Лексіка каляндарна-абрадавага веснавога цыклу на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна

0
167
Лексіка каляндарна-абрадавага веснавога цыклу на тэрыторыі Гомельскага рэгіёна

Мова з’яўляецца састаўной часткай духоўнай культуры народа, бо захоўвае і пераносіць з пакалення ў пакаленне скарб народных традыцый. Комплекснае вывучэнне духоўнай спадчыны беларусаў, якое аб’ядноўвае этнаграфію, фальклор і мовазнаўства, з’яўляецца адным з самых актуальных і перспектыўных напрамкаў сучасных навуковых даследаванняў. Уласцівасць мовы адлюстроўваць адметнасць культуры яе носьбітаў абумоўлена кумулятыўнай функцыяй, якая заключаецца ў назапашванні і захаванні традыцый. У лексічнай сістэме нацыянальнай мовы гэта скарбніца ўяўляе сабой абрадавыя назвы, якія адлюстроўваюць важныя падзеі ў грамадскім і сямейным жыцці народа: называюць святы, прысвяткі і абрады роз­ных перыядаў земляробчага календара беларуса, абазначаюць самыя значныя змены і падзеі ў жыцці чалавека.

У кантэксце ўзаемазвязанага вывучэння мовы і культуры беларускага народа аб’ектам увагі становяцца культурна афарбаваныя моўныя адзінкі, у якіх дастаткова дакладна выяўляюцца дыялектныя рысы і многія асаблівасці беларускай гаворкі. Цікавай у гэтым плане з’яўляецца абрадавая лексіка, якая звязана ca зменамі ў жыцці прыроды і імкненнем чалавека прымусіць працаваць з’явы прыроды на сваю карысць. У каляндарных святах беларусаў знаходзіць адбітак “гадавы віток зямлі вакол сонца, калі апошняе дае росквіт прыродзе і замарожвае яго надоўга восенню, каб адрадзіць для новага кола жыцця наступнай вясной” [1, с. 20]. Традыцыйныя беларускія святы падпарадкаваны земляробчаму і жывёлагадоўчаму цыклам і выразна падзяляюцца на восеньскія, зімовыя, веснавыя і летнія. Вясенняе абуджэнне прыроды — гэта момант, калі чалавек імкнецца паўплываць на сілы прыроды; менавіта з гэтым перыядам звязаны цэлы шэраг абрадавых дзеянняў [2, с. 389].

Лексіку веснавога абрадавага цыклу можна прадставіць у наступным выглядзе:

  1. Назвы веснавых абрадаў і свят. Першае веснавое свята пачынаецца 15 лютага, калі адзначаецца Стрэчанне, Стрэчэнне, Стрэценне, Срэценне, Встрэчэнне, Устрэчанне, Стрэчанне Гасподне — дзень сустрэчы зімы з летам: На Стрэчанне ўжо спяваюцъ веснянкі. Асавец Маз.; У нас кажуцъ, што на Стрэчанне зіма з летам страчаецца. Вялікія Сялюцічы Петр.; На Стрэчэнне ў хлеў носяцъ свечку ад нечыстае сілы. Зарэчча Браг. Стрэценне, ды ўжо пост. Бярэжцы Браг.; Срэценне — 15 фэўраля. Сямурадцы Жытк.; Бувало, на Встрэчэнне свечкай выпаляцъ крэсцікі ад гразы на дзверах. Навасёлкі Петр.; Калі Устрэчанне, свецяць свечкі, яны не дапускаюцъ пажару, калі граза. Бывалькі Лоеўск.; На Устрэчэнне буваюцъ марозы. Капцэвічы Петр.; Кажуць, што на Стрэчанне Гасподне Семіён падзержаў на руках Ісуса, так яго стрэціў, таму і Стрэчанне Гасподне. Новы шлях Браг. Падчас святкавання выконваліся стрэчаньскія песні, у якіх вітаўся надыход вясны.

Свята яшчэ мела назву Грамніцы: На Грамніцы свечку ў цэркві біруць. Станкі Ветк. Назва звязваецца з імем старажытнага язычніцкага бога маланкі Грамаўніка. Агонь, запалены маланкай, называўся жывым і меў цудадзейную сілу аховы людзей і жывёл ад злых сіл.

