Быў створаны ў канцы 1898 г. на базе Гомельскага рабочага саюза барацьбы. Кіраўнікі П.У. Карповіч, Л. Драгунскі і інш. Чальцы камітэта перайшлі ад гуртковай работы да масавай агітацыі сярод рабочых горада. Пад кіраўніцтвам камітэта на рамесных прадпрыемствах ствараліся цэхавыя арганізацыі рабочых, стачачныя касы, у час забастовак выпрацоўваліся патрабаванні да прадпрымальнікаў. Пры камітэце існавала нелегальная бібліятэка (каля 200 кніг рэвалюцыйнай літаратуры). Камітэт наладзіў сувязь з сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі Кіева, Екацярынаслава, Адэсы, удзельнічаў у транспартыроўцы нелегальнай літаратуры.
У пачатку сакавіка 1899 з дапамогай прадстаўніка Кіеўскага камітэта РСДРП чальцы камітэта надрукавалі на гектографе сваю першую адозву “Да ўсіх чыгуначных рабочых”, у якой адзначалася пагаршэнне становішча чыгуначных рабочых, абгрунтоўвалася неабходнасць арганізаванай барацьбы за свае інтарэсы. Распаўсюджанне адозвы стала прычынай масавых вобшукаў, арыштавана 8 чалавек.
9(21).04.1899 камітэт распаўсюдзіў гектаграфічную “Адозву да ўсіх гомельскіх рабочых”, у якой выкрывалася антынародная сутнасць дзяржаўнага ладу ў Расіі, палітычнае бяспраўе рабочага класа, рабочых заклікалі аб’ядноўвацца ў адзіны саюз, здольны адстойваць іх правы на свабоднае абмеркаванне інтарэсаў працоўных у друку, права сходак, саюзаў і стачак.
З-за новых арыштаў у красавіку 1899 камітэт не здолеў своечасова узначаліць барацьбу гомельскіх чыгуначнікаў за падвышэнне заробкаў, якая пачалася 11(23).05.1899, а 9(21)06. 1899 перарасла ў агульную стачку. Пасля яе паразы камітэт узмацніў дзейнасць сярод рамеснікаў.
Летам 1899 скончылася арганізацыйнае афармленне Гомельскага рамесніцкага рабочага саюза, які дзейнічаў пад кіраўніцтвам камітэта РСДРП і паводле свайго статута быў “мясцовым аддзяленнем РСДРП”. У адозве да рамесных рабочых камітэт заклікаў аб’ядноўвацца для барацьбы за лепшыя ўмовы жыцця і працы. Пад уплывам агітацыі ў жніўні 1899 адбылася забастоўка рабочых 5 швейных майстэрняў, якія дамагліся скарачэння рабочага дня. У сувязі з арыштам 5 удзельнікаў стачкі ў верасні камітэт выдаў лістоўку, дзе сцвярджаў, што галоўнай прычынай цяжкага становішча рабочых з’яўляецца царскае самаўладдзе, вызваленне ад прыгнёту звязвалася з аб’яднаннем і барацьбой пралетарыяту 1-2(13-14).10.1899 адбыліся новыя арышты. Камітэт лістоўкай паведаміў пра акцыю жандараў, і 18(30).10.1899 зноў пачаліся арышты.
У красавіку 1900 камітэт выдаў лістоўку, якая заклікала рабочых адзначыць дзень 1 траўня забастоўкай з патрабаваннем палітычнай свабоды, 8-гадзіннага рабочага дня, свабоды стачак, саюзаў і друку, свабоднага святкавання 1 траўня. Аднак арганізаваць першатравенскі выступ не ўдалося. Паслаблены арыштамі, Гомельскі камітэт РСДРП ва ўмовах ідэйна-арганізацыйнага крызісу ў партыі ў чэрвені 1900 да Гомельскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда.
Аўтар: Міхась Біч
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 74.