Хто такія Сеўрукі?

0
381
Сеўрукі

У пяці кіламетрах на поўдзень ад Гомеля ляжыць веска Сеўрукі. Калісьці тут былі непраходныя балоты і лес. І ёсць тут возера, якое, калі верыць расказам жыхароў, у асобных месцах дасягала глыбіні 12 метраў. На беразе гэтага возера, згодна з легендай, у старадаўнія часы былі пабудаваны хаціны, якія і паклалі пачатак сучаснай вёсцы. А першым пасяленцам быў чалавек па прозвішчу Сяўрук. Хто ён і адкуль, дакладна ніхто і не ведае. Старажылы, аднак, запэўніваюць, што ён быў беглым катаржнікам і ў пошуках збаўлення ад няволі трапіў у тутэйшыя мясціны, схаваўся ў балотах, ды так і застаўся тут назаўсёды. А здарылася гэта аж у час панавання імператрыцы Кацярыны II, гэта значыць дзесьці ў XVIII ст.

На гэтым паданні можна было б паставіць кропку і падзяка- ваць жыхарам вёскі за тое, што яны захавалі гістарычную памяць аб сваім мінулым. Але чытаць гісторыю па мясцовых паданнях — усё роўна, што вывучаць яе виключна па былінах.

Вёска Сеўрукі ля Гомеля — не адзіная ў Беларусі. У На- раўлянскім раёне Гомелыпчыны да вайны існаваў хутар Сеўрукоўскі. Вёскі Сеўрукі ёсць у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці і ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Аднайменны хутар існує і на Віцебшчыне, у Браслаўскім раёне. А калі звярнуцца да архіўных матэрыялаў, выяўляецца, што пасяленні Сеўрукі і Сеўрукоўшчына былі яшчэ і ў былых Віленскім і Ашмянскім паветах Віленскай губерні.

Прозвішчы тыпу С‘яўрук вядомы у розных мясцовасцях; у Расіі, на Чарнігаўшчыне, Палтаўшчыне, на Валыні, нават у Польшчы і Літве. Таму ўзнікае пытанне: адкуль распаўсюдзілася гэтае прозвішча, хто такія Сеўрукі?

Імя Сяўрук нагадвае такія найменні, як Мінчук ці Пінчук (мінчук, пінчук). Але мінчук — гэта чалавек з Міншчыны, а пінчук — гэта той, хто жыве на Піншчыне. Здаралася так, што калі, наприклад, чалавек з Піншчыны трапляў у іншае этнічнае асяроддзе, то слова пінчук, якое ўказвала першапачаткова толькі на месца яго паходжання, ператваралася ў мянушку, а потым і ў прозвішча. Наприклад, на Украіне выхадцаў з Бела­русі часам внзначалі мянушкай Мазыранін, Пінчук, Случчанін, Туравец, Бабруйка (такія мянушкі даваліся па месцах паходжан­ня тых ці інших людзей), а іншы раз больш широка — Ліцвін.

Калі гэта так, то трэба паставіць пытанне: а дзе тая мясцо­васць, адкуль першапачаткова паходзяць сеўрукі (Сеўрукі)?

У 1897 годзе ў Мінску была надрукавана невялікая кніжачка пад назвай «Вывод о происхождении прозвищ Севрук и Курчевич-Севрук“, якую напісаў беларускі даследчык Васіль Міхайлавіч Курчэвіч-Сяўрук. Аўтар адным з першых сярод вучоных указаў на сувязь прозвішча Сяўрук, якое ўтварылася ад агульнага першапачатковага наймення сяўрук, сеўрукі, з назвай старажытнарускага племені севяран. Севяране ў IX- XII стст., а можа і яшчэ раней, жылі ў парэччы Дзясны і Сейма. Яны заснавалі горад Ноўгарад-Северскі, іх племянным цэнтрам быў таксама Чарнігаў. Аўтар упамянутай кніжкі імкнуўся нават паказаць сувязь прозвішча Сяўрук і племянной назвы севяране з імёнамі некаторых рымскіх сенатараў, патрыцыяў і палкавод- цаў, якія мелі прозвішча Сэвер, Сэвэр ці Север. Гэтыя спробы цяпер, вядома, выглядаюць трохі дзіўнымі. Аднак не гэта га- лоўнае ў каштоўнай кніжцы. Галоўнае ў тым, што аўтар правільна супастаўляў слова сяўрук з этнічным найменнем севяране. Сяўрук, такім чынам, у літаральным разуменні — жыхар Сяверыі, Северскай зямлі (параўнайце: палешук — жыхар Палесся). У XIV-XVII стст. сеўрукамі называлі левабярэж- на прыдняпроўскае насельніцтва Украіны, якое жыло ў басей­нах Дзясны, Сулы, Псла і Ворсклы. 3 гэтага часу сеўрукі, а з імі і геаграфічныя назвы тыпу Сеўрукі фіксуюцца на Палтаўшчыне, пераходзяць на ўкраінскае Правабярэжжа, дасягаюць Падолля, заходзяць у Беларусь. Вось і вёска Сеўрукі Гомельскага раёна была заснавана выхадцамі з той тэрыторыі, дзе гістарычна пражывала этнаграфічная група сеўрукоў. Што ж датычыць саміх сеўрукоў, то вучоныя-археолагі, этнографы і мовазнаўцы лічаць, што на самай справе працягвалі нейкую роднасную лінію, што звязвала іх з плямёнамі часоў Старажытнай Русі ці нават даславянскімі іранамоўнымі плямёнамі, якія былі асіміляваны славянамі на левабярэжжы Сярэдняга Падняпроўя.