Восьмы тыдзень перад Вялікаднем называўся Масленка, Масленіца, Масляніца. Гэта былі афіцыйныя провады зімы. На Масленіцу зіму адпускаюць. Загорыны Маз.; На Масленку бліны пякуцъ, сала прагуцъ, ядуць і сыр дзелалі. Насовічы Буда-Каш.; Масляніцу празнувалі на сорок пяты дзень пасля Каляд. Казловічы Калінк. На Масленіцу елі шмат бліноў — сімвал сонца, спальвалі чучала — выяву зімы, вадзілі першыя веснавыя карагоды.

Адметнае абрадавым комплексам заклікання вясны, памінання продкаў і любоўнай варажбой вилучалася свята Саракі, Соракі, Сарака, Соракі, Сорока, Сорок Светых, Сорок Светые, Сорок Светых, якое адзначалася дваццаць другога сакавіка, у дзень веснавога раў- надзенства. Гэта дзень надыходу вясны, прылёту птушак: На Саракі сорак піражочкаў такіх маленькіх пеклі. І піражочкі тыя мёдам абліваюць і ўгашчаюць ужо дзяцей. Церахоўка Добр.; У нас на Сорока дзеўке ворожаць про чоловека. Азяраны Жытк.; На Сорок Светые хрэсты пеклі і етым хрэстом вугонялі худобу ў полі. Буйнавічы Лельч.

Вялікім рэлігійным святам з’яўляецца Благавешчанне [Блавешчанне] [Благавешчэнне] [Благовешчанне] [Благовешчэнне] [Благавешчанне Прасвятой Багародзіцьі] [Благовешчэнне Прысвятой Богородзіцьі], Дабравешчанне, Звеставанне, якое адзначаецца 7 красавіка; свята надыходу вясны. У нас Благавешчанне — велікі празнік. Прудок Маз. На Блавешчанне ніхто не сее. Баравое Лельч. До Благавешчэння земля спіць. Макрэц Браг. Калі на Благовешчанне ідзе дошч — будзе добрэ жыто. Града Жытк. У нас на Благовешчэнне дзеў- кі ідуць весну гукацъ. Пагоннае Жытк. 3 Благавешчання Прасвятой Багародзіцы сем дзён отыдзе — і Вялікдзень. М. Аўцюкі Калінк.; На Дабравешчанне весну гукаюцъ. Замосце Ка­лінк. На Звеставанне трэба з ’есці ейцэ, каб куркі несліся. Крукавічы Калінк.

Найвялікшым каляндарным святам лічыўся Вялікдзень [Велікдзень], Паска1. Хрысціянскае свята, якое не мае строгай каляндарнай прымеркаванасці і адзначаецца (у залежнасці ад месячнага календара) у перыяд з 4 красавіка да 8 мая; веснавое свята надыходу палявых работ. Вялікдзень — вялікае свята. Бібікі Маз. У нас Велікдзень — самое радасное свято пасля доўгага посту. Веляцін Хойн. 2. Чацвер велікоднага тыдня. На Велікдзень мёрт­вых, у чэцвер, усегда помінаем нашых родзіцелей. Вуглы Калінк.; Сем тыдняў посту, а па­том Паска — усё можна есці. Хутар Светл. Да свята старанна рыхтаваліся. З велікоднага тыдня пачыналіся веснавыя гульні і карагоды, дні ўшанавання продкаў, качанне і біццё яек, “ваджэнне і пахаванне стралы” [1, с. 66].

Вербная нядзеля [вербна недзеля] [вербніца] [вербіч], белая недзеля [бела недзеля] — народнае свята, якое адзначаецца за тыдзень да Вялікадня і звязваецца з культам зеляніны, надыходам вясны і распусканием першага дрэва — вярбы, якой надаюцца аберагальныя ўласцівасці. У Вербную недзелю вербы свецяць. Капань Рэч. На вербну недзелю вербу на покуці стаўляць, а на другі дзень, вутром, маці б’є вербою дзеці. Ліпляны Лельч. ПС; У Вербніцу раней робілі засеўкі. Завайць Нар.

