Горад Мазыр у сярэдзіне 1920-х гадоў

0
347
Горад Мазыр у сярэдзіне 1920-х гадоў

У 1924 г. Мазыр стаў цэнтрам акругі, а па тэрыторыі Мазырская акруга атрымалася самай буйной у БССР. Яе плошча складала 16,3 тысячы кв. кіламетраў, па колькасці насельніцтва яна займала перадапошняе 9 месца. Паводле Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1926 г., у акрузе пражывала 330 024 чалавекі, з якіх 84% складалі беларусы [2, с.112].

Што тычыцца самога г. Мазыра, то на 1 кастрычніка 1926 г. у горадзе налічваўся 9321 жыхар, у тым ліку 4452 мужчыны і 4869 жанчын. У сярэдзіне 1920-х гадоў у горадзе існавала 17 вуліц: Ленінская (б. Пакроўская), Новае Страенне, Свідоўка, Розы Люксембург (б. Слуцкая), Слуцкая Набярэжная, вул. Лекнерта (б. Мікалаеўская), Аляксандраўская, Камсамольская (б. Замкавая), Гара Камунараў (б. Спаска-Замкавая), Спаская, Карла Лібкнехта (б. Кіеўская), Жытомірская, Кіеўская Наберажная, вул. Калініна (б. Калінік), Нагорная, 1-я Пралетарская (б. Папоўшчына), 2-я Пралетарская (б. Пятніцкая), вул. Доктара Саета (б. Рымашоў Рог). Таксама было 5 завулкаў: Гімназічны, Камсамольскі (б. Свята-Міхайлаўская вул.), Лекерта (Мала-Мікалаеўская), Кіеускі, Прыразны. У городзе была одна плошча, якая называлася “Плошча свабоды” (б. Базарная). Шэсць вуліц Мазыра, плошча Свободы і адзін завулак былі брукаваныя. Гарадское асвятленне уключала 24 ліхтары. Гарадскога транспарту для перавозкі пасажыраў не існавала, у горадзе не было ні конкі, ні аўтобусаў, ні трамваяў [2, с. 112, 113].

Нягледзячы на складаныя ўмовы, выкліканыя падзеямі грамадзянскай вайны, жыцце працягвалася, што адлюстроўвалася ў росце насельніцтва Мазырскай акругі. За 1924 год тут нарадзілася 14256 чалавек, памерла 4858, было зарэгістравана 2912 шлюбау і 257 разводаў [3, а.36].

У сярэдзіне 1920-х гадоў у горадзе налічвалася 1500 будынкаў. У асноўным гэта былі аднапавярховыя драўляныя жылыя дамы.

Камунальная гаспадарка горада складалася з некалькіх асноўных галін. Па першае, гэта гарадскі транспарт. Ён быў прадстаўлены 9 коньмі, адпаведнымі калёсамі і збруяй. Горад часта цярпеў ад пажараў, таму што гарадская забудова была ў асноўным драўлянай і скучанай, і 4 кані былі замацаваны за пажарным дэпо. Астатнія 5 коней і складалі ўласна гарадскі транспарт. Адзін конь абслугоўваў прадпрыемствы, яшчэ адзін — пошту, два — асенізацыю, адзін знаходзіўся ў рэзерве і выкарыстоўваўся для незапланаваных спраў. Выдаткі на гарадскі транспарт складалі 470 рублеў у месяц, а ўтрыманне аднаго каня абыходзілася гарадской казне ў 95 рублеў. Транспарт працаваў бясстратна, але мог прыносіць і больш вялікі прыбытак, асабліва асенізацыйны абоз. Справа ў тым, што канкурэнцыю гарадскому абозу стваралі прыватныя асенізатары, для барацьбы с якімі Мазырскі акруговы выканкам 22 лістапада 1924 г. выдаў загад № 64, адпаведна з якім прыватнікі, што займаліся асенізацыйным вывазам, штрафаваліся [3, а.12].

Іншыя галіны камунальнай гаспадаркі, пачынаючы з 1925 г., у сваей працы пачалі выкарыстоўваць класавы падыход. За карыстанне гарадской лазняй асобы без пэўных заняткаў плацілі 30, члены саюзаў саматужнікаў — 25, члены саюзаў — 40 капеек. Такі ж падыход быў і для устаноў, іх памер аплаты залежаў ад формы ўласнасці і ведамаснай прыналежнасці. За карыстанне вадой сталовая Мазырскага цэнтральнага рабочага кааператыва, бальніца, дом прымусовых работ плацілі 20 рублёў у месяц, установы на гаспадарчым разліку — 10, дзяржбюджэтныя ўстановы — 7,5.

Памер аплаты для асоб за карыстанне вадой таксама рэгуляваўся як ў залежнасці ад сацыяльнага статусу, так і ад колькасці пакояў, якія былі ў распараджэнні плацельшчыка. Уяўленне аб велічыні аплаты можна атрымаць з дадзеных прыведзенай табліцы [3, а.4].

