Традыцыйная беларуская нацыянальная культура, якая фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў, адлюстравала ў сабе народную мудрасць і вопыт, нашу нацыянальную свядомасць і менталітэт. Тэрыторыя Усходняга Палесся — гэта своеасаблівы рэгіён з адметнай гісторыяй, этнічнымі, культурнымі і моўнымі асаблівасцямі, у якім найбольш поўна захаваліся ў розных праявах архаічныя элементы традыцыйнай народнай матэрыяльнай і духоўнай культуры. Каштоўнасць форм праяўлення аўтэнтычнай культуры гэтага рэгіёна вызначаецца тым, што гэта сведчанне жывых традыцый сацыяльнага ўкладу палешукоў-беларусаў. Большасць архаічных элементаў традыцыйнай народнай спадчыны існуюць у адзначанай культурнай прасторы як звыклая, важнейшая форма зносін іх носьбітаў паміж сабою, сродак выражэння іх этнічнай самасвядомасці, праяўлення гарманічнай сувязі з акаляючым светам. Многія спосабы праяўлення традыцыйнай духоўнай палескай культуры з’яўляюцца ў нашы дні яшчэ жыццяздольнымі, але могуць знікнуць у бліжэйшы час [1, c. 5].
Народная мова з’яўляецца важным састаўным кампанентам духоўнай культуры. Нагадаем вядомае выказванне В. фон Гумбальта: «Мова — душа народа, і душа народа — яго мова». Адной з самых цікавых і пакуль што недастаткова даследаваных у беларускім мовазнаўстве тэматычных груп народна-дыялектнай мовы з’яўляецца сямейна-абрадавая лексіка, якая называе самыя значныя падзеі ў жыцці чалавека, з’яўляецца вербальным кодам разнастайных рытуальных актаў і дзеянняў.
Народны абрад як факт традыцыйнай культуры, які спалучае матэрыяльны і духоўны пачатак, валодае максімальнай ступенню сімвалізацыі і ўяўляе асаблівую цікавасць для даследчыка. З усіх сямейных абрадаў найбольш поўна ў фальклорна-этнаграфічным плане апісаны самы працяглы па часе вясельны абрад, які ўключае шматлікія рытуальныя дзеянні, акты і цырымоніі, звязаныя з рознымі этапумі вяселля: дашлюбным, шлюбным і пасляшлюбным. Кодавая сістэма абраду, як адзначаюць даследчыкі, змяшчае ўстойлівыя слоўныя, дзейсныя і прадметныя коды. Састаўнымі элементамі абраду з’яўляюцца, такім чынам, абрадавыя акты, выканаўцы рытуальных дзеянняў і інвентар рэалій [2], [3], [4].
Лексіка розных этапуў вясельнай абраднасці Гомельшчыны, у тым ліку назвы трэцяга дня вяселля, апісвалася ў асобных работах1, але не была прадметам усебаковага аналізу. Прадмет нашага даследавання — сістэма назваў паслявясельнага этапу шлюбнай абраднасці, што выкарыстоўваюцца на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Мэтай даследавання з’яўляецца структурна-семантычная і этналінгвістычная характарыстыка намінацый заключнага этапу вяселля і яго паслявясельнай часткі. Крыніцай фактычнага матэрыялу паслужыў дыялекталагічны архіў кафедры беларускай мовы ГДУ імя Ф. Скарыны, складзены па выніках вучэбных практык у розных раёнах Гомельскай вобласці, а таксама выданні фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў гэтага рэгіёна, прысвечаныя вясельнай абраднасці.
Заключнаму этапу вясельнай абраднасці надавалася вялікае значэнне, аб чым сведчаць разнастайныя акты і дзеянні, якія ў гэты час адбываліся. Гэтыя дзеянні мелі, як правіла, гумарыстычны, забаўляльны характар, яны здымалі напружанне пасля асноўнай часткі вяселля, уносілі асаблівы, гульнёвы кампанент.
Для намінацыі пасляшлюбнай часткі вяселля на Гомельшчыне выкарыстоўваліся не толькі аднаслоўныя найменні, але і словазлучэнні, як свабодныя, так і устойлівыя.