Юр ’я, Юрай, Юры, Юрый, Юрэй, Веснины Юрэй — старажытнае свята народнага ка­лендара, якое адзначаецца шостага мая: На Юр’я ходзілі жыто свеціць. Каплічы Калінк.; Юр ’я дзеўкі корогод аодзяць. Валаўск Ельск.; Юрай клічэ весну заспеваці. Савічы Калінк.; На Юры гуркі садзяць. Асянскае Лельч.; У Юрэй начапляюць на граблі красного хвартука ды ходзяць спеваці. Бярэжцы Жытк.; Весняны Юрэй едзе на коні, а конь копытамі б’е. Сяменча Жытк.

  1. Найменні прысвяткаў: Аляксей [Лексей] [Лексей] — прысвятак народнага календа­ра, які адзначаецца ЗО сакавіка; дзень рыбака і пчаляра. У Аляксей рыба на нэрас, пчолка на верас, чалавек на хвою пчолкі глядзіць. Мялешкавічы Маз.; *Аляксей цёплы — Прыдзе Аляк­сей Цёплы — будзе цёпла. Глініца Маз.; Аўдокі [Аўдоцця] [Еўдокі] [Оўдокі] [Оўдоцця] [Яўдокі] — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 14 сакавіка: першы веснавы дзень, з якога пачыналася гуканне вясны. Колісь на Аўдокі робілі адны мужыкі, а бабы не. Навасёлкі Хойн.; Аўлас [Улас] [Улассе]прысвятак народнага календара, які адзначаецца 24 лютага: свята жывёлы: На У ласа нічагуські не рабілі, а токі даглядалі коровы і коні. Паселічы Хойн. Улассе сільно не гуляєм, а не робім, а то карова на вясне не устане на ногі. Казанск Калінк.; Макарэй — прысвятак народнага календара, які адзначаецца 14 мая; дзень асвячэння вады: Бувало, на Макарэя заходзілі ў рэчку і тэю водою мулі вочы, штоб не болелі. Чырвонабярэжжа.; Мікола, Мікула — свята, якое адзначаецца дваццаць другога мая; свята пастухоў і конюхаў. Мікола буває ў маі. Буйнавічы Лельч.; На Мікулу пастухі ужо ходзяць па хатах, збіраюць усё, што ім даюць. Стадолічы Лельч.
  2. Найменні асобных элементаў абрадаў і свят: Велікодне [веліконне] [веліконье] [велікэнне], Велічка — другі дзень пасля Пасхі. І на Велікодне ў біткі гуляюць. Гарочычы Ка­лінк. На Веліконне і цепер збіраюцца мужыкі да йдуць по дворах пець песні, як раней. Зеляначы Калінк. Хто первы прыдзе на Веліконье, тому ейцэ даюць. Града Жытк.; светые вечэравечары ад Пасхі да Ушэсця: Пасля Паскі да Ушэсця ідуць светые вечэра, тогды нічого не роблім. Навасёлкі Петр.; вербіч — апошні дзень перад Вялікаднем: Вербіч — последні дзень перад Вяліконнем. Махнавічы Маз.

Вербная нядзеля [вербна недзеля] [вербніца] [вербіч], белая недзеля [бела недзеля] — вербны тыдзень. Зараз будзе іці похвальная недзеля, а потом будзе іці Вербная недзеля до Пасхі. Буйнавічы Лельч. Вербная недзеля — шостая недзеля Велікого посту. Завайць Нар.; На белой недзелі трэ ўсё беліці, чысціці. Буйнавічы Лельч.; зборова субота — субота на першым тыдні Вялікага поста. Раней у Зборову суботу не ўчынялі хлеба. Махнавічы Маз.; крас­ная субота — субота перад Вялікаднем: Красная субота, таму што красяць ейцэ ў краснае шалупкамі ат цыбулі. М. Аўцюкі Калінк.

Зафіксаваны назвы другога або наступнага пасля Благавешчання дня: благавеснік [благовеснік], благавеснікі [благовеснікі]дзень пасля Благавешчання. На другі дзень опос­ля Благавешчання — Благавеснік. Казловічы Калінк. Благовеснік — другі дзень Благовешчання. Буйнавічы Лельч; Благавеснікі — на другі дзень за Благавешчаннем. Турцэвічы Калінк.

