Купалле на Гомельшчыне

0
1905
Гомельская Талака

Купалле на Гомельшчыне

(рэканструкцыя абраду ў адпаведнасці з архіўнымі матэрыяламі ГМКГА “Талака”. 2011 г.)

Купалле – адно з найбольш загадвых  і яскравых святаў летняга цыклу. Адзначаецца ў дзень летняга сонцастаяння.

Трэба сказаць, што яно карыстаецца найбольшай пашанай сярод гомельскай моладзі. І ня верце таму, хто скажа ,што гэтага абраду гістарычна не было на тэрыторыі беларускага Палесся і Падняпроўя. Канешне, у параўнанні з Паўначнай Беларуссю, ён апынуўся не такім папулярным і жыццяўстойлівым. Чаму? Гэтае пытанне адрасуйце спецыялістам, а мы, збольшага, не займаемся навукай, але займаемся творчасцю. Дык давайце ж ствараць мастацтва, не забываючыся пры гэтым аб кананічнасці і спецыфіцы свята.

Для правядзення абраду звычайна абіраецца ўзгорак з роўнай пляцоўкай на ўзбярэжжы ракі. Адным з немалаважных кампанентаў Купальскага ландшафту з’яўляецца наяўнасць вялікіх дрэваў паблізу.Гэта дае мажлівасць змайстраваць арэлі.

Калі запытаецеся, для чаго яны патрэбны – мы наўрад ці вам дакладна патлумачым. Некаторыя даследчыкі звязваюць рытуал гушкання з аграрнай магіяй. Некаторыя тлумачаць гэта імітацыяй інтымнай блізкасці дзяўчыны і хлопца. Калі ж падвесці агульную рысу, то сэнс працэсу, хутчэй за ўсё, будзе звязаны з плоднасцю. Нездарма ж выключна дзяўчыны маглі гушкацца на арэлях.

Культ агню

Бадай галоўнай стыхіяй абраду з’яўляецца агонь. Купальскае вогнішча мусіць быць настолькі маштабным, каб ягонай моцы хапіла да раніцы. Праз агонь скокаюць дзеўкі і хлопцы:

– Еслі перапрыгняце – будзе вам падарак. Еслі жаніх, – вобшчэм у вас-то ён і будзе, – то за Вамі прыгае жаніх, ілі наабарот: жаніх раньшэ, а Вы за ім.

– Ну, не так, што за рукі браліся?

– Не-не. Ён, а так і дзеўка: еслі ужэ яна стала, не перапрыгне, то на еты год замуж не пойдзе. А еслі перапрыгне, то замуж пойдзе.

Купальскі агонь ачышчае :

– А была такое, што ў вогнішчы трэба было спаліць нешта старое?

– Это только могла та дзелаць,которая сябе не вяла харашо /…/ дык яна можа асвабадзіцца ад людскіх разгавораў.

У сярэдзіне купальскага вогнішча ўсталёўваецца слуп, на які мацуецца кола. Кола – сімвал свята – увасабляе вобраз нябеснага свяціла. Менавіта вакол яго водзяць карагоды і цікуюць, калі тое нарэшце прагарыць і грымнецца долу:

“Еслі кола упадзе –

дзеўка замуж не пайдзе.

А еслі кола будзе стаяці –

дзеўка замуж будзе убываці”.

Культ вады

Спадзяюся, нікому не трэба нагадваць, што ў купальскую ноч варта прайсці не толькі медныя трубы, а дакладней – дуду, і агонь, але і ваду таксамаJ

На досвітку хлопцы і дзяўчаты ідуць купацца. Не пераймайцеся наконт купальнікаў – гэта як раз неабавязковы атрыбут.

Варажба

На пярэдадні Купальскай ночы дзяўчаты імкнуцца знайсці трыпутнік і ўплесці яго ў вяночак:

Трыпутнік, трыпутнік,

Ты стаіш пры дарозе,

Бачыш старога і малога,

Укажы майго мілога?

