вокны: — Цётка, спець? — Пейце! — Каму? — Івану! I начынаюць песні пець такія красівенныя. А калісь даўно дак яшчэ звязду насілі. Дзелаюць такую звязду. Звязда такая бальшушчая. Тамака, штоб гарэла свечка такая, і званкі такія, і калакольчыкі такія. I ў кажды дом ходзяць са звездой. Старае Сяло Ветк. Зімовыя святкі пачыналіся пасля поснай куцці і заканчваліся на Вадохрышча.

Новы год — свята, якое адзначаецца ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Адметнае комплексам каляднай абраднасці, варажбой, накіраванымі на прадугадванне будучага ў новым годзе; надяляецца магічнай сілай, якая прыносіць паляпшэнне дабрабыту, шчасце ў сям’ю. Галоўным атрыбутам свята з’яўляецца ёлка як сімвал урадлівасці, жыцця, здароўя. Кажуць, што калі першым у хату прыйдзёт мужчына, то пашчасціць у дабрабыце, а калі женчына, то нічога харошага не будет. Старае Сяло Ветк. Вечарам напярэдадні Новага года хадзілі па шчодрыках. У гэты вечар на стале было шмат страў. Існавала такое павер’е: як правядзе сям’я стары год і сустрэне новы, такім для ее будзе ўвесь надыходзячы год. Лоеў. В первый дзень новага году і курку, і карову, і свінку накарміць нада, усе далжны быць сытыя і давольныя. Хальч Ветк.

Каляды [Коледы] [Коляды] — зімовае свята народнага календара, якое адзначаецца 7 студзеня. Сабіраліся і маладзёж, і старыя. Перад Калядамі ставілі куццю, варылі з розных круп: ілі аўсянка, ілі пшано, ілі грэчка, ілі пярловая крупа. Варылі камнот з груш, з яблык. Потым хадзілі шчадраваць: і бабкі, і хлопцы, і малая дзетвара тожэ хадзіла. Казу дзелалі. Хадзілі ў каждую хату, пелі песні, і каза танцавала. Раньшэ насілі звязду. Гадалі дзеўкі. Усяка-усяка гадалі. Лоеў. Калісь калядавалі Каляды, і мы хадзілі на Каляды. Старае Сяло Ветк. Пачаткам язычніцкага святкавання ў гонар зімовага сонцазвароту лічыліся Каляды, якія ў сувязі з прыняццем хрысціянства супалі з нараджэннем Хрыстовым па новаму стылю. Свята адметнае багатым комплексам абраднасці, варажбой.

Ражаство [Ражство] [Ражэство] [Раждзество] [Раждество] — свята нараджэння Хрыста, 7 студзеня. На Ражаство, хто постуе, нада сочыва есць, узвар нада піць. Неглюбка Ветк. На Ражаство напамыеш усюды, напапавешаеш. Штоб было чыста і ўсё харашо было. Абязацельна. Ветка. Ражаство — хрысціянскі празнік, у якой святкуецца нараджэнне Іісуса Хрыста і Госпада Бога. У госці ходзяць да родзічаў або друзей з угашчэннямі, з празнікам паздраўляюць. Хальч. Я знаю, што на Ражаство хаты “абсяваць” нада. Абычна пастухі абсяваюць, абходзяць дама з празнікам паздраўляюць. У каждую хату горсць аўса кідаюць. Ветка.

Па старому стылю беларусы захавалі і святкаванне Старага новага года — з 13 на 14 студзеня. Стары новы год нразнуют 14 январа. Тагда ўжэ ходят шчадраваць. Ходят ужэ на дом, пераадзяваюцца ў цыганей, нарядныя такія. Ветка. На Стары новы год дзеўкі абдымаюць калкі ў плоце. Калі абніме да пары, то ў етым годзе замуж пойдзе. Церуха Гом. На Стары новы год ходзяць засяваць: ходзяць на хатах і абсыпаюць пакоі зернем. Пры гэтым гавораць: “Сею, сею, засяваю, з Новым годам паздравляю!” Яго адмячаюць праз дзве нядзелі пасля Новага года. Хальч Ветк. На Стары новы год варажылі на зеркала. Я не варажыла. Таво я не застала. А патом бацінак там, сапог через забор перекідаюць. Куда пападёт сапог, значіт аттуда жэніх. Старае Сяло Ветк.

