Некалі на месцы нашай вёскі здарылася лютая бітва. А ўсё атрымалася з-за таго, што суседзі не маглі ніяк памірыцца. Нашы продкі жылі, працавалі на зямлі, хлеб сеялі ды ўбіралі, а тыя, наадварот, толькі за кошт чужога і перабіваліся. Дачакаюцца зручнага моманту, калі сяляне ды гараджане займаюцца нейкай неадкладнай працай, і накінуцца на іхнія паселішчы. А калі чалавек не чакае вайны, то ён без зброі ходзіць. Ведама ж, такога намнога лягчэй забіць, чым збройнага, дысцыплінаванага і спрактыкаванага ў сечах воя. Наскочаць ворагі, павыб’юць, павыпаляць усё навокал і назад вяртаюцца, песні гарлаючы ды палон незлічоны падганяючы. Пакуль мясцовая дружына на тое месца, дзе няпрошаныя госці пагулялі, прыскача, пакуль распытае ды выведае, што да чаго, то чужынцаў ужо і след прапаў. Паспрабуй знайдзі іх цяпер. А на чужую тэрыторыю ўступіш, то там дарогі-сцяжынкі невядомыя і на кожным кроку падсцерагае засада. Спрабавалі па-добраму з ліхімі суседзямі разабрацца. Гаварылі не раз, не два, ганцоў пасылалі:
— Што вы ўсё вайной ды вайной?
— А нам так хочацца.
— Можна ж і мірна справы вырашаць. Каб людзей не біць, не паліць.
— Якая ж гэта вайна, калі без пажараў і без смерці?
— То і без вайны можна абысціся.
— Не, нельга.
— Чаму?
— Войска наша тады стане небаяздольным, а гэта ўжо заняпад нашай краіны.
— А навошта жыць адной вайной?
— Так лягчэй.
— Ды ну?
— Вы пастаянна ў зямлі калупаецеся, а мы гэтым займацца не любім.
— То знайдзіце сабе занятак па душы.
— Які?
— Рыбу лавіць, жывёлу разводзіць, звяроў паляваць. Станем мы тады з вамі гандляваць і на войны ўвогуле забудземся.
— Не.
— Зноў вы за сваё? Вам жа таксама дастаецца падчас баёў?
— А мы па забітых не плачам.
— Чаму?
— Л юдзі, якія нарадзіліся для вайны і правялі ўсё сваё жыццё ў сядле, адразу ідуць на неба, і там іхнія душы займаюць высокія месцы.
— За тое, што дзесяткі нявінных людзей кожны з іх вынішчыў?
— Не.
— А за што ж?
— За тое, што такі чалавек ніколі нават не задумваўся, патрэбны нам войны ці не, толькі і рабіў, што выконваў загады старшых. Яму загадалі — ён выканаў, і ўсё на тым, а правільна ці не, няхай нашы багі разбіраюць. Гэта іхняя ўлада і іхняе права.
— Дзіўна вы разважаеце.
— Як ні разважаем, але вайна нас корміць.
— Маці нараджае дзяцей і зараней ведае, што яны будуць толькі ваяваць і толькі біцца?
— Так.
— Але ж яна сама ў большасці выпадкаў падпісвае ім смяротны прысуд.
— Не. Не яна, а багі.
— Розніца якая? Чалавек жа нараджаецца для таго, каб жыць.
— Вось мы і жывём.
— За кошт таго, што іншых жыцця пазбаўляеце?
— Няхай сабе і так.
Пабачылі нашы продкі, што мірна дамовіцца з сапернікамі не давядзецца, і прамовілі на развітанне:
— Як сабе хочаце, але мы вас папярэдзілі.
— Нас папярэджваць не трэба было.
— Трэба, бо мы прызнаём правілы справядлівага бою.
Павярнулі ганцы коней і рушылі ў дарогу назад. Прыехалі да князя і паведамілі, што нічога ў іх не атрымалася. Суседзі пра мірнае суіснаванне і чуць не хочуць.
— Ну што ж, будзем тады і мы па-свойму бараніцца, калі з імі мірным шляхам нельга дамовіцца.
Чарговага нападу бязлітасных суседзяў давялося чакаць не надта доўга — усяго нейкіх паўгода. Якраз збажыну тубыльцы прыбіралі з палёў. Але на гэты раз паўсюдна былі расстаўлены пасты ды заставы, якім загад быў аддадзены адпаведны — сачыць за ваколіцамі,і калі з’явіцца атрад ворага, то адразу папярэдзіць князя. Прыляцеў узмакрэлы вершнік да княжацкага палаца і закрычаў:
— Княжа! Ворагі!
— Дзе яны?
— Рэчку збіраюцца пераплываць!
— Многа?
— Так!
— Далёка адсюль?
— Не надта, усяго ў нейкім дзённым пераходзе!
— Зразумела. То скачы да сваіх, а я зараз ваяводам загад аддам.
Вершнік крутнуўся і паляцеў, нібы яго тут і не было, а гаспадар, апрануўшы баявыя даспехі, паклікаў:
— Ваяводы, да мяне!
Увайшлі тыя, пакланіліся.
— Ну што, хлопцы, прыйшла часіна за нашу зямельку пастаяць?
— Ага.
— То рушым насустрач чужынцам і разаб’ём іх на іхняй жа зямлі.
— Не, княжа, — перабіў самы стары з ваяводаў, — не трэба далёка заходзіць, каб яны не здагадаліся, што мы пра іхні намер ведаем.
— I то праўда. А што ты прапануеш?
— На мяжы пачакаць і абрынуцца на іх, як капа сена на галаву.
— Няблага, так і зробім. А зараз войска выводзьце, насустрач чужынцам рушым.
Неўзабаве дружына выступіла. Па дарозе да яе далучаліся ўсё новыя і новыя атрады. Князь задаволена паціраў рукі:
— Пачастуем ворагаў! Пакажам, як да нас лезці!
— Няхай не думаюць, што і на гэты раз ім пашанцуе, — прамовіў сярдзіта нехта з дружыннікаў.
— Чаму ж не пашанцуе? Пашанцуе, толькі не тут, не на нашай зямлі, а на тым свеце.
— Во гэта правільна сказана! — зарагаталі воі.
Знайшлі ваяводы зручную мясціну і сталі чакаць ворага. Праз нейкі дзень і тыя выбіліся сюды. Як убачылі дружыну, то спыніліся ў нерашучасці. Але тутэйшыя ваяры не сталі чакаць далейшага развіцця падзей і накінуліся на чужынцаў. Біліся двое сутакзапар, ні на хвілінулютая сеча не спынялася. Ніхто перамагчы не мог, каб пагнаць саперніка з поля бою. Нарэшце паранены князь закрычаў з апошніх сіл:
— За зямлю! За родных! За мной!
Ажывіліся дружыннікі і пагналі ворагаў. Па дарозе білі тых, каго даганялі. Мала хто ўцёк. Вярталася пагоня, і людзі падалі ад стомы на зямлю. Апошнім вярнуўся сам князь. Стаў і з усяго маху ўтыркнуў меч у глебу, сказаўшы пры гэтым:
— Вось памятны холм, а вось і меч! Болей яны тут ніколі не будуць!
Так і стала наша вёска — Холмеч.
Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 353-356.