У ноч з 23 на 24 чэрвеня маладзёны з Гомеля, Мазыра, Рэчыцы, Чачэрска, Веткі,Добруша, Менска ды Чарнігава разам з грамадскай краязнаўчай арганізацыяй “Талака” святкавалі старажытны язычніцкі абрад у гонар сонца Купальле.
Традыцыя святкавання Купальля багата на разнастайныя рытуалы ды абрады.
На Купальлі існуюць тры культы: раслін, вагню, вады. У дзень дзяўчаты, удзельніцы абраду, на лузе збіралі лекавыя расліны,кветкі, плялі вяночкі. Працэс збору зёлак і пляцення веночкаў суправаджался адмысловымі рытуальнымі спевамі. Па народных вераваннях, неабходнасць выканання песен падчас збору траў і кветак была выклікана імкненнем перадаць ім лекавую і цудадзейную моц.
Важнае значэнне падчас свята спрадвеку надавалася агню. Купальскі агонь лічыўся сваеасаблівым ахоўна-магічным ачышчальным сродкам. Адпаведна традыцыі удзельнікі Купальля праз вогнішча скочылі, на вогнішчы палілі старызну і ведзьму, на вогнішчы гатавалі абрадавую ежу яечню, вакол вогнішча вадзілі карагоды.
Дзяўчаты, ўдзельніцы свята, раніцою варажылі на вяночках. Па таму што адбудзецца з вянком (паплыве спыніцца круціцца патоне) меркавалі аб сваім лёсе.
Ачышчальная сіла, па народных вераваннях, належыла ня толькі вагню але і вадзе таму купанне пад раніцу з’яўлялася абавязковым момантам святкавання Купальля. Людзі верылі што купальская вада не толькі ачышчае, але і лякуе. Існавала павер’е што якраз на зары ў гэты дзень купаецца сонца таму вада і валодае такімі незвычайнымі лекавымі ўласцівасцямі.
З-за адсутнасці свайго мясцовага дудара маладзёнам давялося запрашаць музыку ажно з Украіны. Музыке-дудару з Чарнігава давялося засвойваць мелёдыі традыцыйных беларускіх танцаў, карагодаў ды гульняў.