В. М. Курчэвіч-Сяўрук прыводзіць наступны цікавы факт, які ён знайшоў, вывучаючы старажытныя хронікі. У 1406 годзе вялікі князь літоўскі Вітаўт пачаў вайну з маскоўскім князем Васіліем. Прычынай вайны з’явілася тое, што маскоўскія людзі каля горада Пуціўля, гэта значыць у парэччы Сейма, на зямлі Ноўгарад-Северскага княства, адабралі сілаю ў «літоўцаў- сеўрукоў двух баброў, кадзь мёду, дзве сякеры, сарвалі з іх тры кафтаны і паясы, у якіх захоўваліся грошы па сотні рублёў». Літоўцамі-сеўрукамі называліся мясцовыя жыхары басейна Сейма, якія падпарадкоўваліся літоўскім князям і тэрыторыя якіх уваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Адсюль і азначэнне літоўцы пры асноўным этнічным імені сеўрукі. Менавіта таму літоўцы-сеўрукі і прасілі абароны ў князя Вітаўта…

Распаўсюджанне прозвішчаў тыпу Сяўрук, а таксама геаг- рафічных назваў Сеўрукі, Сеўрукоўшчына ў розных раёнах Беларусі і Літвы можа тлумачыцца і тым, што сеўрукамі пра- зываліся таксама тыя жыхары Вялікага княства Літоўскага, якія пасяліліся ў Северскім княстве пасля ўваходу яго ў склад гэтага дзяржаўнага ўтварэння ў першай палове XIV ст. і нашчадкі якіх потым вярнуліся ў свае родныя мясціны. Дарэчы, менавіта такім чынам тлумачыць узнікненне свайго прозвішча і В. М. Кур- чэвіч-Сяўрук.

Адзначым некалькі важных і цікавых фактаў з гісторыі вёскі Сеўрукі Гомельскага раёна. Гэтая вёска ўпершыню фіксуецца ў пісьмовых дакументах у канцы XVI ст. У 70-ых гадах XVIII ст. вёска Сеўрукі ca 125 душамі мужчынскага полу па найвысачэй- шаму ўказу была куплена казной у яе ўладальнікаў (пані Усціновічавай і памешчыкаў Хялчэўскіх) для павелічэння на­сельніцтва павятовага горада Новай Беліцы (гл. раздзел “Беліцкая загадка»). Прыгонныя сяляне Сеўрукоў станавіліся свабоднымі, запісваліся ў мяшчанскае саслоўе і перасяляліся большай часткай у павятовы цэнтр.

Частка вёскі Сеўрукі носіць найменне Чаўнішча. Яно на- памінае аб старажытнай рэчцы Чолне (Чоўне), якая ў мінулым магла быць месцам вырабу лодак, чаўноў. Гэтая рэчка абумовіла ўзнікненне і назвы маляўнічага ўрочышча Чонкі (першапачат­кова— “Чолнскі абрыў», “Чонскі абрыў»), размешчанага паблізу Сеўрукоў. Сёння тут — зона адпачынку гамяльчан. А вось гісторыя Чонак — вельмі цікавая і своеасаблівая. У 1760 годзе ў данай мясцовасці ўзнік стараверскі Іасафаўскі скіт, які заснаваў Іасаф, выхадзец з Гжацка. Раскольнікі пабудавалі побач з пасёлкам «бяльцоў» і «жыллё» для манахаў-чарняцоў — мужчынскі Успенскі манастыр, які існаваў да 1797 года, калі ён быў пераўтвораны ў адзінаверскі. Яшчэ ў 1893 годзе гэты манастыр кіраваўся праваслаўным ігуменам, але службы ў ім адбываліся па старадрукаваным кнігам. У пачатку XX ст. у Чонках узнік жаночы праваслаўны Ціхвінскі манастыр, які праіснаваў да 30-ых гадоў. За «манастырскае» мінулае жыхароў пасёлка Чонкі і сеўрукоўцаў называлі «канунікамі» — ад слоў канон, канун — «узаконенає правіла вышэйшай царкоўнай іерархіі», у дыялектах таксама — «маленне, паніхіда, памінкі: куцця, разведзеная вадой з мёдам, якую ўжываюць пры памінанні».

Вось такія цікавыя факты, звязаныя з наваколлямі Сеўрукоў, удалося адшукаць.


Аўтар:
А.Ф. Рогалеў
Крыніца: Рогалеў А.Ф. Сцежкі ў даўніну: Геагр. назвы Беларус. Палесся. Мн.: Полымя, 1992. — 159 с. Ст. 116-118.