Гомельцы ўбачаць рэканструкцыю бою па вызваленні роднага горада ў 1943 годзе

0
1334
Гомельцы ўбачаць рэканструкцыю боя па вызваленні горада ў 1943 г.

Умацаваны некалькімі гарматамі бераг з нямецкімі траншэямі трэба будзе ўзяць праз 73 гады нашым байцам на гістарычным месцы, дзе наступалі 96-я і 217-я стралковыя дывізіі Чырвонай арміі, каб 26 лістапада 1943 года вызваліць Гомель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ваенна-гістарычная рэканструкцыя бою пройдзе на Валатаўскім возеры, размешчаным па вуліцы Барадзіна недалёка ад Лядовага палаца. У імітацыі бітвы будуць выкарыстаны піратэхніка і баявыя машыны часоў Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, савецкі бронеаўтамабіль БА-64, 45-міліметровая гармата, грузавік ЗІС-5 і аўтамабіль ГАЗ-67. Агулам у аднаўленні бітвы прымуць удзел больш за 100 прадстаўнікоў розных гістарычных клубаў. Таксама ў гледачоў з’явіцца магчымасць сфатаграфавацца з ваеннай тэхнікай і даведацца больш аб франтавым побыце ды зброі, з якой нашы продкі салдаты вызвалялі родны край.

Мерапрыемства будзе арганізавана пры ўдзеле Гомельскага гарвыканкама, Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і ваенна-гістарычнага клубнага аб’яднання «Гонар мундзіра».

Пачнецца рэканструкцыя, прымеркаваная да памятнай даты, 26 лістапада ў 12.00.