Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя (ГМКГА) “Талака” – самая старая няўрадавая грамадская арганізацыя ў Гомелі і Беларусі.
Асноўнымі мэтамі і прадметамі дзейнасці ГМКГА “Талака”, згодна Статуту, з’яўляюцца: вывучэнне, захаванне і папулярызацыя сярод моладзі беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі ды краязнаўчая дзейнасць як адзін з фактараў нацыянальнага адраджэння Беларусі і пабудовы дэмакратычнага грамадства.
Асноўнымі задачамі “Талакі” з’яўляюцца:
1. Пашырэнне ў грамадстве беларускай мовы і гістарычных ведаў.
2. Папулярызацыя ў моладзевых і іншых асяродках беларускай этнаграфіі.
3. Адраджэнне беларускіх народных рамёстваў, мастацкіх промыслаў. Далучэнне іх да моладзі.
4. Аднаўленне старажытных народных святаў і абрадаў, прыцягненне моладзі да ўдзелу ў іх.
5. Вывучэнне роднага краю Гомельшчыны і прылеглых мясцінаў.
6. Збор і сістэматызацыя матэрыялаў па краязнаўству і традыцыйнай культуры Гомельшчыны, складанне на іх базе адукацыйных праграмаў.
Пры дасягненні статутных мэтаў і вырашэнні статутных задачаў “Талака” дзейнічае наступнымі метадамі:
1. Арганізуе культурна-асветніцкія імпрэзы – выступы, вечарыны, конкурсы, канцэрты і іншыя культурна-асветніцкія мерапрыемствы.
2. Выступае ў навучальных, культурніцкіх установах.
3. Ладзіць традыцыйныя святы і выконвае традыцыйныя абрады.
4. Вырабляе і збірае прадметы беларускага народнага побыту.
5. Фіксуе, апрацоўвае і вывучае фальклёрна-этнаграфічны матэрыял.
6. Ладзіць фальклорна-этнаграфічныя, краязнаўчыя вандроўкі па Гомельшчыне.
7. Стварае базу звестак па традыцыйнай культуры і краязнаўству Гомельшчыны.
8. Выдае інфармацыйныя матэрыялы, скіраваныя на дасягненне статутных мэтаў і задачаў.
Вышэйшы орган “Талакі” – Агульны Сход. Паміж Агульнымі Сходамі кіраўніцтва ГМКГА “Талака” ажыццяўляе Рада, якая складаецца са Старшыні Рады, Маршалка і Скарбніка.
Старшынямі “Талакі” былі: Алесь Яўсеянка, Ігар Барташэвіч, Алег Кацапаў, Зміцер Сасноўскі, Сяржук Вінаградаў, Яўген Малікаў, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс.
Дзейсны старшыня – Зміцер Кірэенка.
Гісторыя “Талакі”
Гісторыя ”Талакі” пачалася ў 1986 годзе, калі мужа і жонку Таццяну Сапач і Сяргея Дубаўца, выпускнікоў журфака БДУ, размеркавалі на працу ў Гомель. Таццяна і Сяргей яшчэ студэнтамі ў Менску былі людзьмі грамадска актыўнымі, цікавіліся беларушчынай (перадусім мовай ды культурай), наведвалі “Майстроўню” – суполку, з якой пазней паўстала менская “Талака”, размаўлялі па-беларуску, што было нечувальным для тых часоў. Сяргея Дубаўца працаваў журналістам у “Гомельскай праўдзе”, дзе ён разам з Барысам Пятровічам былі адзінымі супрацоўнікамі, якія на працы размаўлялі па-беларуску.
Сяргей і Таццяна былі захоплены ідэяй распаўсюду шырокага талакоўскага руху па ўсёй Беларусі. Яны марылі стварыць у кожным абласным цэнтры такія арганізацыі, якія б займаліся адраджэннем беларускай мовы,традыцыйнай культуры, вывучэннем беларускай гісторыі. Варта зацеміць, што суполкі з назвай “Талака” паўсталі толькі ў Менску і Гомелі, і ўжо пазней арганізацыі падобнага накірунку дзейнасці ўзніклі ў Гародні – называліся “Паходня”, і ў Віцебску – “Узгор’е”.
