Быў у нас адзін селянін, і надта ж яму хацелася ўзбагаціцца. Вось дзе ні сядзе, там пра грошы ды золата гамоніць:
— Каб знайшоў я торбу золата, то зажыў бы…
— Як бы ты тады ўжо жыў?
— Еў бы смачна, апранаўся багата. Панам бы стаў.
— Панам, кажаш? То лапці не забудзь на боты памяняць, бо пану не выпадае ў іх хадзіць.
— I анучы чыстыя, бы гэтыя ў цябе, братка…
— Смярдзяць, як тры маркачы, што ў каровіны лепяхі выпэцкаліся.
— Вам бы толькі рагатаць.
— А табе пра грошы марыць.
— Дык грошы ж не смярдзяць.
— Хто гэта табе, братка, такое сказаў?
— Сам ведаю.
— Дрэнна ведаеш. Бо і смярдзяць яны, і жыцця могуць пазбавіць, ці налякаешся з-за іх так, што потым кожнага куста баяцца будзеш.
— Не палохайце, не на таго натрапілі. Вам, мабыць, зайздросна, дык і выдумляеце абы-што?
— I чаму ўжо тут зайздросціць?
— Г рошам.
— Дык іх жа яшчэ няма.
— Будуць.
— Вось як будуць, тады і пахваляйся.
А той селянін на самай справе месца сабе не знаходзіў з-за таго ўяўнага золата. Усё лазіў па наваколлі, нешта вышукваў і пастаянна мармытаў:
— Знайду… Быць не можа, знайду…
Калі нехта ненарокам пытаўся: «Што?», то чуў не надта зразумелы адказ: «Што шукаю, тое і знайду… Сам знайду…»
Ужо і на людзі мала вясковец паказваўся, а ўсё надвячоркам некуды знікаў. Сталі гаманіць, што пазнаўся ўжо з нячыстай сілай. Так і гаманілі:
— Няйначай прадаўся. Што яму рабіць заставалася? Сам жа не можа каштоўнасцей адшукаць, то і запрадаў душу і цяпер будзе золата мяхамі цягаць.
— Хай сабе цягае, толькі каб зусім не здурнеў, бо шкада чалавека.
— Сапраўды, малады ж яшчэ… Ды што зробіш?..
Пагавораць вяскоўцы і забудуцца на гэтым, бо ўсялякіх іншых спраў хапала. А мужык і сапраўды з нячысцікамі спазнаўся. Падпільнаваў, калі чэрці з паслугачамі сабраліся на сваё вяселле, і запрапанаваў ім паслугі. Тыя весела перазірнуліся:
— А не баішся нас? Чаго гэта табе захацелася нам дапамагаць?
— Ды я не проста так.
— Вунь яно што! Тады, што ўзамен папросіш?
— Хачу… Хачу я панам стаць.
— Ясна.
— А які з мяне пан, калі грошай няма? Таму і хачу ўзамен за свае паслугі атрымаць ад вас здольнасць адшукваць скарбы.
— Няблага… — сурова прамовіў галоўны нячысцік. — Даць табе магчымасць валодаць нашымі скарбамі?! Але ж…
— Я буду браць самую дробязь, — знайшоўся селянін.
— Самую дробязь? То што будзем рабіць з гэтым чалавекам, сыны і браты?
— Калі ён нам свае паслугі прапаноўвае, то трэба даць яму такую здольнасць, — загулі чэрці.
— Тым болей, што не надта часта да нас людзі з такімі вось прапановамі прыходзяць, — дадалі іншыя.
— Даць, — запішчэлі самыя малодшыя, якія не мелі права крычаць разам з усімі, а толькі ў апошнюю чаргу.
Тут узняўся здаравенны чарцяка:
— Дазволь, браце, слова сказаць. Трэба даць яму такую магчымасць, але не адразу, а пасля іспыту. Няхай дакажа, што не баіцца, што здольны зрабіць для нас нешта незвычайнае, што іншым людзям не пад сілу.
— А што, слушная прапанова, — ухапіўся за гэтыя словы і старшы нячысцік, — так і зробім.
— Няхай спачатку сёння ж, увечары…
— Не паспее ўжо, — перабіў нехта.
— Тады ў бліжэйшую суботу няхай пойдзе ў старое гумно, што стаіць на краі вёскі, і прынясе граблі, якія там стаяць у куце. Прынясе на гэтае самае месца і тут пакладзе, каб мы пераканаліся, што ён не палохаецца і можа выканаць нашы патрабаванні.
— Але ж ён можа нас падмануць?
— Якім чынам?
— Пойдзе днём, калі нічога страшнага няма, і забярэ граблі, а пасля, дачакаўшыся вечара, прынясе сюды. Мы і ведаць не будзем.
— Не такія ўжо мы дурныя, каб кожны сустрэчны абкручваў нас вакол пальца. Прыставім сачыць за ім найбольш увішных і кемлівых нашых братоў, то ён нікуды не дзенецца, павінен будзе рабіць тое, што мы запатрабуем.
— Вось гэта справа! Ну то што, згодны? — звярнуўся старшы чорт да мужыка.
— Ведама што.
— Тады калі выканаеш наша патрабаванне, то атрымаеш цудадзейную здольнасць. Зразумеў?
— Зразумеў.
Нецярпліва чакаў чалавек таго суботняга вечара, калі павінен быў вырашыцца ягоны лёс. Круціўся па падворку, выскокваў на вуліцу, адным словам, месца сабе не знаходзіў. Нарэшце надышла субота. Уподбежкі паджгаў да гумна вясковец, але здарылася дзіўнае: толькі ўвайшоў, як з дзікім ровам выскачыў назад: «Кажаны!.. Кажаны!..»
Упаў і сканаў. Потым толькі здагадаліся, што яго кажаны напалохалі. Тое месца пазней і празвалі Кажановічамі. Так і назва ў вёскі з’явілася.
Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 165-167.