Рудня-Шлягіна — вёска ў Свяцілавіцкім сельсавеце Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, 16 км на поўнач ад Веткі, 36 км ад Гомеля, на р. Нёманка (прыток Сожа). Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска была адселеная і фактычна на сённяшні дзень не існуе.
У 1819 г. шляхціцамі Вярэйскімі ў Рудні-Шлягіне была пабудаваная капліца Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. З дазволу Мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча капліцу перанеслі з двара Вярэйскіх на могілкі, якія знаходзілася за чвэрць вярсты ад гаспадарчых пабудоваў.
У 1860 г. жыхарамі Рудні-Шлягіна была пабудавана новая драўляная капліца, вядомая пад тытулам Сэрца Пана Езуса. Абслугоўвалася шлягінская капліца спачатку радужскімі святарамі, потым гомельскімі, а ў 1915–1922 гг. уласнымі капеланамі.
У 1910 г. у Рудні-Шлягіне пачалося будаўніцтва мураванага будынка, які меркавалася выкарыстоўваць як касцёл. Будаўніцтва вялося пры падтрымцы графа Мельжынскага. Паколькі царскія ўлады непрыхільна ставіліся да будаўніцтва новых касцёлаў і капліцаў, то шлягінцы схітрылі: яны пачалі будаваць дом, быццам бы, для пражывання ксяндза (плябанію), але мелі на ўвазе, што ён будзе выкарыстоўвацца для набажэнстваў. Аднак гэта не выратавала шлягінцаў ад пераследу. Як толькі быў зроблены фундамент, у вёску прыехаў станавы прыстаў і спыніў будаўніцтва. Так гэты фундамент і прастаяў да Першай сусветнай вайны, а вернікі былі вымушаныя пабудаваць на могілках невялікую капліцу.
Да пачатку 1915 г. будаўніцтва ўсё ж завяршылі, але не былі выкананыя ўнутраныя работы. У 1915 г., калі ў вёску сталі прыбываць польскія бежанцы, у будынку размясціліся польскі бежанскі камітэт і дзіцячы інтэрнат. Бежанскі камітэт выдзеліў сродкі на завяршэнне ўнутраных работаў.
У пачатку 1918 г. бежанцы выехалі ў Польшчу. Пры ўладзе гетмана Скарападскага (у 1918 г. Рудня-Шлягіна, як і ўвесь Гомельскі павет, была акупаваная і ўваходзілі ў Палескую губерню Украіны) у будынку мясцілася касцёльная рада. З 1918 г. тут таксама жыў ксёндз Лук’янін з братам Вінцэнтам — арганістам капліцы, потым — ксёндз Буйноўскі з сястрой, якая жыла ў будынку яшчэ на працягу месяца пасля арышту Буйноўскага. Пасля яе ад’езду ў будынку да 1924 г., па рашэнні грамады, жыў Іван Платонавіч Мохараў, які не меў уласнага жылля.
У 1923 г. старшыня сельсавета Марк Цімафеевіч Кацуба хацеў забраць гэтую камяніцу ў вернікаў, каб адчыніць у ёй хату-чытальню і змясціць камсамольскую ячэйку, але натыкнуўся на супраціў вернікаў. На адным са сходаў было прапанавана выкарыстоўваць будынак як капліцу. Вернікі падтрымалі гэту ініцыятыву. У чэрвені 1923 г. касцёльнае начынне з драўлянай капліцы было перанесена ў каменны будынак, у якім, каб мець магчымасць праводзіць набажэнствы, давялося зламаць грубку і перагародкі. З чэрвеня 1923 г. будынак выкарыстоўваўся як капліца.
Набажэнствы спачатку адбываліся без усялякай дамовы, не плацілася ані арэнда, ані страхоўка. Толькі ў 1924 г. (27 жніўня) была заключана дамова на выкарыстанне капліцы са Свяцілавіцкім валасным выканаўчым камітэтам. З гэтага часу касцёльны камітэт плаціў арэндную плату за карыстанне капліцай і страхоўку. Да рудня-шлягінскай парафіі (філіі) у гэты час належалі вёскі Бесядзь, Гарысты, Іванькава, Утонька, Рудня-Гулева, а таксама вёска Рудня-Стаўбунская і аколіца Ухова, у якіх былі капліцы.