Апошнім зімовым святам было Крашчэнне [Крэшчэнне] [Крэшчэнье] [Крашчэніе] [Крешченіе] [Крешченне] [Крешченье] [Крышчэнне] [Храшчэнне] [Хрышчэнне] [Хряшченне] або Вадохрышча [Вадохрышч] [Вадохрышчанне] [Водахрышчэнне] [Водохрышча] [Вадохрышч] — рэлігійнае свята, якое адзначаецца 19 студзеня. На Вадохрышча нада воду піць, умывацца ею, таму што вада этая ад балезней паможэт. Хальч Ветк. На Вадохрышч свецім ваду. Крукавічы Калінк. На Вадохрышчанне несом ваду свеціць, затым п’ём ее ад дурнога вока. Крукавічы Калінк. Водахрышчэнне — людзі ў гэты дзень рабілі проруб на возеры ці рацэ і ныралі ў яе. Старае Сяло Ветк. На Вадохрышчэ ў цэркву ходзім. Казловічы Калінк. Крэсціцель бувае пасля Водохрышча. Баравое Лельч. На Ражаство ёлку ставяць, украшаюць. Украшу яе разнымі бумагамі і стаіць яна да Крашчэння. Азершчына Рэч. Крашчэнне празнуют 19 января. У храме крэсцят вадзічку — асвяшчают ваду. У цэркве очэнь харошая служба ідзёт. Ветка. На Крашчэнне на раке. На льду высякалі крэст. Бацюшка асвяшчаў ваду і абпырсківаў людзей. Нада схадзіць у цэркву і набраць святой вады. Адмячалі яго 19 январа. Хальч Ветк.

  1. Найменні прысвяткаў: Андрэй [Андрэйкі] [Ондрэй] — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 13 снежня: дзявочае свята, адметнае варажбой. Андрэй — і цепер ето свято. Аляксандраўка Калінк. На Андрэйкі дзеўкі гадаюць, хочуць знаць, ці пойдуць у етум годзі замуж. Малейкі Браг. Колісь на Ондрэя і снег, і мецеліца, а дзеўкі бегуць нод вокны, коб послухаць, як зарэ хлопца назовуць. Тады ўжо і суджоного гпак звацьмуць. Чэрнічы Жытк.; Аўлас [Улас] [Улассе] — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 24 лютага: свята жывёлы. У святога Аўласа просім здороўя своёй жыўнасці: коніку, короўцы. Прудок Маз. На Уласа нічагуські не рабілі, а токі даглядалі коровы і коні. Паселічы Хойн. Улассее сільно не гуляем, а не робім, а то карова на вясне не ўстане на ногі. Казанск Калінк. *каровячы Ўлас — Каровячы Ўлас на масленай недзелі. Ад каровячага Ўласа да посту мяса не елі. Навасёлкі Петр.; Варвара [Варвары] [Варка] [Варуха] [Вары] [Ворвары] — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 17 снежня; жаночае свята. 3 якога пачынае прыбываць дзень. Варвара ноч уварвала. Хутар Светл. На Варвары дзень большае. Хобнае Калінк. Варка — Міколіна матка. М. Аўцюкі Калінк. Трэшчыць Варуха — берэжы нос і вухо. Завайць Нар. Вары ночы одорвалі. М. Аўцюкі Калінк. Ворвары правім ў цэркве. Града Жытк. *Варвара-мучэніца: Варвара-мучэніца за тое гпак называецца, што Варвару бацько мучаў, шоб вона одрэкласа ад веры Хрыстовай. Кажуць, што на Варвару-мучэніцу зажываюць усе раны за ноч. Маркоўскае Лельч. *Варварын дзень: Таму гпак празнік назвалі Варварын дзень, што ў еты дзень Варвара багацько мук і здзек поперэцерпвала. Хамічы-2 Калінк.

Дзень памінання святога Васілія, які быў міласэрным епіскапам да нямоглых, адзначаўся 14 студзеня, супадаючы па даце са Старым новым годам і меў назву Васілле [Васілей] [святое Васілле]: Пасля Новага году атмячаўся Стары новы год, 14 январа, так ён у нас называўся Васілле. Эта Каляды такіе былі. Стаўбун Ветк. Чатырнаццатага чысла Васілле, эта зімовы празнік царкоўны. Неглюбка Ветк. Пад Новы год было святое Васілле. У гэты дзень пераапраналіся па-рознаму, кажухі пераварачвалі. Я надзевала штаны, картуз, рубашку — была Васілём. А яшчэ ў Васіля навінна быць дзяўчына, яе называлі Маланка. Маланку мы ўпрыгожвалі, дзелалі карону, фартух з абруса, а таксама адзявалі ружовыя рукавіцы. Васіль з Маланкай ішлі ў хату і прасіліся пашчадраваць, каб Маланка песні паспявала. Нар. дух. спадч.

