Гомельскі шпіталь святога …?

0
369
Богадельня Гомель шпіталь

Вы можа быць таксама заўважалі ў заходніх фільмах і серыялах пра бальніцы даволі часта з’яўляецца сюжет пра каплічкі ды цэрквы, што размешчаны ў гэтых установах. Туды прыходзяць пацыенты, іх сваякі, самі дактары. Яны моляцца, прасяць, ці можа проста адпачываюць. Даволі часта назвы шпіталяў якія з’яўляюцца па сюжэце, нават і ў пратыстантскім, здавалася б, асяродзі пачынаюцца са словаў “святы”. Бальніца святога Лукі, святога Марка, ды гэтак далей. Цікава тое, што нармальная еўрапейская (а таксама і амерыканская, і аўстралійская, і афрыканская) бальніца не толькі мае на сваёй тэрыторыі, ці ў сваіх сценах царкву, альбо капліцу. Нярэдка сам шпіталь ці бальніца пабудаваная і фундуюцца царквой. Каталіцкай, пратэстантскай, праваслаўнай – у залежнасці ад краіны, ад традыцыі. Гэта іх бальніца. І гэта, менавіта гэта, і ёсць еўрапейская норма.

Але мяне, засяроджанага, на сваім горадзе, і на маёй радзіме, канешне ж цікавіць у першую чаргу як у нас. Што цяпер, я прыблізна ведаю. Ёсць сацыяльная канцэпцыя, падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве і да т.п. і г.д. Ёсць цэрквы на тэрыторыі бальніцаў. Напрыклад свяціцеля Лукі (Войны-Ясянецкага) на тэрыторыі абласной. Ці ў сценах бальніцы, альбо ў асобным будынку на тэрыторыі, як напрыклад у псіхіятрычнай. Некаторыя стаяць побач – як царква св. вмч. Панцялеймана каля Медгарадку. Гэта добра. Ёсць магчымасць зайсці памаліцца, памаўчаць, паслухаць, папрасіць каб памалілісь за цябе. Гэта зразумела.

Богадельня Гомель шпіталь план

Але цікавіць іншае. Ці магчыма ў нас пабудова бальніцы Царквой, альбо больш дакладна людзьмі Царквы, гэта значыць фундаваць бальніцу самім? Пытанне – як? Бо казаць “а давайце” можа кожны, а вось што далей? Бо калі ўзнікаюць наступныя пытанні: з кім, і якім чынам – тут ужо застаешся ў адзіноце.

У такіх выпадках чалавек хоча абапірацца на штосьці, на кагосьці, у тым ліку, і на сваіх продкаў. Браць прыклад, так бы мовіць. Што да Гомеля, то ў першую чаргу, на памяць канешне ж прыходзіць наша апошняя добрая князёўна – Ірына Фёдараўна Паскевіч. Пра яе ўжо казалі, але пры такой нагодзе, ёсць сэнс узгадаць яшчэ раз. Аб ёй ніжэй. Але гэта прыклад для багатых мецэнатаў. Бо і Паскевічы і Румянцавы, і Нолькены і Стошы, а разам і Станевічы, былі, канешне ж, людзьмі не сярэдняга дастатку. Раўняцца на іх, уласна мне, даволі цяжка. Гэта было б і няшчыра. Не дужа багаты на грошы, скажам так. Але ёсць і іншыя спосабы. І калі не можаш зрабіць справу адзін, то трэба рабіць яе разам. Сябрынай. Альбо брацтвам.

Гэта як?

Нажаль не знаходжу пакуль сведчанняў пра такія ініцыятывы простых жыхароў горада у перыяд XIX ст. Зрэшты, гэта было і даволі праблематычна. Горад быў невялічкі, некаторыя жыхары і наогул былі прыгоннымі, ды й грамадская ініцыятыва ў той час была прыглушана. Яна не заахвочвалася, усё кантралявалася дзяржавай. Калі дзяржава што-небудзь лічыла патрэбным, то яна сама і рабіла, альбо прадпісвала каб гэта зрабілі. Як, напрыклад, гэта было падчас эпідэміі халеры ў 1847 г.1 Пэўна штосьці памянялася пасля вызвалення 1861 года, але пакуль цікавых дакументаў таго часу прадставіць увазе чытачоў, не магу, бо не знайшоў, не выявіў.

