Як вядома, хрысціянства на беларускія землі прыйшло з Візантыі ў той час, калі існавала адзіная, непадзеленая Царква. Пасля падзелу ў 1054 г. на заходнюю і ўсходнюю, Праваслаўная Царква на Беларусі яшчэ доўга падтрымлівала сувязь і з Канстанцінопалем, і з Рымам. Як вядома, хрысціянства на беларускія землі прыйшло з Візантыі ў той час, калі існавала адзіная, непадзеленая Царква. Пасля падзелу ў 1054 г. на заходнюю і ўсходнюю Праваслаўная Царква на Беларусі яшчэ доўга падтрымлівала сувязь і з Канстанцінопалем, і з Рымам.
У 1596 г. у Брэсце была падпісана царкоўная унія з Рымам. Менавіта з гэтага часу і бярэ пачатак Уніяцкая Царква. Паводле ўмоваў Уніі, на Уніяцкую Царкву і яе іерархаў распаўсюджваліся ўсе правы, якія мелі ў Рэчы Паспалітай рыма-католікі. Цалкам захоўваўся ўсходні царкоўны абрад з усімі яго багаслоўскімі і літургічнымі асаблівасцямі. Таксама захоўвалася царкоўная іерархія, незалежная ад лацінскай іерархіі.
15 чэрвеня 1621 г. полацкі архіепіскап Язафат Кунцэвіч перадаў грэка-католікам (уніятам) гомельскую замкавую праваслаўную царкву св. Мікалая[1, с.16;44]. Садзейнічаў яму ў гэтым гомельскі староста Павел Стэфан Сапега. Але спробы далучыць жыхароў Гомеля да уніі ў першай палове XVII ст. аказаліся безвыніковымі, і царква св. Мікалая праз нейкі час ізноў стала належаць праваслаўным вернікам. У 1701 г. Мікольская царква згарэла. Каб адбудаваць яе, гомельскія праваслаўныя вернікі збіралі грошы на будаўніцтва ў Расіі, бо ў Гомелі было мала ахвотных адбудоўваць царкву.
У першыя дзесяцігоддзі XVIII ст. гомельскія ўлады пры падтрымцы каталіцкага духавенства зноў распачалі захады па далучэнні гомельцаў да грэка-каталіцтва. Так, у 1717 г., калі Гомелем кіраваў староста Тамаш Красінскі, Мікольская царква, якая знаходзілася на тэрыторыі замка, і царкоўная маёмасць былі забраныя ў праваслаўных вернікаў, а протаіерэй Панкевіч выгнаны з Гомеля. Лічыцца, што гэта было зроблена Красінскім пад уплывам яго другой жонкі, Алены Грахольскай, пабраўшыся шлюбам з якой, Тамаш Красінскі перайшоў у каталіцтва[2].
Магчыма, што гэтыя падзеі адбываліся ўжо пры кіраванні іншага гомельскага старосты — сына Тамаша Красінскага, Мікалая Красінскага (Тамаш Красінскі памёр каля 1717 г.). Царква і маёмасць, захопленыя Аленай Грахольскай і яе служкамі, былі перададзены езуіту ксяндзу Язафату Сакалоўскаму. Ксёндз Сакалоўскі ў гэты час (1715–1717 гг.) працаваў у вандроўнай місіі на памежных з Расіяй землях[3]. 7 лютага 1717 г. Ксёндз Сакалоўскі адслужыў у царкве Імшу і апячатаў будынак.
Гомельскія праваслаўныя жыхары паскардзіліся на дзеянні А. Грахольскай расійскаму імператару Пятру І. У выніку гэтай скаргі ў 1720 г. каралю Аўгусту ІІ Моцнаму быў прад’яўлены мемарандум «аб спыненні гвалту». Пачалося следства аб Мікольскай царкве, якое вёў ксёндз Анкуда Антыпатрэнскі. Суддзёй быў біскуп Віленскі. Следства вялося вельмі доўга. У рэшце рэшт Мікольская царква засталася ў валоданні уніятаў[4, c.22].
Тады праваслаўныя вернікі вырашылі пабудаваць новую царкву і атрымалі на гэта прывілей князёў Нойбургскіх[5], але дзякуючы ўмяшальніцтву пробашча гомельскага касцёла, які быў духоўнікам Красінскіх і меў на іх уплыў, гэты намер не рэалізаваўся. Пазней пры Мікольскай царкве пасяліліся манахі уніяцкага базыльянскага ордэна.
Гомель у гэты час быў цэнтрам Гомельскага грэка-каталіцкага дэканата. Базыльянскі кляштар у Гомелі праіснаваў да 1804 г., калі ён быў зачынены [6].