Ганны — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 22 снежня і звязваецца з назіраннямі за надвор’ем. На Ганны ўжэ прыбаўляецца багато дня. Загорыны Маз. Ганны — два тыдні до Коляд. Аляксандраўка Калінк. Сл. абр. лекс.

Адметныя назвы мелі пярэдадзень Вадохрышча — Вода: У нас на туй дзень нерэд Крэшчэннем говораць Вода. Маркоўскае Лельч. і дзень посту перад Хрышчэннем — Водопошчэ: На Водопошчэ п ’юць толькі воду. Азяраны Жытк. Колісь у Водопошчэ не поілі коней, коб не опоіліса. Замошша Лельч.

  1. Найменні ўдзельнікаў абрадаў. Пры правядзенні каляднага абраду абавязковымі ўдзельнікамі былі баба ‘жанчына, апранутая ў адзенне старой жанчыны’: На Стары новы год увечары дарослыя хадзілі калядаваць. Вадзілі з сабой казу, насілі бусла, вадзілі мядзведзя, бабу рабілі. Церахоўка Добр. і дзед. Баба, бабулька лавіла свайго дзеда, дзядульку: Казу вадзілі, дзеда, бабу рабілі. Церахоўка Добр.

Не ўяўлялася каляднае свята і без валачобнікаў [валачонікі] [волочоўные] — тых, хто выконвае традыцыйны абрад абходу двароў з велічальна-віншавальнымі песнямі на Вялікдзень: На Вялікдзень у нас раней усегда хадзілі валачобнікі. Гурыны Маз. Ужэ нашлі валачонікі — гатіуй каўбасы, чыр і масла. Зімовая Буда Калінк. Волочоўным йейцо давалі, пірага адрэжуць. Грабаў Петр.

Найболыпая колькасць найменняў асоб зафіксавана пры правядзенні каляднага абраду і шчадравання: вернік — давераная асоба і адзін з каляднікаў, якому давяралі насіць сабраныя грошы, сала, гарэлку. Булі вернікі такіе, ему сало давалі, да шчоб тое сало не з ’еў. Сямігосцічы Жытк.; звездар — чалавек, які нёс звязду ў час калядавання. Звязду насілі па каждай хаце. Звездаром пабудуць, а потым зернем хату пасыпаюць, каб багатыя былі. Ветка; калядоўшчык, каляднік [калядоўшчык] [каледоўшчык] — удзельнік каляднага абраду. Увечары сядяць усе дома: ждуць калядоўшчыкаў. Жмураўка Рэч. Хадзілі на Каляды калядоўшчыкі, песні пелі, шуцілі, у вокны стукаліся. А ім хазяева канфеты, грошы, булкі, калбасу давалі. Ветка; Мы называлі тых, хто каледуе, каляднікі. Ветка. Калядоўшчыкі на Калядкі збіраліся і калядаваць хадзілі па хатах. Станкі Ветк. А тады каледоўшчыкі паюць ва ўвесь голас, ходзюць на хатам да шчадруюць. Старае Сяло Ветк. На Стары новы год ходзяць калядоўшчыкі, пяюць шчадроўкі, жалаюць усім шчасця. Плоха, када калядоўшчыкі не заходзяць у хату. Шчасця будзе мала. Церуха Гом.; Маланка — персанаж каляднага абраду, шчадроўшчыца. А яшчэ ў Васіля навінна быць дзяўчына, яе называлі Маланка. Маланку мы ўпрыгожвалі, дзелалі карону, фартух з абруса, а таксама адзявалі ружовыя рукавіцы. Васіль з Маланкай ішліў хату і прасіліся пашчадраваць, каб Маланка песні паспявала. Нар. дух. спадч.; маханоша — удзельнік каляднага свята: той, хто носіць сумку за калядоўшчыкамі. Калядоўшчыкі адзяваюцца па-разнаму, навінна быць каза, маханоша (той, хто носіць сумку), звязда. Жмураўка Рэч.; шчадроўшчыкі [шчадроўнік] [шчадравальнік] [шчодрык] [шчодрікі] [шчодры] — людзі, якія хадзілі па дамах і віншавалі з Калядамі: Ходзяць шчадруюць дзеці. Ім і дзеньгі дают. А раньшэ і старыя. Эта очэнь багаты дзень, бо людзі бліны пякуць, каўбасы робяць і выносяць тым, хто прыходзіць. Паздравляют шчадроўшчыкі людзей. Адзяваюцца па-рознаму, там і козлікамі і катамі. Насовічы Добр.; Ой, шчадраваць любілі, то гэта шчодры станавіліся пад акно. Яланы Светл.; шчадруха — жанчына, якая шчадруе. Шчадрухі ходзяць шчадраваць, а потым гуляюць. Ветка.

