Гомель падчас казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг.

0
540
Казацка-сялянская вайна і Гомель

Казацка-сялянская вайна на Беларусі 1648-1651 гг. пачалася пад непасрэдным уплывам падзей у Запарожжы i на Левабярэжнай Украіне. Перамогі Багдана Хмяльніцкага пад Корсунем і Жоўтымі Водамі спрыялі разгортванню на Украіне сялянскай вайны, якая з’яўлялася арганічнай часткай вызваленчай вайны ўкраінскага народа [1, с. 265]. З падыходам асноўных сіл казацкага войска Хмяльніцкага напрыканцы мая 1648 г. да Белай Царквы і з’яўленне казацкіх атрадаў ў Рэчыцкім і Мазырскіх паветах спрыяла распаўсюджванню летам 1648 г. сялянскіх і мяшчанскіх паўстанняў у паўднёва-усходняй Беларусі. З’яўленне ўкраінскіх казацкіх атрадаў на тэрыторыі ВКЛ фактычна распачало неабвешчаную вайну двух палітычных суб’ектаў — ВКЛ і Запарожскай Сечы, ад імя кіраўніка якой — Багдана Хмяльніцкага дзейнічалі казакі…

На думку М.I. Кастамарава, першыя казацкія атрады — загоны — з’явіліся ў беларускім Палессі напрыканцы мая 1648 г. [2, с. 98]. Аднак гэтае паведамленне выклікае пэўныя сумненні, бо падцвярджэння гэтага сцвярджэння ў крыніцах выявіць не ўдалося, а сам М.I. Кастамараў не вызначыў дакладна храналагічных рамак знаходжання на Беларусі першага загона, адзначыўшы толькі, што яго ўзначаліў П. Галавацкі [3, с. 239]. Загон Галавацкага значна папоўніўся за кошт жыхароў Старадубскага павету і ў другой палове чэрвеня — пачатку ліпеня зрабіў рэйд на Беларусь, што дало значны імпульс да распаўсюджвання сярод сялян паўстанцкага руху.

Падчас рэйда П. Галавацкага ў першай палове ліпеня казацкі загон пры дапамозе мясцовага сялянства і жыхароў горада авалодаў Гомелем, аб чым сведчыць адпіска вяземскіх ваяводаў ад 16 ліпеня. [4, с. 227]. А.С. Радзівіл у сваім дыярыушы таксама адначыў, што звесткі аб захопе казакамі Гомеля прыйшлі ў Варшаву 17 ліпеня [5, с. 298]. Паведамленні некаторых даследчыкаў аб узяцці Гомеля загонам Галавацкага ў кастрычніку 1648 г. прадстаўляецца неверагодным, бо ніяк не стасуецца з матэрыялам, які прадстаўляюць крыніцы [6, с. 61].

Гарнізоны ВКЛ аказаліся непадрыхтаваны да барацьбы з казакамі, таму што галоўная ўвага надавалася небяспецы верагоднай вайны з Расійскай дзяржавай. Смерць караля РП Уладзіслава IV Вазы 20 мая 1648 г. у спалучэнні з казацкім паўстаннем на Украіне стварыла спрыяльныя ўмовы для магчымай агрэсіі з боку Расіі. З гэтай прычыны кіраўніцтва ВКЛ намагалася перш за ўсё ўмацаваць памежную сістэму абароны, што адцягнула ўвагу ад барацьбы супраць казакоў. Крыніцы поўняцца дакладамі, што “літоўскія памежныя гарады ўсе ўмацоўваюць” [4, с. 217]. Відавочным фактам з’яўляедца і недаацэнка шляхецкім бокам пагрозы, якая зыходзіла з боку паўстаўшых казакоў. Паўстанне пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага ўспрымалася шляхтай як звычайны “казацкі бунт”, якіх было шмат ў першай палове XVII ст. Разгром кароннага войска, поўная непадрыхтаванасць войска BKЛ да такой небяспекі і актыўная падтрымка з боку часткі беларускага насельніцтва дазволілі казакам у ліпені 1648 г. амаль бесперашкодна распаўсюдзіцца ў беларускім ГІалессі і Падняпроўі.