Статус асобы Колькасць пакояў
  Аплата ў рублях за месяц
Гандляры 1 2 3 4 5 6 і больш
1,3 1,8 2,2 3,2 4 5 5,5
Хатнія гаспадары, саматужнікі, якія не выкарыстоўвалі прыватную працу 1 2 3 4 5 6 і больш
1,1 1,6 1,9 2,3 2,7 3,5

 

 
Прадстаўнікі свабодных прафесій і члены прафсаюза, якія мелі пабочныя зарабаткі 1 2 3 4 5 6 і больш
0,9 1,2 1,6 2 2,5 3 3,3
Члены прафсаюзаў, якія не мелі пабочных зарабаткаў 1 2 3 4 5 6 і больш
0,6 0,75 1 1,3 1,75 2,25 2,5

 

Грамадзяне, што мелі скаціну ці водаадлівы, дадаткова плацілі па 25 капеек за кожную адзінку рагатай скаціны і за кожны водаадліў.

Для разліку памераў аплаты за асвятленне значэнне мелі тыя ж акалічнасці: прыналежнасць уласнасці, калі гаворка ідзе аб прадпрыемствах і арганізацыях, і сацыяльны статус, калі мы маем на ўвазе фізічных асоб. За аснову пры разліках прымалася такая адзінка, як магутнасць электрычных лямпачак, выражаная ў свечках. Установы на гаспадарчым разліку, лаўкі сталовыя плацілі па 6 капеек за свечку, установы на дзяржбюджэтным утрыманні, гасцініцы, чайныя і асобы, якія займаліся прыватнай працай таксама плацілі па 6 капеек. Наступны разрад складалі ўстановы, фінансуемыя з мясцовага бюджэту, саматужнікі, арцельныя майстэрні, члены прафсаюзаў, якія мелі рабочныя заработкі, — усе яны плацілі па 4 капейкі. Электраэнергія для членаў прафсаюзаў, якія не мелі пабочных заработкаў, каштавала 3 капейкі за свечку. Установы культуры (клубы і тэатры) плацілі ў адпаведнасці з асаблівымі пагадненнямі [3, а.4, 4а].

Даходы жыхароў акругі былі нязначнымі, асабліва сялян. На кожную сялянскую гаспадарку ў сярэднім выходзіла каля 105 рублёў даходу за год. Калі адняць адсюль расходы па утрыманні гаспадаркі, налогі, то на асабістае спажыванне, рамонт інвентару, то ў сярэднім на двор заставалася 33 рублі. Трэба адзначыць, што ў 1924 г. гэта рэшта складала не больш 20 рублёў [3, а.48].

Невялікі памер даходаў сялян, з аднаго боку, негатыўна адбіваўся на стане гарадскога гандлю Мазыра, ускладняў развіццё саматужных арцеляў, прадукцыя якіх была арыентавана на мясцовы рынак, з другога боку, падштурхоўваў сялян да кааперавання. Яны былі зацікаўлены ў апошнім, таму што набыць сельскагаспадарчую тэхніку паасобку было амаль немагчыма, нягледзячы на той факт, што яе пастаўшчык, Мазырскі райселькрэдытпрамсаюз, амаль не рабіў гандлёвай нацэнкі. Так, за 1924 г. і першую палову 1925 г. ім было закуплена 49 малацілак, з якіх, у сваю чаргу, прадалі 33. Закупачная цана адной малацілкі Майфарта складала 125 руб. Дастаўка кожнай па чыгунцы абыходзілася ў 3 руб. 75 кап., перавозка ад станцыі на склад яшчэ 3 рублі, улік вэксаляў і гербавы збор — 1 руб. У выніку сабекошт малацілкі складаў 132 руб. 75 кап. Прадажная цана была ўстаноўлена ў 135 рублёў, што азначала памер гандлёвай надбаўкі толькі ў 1,5%. Таксама з надбаўкай 1,9% было прададзена 43 саломарэзкі і 2 веялкі [3, а.56].

Ускоснае ўяўленне аб памерах заработкаў рамеснікаў Мазыра можна атрымаць з дадзеных аб даходах рамеснікаў Гомеля ў 1925 г. Ён складаў ад 39 рублёў у месяц у краўцоў да 56 рублёў у слесараў [1, с.169]. Колькасць рамеснікаў у горадзе была даволі значнай, аб чым сведчыць стварэнне ў лютым 1924 г. Мазырскага таварыства саматужнікаў, у склад якога ўвайшло 160 чалавек. У 1924 г. былі таксама зроблены спробы аб’яднаць саматужнікаў у арцелі па прафесійным прызнаку. Такіх арцеляў было арганізавана 4, тры з якіх праз 6 месяцаў распаліся (гарбары, шапачнікі, пекары), засталася толькі арцель рамізнікаў. Прадстаўнікі Мазырскага таварыства тлумачылі няўдалы досвед кааперавання як падатковай палітыкай з боку дзяржавы, так і нежаданнем дзяржаўных арганізацый размяшчаць заказы сярод арцелей таварыства, нягледзячы на больш выгадныя ўмовы, прапануемыя арцелямі [3, а.179]. На 1 кастрычніка 1928 г. ў Мазырскай акрузе налічвалая ўжо 35 арцелей, якія аб’ядноўвалі 885 чалавек. Члены арцелей па месцы іх працы размяркоўваліся наступным чынам: горад — 43 чалавекі (4,5%), вёска — 304 (34,5%), мястэчка — 338 (66,1%) [4, а. 12].