Богадельня Гомель шпіталь план

Штосьці цікавае магло быць у перыяд калі горад уваходзіў у склад Рэчы паспалітай, альбо падчас незалежнага існавання нашай пра-дзяржавы – Вялікага княства. Тады грамадская ініцыятыва існавала. Прынамсі, ў гарадах было самакіраванне – яны мелі хоць і вельмі састарэлае на той момант магдэбургскае права. Нам вядома што меў такое права і Гомель з 1670 г. А яшчэ раней, у 1560-м, горад атрымаў свой герб, што таксама давала нейкую свабоду. Нажаль нічога дастаткова цікавага пра гэты час таксама ня маю. Але, у такім разе, мы можам паглядзець як гэта было ў іншых месцах, недалёкіх ад Гомеля і звязаных з ім царкоўнымі сувязямі.

І вось тут на дапамогу прыходзіць наш знакаміты суайчыннік. Чалавек які нарадзіўся на Гомельшчыне, жыў, працаваў, служыў, рабіў і памёр у самім Гомелі. Святар і царкоўны гісторык айцец Фёдар Жудро (1864–27.01.1923 г.). Яго першае грунтоўнае й найбольш цікавае даследванне, якое ён зрабіў, магчыма, яшчэ падчас свайго навучання ў Санкт-Пецярбурзе, было прысвечана Богаяўленскаму Магілёўскаму брацтву. Не абыйшоў увагай Федар Андрэевіч і дабрачынную дзейнасць брацтва. Апошні раздзел працы мае назву “Брацкі шпіталь”. Прапануем вашай увазе невялічкі ўрывак з яго.

“Въ Западной Россіи для призрѣнія бѣдныхъ и больныхъ существовали особаго рода богадѣльни, усвоившія себѣ названіе шпиталей (отъ лат. hospitale, польск. szpital). Шпитали возникали большею частью по частному почину благотворителей и получали нѣкоторыя права отъ государства, дававшія имъ прочное юридичиское положеніе въ немъ. Правительство польское, напр., снабжало шпитали привилегіями на записываемые на нихъ фундуши, ограждало цѣлость ихъ движимыхъ и нѣдвижимыхъ имѣній и т.п. на этихъ-то учрежденіяхъ и сосредоточили свои благотворительные заботы заподно-русскія братства.

Въ Могилевѣ шпитали существовали съ давнихъ поръ. Первыя историческія указанія на нихъ восходятъ къ концу XVI в. Эти данныя и показыаютъ, что Могилевскіе шпитали пользовались особеннымъ покровительствомъ тамошнихъ братствъ. Такъ, извѣстное намъ братство скорняковъ на своихъ сходкахъ между прочимъ имѣло разсужденіе и о «потребахъ шпитальныхъ» и назначало для содержанія богадѣлень часть изъ доходовъ отъ складчинныхъ пировъ. Спасо-Богоявленское братство также съ самаго начала своего существованія помощь шпиталямъ считало одной изъ важныхъ формъ своей дѣятельности. Въ уставѣ 1597 г. оно обѣщалось давать милостыню по шпиталямъ два раза въ годъ – въ Рождество Христово и Св. Пасху. Изъ словъ этого устава не видно, чтобы у братства былъ свой шпиталь, и былъ ли у него таковой, пока оно находилось при Спасскомъ монастырѣ, сказать определённо нельзя. Но когда братство перешло въ Богоявленскій монастырь и широко развернуло свою дѣятельность, оно озаботилось устройствомъ своего собственнаго шпиталя. Построеніе его должно относить къ концу 30-хъ годовъ XVII в. По крайней мѣрѣ по одной записи 1635 г. видно, что при братствѣ въ скоромъ времени послѣ 1635 г. будетъ открытъ шпиталь для содержанія убогихъ. Со времени своего построенія онъ черезъ весь XVII-й и большую часть XVIII в. не прекращалъ своего существованія и упоминается въ документахъ на ряду съ другими шпиталями, число которыхъ было значительно. Полное перечисленіе всѣхъ Могилевскихъ шпиталей имѣемъ въ завѣщаніи братчика Гуторовича отъ 1702 г. Здѣсь упоминаются шпитали: братскій (противъ іезуитовъ, каменный), Спасскій, Покровскихъ два подъ Олейной брамой, Никольскій, два Вашковскіе, Троицкій, Ильинскій, Пречистенскій, Глѣбо-Борисовскій, Ближне-Воскресенскій и Дальне-Воскресенскій (каменный). Когда Екатерина II посѣтила Могилевъ, она нашла здѣсь болѣе сорока благотворительныхъ учрежденій; вѣроятно, въ числѣ ихъ были и шпитали. Существующія въ Могилевѣ въ настоящее время около церквей Успенской, Никольской (съ послѣдняго времени здѣсь церковно-приходская школа) и Воскресенской (при спускѣ на Виленскую улицу) должно считать остатками старыхъ шпиталей.”2