Уначы 2 верасня 1737 г. у доме мяшчанкі Сямёнавай, якая жыла на Троіцкай вуліцы, пачаўся пажар. У выніку згарэла большая частка горада, у тым ліку касцёл і ўсе праваслаўныя цэрквы: Спаская, Троіцкая і Прачысценская. Ацалеў толькі замкавы Мікольскі сабор, пры якім дзейнічаў базыльянскі кляштар. Езуіт Адам Рушчыцкі, які ў гэты перыяд (1736–1741 гг.) працаваў місіянерам у Хальчанскай місіі, прыкладаў намаганні, каб не дапусціць пабудовы новых праваслаўных цэркваў. Яго ў гэтым падтрымліваў староста Міхаіл Чартарыйскі. Землі, якія да гэтага належалі Троіцкай царкве, таксама былі канфіскаваныя айцом Рушчыцкім[7]. Цалкам верагодна, што менавіта езуіт Адам Рушчыцкі паспрыяў перадачы грэка-католікам цэркваў у Барталамееўцы, Навасёлках, Радузе і Шарсціне ў 1737 г., на свята Пятра і Паўла. У 1738 г. была перададзена грэка-католікам і хальчанская царква.
У Гомельскім старостве з 1738 па 1749 г. была толькі адна праваслаўная царква. Яна знаходзілася ў сяле Кузьмінічы, на ўсход ад Церахоўкі. Астатнія цэрквы былі на той час ужо уніяцкімі ці стараабрадскімі[8, c.385]. У 1749 г. кузьмініцкая царква таксама была перададзена уніятам, і ўсходняя Гомельшчына на некалькі гадоў стала пераважна уніяцкай.
У Гомелі ўладам не ўдалося стварыць значную уніяцкую парафію. У 1756 г. праваслаўныя вернікі атрымалі дазвол на пабудову трох цэркваў: Прачысценскай, Праабражэнскай і Троіцкай. Мясцовыя ўлады пайшлі на гэта пад ціскам з боку суседняй Расіі.
Пасля далучэння ў 1772 г. усходняй Гомельшчыны да Расійскай імперыі Гомельскім і Рагачоўскім дэканатамі Грэка-каталіцкай царквы кіраваў Полацкі арцыбіскуп Ясон Смагаржэўскі (з 1773 г.), які прысягнуў на вернасць Расіі. Інстыгатарам[9] Гомельскага дэканата ў гэты час быў чабатовіцкі парах[10] ксёндз Ёна Маркоўскі.
Урад Кацярыны II царскім указам ад 14 снежня 1772 г. зацвердзіў Я. Смагаржэўскага арцыбіскупам беларускіх уніятаў. Ясон Смагаржэўскі нарадзіўся каля 1714 г., памёр 1 лютага 1788 г., ён паходзіў з Ваўкавыскага павета. Каля 1731 г. Смагаржэўскі ўступіў ва уніяцкі ордэн базыльянаў, хаця сам быў рыма-католікам. З 1734 па 1740 г. вывучаў тэалогію і філасофію ў Грэчаскім калегіуме ў Рыме. У 1740 г. прыняў сакрамэнт святарства. З 1747 г. быў генеральным афіцыялам і вікарыем Кіеўскай мітраполіі[11]. Каля 1752–1758 гг. знаходзіўся ў Рыме. У 1762–1780 г. быў арцыбіскупам Полацкім. Абараняў пазіцыі Уніяцкай Царквы ад спробаў пераводу вернікаў як у праваслаўе, так і ў рыма-каталіцтва. Спрабаваў абмежаваць дзейнасць праваслаўнага епіскапа Віктара Садоўскага. Імкнуўся забараніць святарам з Расіі працаваць у парафіях, намагаўся вярнуць ва уніяцтва парафіі, у якіх вернікі прынялі праваслаўе.
У 1774 г. арцыбіскуп Ясон Смагаржэўскі дамогся ад рымскай курыі пацвярджэння пастановы 1624 г. аб забароне уніятам пераходзіць у лацінскі абрад. У 1780–1788 гг. быў Мітрапалітам Кіеўскім і Галіцкім. Імкнуўся захаваць за сабой і пасаду Полацкага арцыбіскупа, але 2 ліпеня 1780 г. імператрыца Кацярына ІІ пазбавіла яго арцыбіскупства і расійскага падданства. Выехаў у Рэч Паспалітую і жыў там у рэзідэнцыі ў Радамыслі[12, c. 597–598].
У пятым пункце трактата, што зацвярджаў першы падзел тэрыторыі Рэчы Паспалітай, заключанага 7(18) верасня 1773 г. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, гаварылася аб захаванні на тэрыторыі Усходняй Беларусі Каталіцкага Касцёла абодвух абрадаў, лацінскага і уніяцкага, усёй уласнасці, маёмасці, правоў і прывілеяў, якія належалі Касцёлу ў часы Рэчы Паспалітай. Але разам з тым дзейнасць Каталіцкага Касцёла і Уніяцкай Царквы абмяжоўвалася.