У другой палове ліпеня з Украіны на Беларусь былі накіраваны казацкія загоны пад кіраўніцтвам Антона Нябабы, Крывашапкі, Мікуліцкага, Філона Гаркушы, Яна Сакалоўскага, Грыцко Бута, Напальчыча, якія імкліва распаўсюдзіліся па Палессі, заклікаючы сялян і мяшчан далучыцца да іх [2, с. 101]. Заклікі казацкіх правадыроў знайшлі падрыхтаваную глебу на Беларусі, што садзейнічала актыўнаму далучэнню часткі беларускага насельніцтва да паўстання. Жыхары Брагіна, Лоева, Гомеля самі адчынілі брамы і ўпусцілі казакоў у гарады. Гэтыя загоны былі накіраваны для замацавання ў Палессі і Падняпроўі, прыкрыўшы такім чынам правы фланг асноўнага войска Багдана Хмяльніцкага. Стратэгічнай мэтай гэтых загонаў з’яўлялася пашырэнне паўстання ў беларускіх паветах ВКЛ [7, с. 118].

Фрагментарныя звесткі дазваляюць меркаваць аб тым, што працэс фарміравання падраздзялення казацкага тыпу ішоў таксама ў Гомелі. Паводле звестак палонных, у Гомелі летам 1648 г., як і ў іншых гарадах і вёсках Рэчыцкага і Мазырскага паветаў, “усе паказачыліся і паабяцалі адзін аднаму абараняцца да апошняга” [7, с. 105]. Да канца жніўня становішча паўстанцаў у Рэчыцкім і Мазырскім паветах стала настолькі трывалым, што казакі перанеслі сваю скарбніцу з Чарнігава ў Гомель [8, с. 36].

З красавіка 1649 г. казакі Чарнігаўскага палка пад кіраўніцтвам М. Нябабы ўвайшлі ў Гомель [9, с. 66]. Значную ролю ў пераходзе горада пад казацкі кантроль адыгралі самі жыхары горада, якія паклікалі казакоў, адмовіўшыся даваць харчаванне фуражырам войска ВКЛ [7, с. 211].

Паводле розных крыніц, колькасць паўстанцаў у Гомелі можна ацаніць ад некалькіх соцень да 2,5 тыс. [7, с. 211; 10, с. 38]. На допыце пасля бітвы пад Загаллем 10 ліпеня паўстанцы паведамлялі, што ў Гомелі напрыканцы чэрвеня, акрамя загона ўкраінскіх казакоў, які складаўся з 4 харугваў, “у кожнай поўная сотня”, размяшчаўся таксама атрад мяшчан. Колькасць “казакоў … з мяшчанаў” не перавышала 1 тыс. чалавек, з якіх толькі каля 200 былі “гатовыя да бою”. Кіраўніцтва гомельскіх паўстанцаў знаходзілася ў падпарадкаванні чарнігаўскага палкоўніка М. Нябабы, ад якога “лісты і харугвы маюць”, а таксама атрымоўвала пасланні ад Б. Хмяльніцкага, якія “пісар з палкоўнікам і з двума або трыма сотнікамі адныя чытаюць, нікога да рады больш не дапускаюць” [9, с. 76]. 3 допыту Цімоха са Стрэшына ад 11 чэрвеня 1649 г. вядома, што паўстаўшыя гамяльчане, запусціўшы казакоў у горад, тым не менш у замак ім уваход забаранілі i не пусцілі [11, с. 12]. Гэта сведчыць, што ў горадзе працягвала дзейнічаць уласная адміністрацыя. Да канца ліпеня агульная колькасць паўстанцаў у Гомелі павялічылася да 4 тыс. чалавек. У ліпені 1649 г. Гомель фактычна пераўтварыўся ў буйнейшы казацкі цэнтр на тэрыторыі Беларусі.

Разам з тым, у горадзе існавала апазіцыя паўстанцкай адміністрацыі горада — палонны паўстанец 10 ліпеня 1649 г. паведаміў, што “згоды паміж тымі, хто ў Рэчыцы няма: адны хочуць здацца, другія ваяваць” [9, с. 76]. Іншы паўстанец падцвярджаў, што “у Гомелі адны думаюць паддацца, а іншыя хочуць моцна бараніцца”. Верагодна кіраўніком антыказацкай апазіцыі ў Гомелі ў чэрвені 1649 г. выступаў гомельскі войт Крыцавяж, які прапаноўваў здачу горада яго ўладальніку З. А. Слушку [11, с. 12; 9, с. 76]. Калі казакі і мясцовыя паўстаны выйшлі з горада на поле для попісу, “нейкія мяшчане хацелі тады зачыніць брамы” і не пускаць казакоў у горад. Але супраць гэтага выступіла другая частка гараджан і “казакі, пранюхаўшы пра тое, вярнуліся з поля” [11, с. 12]. Такім чынам, ва ўнутранай барацьбе сярод гамяльчан перамога аказалася на баку паўстанцаў. Аб лёсе Крыцавяжа паведамляюць наступныя радкі: “Войта свайго старэнькага, які наконт здачы горада пану свайму з імі [мяшчанамі — С. Ч.] дамаўляўся, пасадзілі ў кайданы”; “яго [Крыцавяжа — С. Ч.] увесь час б’юць і трымаюць пад вартай; лічаць, што ён са сваімі сынамі здраднік”[ 11, с. 12;, с. 76]..

