Гомель пад пяром летапісца

0
580
Гомель пад пяром летапісца

Да сярэдзіны XII ст. зямля радзімічаў — Пасожжа — была падзелена паміж двума магутнымі суседзямі: поўнач трапіла пад уладу смаленскіх князёў, а поўдзень увайшоў у чарнігаўскія валоданні. Князі сапернічалі паміж сабой, выступалі то саюзнікамі, то ворагамі. Узаемаадносіны Смаленска і Чарнігава часта даходзілі да лабавога супрацьстаяння, а то і да кровапраліцця, захопу гарадоў і паселішчаў суседа, паланення мірнага насельніцтва. Традыцыйнымі прычынамі супрацьстаяння чарнігаўскіх і смаленскіх князёў у 1140-я гады быў канфлікт за першынство і ўплыў у велікакняжацкіх справах.

Скарыстаўшы складаную сітуацыю ў Чарнігаве, смаленскі князь Расціслаў Мсціславіч здзейсніў у 1142 г. вайсковы паход у чарнігаўскія землі і, па словах летапісца, «взя около Гомия волость их всю». Гэты запіс некаторыя вучоныя зразумелі як захоп Гомія смалянамі. Аднак летапіс не дае падставы для такога адназначнага сцвярджэння. Трэба меркаваць, што Расціслаў задаволіўся разбурэннем багатай гомійскай акругі. Падзеі 1142 г. не прывялі да падзелу тагачасных палітыка-адміністрацыйных рубяжоў і Гомій застаўся пад уладай Чарнігава.

У сярэдзіне XII ст. горадам правіў чарнігаўскі князь Ізяслаў Давыдавіч як сваёй спадчыннай маёмасцю. Таму, калі Ізяслаў перайшоў на велікакняжацкае праўленне ў Кіеў, Гомій ён утрымаў за сабой, чым выклікаў раздражненне новага чарнігаўскага кня­зя, які марыў атрымаць багаты горад. У выніку княжацкай усобіцы 1158 г. за валоданне кіеўскім «сталом» Ізяслава выгналі са сталіцы. Месцам для сховішча ён абраў Гомій, куды i накіраваўся праз Вышгарад. Да гаміян ён прыбыў разам са сваяком кня­зем Святаславам Уладзіміравічам. Тэрмінова ён адправіў ганцоў за жонкай у Кіеў. Той пашчасціла ўцячы з дапамогай зяця Глеба Юр’евіча — сына Юрыя Далгарукага. Пераадолеўшы некалькі дзён шляху, ян а прыбыла ў Гомій.

Ізяслаў схаваўся ў Гоміі не выпадкова: горад сярод лясоў, на выпадак аблогі меў надзейныя фартэцыі, валодаў дастатковымі матэрыяльнымі і людскімі рэсурсамі, якія дазвалялі выгнанніку працягваць барацьбу за аднаўленне страчанай улады. Менавіта да такой думкі прыводзіць аналіз далейшых падзей, прама ці ўекосна звязаных з Гоміем. Ізяслаў Давыдавіч сабраў у Гоміі верных яму дружыннікаў, здзейсніў паход у вяціцкія валоданні свайго ворага князя Святаслава Усеваладавіча і захапіў там горад Облаў. У 1160 г. Ізяславу ўдалося аднавіць і ўладу над стольным Кіевам.

Пасля смерці Ізяслава ў 1161 г. Гомій перайшоў да князя Святаслава Ольгавіча, які прыняў уладу ў Чарнігаве ў 1158 г. Смерць Святаслава (1164) прывяла да таго, што па праву спадчыннасці чарнігаўскі стол заняў яго пляменнік па старэйшым браце Святаслаў Усеваладавіч. Аднак сын нябожчыка Алег Святаславіч таксама прэтэндаваў на Чарнігаў i іншыя чарнігаўскія гарады. Пачуўшы пра канчыну Свягаслава Ольгавіча, Святаслаў Усеваладавіч хутка адправіў сваіх пасаднікаў ва ўсе гарады, а ў Гомій — свайго сына. Факт накіравання ў Гомій прадстаўніка велікакняжацкага роду вядомы гісторык чарнігаўскай зямлі А.К.Зайцаў тлумачыць як магчымасць з’яўлення ў горадзе аўтаномнага удзельнага княжацкага праўлення.

