У артыкуле даследуюцца асноўныя кампаненты статусу знахараў на тэрыторыі Беларускага Палесся ў ХХ – пачатку ХХІ ст. Паказаны змяненні кампанентаў на працягу ХХ ст. ў регіёне пад ўздзеяннем працэсаў мадэрнізацыі.
Нягледзячы на павелічэнне цікавасці этнолагаў да тэмы знахарства ў апошнія два дзесяцігоддзі, асобныя яго аспекты даследаваны ў недастатковай ступені. Да іх адносяцца ўзаемаадносіны паміж знахарамі і астатнімі членамі соцыуму, месца знахароў у неафіцыйнай іерархіі сельскай абшчыны і яго змены на працягу ХХ ст. Знахары, як медыятары ў кантактах са звышнатуральнымі сіламі, займалі асаблівае палажэнне ў сельскай грамадзе на працягу ўсяго азначанага перыяду. Пры гэтым статус асобных знахароў не быў аднолькавым, паколькі фарміраваўся на аснове спалучэння шэрагу кампанентаў. Эвалюцыя знахарства ў ХХ ст. абумовіла змены адносінаў насельніцтва да гэтага нефармальнага сацыяльнага інстытута ў цэлым не толькі да знахарства, а таксама да ранейшага статусу знахароў, аднак і да асобных кампанентаў, якія ўплываюць на іх статус.
Мэта работы – вызначыць кампаненты, на аснове якіх фарміраваўся статус знахароў у Беларускім Палессі, і прасачыць іх змены ў ХХ – пачатку ХХІ ст. Крыніцай для напісання работы паслужылі этнаграфічныя матэрыялы канца ХІХ – пачатку ХХІ ст., а таксама матэрыялы палявых этнаграфічных даследаванняў, якія праводзіліся аўтарам на тэрыторыі Беларускага Палесся ў 2004-2011 гг. У айчыннай этналогіі дадзеная тэма падрабязна не разглядалася. У 1950-1970-я гг. змены статусу знахароў у беларусаў, у тым ліку і на Палессі, закранаў Л.І. Мінько. Аўтар канстатаваў яго зніжэнне ў другой палавіне ХХ ст. у параўнанні з матэрыяламі першай трэці ХХ ст., што тлумачыў уплывам адукацыі і медыцынскай асветы [1, с. 110-119]. Аднак асобныя кампаненты статусу знахароў і іх эвалюцыя аўтарам не разглядалася.
У першай трэці ХХ ст. асноўным кампанентам, які вызначаў статус канкрэтнага знахара, з’яўлялася прыналежнасць да аднаго з тыпаў носьбітаў знахарскіх уяўленняў. У разглядаемы перыяд тут вылучаюцца два асноўныя тыпы знахароў: «шаптуны» і «знахары», якія адрозніваліся паміж сабой уяўленнямі аб крыніцах паходжання магічнай сілы, функцыямі. «Шаптунамі» называлі знахароў, якія нібыта ўспрынялі магічныя здольнасці ад Бога ці хрысціянскіх святых. Іх асноўная функцыя – папярэджанне і лячэнне хвароб людзей і жывёлы, якія мелі натуральныя прычыны ці былі вынікам ненаўмыснага чаравання. Крыніцай магічных уяўленняў «знахароў» лічылі нячыстую сілу. Гэтая сувязь, па традыцыйных уяўленнях, надавала такім людзям звышнатуральныя здольнасці, якія маглі выкарыстоўвацца як у станоўчым, так і ў адмоўным кірунках. Слова «знахар» было найбольш агульным для другога тыпу носьбітаў знахарскіх уяўленняў. Адначасова дадзеная назва мела нейтральна-станоўчы сэнс і абазначала носьбітаў знахарскіх уяўленняў гэтага тыпу, дзейнасць якіх была накіравана пераважна на дапамогу людзям. Словы «вядзьмар», «чараўнік», «чарнакніжнік» мелі негатыўны сэнс і абазначалі «знахароў», дзейнасць якіх мела пераважна адмоўны характар. Назва «варажбіт» характарызавала спецыялізацыю «знахароў» у адной з іх асноўных функцый – варажбе [2].
