Гомельскі полк народнага апалчэння быў сфармаваны 9-12.07.1941 г. Камандзір Ф.Я. Уткін (загінуў), камісар С.Р. Шчуцкі. Налічваў 2300 чал., знаходзіўся ў рэзерве 21-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант М.Р. Яфрэмаў, са жніўня 1941 генерал-маёр В.М. Гордаў) Цэнтральнага фронту.
Апалчэнцы ўдзельнічалі ўва эвакуацыі заводаў і фабрык, вялі барацьбу з дыверсантамі, шпіёнамі, ахоўвалі прамысловыя аб’екты, лініі сувязі, будавалі абарончыя рубяжы. З 13 да 19 жніўня разам з войскамі Чырвонай Арміі полк вёў баі за Гомель, трымаў абарону на паўночных подступах да горада на рубяжы в. Сямёнаўка — пас. Гудок — чыгуначная станцыя Уза — в. Рудзянец, перакрываў шашу Магілёў-Гомель і чыгунку Бабруйск-Гомель.
Жорсткія баі апалчэнцы вялі каля вёсак Сямёнаўка і Пакалюбічы, якія некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі, у раёне Навабеліцы (гл. Гомеля абарона 1941) 19 жніўня пры падтрымцы танкаў і самалётаў нямецка-фашысцкія войскі прарваліся ў горад. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў жорсткіх вулічных баях. У ноч на 20 жніўня абаронцы пакінулі Гомель. Многія апалчэнцы працягвалі барацьбу ў падполлі, партызанскіх злучэннях, атрадах, у Чырвонай Арміі. У Гомелі існуе магіла апалчэнцаў, на якой пастаўлены помнік, у г.п. Касцюкоўка і в. Пакалюбічы помнікі абаронцам Гомеля.
Аўтар: Уладзімір Лемяшонак
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 76.