Атрад імя Р.І. Катоўскага быў адным з тых фарміраванняў, якія былі створаны на тэрыторыі Беларусі, а потым з розных прычынаў перамясціліся ў клятнянскія лясы РСФСР і ва ўзаемадзеянні з мясцовымі партызанамі, працягвалі змагацца супраць нямецка-фашысцкіх войскаў.
У кнізе “Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941-июль 1944)” утрымліваецца інфармацыя аб тым, што асобны партызанскі атрад імя Р.І. Катоўскага: сфарміраваны зімой 1941/1942 гг. па ініцыятыве капітана Каленчанкі і старшага лейтэнанта Рвачова з жыхароў Жлобінскага і Рагачоўскага раёнаў; дзейнічаў на тэрыторыі згаданых раёнаў, а таксама Быхаўскага; у верасні 1942 года быў выціснены карнікамі ў Арлоўскую вобласць РСФСР; далейшы лёс атрада па матэрыялах архіва не прасочваецца [4, с.400].
У дадзеным матэрыяле на аснове даследвання кніг “Памяць” гарадоў і раёнаў Беларусі, архіваграфічных матэрыялаў, успамінаў арганізатараў і удзельнікаў партызанскай барацьбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўдакладняецца інфармацыя пра фарміраванне атрада імя Катоўскага, падаецца яго баявы шлях і ўзаемадзеянне з расійскімі партызанамі.
Інфармацыя пра партызанскі атрад імя Катоўскага, змешчаная ў кнігах “Памяць” Жлобінскага і Быхаўскага раёнаў, датычыцца толькі парадку фарміравання атрада і не ўтрымлівае звестак пра яго баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі. У кнізе “Памяць” Жлобіна і Жлобінскага раёна” пачаткам арганізацыі атрада называецца верасень 1941 года і згадана, што аснову атрада склалі 32 ваеннаслужачыя 29-й механізаванай дывізіі 10-й арміі, а месцам дыслакацыі паказваецца вёска Антонаўка Кароткавіцкага сельсавета. Датай адыходу атрада ў Арлоўскую вобласць даецца верасень 1942 года [3, с. 182].
З усіх даследаваных матэрыяла найбольш поўная інфармацыя пра парадах фарміравання атрада імя Катоўскага, яго баявую дзейнасць на тэрыторыі Беларусі і РСФСР, узаемадзеянне з расійскімі партызанамі ўтрымліваецца ва ўспамінах Ільіных І.А., былога камандзіра партызанскага палка 4-й Клятнянскай брыгады “За Радзіму”, якая дзейнічала ў Клятнянскіх лясах. У іх зафіксавана, што ўтварэнне атрада імя Катоўскага і яго перамяшчэнне на тэрыторыю РСФСР праходзіла такім чынам. Восенню 1941 года з ваеннаслужачых Чырвонай Арміі, што апынуліся на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, утварылася група, якая на агульным сходзе выбрала сваім камандзірам Мікалая Прохаравіча Каленчанку, а камісарам Паўла Аляксандравіча Анікіна. У снежні 1941 года партызанская група прарвала акружэнне карнікаў і з боем выйшла ў Рагачоўскі раён, дзе ўстанавіла сувязь з мясцовым насельніцтвам і жыла то ў вёсках, то ў лесе [1, с. 147].