Такім чынам мы бачым, што не толькі крупныя мецэнаты, але і больш простыя магілёўцы, бралі непасрэдны ўдзел у справах дабрачыннасці. Брацтва кушняроў (скорняков) турбавалася не толькі пра мех ды скуркі, але і аб «потрэбах шпітальных». Нам вядома, што Магілёў меў трывалыя гандлёвыя сувязі з Гомелем. Сам Гомель падпарадкоўваўся Магілёўскаму епіскапу. Пэўна ж меў сувязі і з Магілёўскім Брацтвам. Прынамсі мог засвойваць характар дабрачыннай дзейнасці ад магілёўцаў.

Напрыканцы ўзгадаем і пра нашую князёўну. Так вядома, што яна утрымоўвала ў горадзе за свой кошт дзіцячы прытулак, богадзельню для жанчын пажылога ўзросту, а таксама пабудавала вочную лякарню, якая праіснавала да 1941 г. Акрамя гэтага выдаткоўвала грошы на ўтрыманне й іншых бальніц.

Цікава будзе ізноў ўзгадаць і пра Чонскі манастыр. У справе аб сборы звестак для справаздачы аб стане епархіі (Магілёўскай) за 1914 г. знаходзім таксама, што “при Чонскомъ женскомъ монастырѣ имѣется аптечка изъ которой отпускаются безплатно лѣкарства для богомольцевъ и сосѣднихъ жителей”3.

Асобную размову можна прысвяціць дабрачыннай дзейнасці якая была разгорнута ў Гомелі падчас I-ай сусветнай вайны. Так у прадмесце Навабеліца па Шасейнай вуліцы ў будынках, пабудаваных Усерасійскім земскім саюзам на сродкі Вайсковага ведамства дзейнічаў запасны шпіталь на 210 месцаў (пасля расшыраны да 310). Пры ім існавала царква ў імя Праабражэння Гасподняга. Штатным святаром пры шпітале быў іераманах Свята-Успенскага Пустынскага манастыра а. Анатолій (Сергіенка), быў таксама і “царкоўнік” прызваны з запасу старшы унцер-афіцер, былы Афонскі манах Андрэеўскага падвор’я ў г. Петраградзе Ігнацій Кузьміч Качаргін4.

Ды й зноў прыгадаем князёўну Ірыну. “З 1 студзеня 1915 г. і па 1 кастрычніка 1917 г. яна працавала ў хірургічным аддзяленні былога лазарэта, а з 1 студзеня 1918 г. па 1 снежня 1919 г. – у хірургічным аддзяленні першай савецкай (былой земскай) бальніцы у якасці сястры міласэрнасці. То бок, да рэвалюцыі як княгіня, а пасля яе – ужо як простая жанчына страны саветаў”5.

Што ж нам ёсць на каго раўняцца, ёсць з каго браць прыклад. Можна пры жаданні распачаць, хаця б у праекце, думаць пра свой шпіталь святога Мікалая, альбо Свята-Успенскі, ці Спаса-Праабражэнскі. Ці можа быць Шпіталь святой мучаніцы Ірыны.

Ну а чаму не?

Аб гэтым глядзі ў справе Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ), фонд №3021, вопіс №4, справа №148.

2 Магілёўскія епархіальныя ведамасці, 1890 г. № 19. частка неафіцыйная, стар. 174-176. «История Могилевского Богоявленского братства. История братских учреждений. Братский шпиталь» / Ф. Жудро. Глядзі таксама «История Могилевского Богоявленского братства. История братских учреждений. Братский шпиталь» / Ф. Жудро. Могилев на Днепре. Скоропечатня и литография Ш. Фридланда. 1890 г., стар. 107-109.

3 НГАБ, фонд №2301, вопіс №1, справа №676, ліст 39.

4 НГАБ, ф. №3022, воп. №1, спр. №137, лісты 3, 3 аб.

5 http://www.palacegomel.by/engine/print.php?newsid=136. По тропинкам милосердия… (К 90-летию музея ГИКУ «Гомельский дворцово-парковый ансамбль»). Дата ўваходу 6 сакавіка 2017 г.


Чарцяжы Гомельскай богадзельні прадастаўленыя Дзяржаўнай гісторыка-культурнай установай “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”, асаблівая ўдзячнаць спадарыне Таццяне Фёдараўне Літвінавай.
 

Аўтар: Андрэй Ананьеў
Крыніца: часопіс “Сретение”, № 1, 2017 г. С. 20-21.