Колькі землякоў светлагорцаў загінула ў Другой сусветнай вайне?

0
358
Колькі землякоў светлагорцаў загінула ў Другой сусветнай вайне

Падчас Другой сусветнай вайны загінула каля 12 тысяч чалавек, якія жылі ў межах тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна Гомельскай воб­ласці, у тым ліку больш за 3 тысячы жыхароў Парыч.

Колькасць нашых землякоў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны ў межах сучаснага Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, дакладна не ўстаноўлена. Крыніцы называюць розныя лічбы.

Паводле дадзеных філіі Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці (г. Бабруйск), у былым Парыцкім раёне Палескай вобласці нямецкімі акупантамі было знішчана 5020 чалавек, угнана ў Нямеччыну — 2225 чалавек [1, с. 254]. Калі напярэдадні Другой сусветнай вайны тут жылі 33058 чалавек, то ў першы паваенны год налічылі 25813 чалавек [2].

За гады вайны ў былым Парыцкім раёне было разбурана і спалена 6225 (з 10642) жылых дамоў, 9296 хлявоў (з 11490), знішчана 68 (з 80) школ, 10 (з 14) будынкаў сельрад, усе 11 медпунктаў, усе 82 клубы і хаты-чытальні, усе 76 кааператыўныя будынкі, 682 ініпых будынкаў. Найбольш пацярпелі тэрыторыі Дуброўскай (98%), Ракшынскай (95%), Чэрнінскай (71%) сельскіх Рад, Парыцкай пасялковай Рады (80%). Страты толькі па калгасах Парыцкага раёну без уліку ўласных гаспадарак, дзяржаўных устаноў, кааператыўных і дзяржаўных прадпрыемстваў скла­ді 424162000 савецкіх рублёў (у даваенных цэнах).

Але трэба ўлічваць, што ў 1941 годзе межы Парыцкага раёна не супадалі з межамі сучаснага Светлагорскага. Так, тэрыторыі Асташкавіцкай, Давыдаўскай і большая частка Палескай сельскіх Рад уваходзілі ў Даманавіцкі раён Палескай вобласці. Вёскі Пажыхар і Чкалава адносіліся да Васілевіцкага раёна, а вёска Уюнішчы — да Акцябрскага раёна. У Парыцкі раён таксама ўваходзілі вёскі, размешчаныя ў заходняй частцы сучаснага Жлобінскага раёна.

Паводле дадзеных выдання “Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга” (1995), за гады Другой сусветнай вайны на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна фашысты знішчылі 9033 мірных жыхароў, на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 4499 землякоў, на тэрыторыі пахавана 15784 савецкія воіны і партызаны [3].

У пазнейшым выданні “Памяць Беларусі. Рэспубліканская кніга” (2005) са спасылкай на кнііу “Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён” (2000, 2003) названы зусім іншыя лічбы. За гады вайны на тэрыторыі раёна загінулі 4671 мірных жыхароў, партызан, падпольшчыкаў і 4708 воінаў- землякоў, якія былі забітыя альбо зніклі без вестак на франтах вайны. Пахавана 16459 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры абароне і вызваленні Светлагорскага раёну [4].

Паводле інфармацыі аднаго з аўтараў творчай групы па складанні кнігі “Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён” (2000, 2003) Уладзіміра Бурачонка, які непасрэдна займаўся пошукам імёнаў і складаннем спісаў, на тэрыторыі Светлагоршчыны падчас Другой сусветнай вайны загінула 6838 мясцовых жыхароў (устаноўленыя прозвішчы 4115), 152 партызаны і падполынчыкі — ураджэнцы раёна. Былі забітыя 267 жыхароў (устаноўлены прозвішчы 243) і 197 партызанаў з іншых раёнаў (устаноўлены прозвішчы 190). 3 франтоў не вярнулася 4468 ваяроў-землякоў. Аднак гэтыя звесткі, па яго словах, няпоўныя (гл. пытанне 42: “Ці мае раён сваю кніїу “Памяць?”).

У акце раённай камісіі аб разбурэнні і разрабаванні гарадскога пасёлка Парычы, складзеным 28 чэрвеня 1944 года, на другі дзень яго вызвалення, падчас вайны тут было забіта 2500 жыхароў (акрамя расстраляных яўрэяў). Тут трэба ўлічваць, што ў ваколіцах Парыч расстрэльвалі і жыхароў, пры- везеных з іншых раёнаў. 3 7200 жыхароў, якія жылі ў гарадскім пасёлку напярэдадні вайны, на момант яго вызвалення засталося 600 чалавек [1, с. 258].

Другая кніга “Памяць Светлагорск. Светлагорскі раён” (2003) называе зусім іншую лічбу колькасці насельніцтва Парычаў напярэдадні вайны — звыш 4 тысяч чалавек, а загінула і не вярнулася з вайны быццам бы 3352 парычаніны [5].

А вось у акце, які быў складзены старшынём Парыцкай Рады Аляксандрам Далгіцкім 5 жніўня 1944 года, гаворыцца толькі аб 1500 забітых парычанах, з іх на той момант былі ўстаноўлены імёны 893 чалавек (дарослага насельніцтва і сталых людзей — 553 чалавекі, дзяцей да 14 год — 340 чалавек), вывезены ў Нямеччыну — 91 чалавек (дзяцей да 14 год — 20 чалавек, дарослых — 71 чалавек) [6].

Крыніцы:

  1. Бурачонак У. Акупацыйны рэжым / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка- дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн. 1. Мн. 2000. С. 249-254.
  2. ДАМБ. Ф. 140. Boп. 1. Спр. 4. Л. 29.
  3. Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга. Мн. 1995. С. 313.
  4. Памяць Беларусі. Рэспубліканская кніга. Мн. 2005. С. 321.
  5. Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Псторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн. 2. Мн. 2003. С. 505.
  6. Дакумент змешчаны ў кнізе Геннадия, Ефима Гореликов “Аэхаим! Или Хаим на коне (Диалог воспоминаний отца и размышлений сына)”. Доступ праз Інтэрнэт: http://ggorelik.narod.ru/LeHaim_W/LeHaim_W6.htm. Дата доступа: 15.04.2008.

Аўтар: В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск: Галіяфы, 2011. — 252 с.  Ст. 57-60.