Легенда аб з’яўленні вёскі Покаць

0
848
деревня, вёска Покаць

Некалі людзі разным багам пакланяліся, каму хацелі, таму і маліліся. Але гэта толькі па першым часе, потым усё перамянілася, прычым у адмоўны бок. Сталі іх праследаваць служкі адзінай, хрысціянскай, веры.

Бязлітасна каралі, сем’ямі вынішчалі, нікога ў жывых не пакідалі. Але як ні лютавалі прыхільнікі новай веры, людзі тыя ўсе роўна пакланяліся сваім багам і хрысціліся па – свойму. Іх у нас называлі стараверамі. Яны ўцякалі з Расіі ў ваколіцы Веткі і тут сяліліся. Не было тут царскіх чыноўнікаў, не існавала рэлігійных праследаванняў, адсутнічала непрыязь з боку тутэйшых жыхароў.

Добры чалавек – жыві. З цягам часу назбіралася тых старавераў надта многа. Старыя людзі гаварылі, што больш за сто тысяч. Тады ўжо сама імператрыца расійская паслала войска вялікае, каб іх назад, у Расію, вярнулі ды знішчылі Ветку, сцерлі яе з твару зямлі.

Пайшлі салдацкія палкі загад выконваць. Доўга дабіраліся да глухога надсожскага краю і нечакана зваліліся на бяспечных старавераў. Вось дзе дзікіх распраў было! Цягнуліся да неба дымы пажараў, енчылі тысячы палонных, якіх катавалі ды марылі голадам. Праўда, не ўсе стараверы пакорна ў палон ішлі. Часцей за ўсё –былыя казакі, якія добра ведалі, што такое воля, а што такое палон, няхай сабе і царскі. Біліся яны не на жыццё, а на смерць.

У адной такой вёсачцы, якая не так і даўно ўзнікла на беларускай зямлі, старастай быў Пакатцоў. Ён уцёк з Расіі ад ліхога памешчыка і асеў тут. Потым да яго далучыліся іншыя людзі. Весела жылі, бо ніякага пана над сабой не мелі.

Пра страшную навіну даведаліся папярэдне. Прыскакаў да іх вершнік з суседняга паселішча. Толькі і паспеў прашаптаць:

– Бяда.

– Што здарылася? – кінуліся да яго самыя жвавыя вяскоўцы.

– Салдаты.

Прашаптаў і сканаў, бо пасечаны моцна быў хлапчына.

Пакатцоў запытаўся:

– Ну, што рабіць будзем?

– Уцякаць далей трэба. Няма чаго тут сядзець, бо дачакаемся на сваю галаву.

– Тады збірацца час. Браць самае неабходнае. Маладзейшыя жанчыны і падлеткі разам са старымі няхай жывёлу гоняць у глухую мясціну, а мужчыны хатняе дабро дзе папрыкопваюць, дзе прыхаваюць, і тады рушым.

Людзі хуценька паджгалі ў розных накірунках, трэба было рабіць усё тэрміноа. Пакатцоў, як чалавек бывалы, сцяміў, што да чаго, і паслаў разведчыкаў наперад, каб не наляцець усім жыхарам прама на салдат, якія маглі схавацца дзесці паблізу.

Так і здарылася. Жанчыны з падлеткамі пагналі статак, а на ўзмыленых конях падляцлі разведчыкі:

– Салдаты!

-Дзе?

-Крадуцца па кустоўі да вёскі.

-Далёка?

-Вярсты паўтары будзе.

-Навучылі іх, баяцца ў адкрытую лазіць. Мужчынам заняць абарону і рыхтавацца сустрэць непажаданых гасцей!

Марудна цягнуліся хвіліны чакання. Вяскоўцы ўсё пазіралі на старасту, кожнаму здавалася, што бяда абміне іхнюю вёску.

Толькі дарма спадзяваліся.

Калі салдаты былі за некалькі дзесяткаў крокаў ад засады, прагучаў залп, і быў ён для нападаючых настолькі нечаканым, што яны нават не спыніліся на месцы, а адразу кінуліся ўцякаць.

– Во ляцяць, як зайцы!

– Прывыклі, што ад іх уцякаюць, а тут і самім бегаць давядзецца!

Але стараста не даў надта доўга смяяцца:

– Пакуль яны ачомаюцца і падрыхтуюцца да сапраўднага наступу, самы час нам высклізнуць адсюль.

Так і зрабілі – непрыкметна пакінулі месца засады.

Людзі пайшлі за сваімі. Знайшлі глухі куточак і сталі там жыць. Неўзабаве Пакатцоў памёр, але невялічкая рачулка і паселішча называюцца да гэтага часу – Покаць.

Ёсць і другое паданне, паводле якога вынікае, што жыў у адной з вёсак надзвычай спрактыкаваны плытагон Покат. Пражыў ён на белым свеце ні многа ні мала – 115 гадоў. Ведаў усё навокал, а тым болей рэчкі і рачулкі, па якіх сотні разоў плыты ганяў. Таму, калі памёр гэты чалавек, то людзі ягоным імем назвалі хутар, які з часам стаў вёскай Покаць.

Аўтар: А.М. Ненадавец

Крыніца: Гомельшчына. Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў, Мінск “Беларусь”, 2001