Размешчаны на ўсходзе Гомельскай вобласці. Плошча 2,1 тыс. км2, насельніцтва 76,2 тыс. чал. (1996). Цэнтр — г. Гомель. Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Гомельскага Палесся, паўночна-заходняя частка — ў межах Чачорскай раўніны. Рака Сож (суднаходная) з прытокамі Іпуць, Вуць, Церуха, Уза. Каля 33,5% тэрыторыі пад лесам. Раён перасякаюць чыгункі Жлобін-Гомель-Чарнігаў, Калінкавічы-Гомель-Навазыбкаў, Гомель-Бахмач; аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Магілёвам, Бабруйскам, Калінкавічамі, Чарнігавам, Навазыбкавам.
Гомельскі раён утвораны 8.12.1926 у складзе Гомельскай акругі (да 20.7.1930). Падзелены на 22 сельсаветы: Валатоўскі, Галавінскі, Давыдаўскі, Данілавіцкі, Заліпскі, Замосцкі, Касцюкоўскі, Красненскі, Лапацінскі, Лашчынецкі, Мільчанскі, (Старамільчанскі), Но-вамільчанскі, Пакалюбіцкі, Прудоцкі, Прыбарскі, Пыханскі, Раманевіцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Хутарскі, Ціценскі, Яромінскі. 4.8.1927 да раёна далучаны 18 сельсаветаў былога Дзятлавіцкага раёна, 6 сельсаветаў былога Добрушскага раёна, 14 сельсаветаў былога Насовіцкага раёна. 30.12.1927 у выніку рэарганізацыі і ўзбуйнення сельсаветаў Гомельскай акругі замест 60 іх у раёне зацверджаны 31; 10.2.1931 раён скасаваны, 27.7.1937 адноўлены. У яго былі ўключаны р.п. Касцюкоўка і 20 сельсаветаў: Бабовіцкі, Давыдаўскі, Дзятлавіцкі, Жаробненскі, Зябраўскі, Карналінскі, Клімаўскі, Мільчанскі, Міхалькоўскі, Пакалюбіцкі, Прудоцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Раманавіцкі, Сеўрукоўскі, Улукаўскі, Урыцкі, Ціценскі (з 30.4.1948 Красненскі), Цярэшкавіцкі, Яромінскі. З 20.2.1938 уваходзіць у Гомельскую вобласць.
У Вялікую Айчынную вайну ў ліпені.-жніўні 1941 у в. Чонкі базаваўся аператыўна-вучэбны цэнтр для падрыхтоўкі і засылкі дыверсійньгх груп у тыл нямецка-фашысцкіх войск. У жніўні 1941 Гомельшчына стала франтавой зонай. Цяжкія абарончыя баі вялі часткі Чырвонай Арміі і апалчэнцы ў раёне вёсак Сямёнаўка і Пакалюбічы. У канцы жніўня 1941 раён акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Дзейнічалі Гомельскае патрыятычнае падполле, Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле, Міхалькоўскае патрыятычнае падполле, падпольны аператыўны цэнтр (лістапад 1941 – травень 1942), Гомельскі падпольны гаркам КП(б)Б, партызанскі атрад “Бальшавік”. За гады акупацыі гітлераўцы знішчылі ў раёне 6,5 тыс. чал. Раён вызвалены ў лістападзе 1943 войскамі Бел. фронту ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. У Чонках у 1944 размяшчаўся Беларускі штаб партызанскага руху. 8.4.1957 далучаны Студзёнагуцкі сельсавет Церахоўскага раёна, 17.4.1962 – Аздзелінскі, Старабеліцкі, Целяшоўскі, Цярэніцкі сельсаветы і р.п. Бальшавік скасаванага Уваравіцкага раёна; 25.12.1962 – Веткаўскі раён (6.1.1965 адноўлены). 15.1.1964 далучаны Рудня-Марымонаўскі і Шарпілаўскі сельсаветы Рэчыцкага раёна; 18.1.1965 – Глыбоцкі, Грабаўскі (акрамя пасёлка Кавалёў), Пракопаўскі, Маркавіцкі сельсаветы Добрушскага раёна.
На 1.1 1996 у Гомельскім раёне 191 населены пункт, 25 сельсаветаў: Аздзелінскі, Бабовіцкі, Глыбоцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі, Даўгалескі, Дзятлавіцкі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Пракопаўскі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Рудня-Марымонаўскі, Сеўрукоўскі, Старабеліцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Целяшоўскі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Яромінскі; 14 калгасаў, 19 саўгасаў, 3 птушкафабрыкі, агароднінная фабрыка, 12 падсобных гаспадарак, 2 навучальна-доследныя гаспадаркі. У раёне 2 прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, 24 сярэднія, 13 базавых дзевяцігадовых, 7 пачатковых, 9 музычных школ, 1 школа-інтэрнат, 38 дашкольных устаноў, 43 клубы і дамы культуры, 48 бібліятэк, 7 бальніц, 38 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 11 амбулаторый, паліклініка. Выдаецца раённая газета “Маяк”. Гомельскі раён моцна патрываў у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).
У раёне помнікі археалогіі: Глыбоцкае, Ільіч, Калінаўка, ІІлёсы, Прыбар, Целяшы, Чамярня, Чонкі, Шарсцін. Брацкія магілы савецкіх воінаў у р.п. Бальшавік, вёсках Баштан, Будзілка, Гадзічава, Глыбоцкае, пас. Калініна, вёсках Кантакузаўка, Краснае (і партызан), Маркавічы, пас. Пабеда, вёсках Пакалюбічы, Пракопаўка, Пясочная Буда, Рудня-Марымонава, Улукаўе, Целяшы, Церуха, Чонкі, Шарпілаўка; магілы ахвяр фашызму ў пас. Аляксееўка, вёсках Галееўка, Кантакузаўка, Целяшы, Церуха. Помнікі абаронцам Гомеля ў в Пакалюбічы, падпольшчыкам у в. Міхалькі, дэсантнікам у в. Дубавец, у гонар штаба партызанскага руху ў в. Чонкі, Герою Савецкага Саюза Б.А. Царыкаву ў в. Зябраўка, на месцы базавання Гомельскага падпольнага ГК КП(б)Б і партызанскага атрада “Бальшавік” у пас. Барэц, на месцы фарсіравання р. Сож савецкімі войскамі ў пас. Скіток, на месцы спаленай вескі Вясёлае Поле, месцы загубы ахвяр фашызму ў в. Пакалюбічы. Захаваліся помнікі архітэктуры царква першай паловы ХІХ ст. ў в. Гадзічава, царква Раства Багародзіцы ХІХ ст. (і царкоўная школа) у в. Глыбоцкае, Успенская царква ХІХ ст. ў в. Чарацянка, Мікалаеўская царква першай паловы XVIII ст. ў в. Старая Беліца, парк ХІХ ст. ў в. Грабаўка, сядзібны дом ХІХ ст. ў в. Карнееўка, паштовая станцыя ХІХ ст. ў в. Сеўрукі, сядзіба XVIII – пачатку ХІХ ст. ў в. Старая Беліца.
Аўтар: Іван Казлоў
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 77-78.