У чэрвені-ліпені 1649 г. паказачаныя гамяльчане актыўна рыхтаваліся да баявых дзеянняў. “У Гомелі рыхтуюцца да [прыходу — С. Ч.] ляхаў” — паведамляў казак Аляксей з-пад Фастава, “паркан скрозь адрамантавалі, запасаюцца порахам”. Паўстанцы запасаліся правіянтам, хлебам і порахам, вырабляючы яго самастойна з сялітры. Была прыведзена у гатоўнасць гомельская артылерыя, у складзе якой было 12 гармат — 7 гомельскіх i 5 гомельскага ўладальніка З.А. Слушкі. Цікава адзначыць, што пушкарамі з’яўляліся самі гамяльчане “але з Украіны аніводнага” [11, с. 12]. На ўзбраенні паўстанцаў было каля 80 гакаўніц.

Паўстанцы былі настроены вельмі рашуча, казак Пятро Шчэпан адзначыў: “пра гомельцаў кажа, што калі да іх ляхі прыйдуць, будуць бараніцца да смерці, а калі моцнай патугі вытрымаць не здолеюць, тады ўсе пастанавілі ўцякаць на Украіну” [11; 12]. Па звестках казака Грыцка з Божны паказачаныя гамяльчане разам украінскімі казакамі нават планавалі прыняць адкрыты бои у полі, адстушушы у горад толькі у выніку няудачы [9; 76].

Напрыканцы ліпеня частка казакоў з-пад Гомеля рушыла на Чачэрск [33, арк. 350]. На жаль не хапае інфармацыі аб падзеях ў гэтым рэгіёне, аднак абапіраючыся на звесткі Й.Г. Шледэра, можна меркаваць, што пад Чачэрскам адбываліся баі паміж мясцовай шляхтай і казацка-сялянскім атрадам. Чачэрск быў узяты паўстанцамі ў аблогу, але здолеў утрымацца [12; 30].

Умовы Збораўскага міра прадугледжвалі вывядзенне казацкіх атрадаў з тэрыторыі ВКЛ, аднак, нягледзячы на ўмовы дагавора, казакі і мясцовыя паўстанцы імкнуліся працягваць барацьбу. Дзеля выканання ўмоў міра, пасол Б. Хмяльніцкага С. Мужылоўскі разаслаў да ўсіх казацкіх гарнізонаў ліст з патрабаваннем адыходу да Кіева. Да буйнейшага цэнтра казакоў у Рэчыцкам павеце — Гомеля, быў накіраваны атрад ротмістра Смольскага, які без боя авалодаў горадам “з усёй артылерыяй” [2, с. 94]. Такім чынам, падпісанне 18 жніўня Збораўскага дагавора прывяло да вываду казацкіх падраздзяленняў з тэрыторыі Беларусі, што паспрыяла падаўленню паўстання ў Гомелі і зніжэнню актыўнасці дзеянняў паказачаных сялянска- мяшчанскіх атрадаў мясцовых паўстанцаў.

У сувязі з актывізацыяй казацка-сялянскага руху на Беларусі ўвесну 1651 г. сялянскія паўстанні выбухнулі ў раёне Гомеля, Лоева, Магілёва, Чачэрска, Крычава. На чале гэтых атрадаў ўзгадываюцца казацкія палкоўнікі С. Падабайла, Шумейка, М. Нябаба, Краўчанка, Гаркуша. Гомель, які знаходзіўся пад кантролем войска ВКЛ, аказаўся сур’ёзнай перашкодай на шляху казакоў у Падняпроўе. Гарнізон Гомеля на чале з Мангомеры, узмоцнены казацкай харугвай 3. А. Слушкі і гарадской міліцыяй падрыхтаваўся да супраціўлення [13, 153]. Даследаванне намі фотакопіі “Рэляцыі аб аблозе Гомеля” прывяло да выяўлення памылкі ў храналогіі падзей у тэксце крыніцы, апублікаванай ў зборніку дакументаў “Документы об освободительной войне..” [7, с. 518]. Пачатак баявых дзеянняў пад Гомелем звязаны не з 13 чэрвеня, а з 3 чэрвеня, як гэта адзначана ў крыніцы, бліжэйшай да тэксту арыгінала [14, с. 379].