Да заключнай часткі вясельнай абраднасці на Гомельшчыне адносіцца ў большасці населеных пунктаў трэці дзень вяселля: Трэці дзень вяселля — апошні дзень вяселля, звычайна аўторак (в. Крупейкі, Лоеўск. — Лоеўшч., с. 247). У некаторых вёсках гулянне працягвалася і на чацвёрты, пяты дзень: Цяпер свадзьбы у растаране гуляюць і ў нядзелю. А раней — о, былі свадзьбы. Па недзелі гулялі! (в. Старое Сяло); А на трэці дзень ужэ, на чацвёрты, на пяты з мае стараны (напрымер, я — нявеста) ўжэ сабіраюцца (в. Старое Сяло).
Трэці дзень вяселля меў розныя назвы. Абавязковым элементам заключнай часткі вясельнага абраду было прыгатаванне і ўжыванне курыцы або пеўня, таму часта гэты этап называўся курэй (кур) драць (лавіць, збіраць, сбіраць, круціць); гуляць пятухі; карэнне драць «абскубваць курыцу», папялішча дуць: Трэці дзень называўся «драць куру». У гэты дзень збіраліся радня маладога і маладой і паасобку хадзілі да сваёй радні з хаты ў хаты. Бралі курыцу і няслі яе ў край сяла, з песнямі.Там гэту курыцу скублі, смалілі (в. Івакі, Добр.); На трэці дзень дралі курэй. Перапраналіся хто ў што і шлі па вёсцы. Чыю курыцу забаяць, забівалі. Шлі дамоў і варылі яе (в. Гарошкаў); Старых надзяюць маладой. І ідуць ужэ, пяюць, курэй круцяць, што толькі не выдумляюць (в. Гарошкаў); На трэці дзень вяселля ў маладога збіраецца свая радня, а ў маладой — свая радня і гуляюць «пятухі» (в. Чырвоны бераг, Жлоб. — ВнГ, с. 193); А на трэці дзень гуляюць петухоў — запрагаюць у цялегу моладзь. Граюць у гармошку і едуць уздоўж вуліц. Едзяць к тым, хто былі на свадзьбе. Заязжалі ва двор і бралі петуха, курыцу і прывязвалі да воза на вяровачку (в. Гарошкаў); Канчаецца свадьба — карэнне драць. Надзяю штаны, надзяю лапці, дзелаю сабе горб на плячах, бараду прышчаплю, шапку выварочваю і пайшла курэй лавіць (B., с. 234); Казалі: «Папялішча пойдзем дуць .. Свадзьба ж то ўчора была, а сёння пойдзем папялішча дуць, курэй збіраць, смаліць» (в. Васільеўка, Добр. — ЗЧД, с. 207).
Выкарыстоўваліся для назвы трэцяга дня вяселля таксама метанімізаваныя лексемы куры, петухі, пеўні, папялішча, разгрэбіны, галоўні: Трэці дзень — «куры»: «“Куры” таму, што звычайна падстаўныя маладыя пераапранаюцца, бяруць з сабой “цыган ”, ходзяць па дварах — крадуць курэй. Увечары з гэтых курэй вараць суп (г.п. Камарын, Браг. — НДКБ, с. 122); Збіраліся на трэці дзень вяселля — петухі (в. Карані, Светл. — ВнГ, с. 421); У нас называлось ето “пеўні ”, ужэ на трэці дзень свадзьбы (в. Судкова, Хойн. — ХСД, с. 153)»; «Напрымер, паймаюць пеўня, а не, так і два. У нявесты адно есці і ў жаніха. Яшчэ й гарэлкай паілі етага пятуха. Красны бант сюды на ікшыцы завяжуць. Убяруць ужо пятуха тога. І за аборачку ўжо зачэпіш (В., с. 242); Разгрэбіны гуляюць на пяты дзень. Кладуць вогнішча на дарозе, каля двара. Бяруць з седала курыцу і смаляць яе на вогнішчы (в. Рудня Марымонава, Гом. — ВнГ, с. 162); Трэці дзень. “Галоўні ”. Збіраюць курэй у тых людзей, хто ўчастваваў у вяселлі» (в. Каўпень, Лоеўск. — Лоеўшч., с. 243).
