Гомельскі камітэт сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў (чыгуначны)

0
49
Гомельскі камітэт сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў

Гомельскі камітэт сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў (чыгуначны). Дзейнічаў у Гомелі ў верасні 1901 — студзені 1902. Утво-раны для аднаўлення ў горадзе арганізацыі РСДРП, не звязанай з Бундам. Меў статут.

Ініцыятарам утварэння камітэта быў “пецярбуржац” (прозвішча не высветлена). Вясной 1901 “пецярбуржац” стаў чальцом Гомельскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда, які з лета 1900 фактычна адмовіўся весці работу сярод чыгуначнікаў (у асноўным беларусаў і рускіх). Падтрыманы I. Мохавым, Л. Драгунскім і іншымі чальцамі камітэта, “пецярбуржац” пачаў барацьбу з бундаўскім сепаратызмам, дамагаючыся выхаду сацыял-дэмаратычнага камітэта з Бунда. У чэрвені — ліпені 1901 яны выдалі адозвы “Да гомельскіх рабочых Лібава-Роменскай чыгункі” і “Да ўсіх гомельскіх грамадзян” за подпісам “Гомельскі камітэт РСДРП”. Аднак інтэрнацыяналісты засталіся, відаць, у меншасці. У верасні 1901 яны выйшлі са складу камітэта Бунда і стварылі асобны камітэт. У яго ўвайшлі некаторыя палітычныя ссыльныя, у т.л. I.Б. Азямблоўскі. Асноўным аб’ектам дзейнасці камітэта сталі чыгуначныя майстэрні, дзе Азямблоўскі арганізаваў сацыял-дэмакратычны гурток для падрыхтоўкі агітатараў і прапагандыстаў з ліку беларускіх і рускіх рабочых. Камітэт імкнуўся ахапіць сваім уплывам і рабочых іншых прадпрыемстваў Гомеля, а таксама Навабеліцы, Добруша, Клінцоў, Навазыбкава, Сафіеўкі, наладзіць сувязі з чыгуначнымі рабочымі гарадоў і станцый на лініі Лібава-Роменскай чыгункі для ўтварэння цэнтралізаванага прафсаюза чыгуначнікаў.

У кастрычніку-снежні 1901 “чыгуначны” камітэт выдаў на гектографе некалькі адозваў да чыгуначных рабочых і “Статут групы рабочых Гомельскіх майстэрняў Лібава-Роменскай чыгункі”, у якіх адзначаліся цяжкія ўмовы працы у чыгуначных майстэрнях, дадзена палітычная ацэнка дзеянняў улад у сувязі са ссылкай 13 гомельскіх сацыял-дэмакратаў, выкрывалася антынародная сутнасць мілітарызму.

Камітэт стаяў на марксісцкіх, рэвалюцыйных, інтэрнацыяналіскіх пазіцыях. Аднак ён не здолеў наладзіць сувязь з рэдакцыяй газеты “Искра”, з яе агентамі ў Расіі. Гэта вымушала камітэт уваходзіць у кантакт з бундаўскай арганізацыяй, каб атрымаць сацыял-дэмакратычную літаратуру, устрымлівацца ад адкрытай ідэйнай барацьбы з Бундам. У студзені 1902 камітэт распаўся.  Асобныя яго чальцы, у т.л. Драгунскі і Мохаў, зноў увайшлі ў мясцовы камітэт Бунда і садзейнічалі ўмацаванню ў ім інтэрнацыянальнага кірунку.


Аўтар:
Міхась Біч
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 75.