У Гомелі ўжо некалькі гадоў існавала кола маладых творчых людзей, якія цікавіліся беларускай гісторыяй, краязнаўствам. У якасці валанцёраў, яны, некалькі разоў ездзілі ў Ветку, дзе працавалі над добраўпарадкаваннем памяшкання і тэрыторый, якія зараз з’яўляюцца Веткаўскім музеем – займаліся будаўнічымі працамі, прыборкай тэрыторыі, выносам смецця.
Маладыя гамельчукі дапамагалі заснавальніку Веткаўскага музея Фёдару Шкляру, чыя асабістая калекцыя (старасвецкія кнігі, карціны, абразы, рушнікі, строі) стала падмуркам будучай экспазіцыі.
Шляхі гомельскіх аматараў краязнаўства і сям’і Дубаўцоў перакрыжаваліся ў красавіку 1986 года. Гэтая дата і можа лічыцца датай заснавання “Талакі”, хаця гэтая назва з’явілася пазней. Сяргей Дубавец прапанаваў гомельскім актывістам Алесю Яўсеянку, Алегу Чыжу, Ларысе Сымаковіч ды іншым пачаць рэгулярна збірацца ў памяшканні газеты “Гомельская праўда” і заснаваць “Клуб маладых журналістаў” пры рэдакцыі газеты. На сваіх штотыднёвых паседжаннях маладыя людзі займаліся абмеркаваннем актуальных для іх праблем беларусізацыі горада: як данесці да людзей беларускае слова, як спрыяць пераводу дзіцячых садкоў, школ, ВНУ на беларускую мову.
Неўзабаве галоўнага рэдактара “Гомельскай праўды” Лазько выклікалі ў гаркам партыі і загадалі выгнаць “недабітых нацыяналістаў” з памяшкання рэдакцыі. Актывісты да таго часу ўжо адчулі смак грамадскай працы на карысць беларушчыны і вырашылі стаць сябрамі буйной арганізацыі “Таварыства аховы помнікаў культуры”, якая фармальна была грамадскай, а фактычна дзяржаўнай. “Таварыства” налічвала сотні сябраў, напрыклад, студэнтаў, якіх прымушалі сплочваць унёскі. У паслугах сапраўдных грамадскіх актывістаў арганізацыя патрэбы не мела, да таго ж актывісты размаўлялі па-беларуску, таму да іх паставіліся досыць насцярожана.
Але ў краіне імкліва распачыналіся грамадска-палітычныя ды эканамічныя працэсы, якія атрымалі назву “перабудова”.Стыхійна ўтвараліся, як іх тады называлі, нефармальныя маладзёвыя аб’яднанні, і кампартыя паставіла сабе за мэту ўзяць іх пад кантроль. З гэтае прычыны камсамолу было даручана згуртаваць вакол сябе гэтыя нефармальныя маладзёвыя аб’яднанні. Гомельскі гаркам камсамолу стварыў “Фонд маладзёжных ініцыятыў”, куды ўвайшлі арганізацыі “Талака”, “Вытокі”(кіраўнік- Уладзімір Ліцьвінаў, займалася гісторыяй ды археалогіяй), дыскусійны клуб “Дыялог”(кіраўнік Барыс Жарскі), “Ракурс” (прадзяржаўная маладзёвая арганізацыя, створаная пры універсітэце) -, фотаклуб “Палессе” ды іншыя. Для чальцоў фонда арганізоўваліся круглыя сталы, прапаноўвалася дапамога. Для талакоўцоў на той час самай актуальнай праблемай была адсутнасць памяшкання для сталых пасяджэнняў.