У 1928 г. у касцёльны камітэт Рудні-Шлягіна і Рудні-Гулева ўваходзілі старшыня — Петр Паўлавіч Кацуба, сакратар — Андрэй Цімафеевіч Кацуба, а таксама члены камітэта: Павел Мацвеевіч Кацуба, Паўліна Мікалаеўна Кацуба, Іван Данілавіч Мохараў і Пётр Лук’янавіч Мохараў. Касцёльным актывістам быў і Аляксандр Паўлавіч Кацуба, які працаваў рабочым ліцейшчыкам у Гомелі, але жыў з сям’ёй у Рудні-Шлягіне.
Існавала некалькі касцёльных гурткоў. Так, у Рудні-Шлягіне ў гуртку Ружанца ўдзельнічала 50 чалавек, у суседняй вёсцы Рудня-Гулева — 15 чалавек. Таксама існаваў гурток «тэрцыяраў», два гурткі Жывога Ружанца, у якія ўваходзілі выключна мужчыны (адзін называўся гуртком св. Ізідора, другі — св. Юзафа), прыкладна па 15 чалавек у кожным. Было і пяць жаночых гурткоў Жывога Ружанца, у кожны з якіх уваходзіла таксама прыкладна па 15 чалавек. Усяго ў гуртках удзельнічала 185 чалавек.
Кіраўнікамі гурткоў былі: Петр Паўлавіч Кацуба, Ганна Мохарава, Паўліна Мікалаеўна Кацуба, Юзэфа Ігнатаўна Саковіч, Павел Людвігавіч Мохараў, Анэля Паўлаўна Кацуба, Ганна Валянцінаўна Кацуба, Анастасія Іванаўна Мохарава, Анастасія Ігнатаўна Ключынская і Кацярына Андрэеўна Мохарава.
Усімі гурткамі кіраваў сакратар касцёльнага камітэта Андрэй Цімафеевіч Кацуба, а жаночымі — Паўліна Мікалаеўна Кацуба.
Гурткі ў Рудні-Шлягіне збіраліся ў хатах у Антолі Іванаўны Кацубы, Паўліны Мікалаеўны Кацубы, Пятра Ігнатавіча Мохара і Юзэфы Ігнатаўны Саковіч. У Рудні-Гулеве — у Івана Данілавіча Мохарава і Пятра Лук’янавіча Мохарава.
Насельніцтва Рудні-Шлягіна, у асноўным, лічыла сябе палякамі, хоць па-польску маглі размаўляць толькі адзінкі з жыхароў вёскі.
У 1928 г. улады Веткаўскага раёна з падказкі сельскага савета Рудні-Шлягіна (старшынёй сельсавета ў гэты час быў Кузьма Леанавіч Мохараў, а сакратаром Мікалай Кацуба-Сарокін) вырашылі забраць у вернікаў будынак капліцы для патрэбаў сельсавета. 8 ліпеня ў вёску прыбылі намеснік пракурора Веткаўскага раёна Гукаў і начальнік раённай міліцыі Белавусаў з міліцыянерам. Яны ў катэгарычнай форме прапанавалі парафіянам вызваліць памяшканне. Вернікам не заставалася нічога іншага, як вынесці касцёльнае начынне з капліцы.
Немалаважную ролю ў гэтым самаўладстве адыграў сакратар Гомельскага Польбюро Андрэй Адольфавіч Мінейка. На гэтую пасаду Мінейка быў прызначаны летам 1928 г., а раней ён працаваў інструктарам Армавірскага сельскагаспадарчага саюза.
Мінейка нарадзіўся каля 1886 г. у Вільні. У час Грамадзянскай вайны служыў у ЧК, быў рэзідэнтам савецкай разведкі ў Польшчы (пад прозвішчам Твардоўскі), начальнікам закардоннай разведкі 17-й дывізіі 16-й арміі. Пасля працаваў у ДПУ і на розных кіруючых пасадах на Паўночным Каўказе. 21 красавіка 1928 г. ён напісаў заяву ў Гомельскі акружкам КП(б)Б з просьбай прыняць яго на працу. Сваё жаданне працаваць у Гомелі Мінейка матываваў тым, што сваякі яго жонкі жывуць у Гомелі, і яму з жонкаю і двума дзецьмі будзе зручней жыць каля іх. Акрамя таго, Мінейка добра ведаў польскую і беларускую мовы, а таксама мясцовасць і быт насельніцтва.