Летапісны запіс пра падзеі 1164 г. падкрэслівае істотныя адрозненні Гомія ад іншых чарнігаўскіх гарадоў. Археалагічныя матэрыялы праясняюць сэнс шматзначных радкоў летапісу: Гомій сапраўды быў у шэрагу найбуйнейшых і багацейшых цэнтраў княства.

Калі б мелася магчымасць на пэўны час перанесціся ў Гомій XII ст., то нашу ўвагу прывабілі б бачныя з любога пункта горада грозныя вежы і баявыя сцены дзядзінца, ярусы харомнага княжацкага палаца, купалы манументальнага сабора. Каля падножжа крэпасці, ля самага Сожа, размяшчалася гарадская прыстань, куды ехалі з таварамі не толькі жыхары воласці, але і са Смаленска, Любеча, Чарнігава, Кіева і больш далёкіх гарадоў. На гандлёвай плошчы можна было сустрэць і заморскіх гасцей. З Кіева ў Гомій дастаўлялі шкляны посуд, бранзалеты і пярсцёнкі з каляровага шкла, рэчы хрысціянскага культу; з далёкіх візантыйскіх гарадоў Паўночнага Прычарнамор’я — вялікія чырвонагліняныя амфары з паўднёвым віном і аліўкавым алеем. Мясцовыя гандляры прапаноўвалі гасцям мёд, воск, харчовыя прадукты, жывёлу, вырабы гомійскіх майстроў — гліняны і драўляны посуд, металічныя ўпрыгожанні, прылады для ювелірнай і кавальскай справы, гаспадарчы інвентар, тканіны, адзенне.

Клеймы на гомійскім ганчарным посудзе канца X-XIII ст.
Клеймы на гомійскім ганчарным посудзе канца X-XIII ст.

У градскім пасадзе кіпела працоўнае жыццё. Да вузкіх вуліц, што стрэламі разбягаліся ад гарадзішча да брам гарадскіх умацаванняў, прымыкалі сядзібы гараджан. Тут жылі рамеснікі, у той ці іншай ступені звязаныя з абслугоўваннем княжацкай гаспадаркі. У час раскопак тут знойдзены майстэрні, у якіх апрацоўвалі бурштын, гатавалі шкляную паліву для пакрыцця глінянага посуду, лілі ўпрыгожанні з медзі, серабра і сплаваў, апрацоўвалі чорны метал.

Шкляны бранзалет — упрыгожанне гаміянкі XII-XIII ст.
Шкляны бранзалет — упрыгожанне гаміянкі XII-XIII ст.

Паблізу Сожа размяшчалася дру­гая частка сярэдневяковага горада — паўднёвы пасад, які цягнуўся ўздоўж ракі да месца сучаснай Ільінскай царквы. Тут жылі і працавалі касцярэзы, металургі, ганчары. Каля гарадской мяжы яны мелі ўласныя агароды і палеткі. Другі пасад — Паўночны — размяшчаўся па-над Сожам за Кіеўскім спускам.

Прылады гомійскіх рыбаловаў XI-XIII ст. дзвукроп'е - гарпун, крук-''кошка'', кручкі, гузік ад сеткі.
Прылады гомійскіх рыбаловаў XI-XIII ст. дзвукроп’е – гарпун, крук-”кошка”, кручкі, гузік ад сеткі.

Сярод археалагічных знаходак з Гомія ёсць па-сапраўднаму ўнікальныя рэчы. Да іх ліку, у прыватнасці, адносіцца невялікая свінцовая пячатка, знойдзеная летам 1990 г. збіральнікам гомельскіх старажытнасцей археолагам М.В. Бычковым.