Гарадскія ўлады прапанавалі на выбар некалькі памяшканняў пераважна ў якіх-небудзь дзяржаўных установах. Талакоўцы адмовіліся, бо збіраліся ўвечары, а дзяржаўныя ўстановы зачыняліся пасля заканчэння працоўнага дню. А вось закінутае бомбасховішча па вуліцы Першамайская талакоўцы ўпадабалі адразу. Надалей дасціпныя сябры арганізацыі называлі месца для сходаў “талакасховішчам”. Памяшканне добраўпарадкавалі, ачысцілі ад смецця, аздобілі карцінамі, рушнікамі, абразамі і нават ліштвамі (са знесеных старых дамоў Гомеля) і пачалі рэгулярна збірацца шточацвер а 19.00. На “Талацэ” амаль адразу быў уведзены моўны рэжым: размаўляць толькі па-беларуску, бо на пасяджэнні прыходзіла багата людзей, якія ў штодзённым жыцці размаўлялі па-расейску. Талакоўцы самі толькі-толькі пачалі размаўляць па-беларуску, і таму мова ў іх была яшчэ часцяком слабая і недасканалая. На пасяджэннях талакоўцы слухалі лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, развучвалі традыцыйныя беларускія спевы. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці “Талакі” на той час былі вывучэнне, даследаванне, папулярызацыя краязнаўства, этнаграфіі, фальклора, гісторыі (перадусім Гомельшчыны), а таксама экалогія, абарона ад у гэтым плане руйнавання архітэктурных помнікаў і старых будынкаў. Талакоўцы пачалі збіраць прыгожыя старыя ліштвы з вакон дамоў, што руйнаваліся па вуліцы Старачарнігаўская, Нова-Палеская. Асноўная заслуга ў пачатку працэсса вывучэння і захавання драўлянага дэкору ў Гомелі належыць талакоўцу Андрэю Скідану.
Рэкрутавалі сябраў арганізацыі пераважна праз асабістыя кантакты. Шмат студэнцкай моладзі прыйшло ў арганізацыю пасля таго, як талакоўцы паўдзельнічалі ў археалагічных раскопках старажытнага Гомеля пад кіраўніцтвам археолага Алега Макушнікава. Раскопкі адбываліся на месцы будучага кінатэатра імя Ісачанкі, дзе студэнты гістфака праходзілі там археалагічную практыку. У выніку на “Талацэ” з’явіліся Наталля Пінчук, Святлана Ткач ды іншыя.
Талакоўцы настойліва патрабавалі ад “Таварыства аховы помнікаў культуры і гісторыі” павесіць шыльды “Ахоўваецца дзяржавай” на старыя будынкі горада. Талакоўцы і самі выраблялі і замацоўвалі такія шыльды. Паказальнай ёсць гісторыя, якую экс-старшыня “Талакі” Алесь Яўсеянка называў “Як мы ганялі альпіністаў”.
Мясцовыя ўлады далі дазвол гомельскім альпіністам трэніравацца на руінах праваслаўнай Мікалаеўскай царквы, пабудаванай яшчэ ў 1805 годзе ў стылі класіцызм у раёне Старой Валатавы. Абураныя талакоўцы спачатку спрабавалі размаўляць з альпіністамі, пераканаць у неэтычнасьці і шкоднасці для помніка выкарыстаць будынак царквы для заняткаў альпінізмам, але спартсмены працягвалі трэніравацца. Тады талакоўцы проста фізічна выштурхнулі альпіністаў з тэрыторыі царквы. Яны самі вырабілі шыльду “Помнік архітэктуры” і замацавалі яе на будынку царквы. Гэтая шыльда правісела аж да пачатку рэстаўрацыі ў 2005 годзе.
Пад кіраўніцтвам Таццяны Сапач талакоўцы пачалі вывучаць каляндарна-абрадавыя святы (Каляды, Гуканне вясны, Купалле), развучвалі абрадавыя песні. Яны папулярызавалі іх у розных навучальных ды іншых установах Гомеля, ад дзіцячых садкоў да універсітэта. “Талака” зладзіла шэраг гістарычных імпрэз сярод якіх: вечары памяці слынных сыноў Беларусі Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшкі.
Напрыканцы 1980-х у “Талаку” ўваходзілі Алесь Яўсеенка, Алег Чыж, Барыс Сачанка, Алесь Бяляцкі, Наталля Пінчук, Святлана Ткач, Алесь Яжоў, Міхась Тозік, Мікола Багданаў, Ігар Барташэвіч, Мікола Касінер, Зося Фейгіна, Валер Кірык, Андрусь Скідан.