Такім чынам часам фарміравання атрада трэба лічыць вясну 1942 года, калі, гіаводле ўспамінаў І.А. Ільіных, група М.П. Каленчанкі аб’ядналася з кавалерыйскай групай старшага лейтананта П.М. Рвачова, які стаў начальнікам штаба. Атрад узяў на сябе імя Катоўскага [1, с. 147]. У склад атрада ўваходзілі эскадроны і ўзводы. Іх узначальвалі старшы лейтэнант Верашчагін, лейтэнант Рыгор Мартынюк, Канстанцін Смірноў [1, С.148]. Некаторы час атрад ажыццяўляў баявую дзейнасць блізу шашы Магілёў — Бабруйск. У адным з баёў разбіў 14 нямецкіх аўтамашын і знішчыў 49 фашыстаў [1, с.147]. Паводле інфармацыі, змешчанай у кнізе “Памяць” Быхаўскага раёна, 2 ліпеня 1942 года да атрада капітана М.П. Каленчанкі, які збіраўся перамяшчацца за лінію фронта, далучылася партызанская група, сфарміраваная з 46 жыхароў Ніжнетошчыцкага сельсавета Быхаўскага раёна. Гэтую партызанскую групу арганізавалі мясцовыя партыйна-савецкія актывісты В.Ц. Гадунцоў, M.Л. Максімаў, І.К. Казлоў [2, С.171].
У другой палове ліпеня 1942 года партызаны зняліся ca сваіх базаў і пачалі перамяшчацца на ўсход да клятнянскіх лясоў РСФСР. Па шляху руху партызаны захапілі склад з кавалерыйскім абмундзіраваннем і зброяй. Кавалерысты сталі асноўнай сілай атрада. Пры пераадоленні чыгункі Магілёў — Жлобін, якая моцна ахоўвалася, коннікі атрада днём раптоўна наляцелі на станцыю Тошчыца і падавілі супраціўленне немцаў. Партызаны знішчылі станцыйнае абсталяванне і два таварныя эшалоны з ваеннай маёмасцю [1, с. 147]. Ноччу на 27 ліпеня 1942 года недалёка ад Быхава партызаны захапілі паром і пад агнём нямецкіх гармат і мінамётаў фарсіравалі Днепр. Пасля такіх актыўных баявых дзеянняў атрада імя Катоўскага нямецкае камандаванне ўзмацніла ахову гарнізонаў, важных дарог і пачало пераслед партызан. Аднак атрад, удала манеўруючы, пазбягаў буйных сутычак і рушыў наперад [1, с.148].
Фарсіраванне Сожа адбывалася на поўнач ад беларускага раённага цэнтра Карма ва ўмовах жорсткіх баёў з пераўзыходзячымі нямецкімі сіламі як на правым, так і на левым беразе ракі. Пры недахопе сродкаў пераправы пад час фарсіравання ракі Сож партызанскі атрад панёс значныя страты. Сярод загінулых быў камісар Анікін [1, С.149]. У вырашальны момант бою на левым беразе Сожа партызанская група аўтаматчыкаў на чале з начальнікам штаба П.М. Рвачовым гіранікла ў тыл агнявых кропак немцаў і закідала іх гранатамі. Гэта дазволіла асноўным сілам атрада прарвацца ў лес. Перамяшчаючыся на ўсход, партызаны нападалі на паліцэйскія гарнізоны. На чыгуначным пераездзе Бялынкавічы — Сураж пусцілі пад адхон цягнік з жывой сілай і тэхнікай праціўніка [1, с. 150].
У сярэдзіне жніўня 1942 года атрад імя Катоўскага пад камандаваннем М.П. Каленчанкі прыбыў у Клятнянскія лясы і абсталяваў свой лагер побач з Мглінскім атрадам [1, с.151]. Такім чынам, сярэдзіна жніўня, а не верасень 1942 года (як згадваецца ў кнігах “Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944)” і кнізе “Памяць” Жлобіна і Жлобінскага раёна”) павінна лічыцца пачаткам дыслакацыі атрада на тэрыторыі РСФСР.
На аснове звестак, якія былі апублікаваны ў РСФСР, ёсць магчымасць прасачыць баявую дзейнасць атрада імя Катоўскага на расійскай тэрыторыі і яго ўзаемадзеянне з мясцовымі партызанамі.