Пэрэдадзень перад вялікім пастом называўся запускі, загавіны: Акраз зостолоса два тыжні до Запусок. Буда-Лельчыцкая Лельч. Тые разы збіраліся у Запускі на беседы. Падварак Лельч.; а перад Міколам — Мікольнік: Мікольнік буває перэд Міколай. Васькаўка Маз.; гувесна — першы дзень вясны. Калі м ’ясоед заканчваецца, а пост пачынаецца, то тэй дзень му зоўём гувесна, тому што тоды ўжэ весну сустрэкаюць. Града Жытк.

Назвамі асобных элементаў абрадавых свят з’яўляліся: веснянка — веснавая песня, у якой заклікаецца надыход вясны. На Стрэчанне ўжо спеваюць веснянкі. Асавец Маз.; волачэнне — традыцыйны абрад абходу двароў з велічальна-віншавальнымі песнямі на Вялік­дзень. На волачэнне гатуй печэнне. Вятчын Жытк.; кермаш, банкет — гулянка ў адно з рэлігійных свят. Сходзімо сегоні ў Пудварак на кермаш. Буда-Лельчыцкая Лельч.; Банкет водзяць у гэты дзень, гарэлку п ’юць, ходзяць з гармонямі. Ветка.

  1. Прадметы, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні абрадаў і свят: грамнічная, стрэчанная свечка [встрэчэньска свечка]свечка, якая асвячаецца ў храме на Стрэчанне і, паводле павер’яў, мае ахоўную сілу: На Стрэчанне беруцъ свечону свечку і ставяцъ у хаці, штоб гром не ўдарыў, таму і завецца грамнічная свечка. Васькаўка Маз.; вярба [верба] — рытуальны элемент святкавання Вербнай нядзелі. У Вербную нядзелю ў царкве вярбу свецяць. Ка­пань Рэч. Вербу ставяць за ікону, да Вялікадня. Азершчына Рэч.; колода — атрыбут забаў на Масленіцу: Калі хлопец не поспеў узяцъ дзеўку за себе до Масленіцы, то повесяцъ колоду ему на Масленіцу. Буйнавічы Лельч.; крэпакі — драўляныя яйца, зробленыя для гульні ў біткі на Вялікдзень: На Веліконне мушчыны гуляюць у біткі. Падстойваюць, каб крэпакамі біць, а тог­ды пачнуць сварыцца. Грабаў Петр.; вулей — На Благавешчанне палілі вулей, стралялі ахотнікі. Як толькі Хрыста слаўляюць, тады стралялі, адганялі плахіх людзей. Добруш; чучыла: На Масленіцу сабіраліся ўсёй дзірэўняй, зазывалі вісну, палілі чучыла, бліны пеклі. Буда-Кашалёва; кола — атрыбут забаў на Масленіцу: Каталіся на Масленіцу на коле. Яланы Светл.
  2. Абрадавыя назвы ежы: валачонае, вуноска — пачастунак для валачобнікаў, людзей, што абыходзілі двары з велічальна-віншавальнымі песнямі на Вялікдзень: Валачобнікам усегда збіраем валачонае. Загорыны Маз.; Опослей господар вуносіць волочоўным вуноску: і сало, і пірогі, і горэлку. Чырвонабярэжжа Лельч.; бліны: Бліны — абязацельная ежа на Масле­ніцу. Яланы Светл.; паска, велікодны пірог — пірог, які пякуць к Вялікадню: На Велікдзень пеку паску. Александраўка Калінк.; Да Велікадня пеку паску — ето ж велікодны пірог. Александраўка Калінк.; яйкі, ейцэ — велікодныя яйкі: Красілі яйкі шалупайкамі із цыбулі. Баравікі Светл.; соракі — піражкі ў выглядзе птушак, якія пяклі на Соракі: Піражкі такія пеклі, соракі называлі. Гадзілавічы Раг.
  3. Найменні дзеянняў пры правядзенні абрадаў і свят: заклікаць еясну, весну гукаць, клікаць — спяваць веснавыя песні, у якіх заклікаецца надыход вясны: На Масленіцу дзеўкі пачынаюць весну гукаць. Мялешкавічы Маз.; веснаваці — вясну сустракаць: З Благавешчання дзяўчаты пачынаюцьужэ веснаваці. Прудок Маз. Гуканне вясны на Масленіцу дасягала сва­ей кульмінацыі на Благавешчанне, калі і адбывалася непасрэднае рытуальнае дзеянне, і працягвалася да таго моманту, як узаруць поле [1, с. 40]; разгавецца — пачаць есці мяса пасля паста: Цяпер упершыню пасля посту можна было ўволю паласавацца рознымі стравамі. Станкі Ветк.; біткігульня з пафарбаванымі яйкамі на велікодныя дні. Даем дзецямяйцэ, да і граюць воны ў біткі. Ліпляны Лельч.; гушкацца — гушкацца на Масленіцу на арэлях. Звязвалася гэта дзеянне з павер’ем, што ў такім выпадку лён ў гэтым годзе будзе моцны і доўгі: На Масленку гушкаліся на варотах. Бібікі Маз.; варажыць — прадказваць будучае: У нас на Сорока дзеўке ворожаць про чоло века. Азяраны Жытк.; Дзеўкі кідаелі сабаку піражок, чый першы з ’еў, тая і замуж першая пойдзе. М. Аўцюкі Калінк.