Вучоным добра вядома, што свінцовыя пячаткі (іх яшчэ называюць буламі) у X-XV ст. падвешвалі на шнурах да розных грамат. Наяўнасць пячаткі пры дакуменце з’яўлялася сведчаннем яго аўтэнтычнасці. Пячаткамі, як правіла, забяспечвалі дакументы на дарэнне, куплю i про­даж зямельных угоддзяў. Права забяспечваць граматы пячаткамі нале­жала князям, мітрапалітам, буйным дзяржаўным чыноўнікам. На пячатках, знойдзеных археолагамі, найчасцей адлюстраваны Хрыстос, Багародзіца, святыя, княжацкія знакі. Правільна прачытаныя надпісы і знакі могуць дакладна высветліць узрост пячаткі (а разам з тым і пісьмовага дакумента, які ёй спадарожнічаў), імя яе ўладальніка.

Менавіта таму знаходка М.В. Быч­кова выклікала зацікаўленасць вучоных. На правым яе баку выціснута адлюстраванне святога-воіна з дзідай i шчытом, а побач — рэшткі неразборлівага надпісу, які, відаць, згадваў імя святога. На другім баку — скарочаны грэчаскі тэкст: «Божа, дапамажы рабу свайму Феадору». Такім чынам, на правым баку пячаткі — выява св. Феадора.

Перад намі княжацкая пячатка другой паловы XI — пачатку XII ст. Расшыфроўваючы сэнс выяў і змест надпісаў на сярэдневяковых пячат­ках, вучоныя заўважылі адну цікавую асаблівасць нашай гісторыі, а менавіта — дакументальна засведчанае існаванне ў старажытнарускіх князёў двух імён — свецкага, пад якім яны былі вядомы сучаснікам (напрыклад, Алег, Святаслаў, Ізяслаў, Мсціслаў), і хрысціянскага, якое давалася ім пад час хрышчэння і пад якім яны звычайна выступалі ў афіцыйных абставінах (напрыклад, Міхаіл, Мікалай, Дзмітрый, Фёдар). Так, вялікі чарнігаўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч Храбры (княжыў у 1024-1036 гг.) меў і другое імя — Канстанцін Васільевіч. Князь Алег Святаславіч, празваны Гараславічам (княжыў у 1078 г. і 1094-1096 гг.), у хрышчэнні быў Міхаілам Мікалаевічам.

Пячаткі, што з’яўляліся рэквізітамі дзяржаўнай улады, неслі адлюстраванні тых святых, якія былі нябеснымі заступнікамі іх зямных цёзак. Такім чынам, імя ўладальніка гомельскай пячаткі, якое той атрымаў у адпаведнасці з гіраваслаўнымі традыцыямі — Фёдар. Прымаючы пад увагу тып пячаткі, яе даты, А.А. Макушнікаў разам з маскоўскім гісторыкам А.А. Малчанавым прыйшлі да высновы, што яна належала сыну вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха — Мсціславу Уладзіміравічу, які княжыў ў Ноўгарадзе (1088-1094 ), Растове (1094 1096), другі раз у Ноўгарадзе (1096-1117), у Белгарадзе (1117-1125) і Кіеве (1125-1132). Як сведчаць «Мсціслава Евангелле» i «Хаджэнне Ігумена Данііла» — знакамітыя помнікі старажытнарускай «кніжнай прымудрасці» — у хрышчэнні Мсціслава называлі Фёдарам. Найбольш верагодная дата пячаткі канец XI ці пачатак XII ст.

На жаль, час не пашкадаваў пер­гамент, на якім прыкладна за 50 гадоў да першага ўпамінку Гомія ў летапісе быў напісаны ад імя вядомага дзеяча старажытнарускай гісторыі дакумент, што непасрэдна тычыцца зямлі продкаў сучасных гамяльчан.

Аўтар: А.А. Макушнікаў
Крыніца: Памяць. Гомель: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2-х кнігах / [уклад.: П. П. Рабянок]. — Мiнск: Белта, 1999. С. 31-35.