Гомельскі гістпарт

0
25
Гомельскі гістпарт

Гомельскі гістпарт — першая на Беларусі камісія па зборы і вывучэнні матэрыялаў па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і РКПб). Існаваў у снежні 1920-1927 як гісторыка-рэвлюцыйны аддзел пры Гомельскім губернскім камітэце РКП(б). Падтрымліваў сувязі з удзельнікамі рэвалюцыйнага руху і грамадзянскай вайны, якія перадавалі дакументы і матэрыялы, успаміны. Арганізоўваў выставы і лекцыі, вечары ўспамінаў, фармаваў архіў па гісторыі бальшавізму і рэвалюцыйнага руху ў губерні. Былі прагледжаны, сабраны і ўпарадкаваны матэрыялы губкама і гаррайкама РКП(б).

У сакавіку 1924 у архіве Гомельскага губкама налічвалася 1435 спраў, камплекты гомельскіх і магілёўскіх газет за 1917-1918. Друкаваў матэрыялы ў часопіс “Известия Гомельского губкома…”, дзе меў сталую рубрыку. Выдаў зборнік артыкулаў і ўспамінаў “Рэвалюцыйная барацьба ў Гомельскай губерні” (1921), брашуры Г. Лялевіча “Кастрычнік у стаўцы”, “Стракапытаўшчына”, “Лідзія Язерская…” (усе 1922), кнігу матэрыялаў па гісторыі сацыял-дэмакратычнага і рабочага руху ў 1893-1905 на Гомельшчыне “1905 год у Гомелі і Палескім раёне” (1925), рыхтаваў зборнікі дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў “Кастрычнік у Магілёўскай губерні”, “1918 год” (пра падпольную работу і партызанскі рух на Гомельшчыне ў перыяд нямецкай акупацыі), “Да гісторыі грамадзянскай вайны” (пра стракапытаўскі мяцеж і інш.), зборнік біяграфічных матэрыялаў пра змагароў за савецкую ўладу і інш.

Літаратура

Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Бе­лоруссии (1919-1941 гг.). Мн., 1985. С. 38-40.


Аўтар:
Уладзімір Міхнюк
Крыніца: Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 73.