26 красавіка 1989 года “Талака” арганізавала жалобны мітынг, прысвечаны ўгодкам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У мітынгу ўдзельнічалі больш за 100 чалавек. Акцыя выклікала вялікі розгалас у грамадстве, бо такога ў Гомелі яшчэ ніколі не было, а адпаведна і вялікую ненавіць мясцовага партыйнага кіраўніцтва.
Значнай грамадскай акцыяй “Талакі” ў 1989 годзе быў збор подпісаў за адкрыццё беларускамоўных класаў на Сельмашы, дзе пражывала найбольш выхадцаў з вёскі, для якіх беларуская мова была бліжэй. Сабраныя подпісы талакоўцы перадалі ў газету “Літаратура і мастацтва”, а адтуль іх накіравалі ў Міністэрства адукацыі. У выніку старшыню “Талакі” Алеся Яўсеянку выклікалі ў гаркам партыі і абвінавацілі ў распальванні міжнацыянальнай варожасці.
У 1990 годзе аналагічны збор подпісаў талакоўцы ладзілі ў раёне Старога Аэрадрома. Талакоўцы збіралі подпісы за перадачу планетарыя – былога сабора Пятра і Паўла – гомельскім вернікам. У выніку было сабрана 2000 подпісаў. Калі сабор нарэшце перадалі вернікам, талакоўцы бралі актыўны ўдзел у яго добраўпарадкаванні, быў арганізаваны збор подпісаў супраць забудовы парка. У гэтым жа годзе пры “Палацы моладзі” Гомсельмаша загадчыца аддзела моладзі талакоўка Вальжына Цярэшчанка стварыла нядзельную школку для дашкалятак, дзе дзеткі знаёміліся з беларускімі традыцыямі, песнямі, гульнямі.
Значным накірункам дзейнасці “Талакі”на той час быў экалагічны. У траўні 1988 года талакоўцы зладзілі вандроўку па Прыпяці на чаўнах, пратэстуючы супраць меліярацыі Палесся.
Другой значнай экалагічнай акцыяй “Талакі” была вандроўка на чаўнах па рацэ Заходняя Дзвіна, дзе сябры гомельскай “Талакі” далучылася да менскай “Талакі” (сярод 40 удзельнікаў акцыі 10 чалавек былі з Гомеля). Акцыя была скіравана супраць будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на тэрыторыі Латвіі пад Даўгаўпілсам. Будаўніцтва электрастанцыі магло стаць экалагічнай катастрофай, бо затопленымі апынуліся б вялізарныя тэрыторыі Беларусі і Латвіі, у тым ліку помнікі гісторыі.
Удзельнікі акцыі плылі 3 дні на 10 чаўнах з транспарантамі, спыняліся ў населеных пунктах, ладзілі імправізаваныя мітынгі, інфармавалі насельніцтва пра будаўніцтва, давалі шматлікія інтэрв’ю, уздымаючы такім чынам хвалю грамадскага абурэння. Акцыя праходзіла ва ўмовах моцнага ціску з боку афіцыйных улад, над удзельнікамі курсіравалі вайсковыя шрубалёты, міліцыянты пагражалі рэпрэсіямі. Талакоўцы пачалі сумна жартаваць, што калі яны там патонуць, дык на Беларусі не застанецца ніводнага нацыянальна свядомага беларуса. У канечным выніку будаўніцтва ГЭС так і не адбылося, у тым ліку дзякуючы праведзеным акцыям пратэста.
Значнай культурніцкай падзей для Гомеля сталася адкрыццё філіяла беларускага гуманітарнага ліцэю, дырэктарам якога стаў старшыня “Талакі” Алесь Яўсеянка. Са школьнікаў старэйшых класаў былі створаны тры групы, заняткі ў ліцэі праходзілі раз на тыдзень у нядзелю, наведвальнікам чыталі лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі. Пазакласнае культурніцкае жыццё ліцэю арганізоўвала “Талака”: запрашала на свае мерапрыемствы, развучвала з ліцэістамі беларускія гульні, танцы, песні.
У красавіку 1991 года ў “Палацы моладзі” Гомсельмаша талакоўцы ўдзельнічалі ў арганізацыі фэста з удзелам зорак беларускай бардаўскай песні: Андруся Мельнікава, Сержука Сокалава-Воюша, Алеся Камоцкага, Леры Сом, Зміцера Хведарука, Юрася Змушко, Вальжыны Цярэшчанкі.
