Колькі год Сасноваму Бору?

0
341
Колькі год Сасновы Бор

Гарадскі пасёлак Сасновы Бор Светлагорскага раёна ўзнік у 1954 годзе.

Гарадскі пасёлак Сасновы Бор былога Даманавіцкага раёну Гомельскай вобласці ўзнік дзякуючы адкрыццю радовішча торфу паміж вёскамі Вузнаж і Асінаўка. Рашэнне пра яго будаўніцтва было прынята Радай Міністраў БССР разам з будаўніцтвам торфапрадпрыемства “Васілевічы-2” у 1954 годзе [1]. “У назве населенага пункта “адлюстраваныя любоў і захапленне першых жахароу пасёлка да хараства навакольнай прыроды” [2]: ён быў пабудаваны у сасновым бары.

Першымі пабудовамі пасёлка Сасновы Бор сталі пяць баракаў і часовы клуб. У1955 годзе ў населеным пункце былі збудаваны першыя два цагляныя 4-кватэрныя дамы, аптэка, магазін, дзіцячы садок. Праз два гады торфапрадпрыемства “Васілевічы-2″, праектная маіутнасць якога была разлічана на 960 тысяч тон штогод торфу, які пастаўляўся для Васілевіцкай ДРЭС (сучасная Светлагорская ЦЭЦ), дала сваю першую прадукцыю і стала адным з буйных у рэспубліцы. У 1958 годзе ў Сасновым Бары з’явілася трохпавярховая школа, а 3 ліпеня 1959 года населены пункт атрымаў статус рабочага пасёлка [2].

20 студзеня 1960 года пасёлак Сасновы Бор у сувязі з ліквідацыяй Даманавіцкага ўвайшоў у склад Парыцкага раёна, а з 29 ліпеня 1961 года — у склад Светлагорскага. У 1964 годзе торфапрадпрыемства ‘Васілевічы-г” было пераназвана ў “Светлагорскае”.

1970 год стаў паваротным для жыхароў Сасновага Бору: здабыча торфу на прадпрыемстве Светлагорскае” ў сувязі з выпрацоўкай палёў спынілася [3]. Прадпрыемства перапрафілявалася на вы­пуск тэхналапчнага абсталявання для тарфяной прамысловасці. У 1972 годзе з мэтай недапушчэння закрыцця, захавання кадраў і працоўных месцаў прадпрыемства “Светлагорскае” пачало займацца вырабам вузлоў і дэталяў для кормазбіральнай тэхнікі. А ў 1978 годзе яно ўвайшло ў склад BA “Гомсельмаш” пад назвай Завод сельскагаспадарчага машынабудавання “Светлагорсккарммаш”.

У 1980 годзе ў Сасновым Бары заселены першы 4-павярховы жылы дом, праз два гады — 5-павярховы.

У 1989 годзе ў населеным пункце ў чарзе на атрыманне жылля стаяла 288 чалавек, агулам налічавалася 2760 жыхароў [4]. У 1990 годзе побач з пасёлкам узнікла сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства “Сасновы Бор” па вырабе мэблі. На святкаванні 40-годдзя населенага пункта ў ім быў адкрыты спартовы комплекс [5].

3 1995 года ў Сасновым Бары смяротнасць пачала перавышаць нараджальнасць [6]. У 2006 годзе па колькасці насельніцтва населены пункт займаў другое месца пасля Светлагорска, тут пражывала 2456 чалавек [7].

Крыніцы:

  1. Маладзянава Г. Сасновы Бор II Светлагорскія навіны. 1999. 12 мая. С. 2.
  2. Хоміч А. Новы пасёлак тарфянікаў / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Псторыка-дакументальныя хронікі гарадоу і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн. 2. Мн. 2003. С. 729.
  3. РУП “СЗСМ “Светлагорскарммаш”/Памяць. Кн. 2. С. 564.
  4. Шчэрбін А. Сасновы Бор у рыштаваннях II Агні комунізме 1989.29 чэрвеня.С. 2.
  5. Хаміцэвіч Д. Сасноваму Бору — 40 гадоў // Светлагорскія навіны. 1994.28 верасня. С. 1.
  6. Романцов В. Светлогорщина потеряла 4,5 тысячи человек II Ранак-плюс. 2006. № 42. С. 2.
  7. Романцов В. Светлогорских становится всё меньше II Ранак-плюс. 2007. №21. С. 6.

Аўтар: В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск: Галіяфы, 2011. — 252 с.  Ст. 109-110.