Каплічы. Назва паводле легендаў і паданняў

0
1553
Каплічы вёска

Даўно ж калі жаніліся, то не надта мілаваліся з дзяўчынай. Рэдка здаралася, што сустракаліся да гэтага, а потым браліся. У асноўным было наадварот: вырастала дзяўчына, падабаўся ёй хлапчына, уздыхала па ім, а да яе прысылалі сватоў зусім з іншай сям’і, часцей за ўсё з больш багатай. Бацькі спачатку ўгаворвалі дачку, а калі гэта не дапамагала, то і білі, і ў пераважнай большасці выпадкаў атрымлівалася так, як жадалі бацькі. Такі быў час, такія існавалі законы, і ім не падпарадкоўвацца ніхто не асмельваўся. Як сабе хочаш круціся, а волю бацькоў павінен выконваць.

Так і ў нас адну дзяўчыну аддалі супраць яе волі замуж. Прыгожая была такая, што з суседніх вёсак казалі:

— Во ўжо ў іх Ганна (так яе звалі) цвіце, дык цвіце! Такую прыгажуню пашукаць трэба!
— Шукаў бы, каб ведаў, што знойдзеш.
— Відаць, такую знайсці можна, а прыгажэйшую за яе — не.
— Мала таго, што прыгожая, дык яшчэ працавітая.
— I гэтага не адняць. I не толькі працавітая, але і галасістая. Як зацягне песню, то птушкі прыціхаюць ды пачынаюць услухоўвацца, каб потым пераняць.
— I хлопец жа ў яе прыгажун.
— Во ўжо сям’я будзе. Дай Бог, каб ніхто ім дарогі не перайшоў.

Так гаманілі вяскоўцы, без зайздрасці, без «чорнай намовы», а аказалася, што ўсё роўна шчасця ў закаханых не атрымалася. Прыехалі да Ганны сваты з нейкай далёкай вёскі. Але такія ганарыстыя, такія разапранутыя, што і блізка не падыдзеш. Вяскоўцы бачылі, як іхняя брычка прапыліла па вуліцы, і сабраліся пагаманіць.

— Не, не аддадуць бацькі дзяўчыну.
— Ты так думаеш?
— Яны ж не жадаюць сваёй дачцэ благога.
— Вось падкоцяцца сваты — і ўсё на тым.
— Ці ж гэта жаніх?
— Не ў жаніху справа, а ў тым, што за ім стаіць, якія бацькі, што даваць будуць.
— I то праўда…

Так і атрымалася. Як ні плакала Ганна, якні прасіла, на калені станавілася перад бацькамі, але тыя былі няўмольныя:

Пойдзеш, і ўсё на гэтым!
— Рукі на сябе накладу!
— Муж як возьме ў свае рукі, то хутка пра дурное забудзешся!

Згулялі вяселле, і зажыла Ганна ў заможнай сям’і. Але ці ж гэта жыццё было? На кожным кроку тачылі яе чужыя людзі, а найболей сам муж — усё бурчэў і бурчэў. Здавалася, што ён толькі гэта і ўмеў рабіць.

— Во, расселася… Параскідала… Пазбіраць не можаш…
— Сам бы прыбраў, бачыш, што ў мяне рукі заняты дзецьмі. Што ты за чалавек? Усё ходзіш і стогнеш-каплеш, як той капліч. Па слову, па слову, а ўжо сэрца мне праеў, капліч няшчасны. Я за табой шчасця не бачыла і не дажыву да такой хвіліны…

Так Ганна і дала мянушку свайму мужу. Болей яго ніхто іначай і не клікаў, як Капліч. Так і Каплічы ад таго хутара, дзе яны жылі, пайшлі.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 186-188.