Менавіта Мінейка пачаў праводзіць на Гомельшчыне калектывізацыю польскай вёскі, аб чым сведчаць шматлікія крыніцы. Ён даволі часта выязджаў у польскія нацсельсаветы для абследаванняў, праверкак і рэвізій. Таксама Мінейка быў загадчыкам антырэлігійнай секцыі Гомельскага акружкама КП(б)Б.
Касцёльны камітэт рудня-шлягінскай парафіі і яго актывісты Андрэй Цімафеевіч і Пётр Паўлавіч Кацубы пачалі барацьбу за капліцу. 17 ліпеня яны накіравалі скаргу гомельскому акружному пракурору. Пракурор скаргу прыняў і абяцаў хутка разабрацца, але прайшоў месяц, а ніякіх вынікаў не было. 19 жніўня гомельскому акружному пракурору была накіраваная яшчэ адна заява. Пракурор перадаў яе на разгляд у акрвыканкам, і справа зноў завязла. Тады 29 жніўня ўпаўнаважаныя ад парафіі Андрэй Цімафеевіч і Пётр Паўлавіч Кацубы напісалі скаргу ў акрвыканкам і прасілі паскорыць справу. Праз некаторы час у вёску выехала камісія акрвыканкама ў складзе сакратара Польбюро Мінейкі і прадстаўніка акружкама ЛКСМ Ігнатовіча (яны правялі ў вёсцы ўсяго 15 хвілінаў). Пасля гэтага справа зноў заціхла, а 2 лістапада ў Рудню-Шлягіна прыехаў сакратар Польбюро Мінейка, які сабраў агульны сход. Мінейка абвясціў, што справа аб капліцы разглядалася ў Мінску і Маскве, і што Пракуратура і савецкая ўлада вырашылі «…заняць капліцу пад культурную установу, г.зн. размясціць у ёй школу, хату-чытальню, сельсавет». На сходзе было прынята рашэнне: «…дом, дзе пражываў ксёндз, пры наяўнасці побач капліцы, заняты вернікамі няправільна, а таму з пастановай акрвыканкама па замацаванні мураванага дома для культурна-асветніцкай мэты для нашай вёскі — пагадзіцца».
21 лістапада старшыня сельсавета і адзін з жыхароў суседняй вёскі залезлі на дах капліцы і ссеклі крыж з купала. На наступны дзень Андрэй Цімафеевіч і Пётр Паўлавіч Кацубы напісалі скаргу сакратару ЦК КП(б)Б.
5 снежня адбылося пасяджэнне Польбюро ЦК КПБ(б), на якім разглядалася справа аб рудня-шлягінскай капліцы. На пасяджэнні было вырашана, што капліца адабраная ў вернікаў правільна.
23 снежня 1928 г. Андрэй Цімафеевіч і Пётр Паўлавіч Кацубы былі арыштаваныя супрацоўнікамі Акружнога аддзела ДПУ. Супраць іх была ўзбуджана следчая справа з абвінавачваннем паводле арт. 72-б КК БССР (за антысавецкую агітацыю і прапаганду). Канкрэтна Андрэю Цімафеевічу і Пятру Паўлавічу Кацубам ставілі ў віну тое, што яны займаліся антысавецкай дзейнасцю сярод польскага насельніцтва, сарвалі кампанію «Абарона краіны», восеньскую пасяўную кампанію, стварылі групоўку, якая мела контррэвалюцыйныя мэты, займаліся самагонаварэннем і распіццем самагону ў капліцы з ксяндзом Андрэкусам. Да таго ж, Андрэя Цімафеевіча, які ў свой час служыў у войску фельчарам, абвінавацілі ў тым, што ён недазволена займаецца лячэннем (арт. 111 КК БССР).