У першай трэці ХХ ст. статус носьбіта знахарскіх уяўленняў грунтаваўся на прыналежнасці да пэўнага тыпу знахароў, а таксама рэпутацыі, якая залежала ад накіраванасці практыкі. Так, больш вузкая кола функцый «шаптуноў» абумоўлівала іх ніжэйшы статус у параўнанні са «знахарамі». Гэта праяўлялася, напрыклад, у памеры ўзнагароджвання практыкі «шаптуноў», якое звычайна мела сімвалічны характар [3, арк. 7]. Аб беларусах в. Камаровічы Мазырскага павета даследчыца Э. Яленьска: «Гарнец жыта, кавалак сала, намітка ці фартух – гэта шчодрая аплата для знахаркі» [4, с. 59]. У крыніцах няма звестак, каб «шаптуноў» запрашалі як ганаровых гасцей на святы і аказвалі ім іншыя падобныя знакі ўвагі, падкрэсліваючы іх асаблівае палажэнне. Тым не менш, асобныя «шаптуны» выдзяляліся на фоне іншых прадстаўнікоў гэтага тыпу носьбітаў знахарскіх уяўленняў, перш за ўсё, на аснове валодання спосабамі замаўлення значнай колькасці хвароб, якія ўваходзілі ў іх кампетэнцыю. Звычайна большасць «шаптуноў» умела замаўляць ад адной ці некалькіх хвароб. Аднак некаторыя з іх валодалі вялікай колькасцю спосабаў лячэння. Гэта абумоўлівала большы ў параўнанні з іншымі лік кліентаў і, адпаведна, большую вядомасць такога чалавека. Н.І. Касцючэнка (1944 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Кулажын Брагінскага раёна) так апісала пахаванне сваёй бабулі, якая была адной з такіх вядомых «шаптух»: «Мая бабка пражыла дзевяноста чатыры гады, а кагда яна памерла, дак са ўсіх вёсак сабраліся людзі і праводзілі яе на кладзьбішча, патаму што яна очэнь многім людзям памагла, і дзеткам маленькім» [3, арк. 7].
Шырокае кола функцый «знахароў», іх мяркуемая здольнасць уплываць на розныя сферы жыцця чалавека абумоўлівалі высокі статус гэтага тыпу носьбітаў знахарскіх уяўленняў. Пры гэтым адносіны да канкрэтных «знахароў» не былі аднолькавымі і грунтаваліся, перш за ўсё, на іх рэпутацыі. Калі пэўны «знахар» меў станоўчую ці нейтральную рэпутацыю чалавека, які не «прыдзелуе» іншым людзям, а «адрабляе» чараўніцтва іншых «знахароў», то да такога чалавека іншыя ставіліся з павагай. Адзін з карэспандэнтаў П.В. Шэйна гаворыць аб «знахарах» з Рэчыцкага павета наступнае: «Знахары карыстаюцца ў народзе асаблівай павагай» [5, с. 259]. Да «знахароў», якія мелі рэпутацыю людзей, дзейнасць якіх насіла пераважна негатыўны характар («ведзьмакі», «чарнакніжнікі»), стаўленне было адмоўным. Карэспандэнт Е.Р. Раманава адзначае аб сялянах Гродзенскай губерні: «Чараўнікоў і ведзьмароў сяляне баяцца і адносяцца да іх з пагардаю» [6, с. 46]. Аднак з-за нежадання псаваць з такім «знахаром» адносіны і выклікаць яго гнеў знешне адмоўнае стаўленне да такіх людзей стараліся не выказваць. М.В. Доўнар-Запольскі паведамляе, што сяляне «баяцца называць ведзьмаком ці ведзьмай не толькі ў вочы, але і за вачыма, паколькі вераць, што яны могуць даведацца і, канешне ж, пашкодзяць смельчаку» [7, с. 2]. Фармальна такім людзям таксама аказвалася пашана, іх запрашалі на розныя святы. Адзін з інфармантаў А.К. Сержпутоўскага адзначаў: «Часам, калі маладыя едуць да вянца, дак ім сустрэнецца знаёмы вядзьмак. Тут круці не круці, а трэба супыніцца, пачаставаць яго гарэлкаю да папрасіць, каб ён ужэ быў ласкаў, да прыходзіў на вяселле» [8, с. 201]. Гэта мела на мэце залагодзіць такога чалавека і нейтралізаваць адмоўныя дзеянні з яго боку.
