Гомельскі вагонарамонтны завод

0
54
Гомельскі вагонарамонтны завод

Гомельскі вагонарамонтны завод быў заснаваны ў 1874 у Гомелі як галоўныя механічныя майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі. Рабочыя завода ўдзельнічалі ў рэвалюцыйным руху, забастоўках 1881, 1886, 1889. У 1889 арганізаваны марксісцкі гурток. Напачтку ХХ ст. ў майстэрнях дзейнічала іскраўская група.

Падчас рэвалюцыі 1905-1907 тут адбываліся сходы, мітынгі, забастоўкі, ствараліся баявыя дружыны. У 1914 у майстэрнях працавала 1500 чал., усталяваны паравыя машыны. Гэта было самае буйное прадпрыемства горада. Тут рамантавалі паравозы і вагоны.

У 1917 створаны атрад Чырвонай гвардыі, абсталяваны браняцягнік. У 1929 на базе майстэрняў створаны паравозавагонарамонтны завод. У Вялікую Айчынную вайну абсталяванне завода эвакуявана ў г. Уфу і Волагду. Аднаўленне завода пачалося ў 1943 у Гомелі. З 1945 — вагонарамонтны завод. У 1967 прысвоена імя Калініна.

Рамантуе пасажырскія і службова-тэхнічныя вагоны, выпускае запасныя часткі для рухомага саставу, а таксама тавары народнага попыту. Каля адміністрацыйных будынкаў помнік рабочым завода, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 72-73.