Нягледзячы на артыкул трактата 1773 г., расійскі ўрад адразу ж пачаў перадаваць будынкі уніяцкіх цэркваў Праваслаўнай Царкве. Ужо да канца 1774 г. у пяці беларускіх правінцыях Пскоўскай і Магілёўскай губерняў — Аршанскай, Віцебскай, Мсціслаўскай, Полацкай і Рагачоўскай — 429 цэркваў Уніяцкай Царквы былі перададзеныя Праваслаўнай Царкве, а з уніі ў праваслаўе пераведзена 688 чалавек. Да таго ж у рыма-каталіцтва перайшло яшчэ 486 дарослых вернікаў.
Загадам Кацярыны II на імя графа З. Р. Чарнышова ад 2 ліпеня 1780 г. уніяцкаму Мітрапаліту ў Рэчы Паспалітай Я. Смагаржэўскаму (куды ён пераехаў з Полацкай архіепархіі) забаранялася кіраваць справамі Уніяцкай Царквы на тэрыторыі Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў імперыі[13].
У 1839 г. уніяцтва на Гомельшчыне было цалкам ліквідаванае. Адрадзілася яно толькі праз 150 гадоў — у 1989 годзе, калі гомельскія грэка-католікі пачалі збірацца на супольную малітву.
У 1991 г. (паводле іншых крыніцаў, у кастрычніку 1990 г.) была зарэгістраваная парафія ў гонар Трох Свяціцеляў (Рыгора Багаслова, Яна Залатавуснага і Базыля Вялікага). Пакуль што парафія не мае ўласнага храма і вернікі збіраюцца на набажэнствы ў гомельскім касцёле[14]. Набажэнствы цэлебруюць святары з іншых парафій (у прыватнасці — святары Пахом з Полацка, Казімір Ляховіч з Мінска і Андрэй Крот).
Адзначым, што гісторыя грэка-каталіцтва на Гомельшчыне дасюль малавядомая і патрабуе далейшага даследавання.
Зацемы
- Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142–1900 гг. — Москва, 1900 (репринт Гомель, 2005).
- Жудро, Ф. А. Город Гомель. / Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, Д. И Довгялло. — Вильна, 1911.
- Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564–1995. http://www.jezuici.krakow.pl.
- Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142–1900 гг. — Москва, 1900 (репринт Гомель, 2005).
- Княгіня Людвіка Караліна Нойбургская была прадстаўніцай слуцка-біржанскай галіны Радзівілаў, найбольш уплывовай у першай палове ХVII ст. Да гэтай галіны належаў таксама Багуслаў Радзівіл. Галіна абарвалася ў 1669 г., а яе вялізныя ўладанні перайшлі да адзінай дачкі Багуслава, Людвікі Караліны. Першым яе мужам быў электар брандэнбургскі, другім — князь нойбургскі (абодва з Германіі). Людвіка Караліна была прыхільніцай кальвінізму і падтрымлівала гэтую канфесію, а таксама праваслаўе. Пасля смерці Людвікі Караліны яе ўладанні ў ВКЛ (спадчына Багуслава Радзівіла), перайшлі да двухгадовай дачкі Лізаветы Аўгусты Сафіі, якой апекаваўся бацька, князь Карл Філіп Нойбург. З 1717 г. Лізавета Аўгуста Сафія была замужам за пфальцграфам Зульцбахскім Ёзафам Карлам Эмануэлем. Пасля яе смерці ўся маёмасць перайшла да трох дачок ад гэтага шлюбу: Лізаветы Аўгусты, Марыі Анны Шарлоты і Марыі Францыскі Даратэі, якія валодалі радзівілаўскай спадчынай да 1744 г., пасля чаго яна была далучаная да ўладанняў нясвіжскай галіны Радзівілаў.
- Жудро, Ф. А. Город Гомель. / Ф. А. Жудро, И. А.Сербов, Д. И Довгялло. — Вильна, 1911.
- Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142–1900 гг. — Москва, 1900 (репринт Гомель, 2005).
- Россия: Полное географическое описание нашего отечества / Под ред. В. П. Семенова. — Санкт-Петербург, 1905. — Т. 9.
- Інстыгатар — службовая асоба, на якую ўскладзеныя пракурорскія абавязкі.
- Парах — грэка-каталіцкі святар, які ўзначальвае парафію.
- Мітраполія — у Каталіцкім Касцёле правінцыя Касцёла, якая ўключае архідыяцэзію і некалькі падпарадкаваных ёй дыяцэзій.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 2001. — Т. 6, кн. 1.
- Грыцкевіч, А. Уніяцкая царква на Беларусі ў канцы ХVІІ – пачатку ХІХ стагоддзяў // Хрысціянская думка. — 1993. — № 3 (214).
- Пазьнякоў, В. Гомель. Парафія Трох Свяціцеляў // Шлях да Хрыста. — 2000. — № 2 (10).
Аўтар: Уладзімір Васькоў
Спасылка: http://www.smalensk.org/?p=344