Як бачна, незалежна ад накіраванасці практыкі «знахары» мелі высокі статус, прычым не толькі ў сельскім соцыуме, але і сярод іншых слаёў насельніцтва. Э. Яленьска адзначае: «Знаем людзей з універсітэцкай адукацыяй, якія пасылалі за знахаром, каб зубы лячыць» [4, с. 68]. На статус «знахароў» таксама ўплывала іх мяркуемая здольнасць «адрабляць» чараўніцтва іншых носьбітаў знахарскіх уяўленняў гэтага тыпу. На аснове гэтага таго ці іншага «знахара» лічылі «мацнейшым» за іншых, што ўплывала на адносіны да яго. Інфармант М. Федароўскага паведамляе: «Іншы ведзьмар умее зрабіць і адрабіць, а іншы анно зробіць, а адрабіць ні умее» [9, с. 100]. Высокі статус «знахароў» быў абумоўлены таксама тым, што многія з іх адначасова выступалі знаўцамі народных традыцый у іншых сферах. І.А. Сербаў адзначае, што «знахары» звычайна кіруюць правядзеннем рытуальных дзеянняў, звязаных і з іншымі сферамі чалавечага жыцця, напрыклад, з сямейнай абраднасцю [10, с. VII-VIII].
Такім чынам, у першай трэці ХХ ст. статус знахароў грунтаваўся, перш за ўсё, на прыналежнасці іх да аднаго з двух асноўных тыпаў носьбітаў знахарскіх уяўленняў. Пры гэтым палажанне канкрэтнага знахара ўнутры асобнага тыпу не было аднолькавым. Для «шаптуноў» асноўным крытэрыем з’яўлялася колькасць хвароб, ад якіх умеў замаўляць кожны з іх. Для «знахароў», нягледзячы на іх высокі статус, важнае значэнне мела рэпутацыя канкрэтнага «знахара», якая грунтавалася на накіраванасці яго практыкі, а таксама іх уменне супрацьстаяць негатыўнаму ўздзеянню іншых носьбітаў знахарскіх уяўленняў гэтага тыпу.
З 1930-х гг. адбываюцца змены ў адносінах насельніцтва да знахарства, што выклікае змены самога статусу носьбітаў знахарскіх уяўленняў, а таксама яго кампанентаў. Пераследаванне з боку афіцыйных улад, звужэнне знахарскіх функцый у выніку сацыяльна- эканамічных пераўтварэнняў, распаўсюджванне асветы і адукацыі прывялі да змяншэння прэстыжу знахарства і зніжэнню ролі знахароў у грамадстве. Напрыклад, у некаторых інфармантаў родныя былі супраць таго, каб яны займаліся знахарскай практыкай. Е.А. Васкалей (1941 г.н., в. Чорнава Пінскага раёна) адзначае, што калі яна пачала займацца знахарскай практыкай, то яе муж быў супраць гэтага: «То мужык мій, надоело ему, шчэ быў жывый, кажэ, ну, ў двэнаццаць, і ў час прыходзіць, а дзецей было много, а він кажэ: “Я вынэсу кроваць на вугол, і будэш ты там спаты”. Прыйдэ, колы выпіўшы, да ругае людзей, людзі плачуць, а він ругае, о» [3, арк. 112].
Нягледзячы на зніжэнне статусу знахароў, яны працягваюць займаць асаблівае месца сярод насельніцтва. Пры гэтым у выніку эвалюцыі знахарства змяніліся і асноўныя кампаненты, якія ўплываюць на статус знахароў. Так, працэсы трансфармацыі традыцыйнай культуры выклікалі аслабленне, а часта і парушэнне нормаў, якія існуюць у знахарстве, у тым ліку звязаных з перадачай / атрыманнем знахарскіх уяўленняў. Рэакцыяй на гэта стала выпрацоўка ўяўленняў аб залежнасці паспяховасці знахарскай практыкі ад таго, якім спосабам чалавек навучыўся знахарству. Так, у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. большасцю інфармантаў найбольш эфектыўным для пераймання знахарскіх уяўленняў працягвае лічыцца вербальны спосаб. Лічыцца, што ў гэтым выпадку знахарская практыка будзе паспяховай. А.Д. Міранчук (1928 г.н., в. Жмурнае Лельчыцкага раёна) лічыць, што, «помогае само як от говорыць, росказвае і перэймеш. То то помогае. А як пішэш, запісваеш, то мало помогае. Во так яно» [3, арк. 25]. Важнае значэнне таксама мае ўзрост знахаркі, выкананне ёй узроставых нормаў для заняцця знахарскай практыкай, напрыклад, забароны займацца лячэннем да менапаўзы. Як адзначае Заяц Л.Ф. (1936 г.н., в. Буда-Сафіеўка Лельчыцкага раёна), «еслі вы жэлаеце, я перэкажу, таму што можна перэказваць. Хлопцы – это не дзеўкі. Дзеўкі, як бабой стане толька можа гаварыць, а мужчыны гавораць» [3, арк. 58].
