Горвальскі замак

0
1524
Горвальскі замак

Горвальскі замак існаваў у XVI-XVIII ст. Размяшчаўся на ўсходняй ўскраіне в. Горваль Рэчыцкага раёна, на правым беразе р. Бярэзіна. З’яўляўся важным пунктам кантролю за пераправай цераз Бярэзіну і водным шляхам да Дняпра.

Замчышча са слядамі земляных бастыёнаў з усходняга боку мае форму, блізкую да чатырохвугольнай (40 х 20 м). З поўначы і поўдня ахаваны прыроднымі ярамі, з усходу – высокім (да 13 м) схілам берага Бярэзіны, з напольнага боку – штучнымі ровам і валам. У XVI ст. замкам валодалі дзяржаўцы Б.I. Шалупа (з 1528), каралева Бона, кн. В. Сангушка. У XVIІ ст. Горвальскі замак – уладанне Віленскага капітула (савета пры епіскапе). Паводле іканаграфічных матэрыялаў, Горвальскі замак у XVI ст. быў бастыёнам, але меў і драўляныя ўмацаванні.

У 1648 пад Горваллю ўкраінскія казакі разбілі войска стражніка ВКЛ кн. Мірскага і авалодалі замкам. У лістападзе 1654 казакі ўкраінскага гетмана I.Н. Залатарэнкі вымушаны былі браць Горвальскі замак штурмам, у выніку чаго “замок Горволь позжено”. Пазней Горваль замак адноўлены і праіснаваў да Паўночнай вайны 1700-1721, у час якой быў канчаткова знішчаны. Замчышча даследаваў у 1981 М.А. Ткачоў.


Аўтар:
Міхась Ткачоў
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 89.