Талакоўцы выявілі свой патрыятызм і ў рэлігійных пытаннях. Уніяцкі святар Пётр Кузмічоў у Львове атрымаў дабраслаўленне на стварэнне ўніяцкай суполкі ў Гомелі. Для рэгістрацыі суполкі патрэбна было 20 чалавек. Першымі вернікамі сталі талакоўцы, прычым не з рэлігійных памкненняў, а хутчэй з патрыятычных – каб спрыяць адраджэнню традыцыйнай беларускай рэлігіі ў Беларусі. Да іх таксама далучыліся сябры грамадскай арганізацыі “Вытокі”. У выніку усіх гэтых намаганняў уніяцкая суполка ў Гомелі была зарэгістраваная, пачаліся набажэнствы па ўніяцкім абрадзе. У Гомель прыязджаў і ладзіў набажэнствы айцец Надсан – апостальскі візітатар для грэка-каталікоў у Беларусі, упаўнаважаны Ватыкана. Праз шэсць месяцаў уніяцкая суполка была зарэгістравана ў Менску. Першым уніяцкім дыяканам у Беларусі стаўся талаковец Алег Кацапаў.
Напрыканцы 1980-х гадоў талакоўцы на засталіся ўбаку ад дынамічных палітычных працэсаў. “Талака” пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнічала ў першамайскай дэманстрацыі 1989 года. Талакоўцы паспрабавалі стаць ў канцы афіцыйнай калоны, але міліцыянты іх выштурхнулі на ходнікі. Маладзёны не разгубіліся, а пабеглі праз кінатэатр імя Калініна на вуліцу Савецкую, дзе разам з калонай прайшлі са сцягамі па цэнтральнай вуліцы горада да Плошчы Паўстання.
Гомельскія талакоўцы былі сталымі ўдзельнікамі шэсця Дзяды, памінання ахвяр таталітарызму ў Менску. “Талака” на пачатку 1989 года брала ўдзел у першым мітынгу ў Беларусі на стадыёне Дынама.
“Талака” сталася падмуркам для стварэння БНФ у Гомелі. У 1989 годзе, калі менскаму БНФ адмовілі ў рэгістрацыі, ў Гомелі больш ліберальнае кіраўніцтва на чале з С.К. Гальдадзэ зарэгістравала першую ў Беларусі структуру БНФ – ГБНФ (Гомельскі Беларускі народны фронт). Яго ўзначаліў Алесь Яўсеянка. Большасць талакоўцаў пайшлі ў гэтую палітычную структуру, мяркуючы, што патэнцыял “Талакі” ўжо вычарпаны. Але час засведчыў, што яны, на шчасце, памыліліся.
Пасля зыходу ў палітыку большасці сябраў “Талакі” ў 1992 годзе ў арганізацыі засталіся толькі Зміцер Сасноўскі, Сяржук Вінаградаў. Паступова, дзякуючы намаганням гэтых бліскучых асоб, “Талака” пачала адраджацца, у яе пацягнуліся новыя маладыя актывісты.
З актывізацыяй дзейнасці “Талакі” ў той час моцна дапамагла менская маладзёвая арганізацыя “Выбранецкія шыхты” на чале з Ігарам Міхно. Некаторы час “Талака” нават афіцыйна лічылася філіяй “Выбранецкіх шыхтоў” і назавалася афіцыйна: “Гомельская выбранецкая брыгада “Талака”. На пачатку снежня 1992 года некалькі талакоўцаў (С.Вінаградаў, З.Сасноўскі, Н.Брэль) з’ездзілі ў Менск на Першы Балцкі Дударскі фэст, адкуль прывезлі багата беларускіх і балцкіх традыцыйных танцаў: кракавяк, падыспань, розныя полькі, ваярскі танец, латышскі танец, польку-агату, балцкую ойру ды інш. Неузабаве “Талака” атрымала ад “Шыхтоў” касэту з музыкай гэтых танцаў і дудку, якую за адзін тыдзень паспяхова засвоіў Сяржук Вінаградаў. З таго часу на працягу доўгага перыяду развучванне ды рэпэтыцыі гэтых танцаў стала неад’емнай часткай талакоўскіх паседжанняў, разам з спяваннем народных і бардаўскіх песняў. З гэтымі танцамі талакоўцы часта выступалі па розных навучальных установах, а таксама на імпрэзах, арганізаваных гарадскімі ўладамі. Асабліва часта запрашалі выступіць “Талаку” перад замежнікамі, якіх цікавіла традыцыйная культура.