Але за найвялікшае шчасце лічыцца, калі ў Купальскую ноч расквітнее Папараць-кветка. Легенды сведчаць, што той, хто знойдзе цудоўную кветку, пачне бачыць скарбы ў зямлі і разумець птушак ды звяроў:

На пасекі былі усе. І коней ў пасеках і начавалі. Ён заснуў, а коні тыя ўцяклі далей кудысь. Прачнуўся уранні – нада работаць, а коней няма. Бягом, – а там жа лес кругом, ён бягіць, усюдах ужо коней шукае. І папараць-цветка папалась у лапаць. Ён яе ня бачыў. І стаў бегць: разгаварвае лес – ён чуе, трава гаворэ – ён чуе, пцічкі гавораць – чуе. Думае: што гэта такое? Ці я здурэў, ці што? І тады ён коней тых знайшоў, вядзе і ня бача, што у назе ён зачапіўся, цвяточак. І чуе ўсё чыста, ад чаго трава. Адна кажа – я ад кілы,другая – я ад такіе балезні – усё вон кажа.Тады коней прывё  ,дамоў ідзець – чуе, як усё гаворя. Ён тады кажа: Матрён, што гэта такое? – гаворя.

Зір:цвяток у лапці. Ён тут узяў – і усё. Куды ўсё дзела? Дык а што б ён знаў, ды нада нічога нікому казаць. Чуеш, а ужо расказваць ня нада.

Акрамя таго Папараць-кветка прыносіць сямейнае шчасце:

Нам хлопцы шукалі (папараць-кветку). І каторую ён дзевушку ужо любіць – абязацельно доўжан падарыць ёй. А яна бяроць этую папараць-цвет і нам дзеліць /…/ Каму не попадзёт с этого цвету, тая усё едзіно незаконнае дзіця родзіць.

Тыя дзяўчаты, хто па нейкіх прычынах не ўзнагародзілі падчас Купалля сваім вяночкам любага хлапца, і такім чынам засталіся без пары, з узыходам сонца спускаюць вянкі на ваду. Вянкі плывуць, а ўжо па іхняй траекторыі дзеўкі вызначаюць свой лёс. Найбольш распаўсюджаныя вынікі варажбы наступныя:

Калі вянок плыве далёка – будзе дзеўка замужняй;

Калі прыб’ецца да берага – застанецца ў дзеўках;

Калі вяночак патоне – дзеўцы наканавана памерці.

Ці праўда гэта – не буду сцвярджаць, але штогод дзяўчаткі з заміраннем сэрца выглядаюць, куды плыве іхні вянок.

Культ кахання

Адной з галоўных мэтаў Купальскага абраду з’яўляецца выбар пары.

Купала наша цёмна ночка,

Не выспалася малодачк(а). У!

Малодачка ўсю ноч не спала,

Красенцы ткал(а). У!

Сшыйця, хлопцы, чаравічкі

На мае ногі нівелічкі. У!

Сшыйця, хлопцы, шчэ й другія

На мае ногі не малы(е). У!

Найбольш эфектыўны сродак атрымаць жаданага хлапца – гэта незаўважна апрануць на яго свой вянок:

– Ані самі первыя адзяюць на голаву эці вяночкі…

-А якія вяночкі?

-З цвятоў. А нет цвятоў – із сухіх цвятоў дзелаюць, плятуць. Самі дома панакрашуюць, панадзелываюць. І тада так жа нада адзець, штоб ён не відеў. Усе танцуюць… Так нада: адну дзеўку выбіраюць смелую, штоб яна падашла, прыхлопнула яму і рукой прыкрыла. І усё. А тада пускай ён скідае, но усё едзіно будзе.

– З ёй?

– Да.

– Дык ён адмовіцца не мог?

– Нікагда.

Хлапцам даводзіцца трохі складаней:

Мы назначалі от дапусцім ілі Олю, ілі Галю. Яна стаіць на срэдзіне. Адзяем на яе касцюм, ну канешне не такой, а красівы з цвятамі, і ў вянку яна стаіць. Мы танцуем-танцуем. Наканец, на паследнім танцы ён (хлопец) схватуе еты вянок з галавы і уцячэ. І што мы не шукалі, што не шукалі – не найдам яго, ён ужо схаваўся.

– Навошта ён гэта робіць?

– Штоб ніхто не узяў яе.

Але ў ідэале пары мусяць стварацца па агульнай згодзе. Нават купальскай кароткай ночы бывае дастаткова не толькі на тое, каб вызначыцца, з кім будзеш святкаваць, але і з кім будзеш век векаваць. Проста будзьце уважлівы.

У тэксце выкарыстаныя экспедыцыйныя матэрыялы з вёсак Юравічы (Добрушскі р-н), Глінная Слабада (Светлагорскі р-н)

Артыкул з’яўляецца творчай працай на базе рэальных этнаграфічных даследванняў.

Выкарыстанне матэрыялу артыкула дазваляецца пры ўмове абавязковай спасылкі на арыгінал.