Гомель у 1928 г.

0
55
Гомель у 1928 г.

Было “давайны” такое дурное і дзіўнае слова – “пастой”. З серыі іншых дурных і дзіўных словаў, якія ўжо трэба падрабязна вытлумачваць нашым дзеткам — кшталту “санпрапускнік”, “сексот” і “лішэнец”.

“Пастой” – гэта калі ты жывеш у хаце, збудаванай рукамі твайго бацькі, і ў гэтую хату мясцовы ваенкамат прысылае натоўп чырвонаармейцаў. Чырвонаармейцаў трэба карміць і паіць, а таксама штовечар слухаць, як яны ўголас чытаюць газету “Правда”. За гэта ваенкамат нават плаціў нейкія капейкі, прытым за тыя капейкі ты не мог нават склеіць посуд, якія чырвонаармейцы калацілі штодня.

Не падабаецца? На ўсіх даваенных ваенкаматах было напісана: “Народ і армія адзіныя”. Ваенкаматы прыдумаў яшчэ таварыш Троцкі, “асабістаў” пры ваенкаматах прыдумаў яшчэ таварыш Дзяржынскі, “асабісты” дбалі не толькі пра падведамасны чырвонаармейскі кантынгент, а расстрэльваць “ворагаў народу” пачалі ў Беларусі значна раней за 1937-мы…

І вось у 1928 годзе ў нашу гомельскую хату, збудаваную яшчэ маім прадзедам (знаходзілася насупраць цяперашняга ст. Аэрадрому, праз Савецкую) прыслалі “на пастой” пяцёх прыгажуноў у будзёнаўках. Прыгажуны былі з Расеі і паводзілі сябе адпаведна.

Гаспадары, то бок мае прабабка Вольга Мінаўна і мой прадзед Сазонт Кірылавіч, маглі дараваць пастаяльцам шмат чаго. І тое, што яны пісалі міма дзіркі ў драўляным сарціры. І нават тое, што мацюгаліся пры малых дзетках. Але ж гэтыя пачвары ў будзёнаўках сістэмна кідалі на нашыя грады недапалкі і нават па тых градах тапталіся, а гэта для нармальнага беларуса – недаравальна.

Прабабка паставіла прыхадням попелку на ганку; не дапамагло. Прылюдна, каб іх прысароміць, рачкі поўзала па тых градах і збірала недапалкі – з яе пацяшаліся. Тады Сазонт Кірылавіч згадаў пра пляменніка, які ў 1928 годзе ўскочыў на партыйнага коня і ўдала рабіў кар’еру на чыгунцы, але пры гэтым усё ж заставаўся беларусам.

Карацей, праз суткі наш дом ад “пастоя” пазбавілі. Прадзед і прабабка ўздыхнулі з палёгкаю. 
Але ж чырвонаармейцы чамусь пакінулі “на памяць” вось гэты здымак. Мо, хацелі такім чынам падкрэсліць сваю культуртрэгіскую ролю ў перавыхаванні маіх цёмных і забітых Дзядоў у Сапраўдных Савецкіх Людзей. А, мо, мелася на ўвазе – “мы яшчэ вернімся!..”


Аўтар:
Уладзіслаў Ахроменка