  1. Найменні асобных элементаў абрадаў і свят: банкет [банкет] — элемент святкавання каляднага абраду. Банкет водзяць у гэты дзень, гарэлку п ’юць, ходзяць з гармонямі. Банкеты? Во я нагатую стол, ка мне прыйдуць, нагатую ўсяго: варэнікаў, жаркога там, блінчыкаў, салатаў усякіх. Але банкеты водзяць усё радзей. Другія людзі сталі. Ветка; Калядкі — вечар 13 студзеня і ноч на 14 студзеня. Ну у нас ходзяць па дамам. Песні пяюць і мы ім канхветы і дзеньгі даём. А ну хтось сціхі красівыя чытае, а малыя, дак пляшуць. Тожа даём. Эта все на 14 январа дзелалі, о так! Ветка; шчадроўкі [шчодрыкі] [шчодрікі] [шчёдрікі] [шчадруны] [шчодра] [шчодры] [шчодрык] [шчадруха] — элемент каляднага свята: хаджэнне па дамах з песнямі, каб атрымаць гасцінцы. Шчадроўкі адбываюцца кожны год пад Новы (Стары) год. Калі наступаў ранні вечар, ужо можна пачуць на вуліцах шчадроўныя песні. Добруш; Маладзёж ходзіць шчадраваць. Пяюць шчадроўныя песні. Заходзяць у кожную хату. Хазяева сустракаюць іх. I хто што ўжо ім дае: хто сала, хто каўбасы, хто грошай. Маркавічы Добр.
  2. Прадметы, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні абрадаў і свят. Найболыпая колькасць такіх магічных прадметаў ужывалася пры правядзенні каляднага абраду. На Каляду насілі звязду [зорка], на якой былі намаляваны розныя казачныя фігуркі: Павінна быць каза, маханоша, звязда. Жмураўка Рэч.; Абязацельна далжна быць каза, мядзведзі і зорка. Ветка Насілі зорку. Выраблялі зорку, у сярэдзіну ўстаўлялі ікону і свечку. Свечку запальвалі. Брагін.

Ноч пад Стары новы год адметная абрадам шчадравання. Самай распаўсюджанай формай правядзення шчадровак быў абход з казой [казёл] ‘чалавекам, пераапранутым у казла або з маскай з выявай казла’: Казу дзелалі. Хадзілі ў каждую хату, пелі песні, і каза танцавала. Лоеў. Звязду не насілі, а калі насілі, дык песні пяюць. Перадзяваліся ў казла, штоб неўгадвалі. Пералёўка Ветк.; Добра, калі ў хаце каза скакала, гэта была к багатаму ўраджаю. Церахоўка Добр. Казу з кардону дзелалі. Шупейкі Светл. Павадыр, апрануты ў світку: Світку доўгую надзявалі, бараду нрыклеім і казу вадзілі. Яланы Светл., паганяў пугай Казу: Ходзя Ілля на Васіля. Носіць нугу, дрэцена, уплецена, дзе пугай махне, там жыта расце. Церахоўка Добр. Казу апраналі ў кажух: Казу вадзілі, кажухом накрывалі чалавека, як каза. Ветка. Перапраналіся ў казу з рагамі. Кажух пераварочвалі. Гардуны. У некаторых раёнах замест казы вадзілі каня.

