«Гуканне вясны» разам з філіялам Веткаўскага музея ў Гомлі

0
1590
Гуканне вясны 2019 з філіялам

Архаічную традыцыю падтрымаюць ужо ў бліжэйшую суботу, 23 сакавіка на беразе Сожа.

У культуры няма апошняй кропкі, калі ўсё скончваецца, а ёсць моманты пераходу. Адным з такіх перходаў з’яўляецца «Гуканне вясны» — архаічны абрад, звязаны з абуджэннем прыроды і заклікам вясны: своеасаблівы пераход ад зімы да лета. 

Ад таго, як чалавек сустрэне прыход вясны залежыў яго дабрабыт, таму гэта абрадавае дзеянне павінна адзначацца весела, шумна: са спевамі, гульнямі, карагодамі, танцамі.

Вобраз птушкі быў адным з асноўных у гэтым абрадзе (чакалі іх вяртання). У гэты дзень птушак заклікалі спевамі, імі упрыгожвалі вокны дамоў, дрэўцы і агароджу вакол паселішчаў, выпякалі птушак з цеста, якіх затым абавязкова з’ядалі.

Без вогнішча і спальвання пудзіла таксама не абыходзілася. Традыцыйна, хлопцы не ўдзельнічалі ў гэтым абрадзе, але на іх плечы ўзлягала важная справа — распальвання вогнішча. На вогнішчы спальвалі пудзіла, якое рабілі са старога адзення і рэчаў, для таго каб усё старое, ліхое засталося ў мінулым годзе, а новы год быў цёплым, багатым і светлым.

Спевы і карагоды таксама неад’емная частка «Гуканная вясны». У гэтым годзе заклікаць-загукаць вясну абрадавымі спевамі, якія ўжо стагоддзямі перадаюцца з вуснаў у вусны, ад пакалення да пакалення, нам дапамогуць фальклорны гурт «Стаўбунскія вячоркі», фальклорны ансамбль «Этнашкола «Традыцыя»» СШ №30 г. Гомеля і спеўны гурт ГМКГА «Талака».

Як і было заведзена здаўна, супольнае правядзенне абраду заканчвалася сумесным абедам і танцамі пад гармонік.

У праграме:

  • паход на ўзбярэжжа р. Сож;
  • архаічныя веснавыя спевы разам з фальклорнымі гуртамі;
  • ваджэнне карагодаў ды вясёлыя гульні;
  • частаванне абрадавымі «птушкамі»;
  • распальванне абрадавага вогнішча і спальванне пудзіла Зімы;
  • яечня на вогнішчы.

📅 23 сакавіка (субота) 2019, 12:00 
💰 бясплатна
📌 збор на пляцоўцы каля будынка філіяла Веткаўскага музея (г. Гомель, пл. Леніна, 4, тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля) 
☎ 75-88-86