У канцы лета 1942 года ў паўднёвай зоне клятнянскіх лясоў, акрамя двух згаданых атрадаў — імя Катоўскага і Мглінскага, размяшчаліся Клятнянскі атрад Глебава — Сямёнава, атрад “За Радзіму”, атрад “Бясстрашны” пад камандаваннем ст. лейтананта А.М. Яроміна (быў створаны на тэрыторыі Беларусі), атрад чэкістаў “Уперад” [5, с. 184]. Адносіны паміж атрадамі асноўваліся на прынцыпах ўзаемавыручкі і ўзаемадапамогі. Яны абменьваліся інфармацыяй і разведдадзенымі. Асноўнай формай узаемадзеяння партызан было сумеснае правядзенне баявых аперацый супраць праціўніка.
У жніўні 1942 года Ваенным саветам Заходняга фронту для каардынацыі дзейнасці і кіраўніцтва партызанскімі фарміраваннямі ў клятнянскіх лясах быў створаны Клятнянскі аператыўны цэнтр. Ён быў падпарадкаваны і штабу партызанскага руху Заходняга фронту [6, с.241]. Камандзірам цэнтра быў прызначаны маёр А.М. Галюга, камісарам — батальённы камісар П.В. Лебедзеў, начальнікам штаба — І.А. Панасенкаў. У склад Клятнянскага аператыўнага цэнтра ўваходзілі 18 партызанскіх атрадаў [8, с. 129]. Сярод іх былі беларускія: імя Катоўскага, “Бясстрашны”; расійскія — “За Радзіму”, Мглінскі, Клятнянскі, імя Чапаева ды інш [1, с.84].
Першай сумеснай баявой аперацыяй партызанскіх фарміраванняў цэнтра быў удар па нямецкіх камунікацыях вакол Сешчынскага аэрадрома ў пачатку кастрычніка 1942 года. Атрад імя Катоўскага знаходзіўся на правым фланзе ўдарнай групы, якая атакавала гітлераўскі гарнізон у паўднёвай частцы буйнога населенага пункта Пекліна, і ўзаемадзейнічаў з партызанскім палком “За Радзіму”, атрадамі Клятнянскі і Данчанкава. На левым фланзе ўдарнай групы знаходзіўся атрад “Бясстрашны” [1, с.86- 87]. Вынікам бою, праведзенага аб’яднанымі намаганнямі атрадаў пад камандаваннем Данчанкава, Рошчына, Панасенкава, Талочына, Глебава, Яроміна, Каленчанкі, Гарбачова, Капліна ў ноч на 2-га і 3-га кастрычніка, было знішчэнне складоў боепрыпасаў, харчавання, паліва, 4-х мастоў, 12 аўтамашын, было парушана 5,5 км чыгуначнай лініі, захоплена 7 кулямётаў, 22 мінамёты [6, с.241].
26 кастрычніка 1942 года для нарыхтоўкі запасаў на зіму беларускія партызанскія атрады імя Р.I. Катоўскага і “Бясстрашны” ва ўзаемадзеянні з расійскімі фарміраваннямі — палком “За Радзіму” і атрадам імя Чапаева, правялі напад на эканоміі ў Грамыках і Жытне. Гут немцы арганізавалі гаспадарку па адкорме жывёлы для забеспячэння мясам сваіх франтавых часцей. План аперацыі быў распрацаваны на нарадзе камандзіраў, якая праводзілася па ініцыятыве камандавання партызанскага палка “За Радзіму”. У выніку аперацыі партызаны захапілі сотні галоў буйной рагатай жывёлы, частка якой, а таксама шмат свіных туш, мукі, солі, мёду, масла было перададзена мясцовым жыхарам [1, с. 123-124].