Традыцыйнай прыналежнасцю абраду шчадравання былі маскі бусла: Вадзілі з сабой казу, насілі бусла, вадзілі мядзведзя. Церахоўка Добр.; каня: На Стары новы год сабіраліся, выварочвалі шубу, надзявалі шубу. I от каза ідзе дзераза. Насілі ці каня ці зорку на палке. Галаву коньскаю з кардоніны. Ну і ідуць і просяць хазяіна: пусці казу-дзеразу. Барталамееўка Ветк.

Не ўяўлялася свята Вадохрышча без святой вады — вада пасля Хрышчэння, якую пілі і якой свяцілі хату: На Крешченне ўсе ідуць, набіраюць святую ваду, і год, якузялі, так яна і стаіць. Старае Сяло Ветк.

Абрадавыя назвы ежы. Вялікае значэнне ў правядзенні абрадаў надавалася куцці — абрадавай стравы з круп. На зімовых святках гатаваліся тры куцці: перадкалядная посная, багатая, шчодрая пры сустрэчы Новага года і галодная перад Вадохрышчам: Во куцця ета інцярэсна. Куццю рабілі з крупы пярловай, варылі ў печцы. Трэба было ўсім нам, тром дзецям, у той куцці, што мамка зварыла, усім разам набраць па ложке той куцці. З той куццёй бягом па дзярэўні і каго сустрэнеш, так і мужа тваго будуць зваць, ну і бягом далей. Івакі Добр. На першую куццю сена ложаць на стол, пяком пірог і ложаць сена. Потым на другую і трэцюю куццю дабаўляюць яшчэ сена. А ўжэ носле трэцяй куцці свяцілі сена і яду, якія стаялі на стале, і сена аддаюць карове. На багатую куццю многа гатовілі. Казалі, чым багацейшы стол, тым багацейшая будзе жызнь дальша. Ветка. *галодная куцця Куцці было тры: самая первая — галодная. Азершчына Рэч. Абычна на галодную куццю ячную кашу гатовілі. Хальч Ветк. На галодную куццю ставілі посныя стравы. Ветка * бедная [посная] куцця На бедную куццю елі кіслую капусту, бульбу, малочнае не елі, рыбу тожа. Азершчына Рэч. На носную куццю жьірнае, яечкі не елі. Хальч Ветк.*багатая куцця Багатая куцця бьіла, калі пост заканчваецца. Варылі кашу, калі яе елі, казалі: “Дзед Мароз, прыходзь к нам гушчу есці!”. Азершчына Рэч. На багатую куццю рабілі багаты стол. Чым багацейшы стол, тым і ўраджай будзе багацейшы. Ветка. После Раждзества Хрыстова — гэта ўжэ багатая куцця. Кроме кашы, камноты былі, ладкі былі абізацельна, што-та мясное. Еслі куцця была багатая, то запраўлялі маслам, салам. Хальч Ветк. *шчадровая куцця — страва, прыгатаваная на калядныя святы. Шчадровая куцця бывае і насля Калядаў — 13 студзеня вараць. Некалькі іх бывала. Хальч Ветк. *раждественская куцця — Вараць нерад Раждеством куццю з ячменю — раждественская куцця. Ветка. На ўсе тры куцці каша варылася ў адным і тым жа гаршку. Магічнае значэнне куцці даследчыкі бачаць у тым, што зерне валодае якасцю доўга захоўваць і зноў аднаўляць жыццё, сімвалізуе земляробчы кругаварот, бясконцасць жыцця [1, с. 164].

Пачастунак для валачобнікаў меў назву валачонае, вуноска: Валачобнікам усегда збіраем валачонае. Загорыны Маз.; Опослей господар вуносіць волочоўным вуноску: і сало, і пірогі, і горэлку. Чырвонабярэжжа Лельч.

Харчовыя прадукты, сабраныя пастухом ад гаспадароў жывёлы ўвосень (на свята Варвары), называліся варваршчына: Пастух не пасе ўжэ коні, а по договору збірае шчэ варваршчыну. Цераблічы Жытк.