Народныя святы і абрады з’яўляюцца праяўленнем традыцыйнай культуры беларусаў, таму ў генетычных адносінах амаль уся лексіка належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду. Гэта такія лексемы, як Вялікдзень, вярба, Благавешчанне, запускі, варажыць, блін і інш. [4]. Болынасць зафіксаваных лексем з’яўляюцца суфіксальнымі ўтварэннямі ад дзеясловаў: валачонае, выноска, біткі, варажба, Стрэчанне; назоўнікаў: веснянка, Мікольнік, веснавіці; прыметнікаў: крэпакі, Масленіца. Зафіксаваны на тэрыторыі Гомельскага рэгіёну і складаныя назвы: велікодны пірог, красная субота, зборова субота, белая недзеля, Аляксей цёплы. Сустракаюцца сярод каляндарна-абрадавых назваў і адзінкавыя запазычанні з розных моў, якія датычаць перш за ўсё ўласных назваў: з грэчаскай: Аляксей ‘абаронца’; Юрый ‘земляроб’; Аўлас < Влас ‘просты’; Макар ‘блажэнны’, Мікола < Мікалай ‘пераможца народаў’; паска пад уплывам лацінскай paschalis [4, т. 3, с. 216]; італьянскай: банкеты; нямецкай праз пасрэдніцтва польскай мовы: кірмаш < kiermasz ‘пачатак месяца’ [5, т. 1, с. 652].

Абрадавая лексіка, якая да сённяшняга часу шырока функцыянуе на тэрыторыі Гоме­льскага рэгіёну, вызначаецца багатай і складанай сістэмай лексічнай сродкаў, варыянтнасцю і разнастайнасцю сродкаў з іх семантычнымі і граматычнымі асаблівсцямі, з’яўляецца неад’емнай часткай духоўнай культуры беларусаў, у якой захаваны старажытныя моўныя з’явы.

Літаратура

  1. Ліцьвінка, В.Д. Святы і абрады беларусаў / В.Д. Ліцьвінка. — Мінск: Беларусь, 1998. — 190 с.
  2. Зеленин, Д.К. Восточнославянская этнография / Д.К. Зеленин. — М.: Наука, 1991. — 511 с.
  3. Лапіцкая, Л.І. Слоўнік каляндарна-абрадавай лексікі Усходняга Палесся / Л.І. Лапіцкая. — Мазыр, 2007. — 65 с.
  4. Фасмер, М. Этимологический словарь русского языка: В 4-х т.; пер. с нем. и доп. О.Н. Трубачёва / под ред. и с предисл. Б.А. Ларина. — М., 1986-1987.
  5. Булыка, А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2-х т. Т. 1 / А.М. Булыка. — Мінск : БелЭн. — 736 с.

Аўтар: А.М. Воінава
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, №1(76), 2013. С. 16-19.