У лістападзе 1942 года атрад імя Катоўскага быў удзельнічаў у чарговых арганізацыйных мерапрыемствах. Загадам №0056 Галоўнакамандуючага партызанскім рухам К.Я. Варашылава ад 15 кастрычніка 1942 года партызанскія атрады, якія дзейнічалі ў клятнянскіх лясах, аб’ядноўваліся ў партызанскія брыгады, а Клятнянскі аператыўны цэнтр расфарміроўваўся [6, с.247]. 17 лістапада была праведзена нарада камандавання партызанскіх фарміраванняў Клятнянскай зоны. На нарадзе намеснік начальніка аператыўнага аддзела Заходняга штаба партызанскага руху маёр А.А. Архангельскі давёў загад на рэарганізацыю партызанскіх сіл. Пераход на брыгадную структуру тлумачыўся тым, што гэта адпавядала ўзросшым задачам партызанскага руху і пераследавала мэту ліквідацыі кустаршчыны і сепаратызму дробных атрадаў, якія былі не ў стане самастойна выконваць буйныя баявыя задачы. На нарадзе камандзіры атрадаў, якія прывыклі да самастойнасці, настойвалі на захаванні за атрадамі ўласных базаў і месцаў дыслакацыі, на аператыўнай самастойнасці ў правядзенні разведкі і дыверсій. Прадугледжаваліся наступныя прынцыпы ўзаемаадносін унутры партызанскай брыгады. На штаб брыгады ўскладалася кіраванне ўсёй аператыўнай работай, адпраўка ў савецкі тыл параненых, прыём і размеркаванне ўзбраення і боепрыпасаў. Было вырашана, што ва ўмовах зімы немэтазгодна мяняць усталяваны парадак дыслакацыі атрадаў [1, с. 134-137]. У выніку праведзеных арганізацыйных мерапрыемстваў атрад імя Катоўскага разам з палком “За Радзіму” і Мглінскім атрадам увайшоў у склад 4-й Клятнянскай партызанскай брыгады. Камандзірам брыгады быў прызначаны I.А. Панасенкаў, камісарам М.М. Сухарукаў [9, с. 115]. Брыгадзе было вызначана месца дыслакацыі ў лясах на захад ад Акулічаў. У такім складзе брыгада дзейнічала да мая 1943 года [5, с.512].
Першую баявую аперацыю ва ўзаемадзеянні з іншымі падраздзяленнямі 4-й Клятнянскай партызанскай брыгады атрад імя Катоўскага правёў у ноч на ЗО лістапада
года, калі ўдзельнічаў у аперацыі па разгроме станцыі Жудзілава на лініі чыгункі Бранск-Унеча [5, с.575]. Для забеспячэння абароны правага фланга партызан, якія былі заняты ў Жудзілаўскай аперацыі, атрад пад камандаваннем М.П. Каленчанкі сумесна з Мглінскім атрадам наносіў удар па станцыі Расоха [8, с. 156]. У выніку нападу партызанскага палка “За Радзіму” станцыя Жудзілава была разбіта. Партызаны падарвалі воданапорную вежу, каля 100 рэек, спалілі склады з фуражом, забілі і паранілі больш за 200 гітлераўцаў [1, с. 159]. Акрамя таго, быў падарваны вагон з боепрыпасамі, знішчаны 22 танкі і нямецкі цягнік, які падыйшоў з боку станцыі Пачэп [8, с. 156-157]. Атрад імя Катоўскага пад час Жудзілаўскай аперацыі авалодаў станцыяй Расоха. Гарнізон, які складаўся з венграў, аказаў слабое супраціўленне. Шаснаццаць салдат здаліся ў палон. На станцыі была падарвана вадакачка, стрэлкі, семафор, разбурана сувязь [8, с.158].
