У сапраўднасці ўсё не так,
як на самой справе.
Станіслаў Ежы Лец
12 кастрычніка ў Музеі гісторыі горада Гомеля адбылося адкрыццё выставы постэраў і рэпрадукцый маскоўскай мастачкі, чальца секцыі іканапісу Творчага саюза мастакоў Расіі Алены Чаркасавай. Насамрэч, здзіўляюць прадстаўленыя работы сваёй дзіцячай непасрэднасцю і ў той жа час дасканалым уменнем валодаць пэндзлем. Але аб усім па парадку.
Займацца жывапісам Алена Чаркасава пачала з дзяцінства. 21-ы год нараджэння стаў своеасаблівай мяжой у жыцці Алены: прыняцце праваслаўя і правамерны пошук адказаў на пытанні, што, адпаведна, і ўзніклі ў такім выпадку. Жывапіс застаецца ўбаку. На цэлых 12 гадоў.
На двары панавалі 70-я гады, пра пытанні рэлігіі і веры не было і гаворкі. Каб спатоліць сваю цікавасць, Алена адпраўляецца ў храм. Менавіта там, аднаўляючы згубленыя старонкі з царкоўных кніг і пазнаёміўшыся такім чынам з ладам жыцця, які адлюстроўваецца самімі нябёсамі, Алена Чаркасава прыходзіць да ўсведамлення і свайго прызначэння. Дарэчы, дзякуючы ёй шмат людзей прыйшлі да веры, знайшлі адбітак веры ў сабе.
З гэтага часу на палотнах Алены пачалі ўвасабляцца хрысціянскія сюжэты, адлюстроўваючы дзівосы і радасць духоўнага жыцця. Уплыў на вобразы, каляровае вырашэнне і жывапісную манеру аказалі фаюмскія партрэты, еўрапейскі і рускі прымітыў, візантыйская кніжная графіка, копцкае і эфіопскае народнае мастацтва, грузінскі іканапіс, польскі і рускі прымітыўны партрэт.
Як заўважае сама мастачка, “я пішу карціны, такім чынам прыбліжаючы сабе любімае. Напрыклад, з царом Давідам я пазнаёмілася пад час чытання Псалтыра, пасля, пазней, прачытала кнігі Царстваў, пасля напісала карціны “Юнацтва Давіда”, “50-ы псалом”… Гэтыя карціны зрабілі мяне мастаком, і менавіта імі я змагла сказаць цару аб сваёй любові. Гэтак і іншыя карціны пішуцца…”.
Так, у 1998 годзе адбылася першая персанальная выстава Алены Чаркасавай ў галерэі “Манеж”, пасля чаго персанальна выстаўлялася і ў Саратаўскім Радзішчаўскім музеі. У 2009 годзе адбыўся творчы вечар мастачкі ў Інжынерным корпусе Трэцьякоўскай галерэі. Акрамя таго, штогод аўтар выстаўляецца ў ЦДХ і Культурным Цэнтры “Пакроўскія вароты”. Графікай Алены аформлены рад кніг, часопіс “Фама” і іншыя выданні. Работы знаходзяцца ў Духоўнай Акадэміі Троіца-Сергіевай Лаўры, Мастацкім музеі Саратава, прыватных калекцыях Расіі, Германіі, ЗША, Карэі, Польшы, Казахстана, Францыі і Чэхіі. Заўважым, што работы свае, як чалавек сціплы, Алена ніколі не выстаўляе, сваю дзейнасць не афішыруе, а набываюць карціны аўтара жадаючыя толькі з уласнай ініцыятывы.