Раніцой 3 чэрвеня першыя казацкія атрады з’явіліся перад Гомелем i ўзялі горад у аблогу. 5 чэрвеня казакі зрабілі першую спробу авалодання горадам, але былі стрыманы мяшчанскай вартай і выбіты з горада пяхотай пад камандаваннем Паца. Аўтар рэляцыі асабліва адзначае вялікую ролю мяшчан у адбіцці атакі, якія “бердышамі моцна дапамаглі і, хаця і самі не абыйшліся без стратаў, забілі многіх непрыяцеляў” [14, с. 379].

Разам з тым, частка жыхароў горада шчыра спачувала казакам. Адзін мешчанін, перайшоўшы на бок казакоў, паказаў ім слабае месца ў абароне Гомеля, але гарнізон адбіў і гэты прыступ. Пасля штурма яшчэ сем жыхароў горада патаемна пералезлі праз паркан і перабеглі да казакоў. Я. Радзівіл у сваім лісце да караля паведамляе, што за гэта “нашы ўсіх мяшчан павыразалі” [7, с. 456-457]. Цяжка зразумець гэтую супярэчнасць — з аднаго боку, мяшчане бяруць актыўны ўдзел у абароне горада, а з другога з-за здрады некалькіх, усіх мяшчан знішчылі. Верагодна, у сваім паведамленні Яну Казіміру гетман падае неправераную інфармацыю, якая, дарэчы, змяшчаецца ў пастскрыптуме ліста. Для здабыцця Г омеля казакі папрасілі ў М. Нябабы артылерыю i пачалася новую, грунтоўную падрыхтоўку да штурма, будаўніцтва гуляй-гарадоў. Да казакоў бесперарыўна далучаліся мясцовыя сяляне, якія “па некалькі соцень… штодня.. да ніх (казакоў — С. Ч.) прыходзяць” [7, 456-457]. 6 чэрвеня 1651 г. пачаўся штурм Гомеля ўсімі сіламі казацкага войска, але гарнізон здолеў адбіць і тэты штурм і яшчэ наступныя 15 атак [14, с. 380 аб.].

9 чэрвеня 1651 г. Нябаба аддаў загад зняць аблогу з горада i спешна “ўдзень і ўначы” вяртацца назад, у лагер асноўных сіл казакоў пад Рэпкамі. Пасля атрымання гэтага паведамлення, казакі, па звестках аўтара рэляцыі “кінуліся да пераправы… як конныя, так і пешыя плаўцом. Ад гэтага на пераправе паднялася такая вялікая хваля, што перакуліла паром з людзьмі, i шмат ix патанула” [14, с. 381]. Адступаўшыя пакінулі харчаванне, вяндліну, бітую скаціну, муку ў такой колькасці, што гарнізон Гомеля быў забяспечаны харчаваннем на тры тыдні. Тыя казацкія групы, якія раз’ехаліся па навакольных вёсках нават не ведалі аб адступленні войска, і траплялі ў палон да жаўнераў гомельскага гарнізона.

Л.С. Абецэдарскі тлумачыць загадкавы адыход казакоў з пад Гомеля тым, што Б. Хмяльніцкі накіраваў да Радзівіла пасольства на чале са С. Падабайлам, але ў такім выпадку цяжка растлумачыць такое панічнае адступленне [2, с. 131]. На нашу думку яно было звязана з тым, што да Гомеля Радзівіл паслаў з Рэчыцы некалькі тысяч шляхціцаў пад кіраўніцтвам Г. Падбярэзскага [13, с. 153]. Няўдача каля Гомеля сарвала план казакоў злучыцца з войскам I. Шохава, якое 6 чэрвеня распачаяа баявыя дзеянні ў Верхнім Падняпроўі, спыніла прасоўванне казацкіх загонаў у Пасожжа з поўдня, што аб’ектыўна перашкаджала разгортванню новага сялянскага паўстання ў гэтым рэгіёне.