Курыца, як адзначаецца ў літаратуры, у вясельным абрадзе выконвала значную рытуальную нагрузку. Курыца-наседка была сімвалам замужняй жанчыны, замяшчала нявесту ў вясельным поездзе. Яе знішчэнне і паяданне сімвалізавала ахвярапрынашэнне і пераход нявесты ў іншы сямейны статус [4, с. 124-125]. З пеўнем была звязана сімволіка адраджэння жыцця. На вяселлі ён сімвалізаваў мужчынскую сілу, сексуальную патэнцыю, пладавітасць і будучы дабрабыт маладых [5]. Як адзначаюць некаторыя інфарматары, «куру дралі», калі нявеста была цнатлівая: На пярэзвы смаляць курэй і носяць іх на палках, што нявеста чэсная (в. Рудзянец, Б.-Каш. — ЖПР, с. 247).
Паколькі рытуал «куру драць» меў шумны, жартаўлівы характар, ён часта абазначаўся метанімізаванай назвай «цыганы»: Цыганамі заканчваецца трэці дзень вяселля. «Цыганы» — гэта цэлае прадстаўленне.. «Цыганоў» чутно здалёк па крыку, смеху (в. Елянец, Б.-Каш. — ЖПР, с. 67) або словазлучэннем хадзіць у цыганы, гуляць у цыганей: На трэці дзень «хадзілі ў цыганы». Жэншчыны паадзяюцца ў мужское, а мужчыны — у жэнскае, паўмазваюцца, паўкрасваюцца. І вот, ідуць па дзярэўне. Ідуць, дзе бяжыць курыца, яны тую курыцу «хлоп!», да ўб’юць яе, да ў торбу. Прыташчылі етае к маладому ці к маладой. І гэтае зноў гатавалі (в. Дуброўнае, Браг. — НДКБ, с. 121); Пасля свадзьбы ўжо ў панядзельнік гулялі ў цыганей. Свадзьбу маглі гуляць .. дажа цэлую нядзелю (в. Лексічы, Хойн. — ХСД, с. 151).
Пераапрананне, якое мела месца ў вясельным рытуале, таксама не было выпадковым. Калі малады прыязджаў па маладую, яму выводзілі «падманную» нявесту, а калі ён адмаўляўся ад яе, патрабавалі выкуп. Такі звычай хаваць нявесту, выстаўляць падманных, несапраўдных нявест быў вядомы ўсім усходнеславянскім народам. Як мяркуюць даследчыкі, пераапрананне ў «нявесту» паходзіць ад старажытнага абраду ахоўвання нявесты ад злых духаў, імкнення падмануць іх, увесці ў зман [6]. У паслявясельнай частцы, на заключным этапе вяселля, калі гулялі ў «цыганоў», мужчыны пераапраналіся ў жанчын, а жанчыны ў мужчын. Гэта пераапрананне гасцей мела на мэце павесяліць прысутных, хаця вытокі такога звычаю — у імкненні адцягнуць ад маладых увагу злых духаў [7]. «Цыганы» паводзілі сябе вельмі шумна: крычалі, смяяліся, спявалі, хадзілі па хатах, кралі посуд і г. д. Сажа, якою «цыганы» мазалі твар, замяняла маску. Паводле меркавання Я.Г. Кагарава, абмазванне пераапранутых сажай, якую бралі з печы ў хаце, сімвалізавала далучэнне да дамашняга ачага і мела, акрамя таго, карпаганічнае значэнне [6]. Пераапрананне, якое называюць травесцізмам, як адзначаюць даследчыкі, было характэрна для многіх абрадаў і мела сімволіка-міфалагічны характар, выконвала апатрапеічную і карпаганічную функцыі. У вясельнай абраднасці пераапрананне мужчын у жанчын, а жанчын у мужчын было накіравана на стварэнне камічнага эфекту [8].
Для абазначэння заключнага этапу вясельнай абраднасці на Гомельшчыне актыўна выкарыстоўваліся таксама лексемы банкет: Адзін сват маладых к сабе прыглашае і гуляюць. А другі сват бярэ к сабе старых. Гэта называецца банкет (в. Ворнаўка, Карм. — ВнГ, с. 278); банкеты: Пасля свадзьбы былі «банкеты» (в. Хальч); словазлучэнні вадзіць (дзелаць, сабіраць, збіраць) банкеты, браць абеды, вадзіць бяседы: Жаніховы раство банкеты водзяць, і нявесціны банкеты. От адні атводзяць нядзелю, а тады тыя нядзелю (в. Старое Село); Сколькі ў каго была родзічаў, яны дзелалі банкеты, так называліся, пасля свадзьбы (в. Хальч); Родственнікі ў канцы свадзьбы дагаворваюцца, калі банкеты сабіраць .. У гэта васкрасенне мы вас пасадзілі за стол, у наступнае васкрасенне — вы нас (Казацкія Балсуны, Ветк. — ВнГ, с. 134); На трэцці дзень збіраюць банкеты, родзічы водзяць, сразу нівесціны, патом жаніховы (в. Старое Сяло); Должэн кажды старшы сват і стары сват браць «абеды».. Гэта называецца банкет (в. Ворнаўка, Карм. — ВнГ, с. 278); Калі два дні пагулялі, то пасля цэлую нядзелю вадзілі бяседы .. Кожны дзень у рознай хаце гулялі (в. Калініна, Гом. — НДС, с. 198). У в. Багданавічы Кармянскага раёна гэта мерапрыемства называлі экспрэсіўна афарбаванай лексемай разгуліны: На трэці дзень гулялі «разгуліны». Гэта значыць, госці маладой прыходзілі да яе дому, а госці маладога да яго (ВнГ, с. 281).