У сярэдзіне снежня 1942 года нямецкае камандаванне пачало карную аперацыю супраць партызан, якія базіраваліся ў клятнянскіх лясах. Гітлераўскія сілы складалі дзве дывізіі, сем асобных батальёнаў, карныя батальёны “Днепр”, “Беразіна”, “Прыпяць”, паліцэйскія каманды, падраздзяленні двух авіяпалкоў і зенітных груп. 4-я Клятнянская брыгада ўступіла ў баі з карнікамі ў канцы снежня 1942 года. Партызанскі атрад імя Катоўскага шэсць разоў адбіваў атакі фашысцкіх лыжнікаў на пасёлак Хорнаўка. Апошні бой цягнуўся з раніцы да вечара. У гэтым баі гітлераўцы страцілі больш за 100 ваеннаслужачых. Толькі вялікая перавага ў сіле дазволіла карнікам адцясніць атрад [1, с. 166]. 18 студзеня 1943 года паўднёвая групіроўка партызанскіх атрадаў была поўнасцю блакіравана карнікамі. 20 студзеня ўкраінскае партызанскае злучэнне А.Ф. Фёдарава прарвала акружэнне і перайшло ў Злынкаўскія лясы. Ва ўсходнюю частку Клятнянскіх лясоў пасля прарыву сышла 3-я брыгада Клятнянская [1, с. 170]. У сувязі з гэтым становішча 2-й, 4-й Клятнянскіх брыгад і некалькіх атрадаў, якія засталіся ў блакадзе, рэзка пагоршылася. 29 студзеня на нарадзе камандзіраў быў прыняты план прарыву паміж населенымі пунктамі Маладзькова і Хорнаўка з выхадам за раку Іпуць. На наступны дзень частцы партызан 4-й Клятнянскай брыгады ўдалося выйсці з блакады. Сярод тых, хто не змог прарвацца, быў атрад імя Катоўскага. Акружаныя партызаны, прымаючы баі, манеўрыравалі да 5 лютага. Усе спробы прарвацца поспеху не мелі і таму было прынята рашэнне выходзіць з акружэння асобнымі атрадамі і групамі.
Атрад імя Катоўскага спешыўся і стаўшы на лыжы, манеўрырываў вакол Мамаеўкі і Арменкі. Камандаванне атрада паспяхова прымяняла тактыку абароны і нападу. Групы лыжнікаў, узброеныя кулямётамі і аўтаматамі, рабілі засады і раптоўныя налёты на калоны праціўніка. У адным з такіх налётаў было знішчана 37 гітлераўцаў, захоплена 5 кулямётаў і 17 аўтаматаў. 7 лютага 1943 года група партызан на чале з лейтэнантам С. Верашчагіным пад час прачэсвання лесу карнікамі выратавала мірных жыхароў і вывела іх потым у месца дыслакацыі атрада [1, с. 177]. Прыкладна ў сярэдзіне лютага атрад прарваўся праз нямецкае акружэнне і выйшаў у Мамаеўскія лясы.
У сакавіку-красавіку 1943 года атрад імя Катоўскага зрабіў больш за тысячу падрываў чыгуначнага палатна і пашкодзіў каля 5 кіламетраў сувязі. У гэты час атрад яшчэ ўваходзіў у склад брыгады, але дзейнічаў у асноўным самастойна. Ускладненне задач барацьбы з нямецкімі войскамі і колькасны рост 4-й Клятнянскай брыгады прывяло да супярэчнасці з існаваннем у яе складзе асобных разрозненых атрадаў. Да таго ж зімовая блакада ў пэўнай ступені парушыла ўзаемадзеянне складовых частак брыгады. Таму Заходні штаб партызанскага руху вясной 1943 года санкцыянаваў выдзяленне і поўную самастойнасць атрадаў імя Катоўскага і Мглінскага [1, с. 186]. Загадам па 4-й Клятнянскай партызанскай брыгадзе №46 ад 21.05. 1943 года з яе складу выдзеліўся атрад імя Катоўскага (камандзір капітан Каленчанка, камісар палітрук Дзмітрыеў), на базе якога пазней была ўтворана брыгада [5, с.570]. У адной з крыніц адзначаецца, што ў маі 1943 года ca складу 4-й Клятнянскай брыгады выдзелілася брыгада імя Катоўскага [6, с.430].