Аднавяскоўцы, як маглі, змагаліся за вызваленне Андрэя Цімафеевіча і Пятра Паўлавіча. Так, 21 студзеня 1929 года былі сабраныя подпісы (усяго 101 подпіс) сярод жыхароў Рудні-Шлягіна пад «Прыгаворам», у якім гаварылася: «Мы, якія ніжэй падпісаліся, грамадзяне вёскі Рудня-Шлягіна Гомельскай акругі Веткаўскага раёна… выдалі гэты прыгавор грамадзяніну Кацубу Андрэю Ц. у тым, што ён ні ў якіх контррэвалюцыйных выступах не быў заўважаны… пад судом і следствам не быў, а хадайнічаў перад уладамі аб тым, каб пакінуць малітоўны дом у нашай вёсцы, па нашым даручэнні.
Просім правесці следства аб ім сярод шырокіх масаў нашай вёскі і вызваліць як мага хутчэй.
Грамадзяне вёскі Рудня-Шлягіна».
Але хадайніцтва аднавяскоўцаў не дапамагло, і 21 чэрвеня 1929 г. на пасяджэнні Калегіі АДПУ Пятра Паўлавіча Кацубу згодна з арт. 58/10 КК РСФСР (антысавецкая агітацыя і прапаганда) асудзілі на шэсць месяцаў пазбаўлення свабоды.
Андрэя Цімафеевіча Кацубу згодна з арт. 58/4 КК РСФСР (аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі) асудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі ў канцлагеры.
Пасля закрыцця капліцы, паводле ўспамінаў нараджэнца вёскі Рудня-Шлягіна Пятра Паўлавіча Мохарава (1930 г. нар.), начынне капліцы, а менавіта — вялікі драўляны крыж, які выкарыстоўваўся падчас працэсій і пахаванняў, кнігі і абразы — мясцовыя жыхары разабралі па хатах. Крыж і тры абразы спачатку захоўваліся ў Пятра Кастанавіча Ключынскага. Пасля рэчы захоўвала яго дачка Сафія (1905 г. нар.). Пасля смерці Сафіі Мохаравай (Ключынскай) у лістападзе 1989 г. яе пляменніца Ганна Калітанаўна Мохарава перадала крыж у гомельскі касцёл ксяндзу Славаміру Ляскоўскаму. Адзін з трох абразоў захоўваецца ў сям’і Пятра Паўлавіча Мохарава, другі — у сям’і яго сястры Ганны Паўлаўны Мохаравай, трэці абраз — ва ўнукаў Ганны Калітанаўны Мохаравай.
Паводле звестак, атрыманых ад жыхароў Рудні-Шлягіна, драўляная капліца разбураная не была. У канцы 1943 г. (ці ў пачатку 1944 г.) яе разабралі салдаты Чырвонай Арміі для пабудовы моста.
Мураваная капліца захавалася да нашых дзён. Гэты напаўразвалены будынак і могілкі — адзінае, што напамінае пра існаванне адселенай вёскі.
Ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі некалькі дзесяткаў жыхароў Рудні-Шлягіна. Так, Пётр Кастанавіч Ключынскі, які трымаў моцную гаспадарку, на якой працавала ўся яго сям’я (жонка, дочкі Сафія і Марыя, сыны Фларыян і Калітан), быў арыштаваны разам з сынамі. Усе яны былі асуджаныя і высланыя ў Краснаярскі край. Пасля адбыцця пакарання Фларыян з маладой жонкай і Пётр Кастанавіч вярнуліся на радзіму (лёс Калітана пасля высылкі невядомы). Фларыян уладкаваўся ў Гомелі пажарным, але 18 ліпеня 1937 г. зноў быў арыштаваны і 7 кастрычніка таго ж года расстраляны ў Гомелі.
Рэлігійнае жыццё ў вёсцы Рудня-Шлягіна працягвалася і пасля закрыцця капліцы, да самага адсялення вёскі. Вернікі зрабілі малельню ў хаце адной з жыхарак вёскі. Нават у 1970-я гады ў Рудні-Шлягіне людзі хрысцілі дзяцей паводле каталіцкага абраду (самі, бо святароў не было).
Аўтар: Уладзімір Васькоў (г. Тула)