У большасці мясцовасцей рытуалы правядзення банкета, драць куру і гуляць у цыганы сумяшчаліся ў адзін, трэці дзень, у іншых — расцягваліся на некалькі дзен: На другі дзень у кросных банкеты, трэці — куру драць, чацвёрты — цыганы (Баршчоўка, Добр. — ЗЧД, с. 251).
Сустракаюцца на Гомельшчыне і метафарычныя назвы трэцяга дня вяселля: пята: На трэці дзень была пята. Малады і маладая даюць петуха. На вуліцы скубуць яго і вараць суп (в. Стаўбун, Ветк. — ВнГ, с. 118); хвост: У понедельнік наступае хвост. Прыходзяць усе людзі. Молодого людзі сядзяць у молодого, а молодой — у молодой (в. Валаўск, Ельск. — ВнГ, с. 189); Хвост звычайна рабілі ў панядзелак. На ім прысутнічалі самыя блізкія і родныя (в.Ляскавічы, Петр. — ВнГ, с. 363); крошкі: На трэці дзень у хаце маладой спраўлялі крошкі. Лічылася, што гэта ўжо маладая хазяйка частуе гасцей (г. Жлобін. — ВнГ, с. 194); Трэці дзень называюць «на крошкі». Гатовілі, гулялі, даядалі, што засталося (в. Клівы, Хойн. — ХСД, с. 150). Такія метафарызаваныя назвы падкрэслівалі фінальны, завяршальны характар гэтага этапу.
На заключным этапе вясельнага рытуалу маглі «гуляць зайца»: У панядзелак вечарам «гуляюць зайца» ў хаце маладога. Госці без дружак. Адзяюцца некалькі чалавек ва ўсё рванае..Гэта цыгане. Бегаюць у розныя хаты, хватаюць хто што .. Адзін чалавек перадзяваецца ў кажух — гэта заяц..Заяц уцякае, хто-небудзь страляе ў зайца, ён падае. Зайца кладуць на стол. Абліваюць гарэлкай, мо жывы? Потым лупяць, скідаюць кажух, шапку (аблупліваюць). Заяц ускоквае і танцуе на століку. Госці ідуць у хату «есці зайчаціну». «Зайца» гуляюць і ў хаце маладой (в. Алексічы, Хойн. — ХСД, с. 129). Вобраз зайца таксама невыпадковы на вяселлі. Заяц у народных уяўленнях надзяляўся мужчынскай эратычнай сімволікай: «Як жывёла, вядомая сваёй пладавітасцю, заяц увасабляе пладаносную сілу» [9]. Калі вясельны поезд перапынялі з мэтай атрымаць выкуп (пачастунак), гэта называлася «лавіць зайца». У славянскай вясельнай абраднасці заяц з’яўляецца сімвалам жаніха [10]. лу
Асобным рытуалам паслявясельнай часткі, які праводзіўся ў некаторых мясцовасцях, быў перэпой: А шчэ ж перэпой буў .. Молодому ў ее хаці перэпівалі боярые.. Хто рубля, хто копейкі. Квасом перэпівалі, компотом ці з груш, ці з яблук. Молоды седзіць. Екі мужчына поўз столы йдзе з чаркою. Становіцца. Кажэ: «Перэпівае сусед». А той кажэ: «Перапіваю шчасце, долю і век доўгі». Перэпьюць даўжэ кончаюць (г.п. Тураў. — ВнГ, с. 253).