ЛЕТАМ 1993 г. ўпершыню зладжана першае Купалле новага складу “Талакі” – у гэым жа выглядзе яно існуе ў дзейнасці арганізацыі і зараз. Першы раз у студзені 1993г. талакоўцы ўзялі ўдзел у абрадзе жаніцьба Цярэшкі па запрашэнню “Выбранецкіх шыхтоў” на Меншчыне. На наступны год талакоўцы ўжо самастойна ладзілі ў Гомелі гэтае свята.
30 красавіка 1993 года “Талака” сумесна з арганізацыяй “Выбранецкія шыхты” выправілася ў краязнаўча-этнаграфічную вандроўку “Беларуская Смаленшчына”, якая паставіла за мэту зафіксаваць рэшткі беларускай культуры на этнічных беларускіх землях, што дагэтуль падлягаюць пад Расеяю. Экспедыцыя ў складзе 20 чалавек пачала сваё пешае падарожжа з невялікага мястэчка Мсціслаў, пабывала ў вёсках Бізюкі, Еўлашы, Пустынкі, Любавічы, Слівін, Калеснікі, Пажаршчына, Хіславічы. Скончылі падарожжа ў Смаленску. Падчас вандроўкі талакоўцы запісвалі ўспаміны мясцовых жыхароў, мясцовы фальклор, аглядалі шматлікія архітэктурныя помнікі. Па матэрыялах экспедыцыі талаковец Яўген Касцюшка надрукаваў дзве публікацыі.
Напрыканцы 1993 года калі арганізацыя “Выбранецкія шыхты” абвесціла, што перастае быць культурніцкай суполкай, а пераходзіць у форму агрэсіўнага паганства “Талака” перарвала з “Шыхтамі стасункі.
У 1993 годзе талакоўцы наведалі бардаўскі фэст “Крапівеньскае поле” на месцы знакамітай Аршанскай бітвы, калі войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага разбілі ў 1514 г. маскоўскія войскі. Талакоўцы бралі ўдзел у цэрэмоніі ўсталявання каменя з памятнай шыльдай на Крапівеньскім поле. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел 12 талакоўцаў.
Восенню 1994 на “Талацэ” з’явілася дуда. Зьміцер Сасноўскі і Сяржук Вінаградаў, кожны паасобку, рабілі дуду, але на той час атрымалася толькі ў Сяржука Вінаградава, на якой ён паспяхова граў на “Талацэ” да свайго зыходу з арганізацыі.
“Талака” брала ўдзел у 1-й сустрэчы беларускай моладзі свету ў 1994 г.
12 кастрычніка 1997 года “Талака” брала ўдзел ва Украінска-Беларускім моладзевым форуме “Крок назустріч” з мэтаю наладжвання сувязяў паміж моладзевымі арганізацыямі рэгіёнаў-суседзяў Чарнігаўскай і Гомельскай вобласцяў.
З 1995 года пачынаецца чарговы новы этап у жыцці арганізацыі. У “Талаку” прыходзяць новыя сябры, часам на пасяджэннях прысутнічала да 25 чалавек. Для талакі таго часу гэта быў вялікі прарыў! Сустрэчы адбываліся шточацвер, а 19 гадзіне ў памяшканні на праспекце Кастрычніка. Талакоўцы развучвалі традыцыйныя танцы, спевы, гульні, рыхтавалі тэатральныя пастаноўкі, абмяркоўвалі грамадска-палітычнае жыццё краіны і, канешне, вельмі прыемна бавілі час. Амаль на кожным пасяджэнні спявалі песні пад гітару знакамітых бардаў, асабліва запальвала талакоўцаў творчасць зямляка – гомельскага барда Андруся Мельнікава і барда з Гародні Віктара Шалкевіча.