  1. Найменні дзеянняў пры правядзенні абрадаў і свят: абсяваць, абсяванне, засяваць — абрад на Ражаство, калі хаты аднавяскоўцаў абсыпалі зернем, каб быў добры ўраджай. Я знаю, што на Ражаство хаты абсяваць нада. Абычна настухі робяць абсяванне: абходзяць дама, з празнікам паздраўляюць У каждую хату горсць аўса кідаюць. Ветка. Засяваць ходзяць на Каляды. Засяваюць — ета хазяева выходзяць, выносяць, пякуць бліны, даюць сала, у каго шо е, то і даюць. Івакі Добр.; варажба [варожба] — прадказанне будучага. Варажбу пачынаюць у святыя вечары. Баравікі Светл. На варожбу сабіраліся нескалька дзевушэк, посярэдзіне дома сыпалі пшано, кожная сваю кучку рабіла. Залазілі на печ і пускалі петуха з печы: на якую стане ці будзе кляваць, тая першая замуж пойдзе. Краснае Гом. р.; варажыць, гадаць [гаданне] [гадаці] — прадказваць будучае. Вядомы самыя разнастайныя спосабы варажбы: Варажылі яшчэ так: грабяшок над падушку на ноч клалі, сужаны прасыпаўся. Або курэй збіралі, клалі кучачкі зерня. Каля каждай кучачкі ставілі куру, якую клюне, тая першая замуж пойдзе. Драва абхапывалі або забор. Калі там двенаццаць паленняў, то ў нары будзеш, а калі нечотна, тады ты будзеш без пары. Вот, усё спаўнялася. Хальч Ветк.; Варылі на гаданне кашу ў махотцы ці глёку і стаўлялі на кут, лажылі сена на кут, а самі ішлі гадаць. Вьіходзілі ў двор, снімалі з сябе валенкі і кідалі цераз забор. Куды валенак ляжыць — у той бок пойдзеш замуж. Стаўбун Ветк. Дзеўкі гадаці любілі. Ідзеш ад надруг дахаты, дай пагадаю на плоці. Ідзеш і плаціны лічыш: бедны, багаты, хітры, праставаты, прыгожы, непрыгожы, харошы, нехарошы. На якую скончыцца — с такім і будзеш. Гадзічава Раг. Месцам варажбы звычайна з’яўлялася перакрыжаванне дарог, лазня, хлеў, печ і парог хаты. Вельмі часта пры гаданні выкарыстоўваюць розныя ўпрыгожанні і прадметы адзення, ручнікі, пярсцёнкі [2, с. 403].

Народныя святы і абрады з’яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся лексіка належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як Вада, баба, дзед, Ражаство, Крашчэнне, Вадохрышча, Святкі, каза, звезда, шчадроўка, варажыць і інш. [4] Большасць зафіксаваных лексем з’яўляюцца суфіксальнымі ўтварэннямі ад дзеясловаў: выноска, абсяванне, варажба, Ражаство, Крашчэнне, валачобнік і ад назоўнікаў: варваршчына, звездар, калядоўшчык, каляднік. Зафіксаваны на тэрыторыі Гомельскага рэгіёну і складаныя назвы: Варварын дзень, святое Васілле, Стары новы год, каровячы Ўлас. Сустракаюцца сярод каляндарна-абрадавых назваў і адзінкавыя запазычанні з розных моў, якія датычаць перш за ўсё ўласных назваў:

— з грэчаскай: Андрэй ‘мужны’, Улас (Аўлас) ‘просты’, Варвара ‘чужаземная’, Васіль царскі’; куцця ‘зерне’;

— старажытнаяўрэйскай: Ганна ‘міласць’;

— лацінскай праз пасрэдніцтва польскай мовы: Каляда < calendae ‘пачатак месяца’ [4, т. 2, с. 300];

— італьянскай: банкеты.

Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Гомельскага рэгіёну, вызнчаецца багатай і складанай сістэмай лексічных сродкаў, варыянтнасцю і разнастайнасцю сродкаў з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівсцямі, з’яўляецца неад’tмнай часткай духоўнай культуры беларусаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’явы.

Літаратура

  1. Ліцьвінка, В. Святы і абрады беларусаў / В.Д. Ліцьвінка. — Мінск : Беларусь, 1998. — 190 с.
  2. Зеленин, Д.К. Восточнославянская этнография / Д.К. Зеленин. — М.: Наука, 1991. — 511 с.
  3. Лапіцкая, Л.І. Слоўнік каляндарна-абрадавай лексікі Усходняга Палесся / Л.І. Лапіцкая. — Мазыр, 2007. — 65 с.
  4. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: в 4-х т.: пер. с нем. и доп. О.Н. Трубачёва / под ред. и с предисл. Б.А. Ларина. — М., 1986-1987.

Аўтар: А.М. Воінава
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, №1(70), 2012.