Не менш важным з’яўляецца характар знахарскіх уяўленняў, у прыватнасці, цэніцца іх накіраванасць на карысць людзям, паходжанне іх ад Бога. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. быць «знахаром», нягледзячы на мяркуемыя сувязі з нячыстай сілай, асабліва ў вясковым асяроддзі, лічылася прэстыжным і выкарыстоўвалася для дасягнення пэўнага сацыяльнага становішча. П.В. Шэйн адзначае: «Багачы між сялянамі <…> карыстаюцца ў сваім асяроддзі дурной рэпутацыяй; іх лічаць валшэбнікамі, чарадзеямі, прадаўшымі сваю душу нячыстай сіле.<..> Беднякі ж з сялян думаюць, што яны ад таго бедныя, што не могуць абараніць сябе ад шкоды, нанасімай нячыстай сілай» [5, с. 306]. Е.Р. Раманаў прыводзіць аналагічныя звесткі аб беларусах Гродзенскай губерні: «Беларус той думкі, што калі паабяцаць сваю душу д’яблу, ці зрабіцца чарадзеем, то ва ўсім будзе поспех і д’ябл будзе даваць грошы» [6, с. 34]. На пытанне «Для чаго людзі на знахарства ідуць?» інфармантка з в. Рэчыца Столінскага раёна адказала: «А на гэтым свете он прожывёт о так! Ёму чорты всёго наносять» [11, с. 502]. Аднак з 1930-х гг. у насельніцтва з’явіліся магчымасці падняцца па сацыяльнай лесвіцы і палепшыць сваё матэрыяльнае становішча іншымі шляхамі.
Гэта, разам з незапатрабаванасцю многіх важнейшых функцый «знахароў» стала прычынай негатывізацыі адносін да іх насельніцтва, што прывяло да знікнення гэтага тыпу носьбітаў знахарскіх уяўленняў на працягу другой палавіны ХХ ст. У экспедыцыях аўтару даводзілася чуць аб падазрэннях некаторых людзей у тым, што яны быццам бы «прыдзелуюць», аднак гэтыя падазрэнні грунтаваліся на здагадках і тлумачыліся збегам абставін. Сустрэтыя ў экспедыцыях «знахары», такія як, напрыклад, Е.А. Васкалей (1941 г.н., в. Чорнава Пінскага раёна), нягледзячы на прызнанне імі валодання характэрнымі для гэтага тыпу знахароў здольнасцямі, самі ставяцца да іх негатыўна: «Я помогаю людзям, плохого я нэ хочу дзелаць. Потому шо буду ўмыраты місяц, есі я плохээ зроблю, я нэ хочу. <.. .> Я могу, от прыіхаў… Есі мне зробіў ўрэд, то до вэчора він дуба выйжа. Ну гэто ж я потом буду кончатыса місяц ці два. Нельзя. Плохово нічэво я не дзелаю. Я говору, о то мне холодно робіцца. Нельзя. Нічэво й нэ хо козаці, не хо й, про плохээ нэ хочу, я боюся. Шчэ я сама жыву, шчэ прыйдзе задушыць (маецца на ўвазе нячыстая сіла. – У.Г.), хай яно гарыць. Не хочу. От так я й жыву» [3, арк. 111]. Інфармантка таксама не жадае перадаваць свае здольнасці іншым: «У мяне унучак от такі высокі, здаровы, ка: “Баба, ты ж мне перадасі”? Яку: “Нікаму. Не хачу”» [3, арк. 111]. Е.Р. Валасенка (1928 г.н., в. Новыя Юркавічы Брагінскага раёна. Нарадзілася ў в. Стары Макрэц Брагінскага раёна) адзначае: «Еслі ўміраеш, дак ета харошае нада перадаць, а ета як і плахое, плахое ніхто не хочаўзяць, а харошае ўсе» [3, арк. 125].
У канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. пераважная большасць апытаных знахароў адмаўляюць наяўнасць сувязей з нячыстай сілай і ставяцца да гэтага негатыўна. К.Р. Скачок (1936 г.н., в. Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Міхалёўка Брагінскага раёна) адзначае: «Я плахога, хай яно… плахога дажа й не хачу і знаць. Я толькі ад Бога» [3, арк. 11]. Падазрэнні ў сувязі з нячыстай сілай, валоданне знахарскімі ўяўленнямі, з дапамогай якіх можна нашкодзіць людзям, выклікаюць негатыўнае стаўленне людзей да знахара. Г.М. Бялуцкая (1975 г.н., в. Сярэднія Печы Лельчыцкага раёна) так расказала аб адносінах аднавяскоўцаў да «шаптухі», якую падазраюць у тым, што яна «знахарка»: «Яе ў нас усе баяцца. Раз утапіўся у нас хлопец перад Троіцай на русальную нядзелю < .> А ў нас кажуць, што калі хто-небудзь малады ўтопіцца на русальны тыжджань, то на Троіцу яго хараніць нельга, бо яшчэ два маладых чалвека летам памрэ. А яго пахаранілі. І летам адзін хлопец ўзяў матацыкл у іншага і разбіўся. А той рашыў, што гэта ён вінаваты і павесіўся. Дак яна ўсё хацела вяроўку, на якой той павесіўся, сабе, казала, што хацела сына ад п ’янства адлячыць. Але ўсе яе баяліся і ніхто ёй вяроўку ня даў. Калі гэтага хлопца мылі, то ніхто старым не даў яго мыць, толькі з-за таго, што баяліся, што яна ваду гэтую, ў якой яго мылі, возьме. А старыя крыўдзіліся. І сядзелі ўвесь час каля пакойніка, каб яна чаго- небудзь ад яго не ўзяла» [3, арк. 39]. Кантактуючы з такім чалавекам, усе стараюцца паводзіць сябе вельмі асцярожна, не канфліктаваць з ім.
Важным паказчыкам з’яўляецца таксама дыяпазон праблем, якія можа вырашаць пэўны знахар. Напрыклад, чым большая колькасць хвароб, якую можа лячыць знахар, тым больш паважліва да яго ставяцца іншыя. Напрыклад, М.А. Дудко (1922 г.н., в. Полкацічы Іванаўскага раёна) так апісала «шаптуху», якую ведала: «То вона ўжэ ўсё знае. Вона нычого ныкому нэ робыць. А вона як бае, чы дзіцям, чы шчо, то вона бае за раз і ўрокы, і свою, і ўсе, баба яе так уміла была, до бабы ўсе ходзілы, і то вона тэпэр бае. Вона дажэ скажэ вам чы зроблэно, чы шчо. Неколы я свою дочку возыла, малээ была, то возіла, тэпэр унукі до ее ўсё возімо. Ўсе туды возяць» [3, арк. 103].
Вялікае значэнне маюць асабістыя рысы характару знахароў, а таксама прыязнае стаўленне да людзей, якія звяртаюцца з праблемамі да «шаптух». Н.І. Касцючэнка (1944 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Кулажын Брагінскага раёна) вылучыла сярод гэтых рыс наступныя: «Не злой <…>, он должэн быць добры, мягк <…>. Сур ’ёзны (у разуменні інфарманткі «сур ’ёзны» – значыць «псіхованы». – У.Г.) чалавек не ідзе на ета» [3, арк. 7]. Г.П. Лось (1931 г.н., в. Ліпляны Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Манчыцы Лельчыцкага раёна), калі да яе прыносяць лячыць дзяцей, спачатку наладжвае з імі даверлівыя адносіны: «Я, ну ўсім я, хто не прыходзіць, у мяне трэа штоб канфеты свое былі, патаму што мне трэба дзіця прысвоіць, штоб мяне любіло. Я навек ето, угошчу его сперва, ігрушкі якія дам. А тоды ўжэ я прымудроўваюса, штоб оно не плакало, штоб оно мене послухало. Я як рукамі погладжу его, по голове, по целе, по ўсём, оно прывукае неяк от, замоўкае, я ўбіваю ці гіпнозом своім. Я сама не знаю чым, я сама не знаю. І вот так я дзяцей шэпчу і воны» [3, арк. 55].
Важным паказчыкам для насельніцтва з’яўляецца таксама бескарыснасць пэўнага знахара, адсутнасць у яго фіксаванай аплаты практыкі. Як адзначае Л.Я. Скачок (1926 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Крукі Брагінскага раёна), «а цяпер тыя экстрасэнсы тыя, што кадзіруюць, дык хай жа яны так лечаць! А то грошы бяруць…» [3, арк. 4]. Патрабаванне пэўнай фіксаванай аплаты «шаптунамі» за знахарскія паслугі да гэтага часу расцэньваецца насельніцтвам, асабліва вясковым, як шарлатанства.