Вынікі ўдзелу гамяльчан ў вайне аказаліся несуцяшальнымі. У Гомелі, адным з першых беларускіх гарадоў, дзе замацаваліся казакі, назіраюцца значныя страты насельніцтва. Аб гэтым сведчыць запіска вяземскіх ваявод да цара ад 16 ліпеня 1648 г.: “[казакі — С. Ч.] забілі Жыдоў чалавек з васемсот, з жонкамі і дзецьмі больш за дзве тысячы…” [2, с. 227]. Гэтая інфармацыя падцвярджаецца яўрэйскімі хронікамі [15, с. 187; 16, с. 112]. Акрамя яўрэйскага насельніцтва пацярпелі таксама гомельскія адэпты рымскага каталіцтва. Рускія ваяводы паведамляюць, што ў Гомелі казакі “забілі ляхаў з шэсцьсот чалавек” [4, с. 227]. На нашу думку пад вызначэнне “ляхі” трапілі не толькі этнічныя палякі, але і мясцовая шляхта каталіцкай канфесіі, якая, верагодна, сабралася ў горадзе, дзе спрабавала абараніцца ад паўстанцаў. Такім чынам, толькі на першым этапе Казацка-сялянскай вайны дэмаграфічныя страты ў Гомелі перавысілі 2,5 тыс. чалавек. Агульную лічбу дэмаграфічных страт у горадзе выявіць не ўдалося з прычыны адсутнасці дакументальных звестках аб стратах насельніцтва ў 1649-1651 гг., але ўлічваючы інтэнсіўнасць баявых дзеянняў у рэгіёне, у спалучэнні з тэндэнцыяй да міграцыі паўстанцаў, і іх прыхільнікаў, жонак, дзяцей і сваякоў на Украіну, можна выказаць меркаванне аб значных дэмаграфічных і гаспадарчых стратах у горадзе і наваколлі.

Спіс літаратуры

  1. Степанков, В. Украінська революція 1648-1676 рр. у контексті европейського революційного руху XVI-XVII ст.: спроба порівняльного аналізу / В. Степанков // УІЖ. — 1997. — № 1. — С. 3-21.
  2. Абецедарскйй, Л. С. Белоруссия и Россия. Очерки русско-белорусских связей второй половины XVI XVII в. / Л. С. Абецедарский; под ред. З. Ю. Копысского. — Мінск : Выш. шк., 1978. — 256 с.
  3. Костомаров, Н. И. Материалы и исследования. Богдан Хмельницкий / Н. И. Костомаров. — М.: Чарли, 1994. — 768 с.
  4. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные археографическою комиссиею (АЮЗР). — Спб.: Тип. П. А. Кулиша, 1861. — Т. 3.-С. 604, 134, 22.
  5. Pamiеtniki Albrychta Stanistawa Radziwilla kanclerza W. Litowskiego. Wydane z r^kopismu przez Edwarda Raczynskiego. — W Poznaniu: 1889, U braci Scherkow. — Т. II. — 490 s.
  6. Ткачёв, М. А. Замки Белоруссии / М. А. Ткачёв. — Мінск : Полымя, 1987. — 222 с.
  7. Документы об Освободительной войне украинского народа 1648-1654 гг. — К.: Навукова думка, 1965. — 825 с.
  8. Чернигову 1300 лет: сб. документов и материалов. — Киев : Навукова думка, 1990.
  9. Мыцык, Ю. Палкоўнік Ілля Галота і Загальская бітва 1649 г. у святле новых дакументаў / Ю. Мыцык // Спадчына. — 2002. — № 5-6. — С. 64-75.
  10. Белоруссия в эпоху феодализма: сб. документов: в 3 т.- Мінск : Изд-во Академии наук БССР, 1960. — Т. 2.-560 с.
  11. Мицик, Ю. А. Національно-вйзвольна війна украі’нського народу 1648-1651 рр. на Сіверіщині очима полонених повстанців/ Ю. А. Мицик // Сіверянськйй літопис. — № 3. — С. 3-26.
  12. Уривки з німецькоі хроніки «Театр Европи» // Сіверянськйй літопис. — № 2.-С. 24-31.
  13. Ziеba, A. A. Sluszka Zygmunt Adam / A. Zi^ba // Polski slownik biograficzny. — Wroclaw, Warszawa, Krakow: Wyd-wo PAN, 1999. — Т. XXX1X/1. Zeszyt 160. — S. 153-156.
  14. Львоўская навуковая бібліятэка Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны імя Стэфаніка (ЛНБ). — Ф. Асалінскіх — Спр. 225/Н. — Арк. 379-381. Рэляцыя аблогі замка і горада Гомеля.
  15. Гакоген Сабботай. Послание // Еврейские хроники XVII столетия (эпоха ”Хмельничины“). — М.: Иерусалим: Гешарим, 1997. — С. 183-191.
  16. Пучина бездонная. Хроника Натана Ноты Ганновера/7 Еврейские хроники XVII столетия: (эпоха ”Хмельничины“). — М.: Иерусалим: Гешарим, 1997. — 81-138.

Аўтар: С.А. Чаропка
Крыніца: Страницы военной истории Гомельщины: материалы науч.-практ. конф., Гомель, 22–23 ноября 2008 г. / редкол. : А.А. Коваленя [и др.]. – Гомель, 2008. Ст. 218-223.