Асобнай увагі патрабуюць непасрэдна работы аўтара. “Глядзіш на работы Алены Чаркасавай – і гадаеш: ці то гэта правакацыі, ці то трызненні. Столькі ў іх наіўнасці і шчырасці! Толькі паразважаўшы і глыбей сягнуўшы ў прастору думкі, фарміруеш адэкватныя адносіны да творчасці мастачкі: яна пражывае (нават – “пражоўвае”) Свяшчэннае пісанне, падобна таму, як чытач “перамолвае” тэкст. Чаму б і не? Разважаць не забаронена. А непадкупная шчырасць манеры пісьма дазваляе кваліфікаваць жывапіс Алены Чаркасавай як адкравенне”, – дзеліцца сваімі ўражаннямі навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава Андрэй Скідан.
Іконы, па словах А. Скідана, пішуцца своеасаблівай універсальнай мовай, паколькі кожны, хто сузірае ікону, “прачытвае”, разумее яе па-свойму. Творчасць Алены Чаркасавай пульсуе недзе паміж: паміж жывапісам і іканапісам. Да яе работ, як да ікон, не прыложышся. Але, як адзначыў наведвальнік выставы Пятро Цалка, студэнт 5-га курса ГДУ імя Ф. Скарыны, дадзеныя работы Алены Чаркасавай з’яўляюцца выдатнай сучаснай заменай чырвонаму куту: іконе, ручніку. Не зусім адышоўшы ад іканапісу і дапоўніўшы работы дэталямі мадэрнізму, мастачка ўдала адлюстроўвае на палотнах праяўленне рэлігіі.
Да таго ж менавіта яны прымушаюць задумацца над пытаннямі, якія, з аднаго боку, не маюць сэнсу, а з другога – вяртаюць да першапачатковага стану чысціні і цнатлівасці, што ў выніку дазволіла б выпраміцца і звярнуцца да нябёсаў сваім сэрцам без сумненняў.
“Нацюрмортам з голубам” Алена Чаркасава пытае нас: што ёсць вера? Як глыбока мы самі дазваляем сабе ўкараніцца веры ў сабе? На карціне надпіс: “Але скарб гэты мы носім у гліняным посудзе”. Далей па тэксту “каб перавага сілы належала Богу, а не была ад нас” (Другое Пасланне к Карынфянам, глава 4, вершы 7-8).
Карціна “Срэценне” ў сваю чаргу дэманструе погляды сузіральніцкія, якія, аднак, накіраваны не Ў прастору, не НА аб’екты гэтай прасторы, а засяроджваюцца непасрэдна ЎНУТРЫ гледача, які перажывае тое, што мастаком сказана не было.
Карціна “Бура на возеры” адлюстроўвае той момант, калі людзі ў адчаі і роспачы прыпадаюць да Бога, просячы дапамогі і падтрымкі. А ці часта людзі – мы з вамі – задаем сабе пытанне, хто мы ёсць? Ці варты мы дапамогі? Што мы самі зрабілі, каб гэту дапамогу атрымаць? Як бачым, безліч пытанняў. І кожны з нас будзе адказы шукаць самастойна.
Яшчэ адна наведвальніца выставы, Ксенія Барысава, студэнтка 5-га курса ГДУ імя Ф.Скарыны, якая таксама не першы год трымае пэндзаль у руках, у канцы экскурсіі зрабіла заўвагу: ні на адной карціне ў чалавека не было прамалявана рота! Яшчэ адна тэма для роздуму…
Абнадзейвае сюжэт карціны “Іона ў чрэве Кіта”. Іона застаецца жывым, паколькі ў яго на зямлі застаюцца нявыкананыя справы. Выводзіш з гэтага ісціну, што ўсё і заўсёды павінна мець добры канец. А калі ўсё скончылася дрэнна, значыць, гэта яшчэ не канец.
Хочацца выказаць словы падзякі Сяргею Несцяровічу, выпускніку маскоўскага Святафіларэтаўскага праваслаўна-хрысціянскага інстытута за цудоўную экскурсію.
Выстава працягнецца да 30 кастрычніка.
Просім!
Аўтар: Марына Маркевіч
Фота: Ксенія Барысава