Пад час Курскай бітвы брыгада імя Катоўскага ўдзельнічала ў “рэйкавай вайне”. 3-га жніўня на лініі Крычаў — Унеча партызаны падарвалі 420 рэек [7, с. 162]. У верасні 1943 года, на завяршальным этапе партызанскай барацьбы на тэрыторыі РСФСР, брыгада дзейнічала ў трохкутніку Расуха — Унеча — Сураж. Падрыўнікі атрада Рыгор Сенячкін, Міхаіл Гур’янаў, Іван Пацёмкін падарвалі 8 воінскіх эшалонаў і арганізавалі праз сваіх агентаў падрывы магнітнымі мінамі цыстэрн з палівам [1, 228]. На момант вызвалення Браншчыны ад нямецкіх войскаў брыгада налічвала больш за 1000 партызан. У дваццатых чыслах верасня 1943 года брыгада імя Р.І. Катоўскага злучылася з часцямі 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса генерала Крукава і пайшла на фронт [1, с.305].
З даследаваных матэрыялаў можна зрабіць высновы, што партызанскі атрад імя Катоўскага пад час знаходжання на тэрыторыі РСФСР узаемадзеянічаў з расійскімі партызанскімі фарміраваннямі. Асноўнай формай узаемадзеяння быў сумесны ўдзел з расійскімі партызанамі ў баявых аперацыях супраць нямецка-фашысцкіх войскаў. У перыяд знаходжання атрада ў Клятнянскім аператыўным цэнтры, а потым у складзе 4-й брыгады рашэнне на баявое ўзаемадзеянне партызанскіх сіл прымала камандаванне гэтых фарміраванняў. Яно вызначала месца і задачы атрадаў у баявых аперацыях, каардынавала іх дзейнасць у баявой абстаноўцы.
Пасля расфарміравання Клятнянскага аператыўнага цэнтра партызанскія атрады, якія раней у яго ўваходзілі, пэўны час захоўвалі арганізацыйную самастойнасць. Таму сумесная аперацыя беларускіх і расійскіх атрадаў па нападзе на нямецкія эканоміі ў Грамыках і Жытне мела пэўныя асаблівасці. Яны заключаліся ў тым, што план аперацыі быў распрацаваны на нарадзе камандзіраў, якая праводзілася па ініцыятыве камандавання партызанскага палка “За Радзіму”.
Атрад імя Катоўскага толькі адзін з тых беларускіх атрадаў, якія разам з расійскімі партызанамі змагаліся супраць нямецкіх войскаў на расійскай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчынай вайны. Далейшае даследванне ўзаемадзеяння беларускіх і расійскіх партызан патрабуе вывучэння матэрыялаў пра баявую дзейнасць на тэрыторыі РСФСР такіх беларускіх партызанскіх фарміраванняў, як асобныя атрады “Бальшавік”, “Бясстрашны”, “За Савецкую Беларусь”, атрады Макеевіцкага, I.П. Дзюбы, І.Ц. Сямёнава, С.П. Мардашкіна, I. Памятнёва, А.Я. Курпачэнкі ды інш.
- Ильиных И. А. Шестьсот дней в боях и походах — Тула, Приок. кн. изд., 1969.
- Памяць: Гісторыка-дакум. хроніка Быхаў. р-на — Мн.: БелСЭ, 1990.
- Памяць: Гісторыка-дакум. хроніка Жлобіна і Жлобінскага раёна — Мн.: БелЭн, 2000.
- Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941-июль 1944). — Мн.: Беларусь, 1983.
- Партизаны Брянщины. Сборник документов и материалов- Брянск, Брянский рабочий,1962.
- Партизаны Брянщины. Сборник документов и материалов. Изд. 2-е, испр. и доп. — Тула, Приок. кн. изд-во, 1970.
- Пономаренко П.К. Рельсовая война // Неман, 1974. №3.
- Семёнов А.Ф. Шумел сурово Брянский лес — М.: Воениздат, 1960.
- Шли на битву партизаны. Сборник материалов науч. конф — Брянск, Приок. кн. изд-во, Брян. отд-ние, 1972.
Аўтар: А.А. Крыварот
Крыніца: Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы : матэрыялы Міжнар. навук. канф, 28-29 верас. 2006 г. / Гомел. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны, Гіст. фак. ; рэдкал.: Р.Р. Лазько (гал. рэд.) [і інш.]. Ст. 265-270.