Абавязковым эпізодам паслявясельнай абраднасці было наведванне маладой яе бацькамі ў хаце маладога, якое звычайна адбывалася праз тыдзень пасля вяселля. Візіт бацькоў да дачкі называўся пярэзавы, пярэзвы, перазоў, пярэзвіны, госці, пірагі: Даждаўшы наступнай суботы пасля вяселля, бацькі маладой звалі дачку з зяцем і са сватамі к сабе ў госці.. А яшчэ цераз нядзелю, таксама ў суботу, ужо бацькі маладога рабілі пярэзавы. І на гэтым ужо вяселле заканчваецца (в. Міхнаўка, Браг. — ВнГ, с. 43); Праз тыдзень, у нядзелю, большасць удзельнікаў вяселля збіраецца зноў на пярэзвы, галоўная мэта іх — праведаць маладых (в. Гажын, Нараўл. — ВнГ, с. 353). Вяселле лічыцца незакончаным, пакуль родзічы жаніха і нявесты не сходзяць адны да другіх у госці. Гэты абрад назваецца «Госці» або «Пірагі» (в. Елянец, Буда-Каш. — ВнГ, с. 67); Пірагі або госці — ўзаемнае наведванне бацькоў маладых, робіцца гэта праз тыдзень пасля вяселля — (в. Любавічы, Жытк. — ВнГ, с. 236); Праз тыдзень пасля вяселля назначаліся «госці», дзе збіраліся самыя родныя з стараны жаніха і нявесты (в. Сямурадцы, Жытк. — ВнГ, с. 220).
Такім чынам, паслявясельная частка мела розныя назвы. Некаторыя з іх — аднаслоўныя найменні, як адзіночналікавыя перэпой, пята, хвост, так і, у большасці сваёй, множналікавыя пярэзвы, банкеты, разгрэбіны, разгуліны, пірагі, пятухі, куры, крошкі, госці. У складзе прааналізаваных назваў нярэдка сустракаюцца словазлучэнні, як свабодныя, так і ўстойлівыя: провады свадзьбы, на бліны зваць, куру драць, карэнне драць, у цыганы хадзіць, банкеты вадзіць, вадзіць бяседы, гуляць зайца. Асобныя назвы маюць празрыстую ўнутраную форму, з’яўляюцца аддзеяслоўнымі дэрыватамі, матываванымі выконваемым дзеяннем: пярэзвы (утворана ад перазываць — «запрашаць і хадзіць адзін да аднаго ў госці»), разгрэбіны (разгрэбці — «расчысціць, раскідаць што-небудзь», перан. — «завяршыць»), разгуліны (разгуляцца — «даць сабе волю, разысціся»), перэпой (перапіваць — «піць па чарзе»), адводзіны (адвесці — «закончыць»). Некаторыя лексемы ўзніклі ў выніку метафарызацыі агульнаўжывальных слоў — пята, хвост, крошкі, у семантычнай структуры якіх актуалізуецца сема «апошняя, канцавая частка чаго-небудзь». Як вынік метанімічнага пераносу часткі на цэлае ўтварыліся назвы куры, петухі, пірагі, галоўні, цыганы, госці. У адных словах семантычная дэрывацыя адбылася на аснове пераносу аб’екта, на які накіравана дзеянне (куры, петухі, пірагі) або суб’екта, які яго ўтварае (госці, цыганы) на само дзеянне — паслявясельнае гулянне. У другіх — перанос адбыўся на аснове лагічнай сумежнасці, ускоснай сувязі працэсу дзеяння з яго вынікам: папялішча, галоўні — тое, што застаецца ад вогнішча, на якім смаляць курыцу.
У складзе разгледжаных назваў паслявясельнай часткі сустракаюцца разнастайныя варыянты рознага тыпу: фанетычныя: пярэзавы, пярэзвы; фанетыка-словаўтваральныя: пярэзвы, пярэзвіны; петухі, пеўні; кура, курыца; фанетыка-марфалагічныя: пярэзвы, перазоў. Варыянтнымі з’яўляюцца многія словазлучэнні тыпу: драць куру, круціць курэй; дзелаць банкеты, вадзіць банкеты. У сінанімічныя адносіны ўступаюць такія лексемы, як пята, хвост, крошкі, куры, петухі, цыганы, пірагі інш., якія называюць паслявясельны этап.