Прамысловасць горада была прадстаўлена ў асноўным дрэваапрацоўчымі прадпрыемствамі. Самымі значнымі з іх былі фанерная фабрыка і лесапільны завод “Пралетарый” На гэтых прадпрыемствах у 1924  годзе працавала 679 чалавек. Фабрыка “Чырвоны Кастрычнік” і завод “Пралетарый” уваходзілі ў Мазырскае аддзяленне “Лесбел”. Буйным прадпрыемствам з’яўлялася і мэблевая фабрыка “Профінтэрн” якая была створана ў 1925 г. на аснове запалкавай фабрыкі “Маланка”. Электрычнай энергіяй горад забяспечвала Мазырская электрастанцыя, яе магутнасць у г. павялічылася ў 5,5 разоў у параўнанні з 1921 г. [2, с.108, 109].

Адной з самых вострых праблем для гараджан з’яўлялася малая колькасць жылля. Жылле будавалі, аднак невысокімі тэмпамі. Так, у 1924/25 будаўнічым годзе камунальнай гаспадаркай было пабудавана 3 дамы, жыллёвай кааперацыяй — 9 і прыватнымі асобамі — 41.

Пры заводзе “Пралетарый” было пабудавана 6 дамоў на 24 кватэры для сямейных, да іх падсялялі па адным-два “халасцякі”. У першую чаргу жыллё атрымлівалі кваліфікаваныя рабочыя [2, с. 114].

Класавы падыход улада праяўляла і пры вырашэнні памеру платы за з’ёмнае жыллё. У снежні 1925 г. акрвыканкам устанавіў самую нізкую плату для рабочых з месячным заробкам да 20 руб. — 12 капеек, самую высокую кватэрную плату да 5 руб. для асоб свабодных прафесій. Кустары-саматужнікі і рамеснікі, якія выкарыстоўвалі наёмную працу, плацілі грошы “па пагадненні”. Аднак рэальна гаспадары кватэр балі плату у 5-6 разоў большую, чым дазвалялі устаноўленыя гарадскмі ўладамі стаўкі [2, с.114].

У сярэдзіне 1920-х гадоў актыўна выкарыстоўваўся і такі спосаб вырашэння жыллёвага пытання, як падсяленне чаргавікоў у дамы ўласнікаў жылля. У 1925 г. для гэтых мэт выдзялялася квота ў 30%. Так, з лютага па сакавік 1925 г. у Мазыры было выдадзена 107 жыллёвых ордэраў у камунальныя дамы і 108 ордэраў у прыватныя па 30% квоце [3, а.157].

Восенню 1922 г. у горадзе налічвалася 4 агульнаадукацыйныя школы, у тым ліку 2 сямігодкі і 2 пачатковыя, у якіх вучыліся 1350 вучняў і працавала 40 настаўнікаў. 1 снежня 1921 г. была адкрыта Гарадская цэнтральная бібліятэка, якая мела ў свах фондах у 1924 г. каля 5 тысяч кніг [2, с.124, 125].

Такім чынам, пасля заканчэння Грамадзянскай вайны, горад Мазыр уступіў у паласу аднаўлення.

Спіс асноўных крыніц

  1. Еврейское местечко в революции: очерки / под редакцией проф. В.Г. Тана- Богораза. — М.: Гос. изд-во Москва-Ленинград, 1926. — 219 с.
  2. Мазыр.850 год: у 3 т. / С.В. Целяпень [і інш.]. — Гомель: КВПУП “Сож”, 2005. — Т. 1: Мазыр: гісторыя. і сучаснасць. — 352 с.
  3. Пратаколы пасяджэнняў Мазырскага акруговага з’езду Саветаў і акруговай канферэнцыі саматужнікаў рамеснікаў // Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыры (ЗДАМ). — Фонд 60. воп. 1. Спр. 424.
  4. Справаздача аб рабоце прамысловых кааперацый у Мазырскай акрузе за 1928-1929 г. // ЗДаМ — Фонд 60. Воп. 1. Спр. 324

Аўтар: С.А. Юрыс
Крыніца: Мозырщина: люди, события, время: материалы Междунар. науч.-практ. конф., Мозырь, 26-27 мая 2016 г. / УО МГПУ им. И. П. Шамякина; редкол.: Т.Н. Сыманович (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь, 2о16. — 143 с. 65-69.