Такім чынам, на працягу сярэдзіны – другой палавіны ХХ стагоддзя адбываюцца змены кампанентаў статусу знахароў. Гэта абумоўлена, перш за ўсё, знікненнем «знахароў» і, адпаведна, прадстаўленасць знахарства на тэрыторыі Беларускага Палесся пераважна «шаптунамі», а таксама павелічэннем уплыву на знахарства хрысціянскай этыкі. Асноўнымі кампанетамі статусу знахароў у канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. выступаюць: атрыманне знахарскіх уяўленняў згодна з традыцыяй, характар гэтых уяўленняў, дыяпазон праблем, ад якіх можа дапамагчы канкрэтны знахар, а таксама асабістыя якасці пэўнага знахара. У выніку павелічэння ўплыву хрысціянства на знахарскую практыку назіраецца тэндэнцыя трактоўкі традыцыйных нормаў, якія ўплываюць на статус знахара, праз прызму хрысціянскіх канонаў.
Літаратура
- Минько, Л.И. Знахарство: история, сущность, причины бытования / Л.И. Минько ; Акад. наук БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора. – Минск : Наука и техника, 1971. – 118 с.
- Ганчар, У.А. Тыпы «знаючых» у Беларускім Палессі і іх змены ў ХХ – пачатку ХХІ ст. / У.А. Ганчар // Весці Палесскага дзяржаўнага універсітэта. Сер. грамад. і гуманітар. навук. – 2011. – № 1. – С. 20-26.
- Архіў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. – Фонд 6. – Воп. 14. – Спр. 152.
- Jelenska, E. WiesKomarowiczewpowiecieMozyrskim / E. Jelenska. – Warszawa : J. Jezynski, 1892. – 83 s.
- Шейн, П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-западного края, собранные и приведенные в порядок П.В. Шейном / П.В. Шейн. – СПб. : Тип. Имп. Акад. Наук, 1887-1902. – Т. 3: Описание жилища, одежды, пищи, занятий; препровождение времени, игры, верования, обычное право; чародейство, колдовство, знахарство, лечение болезней, средства от напастей, поверья, суеверья, приметы и т.д. – 1902. – 535 с. – (Сборник Отделения русского языка и словесности Академии наук. – Т. 72, № 4).
- Материалы по этнографии Гродненской губернии : [в 2 вып.] / изд. Упр. Вилен. учеб. округа ; под редакцией Е.Р. Романова. – Вильно : Рус. почин, 1911-1912. – Вып. 1. – 1911. – 239 с.
- Довнар-Запольский, М.В. Белорусская свадьба и свадебные песни: этнографический этюд / М.В. Довнар-Запольский. – Киев : Тип. А. Давиденко, 1888. – 38 с.
- Сержпутоўскі, А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / А.К. Сержпутоўскі ; навук. рэд. А.С. Фядосік ; прадм. У.К. Касько]. – Мінск : Універсітэцкае, 1998. – 301 с.
- Federowski, M. LudbialoruskinaRusiLitewskiej: materyalydoetnografiislowianskiejzgromad- zonewlatach 1877-1894: w 3 t. / M. Federowski. – Krakow : Wyd-woKomisiiantropologicznejakademiiumiejtnosci, 1897-1903. – T. 1: Wiara, wierzenia: przes^dyluduzokolicWolkowyska, SlonimaiSokolki. 1897. – 510 s.
- Сербов, И.А. Белорусы-сакуны: краткий этнографический очерк / И.А. Сербов. – Петроград : Тип. Имп. Акад. наук, 1915. – 180 с. – (Сборник Отделения русского языка и словесности Императорской Академии наук. -Т. 94, № 1).
- Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / ідэя і агул. рэдагаванне Т.Б. Варфаламеева. – Мінск : Выш. шк., 2001. – Т. 4 : Брэсцкае Палессе : у 2 кн., Кн. 2 / А.М. Боганева [і інш.]; фота : А.М. Боганева [і інш.]. – 2009. – 863 с.
Аўтар: У.А. Ганчар
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Франциска Скорины. Гуманитарные науки . – 2014 . – № 1 (82), 2014. Ст. 16-20.