Большасць разгледжаных назваў з’яўляюцца стылістычна нейтральнымі, іх асноўная функцыя — намінатыўная, для некаторых з іх характэрна дадатковая эмацыянальна-ацэначная канатацыя, якая змяшчае іранічна-жартаўлівае адценне: разгуліны, разгрэбіны, перэпой. Усе назвы, за выключэннем лексемы банкет, запазычанай з французскай мовы, з’яўляюцца сваямоўнымі.
1 Хазанава, К.Л. Трэці дзень вяселля ў лексіцы гаворак Гомельшчыны / К.Л. Хазанава // Известия ГГУ им. Ф. Скорины. — 2012. — № 1 (70). — С. 184-188
Умоўныя скарачэнні
В — Вечнае: Фальклорна-этнаграфічная спадчына Веткаўскага раёна / аўт. уклад.: І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Гомель: УА «ГДУ імя Ф. Скарыны», 2003. — 362 с.
ВнГ — Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / уклад. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. — Мінск: ЛМФ «Нёман», 2003. — 472 с.
ЖПР — Жаўруковая песня радзімы: Народныя духоўныя скарбы Буда-Кашалёўскага краю: манаграфія / ГДУ імя Ф. Скарыны; пад агульнай рэдакцыяй В.С. Новак. — Гомель: Сож, 2008. — 424 с.
ЗЧД — Зямля чароўная дабра: Добрушскі край: гісторыя і сучаснасць / Пад аг. рэд. А.А. Станкевіч. — Гомель: ААТ «Полеспечать», 2008. — 280 с.
Лоеўшч. — Лоеўшчына… Бэзавы рай, песенны край. Сучасны стан традыцыйнай культуры Лоеўшчыны / Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца В.С. Новак. — Гомель: Сож, 2007. — 472 с.: іл.
НДКБ — Народная духоўная культура Брагіншчыны: фальклорна-этнагр. зб. / склад. В.С. Новак, У.І. Коваль. — Гомель: Белдрук, 2007. — 240 с.
НДС — Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна / Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца і рэдагаванне В.С. Новак. — Гомель: ААТ «Полеспечать», 2007. — 456 с.: іл.
ХСД — Хойнікшчыны спеўная душа: народная духоўная культура Хойніцкага краю: фальклорна-этнаграфічны зборнік / пад агул. рэд. В.С. Новак. — Мінск: Выд. Цэнтр БДУ, 2010. — 303 с.: іл.
Літаратура
- Традиции материальной и духовной культуры Восточного Полесья: проблемы изучения, сохранения и развития в постчернобыльское время: монография / Науч. ред. Д.Г. Лин. — Гомель: УО «ГГУ им. Ф. Скорины», 2003. — 167 с.
- Никольский, Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности / Н.М. Никольский. — Минск: Изд.-во АН БССР, 1956. — 273 с.
- Варфоломеева, Т.Б. Северобелорусская свадьба: обряд, песенно-мелодические типы / Т.Б. Варфоломеева; ред. З.Я. Можейко. — Минск: «Наука и техника», 1988. — 156 с.
- Зорин, Н.В. Русский свадебный ритуал / Н.В. Зорин. — Институт этнологии и антропологии им. Н.Н. Миклухо-Маклая. — М.: Наука, 2004. — 248 с.
- Животные в мифологии [Электронный ресурс]. — 2014. — Режим доступа: http://mar4586./narod.ru/animals/birds/hen.html. — Дата доступа: 29.10.2014.
- Народная одежда в обрядах и обычаях восточных славян [Электронный ресурс]. — 2014. — Режим доступа: http // judis.ru. — Дата доступа: 29.10.2014.
- Виноградова, Л.Н. Ритуалы типа «вождения ряженого» // Philologia Slavica: К 70-летию академика Н.И. Толстого. — М, 1993. — С. 24-30.
- Глухова, Г.А. Символика ряженья в традиционной культуре удмуртов: автореф. дисс. … канд. фил. наук: 10.01.09 / Г.А. Глухова. — Ижевск, 2002. — 21 с.
- Гура, А.В. Символика животных в славянской народной традиции / А.В. Гура. — М.: Изд.-во «Индрик», 1997. — С. 177-199.
- Жарникова, С.В. Нить времени: Обряды и праздники / С.В. Жарникова [Электронный ресурс]. — 2014. — Режим доступа: http://www.cultandart.ru/society/84779. — Дата доступа: 29.10.2014.
Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. Сер.: Гуманитарные науки. — 2015. — № 1(88). — С. 124-129.