У гэты час паступова выпрацавалася традыцыя ажыццяўлення талакоўскай дзейнасці згодна з беларускім традыцыйным календаром. З таго часу “Талака” жыве наступным “графікам”:
У ноч з 6 на 7 студзеня “Талака” ладзіць архаічную калядную гульню “Жаніцьба Цярэшкі”. Упершыню на “Талацэ” пачалі жаніць Цярэшку ў 1995 годзе, апошняя Цярэшка адбылася ў 2002 годзе. Звычайна збіраліся на лецішчы ці ў прасторнай прыватнай хаце аднога з сябраў арнанізацыі. У абрадзе звычайна ўдзельнічала каля 30 чалавек, прычым не толькі з ліку талакоўцаў, а ўсе ахвочыя. На пачатку абрада моладзь абірала сабе “матку” і “бацьку”, якія надалей займаліся падборам пар для жартаўлівай жаніцьбы. Да глыбокай ночы моладзь спявала калядныя песні, гуляла ў гульні (скочыла скокі і танчыла танцы, пела песні і ела ежу), скочыла танцы. Кульмінацыяй свята было вяселле. “Бацькі” цягам усяго свята апытвалі моладзь, з кім яна хоча ажаніцца, а потым маладзёнаў жанілі. Нягледзячы на жартаўлівы характар шлюбаў, удзельнікі звычайна вельмі сур’ёзна ставіліся да абраду, таму свята праходзіла вельмі эмацыйна і запамінальна. Блізу пяці цярэшкаўскіх талакоўскіх параў надалей пабраліся сапраўдным шлюбам.
13 студзеня “Талака” калядавала па хатах. У прафесійны талакоўскі калядны гурт уваходзілі спевакі калядных песняў, “цыганы”, “жаўнер”, “смерць”, “нячысцік”, “зорканоша”, “механоша” і канешне абрадавыя жывёлы – “каза” і “мядзведзь”. Увечары талакоўцы хадзілі па гарадскіх кватэрах, спявалі абрадавыя песні, вадзілі казу, ну і канешне – зычылі ўсяго найлепшага гаспадарам. А гаспадары ў сваю чаргу шчодра адорвалі калядоўшчыкаў пачастункамі і грошамі. Напрыканцы 1990-х гадоў “Талака” спыніла калядаванне па хатах, бо становішча людзей відавочна пагоршылася, даваць калядоўшчыкам сталі мала, апроч таго на пад’ездах дамоў паставілі кодавыя замкі і стала складана трапляць у пад’езды. Але талакоўцы знайшлі выйсце і з 1996 года пачалі калядаваць на цэнтральным рынку: абыходзілі гандляроў, разыгрывалі калядныя прадстаўленні. Сёлета, у 2008 годзе, “Талака” ў складзе шасці чалавек паспяхова калядавала па рынку, традыцыйна выклікаючы толькі станоўчыя эмоцыі і радасць гандляроў і пакупнікоў.
Пасля Калядаў “Талака” рыхтуецца да веснавых святаў – Масленкі і Гукання вясны, развучвае традыцыйныя масленічныя, паставыя, гукальныя, юр’еўскія спевы. Абрад Гукання вясны ладзіцца талакоўцамі ў розны час: і напрыканцы зімы, і на пачатку вясны. Традыцыйна абрад меў на мэце абуджэнне прыроды, паварот да лета, цяпла і сонца. Талакоўцы звачайна ідуць у лес, спяваюць, скочуць вакол упрыгожанага стужкамі дрэва і, канешне, увесь час спяваюць абрадавыя гукальныя песні, каб паспрыяць надыходу вясны. Загадзя дзяўчаты робяць з цеста птушак, якіх падкідваюць уверх падчас спеваў, што спрыяе хутчэйшаму вяртанню сапраўдных птушак з выраю.
Самым масавым, запамінальным, цікавым традыцыйным святам на “Талацэ” з’яўляецца Купалле – свята ў гонар Сонца. У сярэдзіне 1990-х на “Талацэ” была практыка ладзіць два Купаллі: па старым і новым стылі: з 22 на 23 чэрвеня і з 6 на 7 ліпеня. На першае Купалле запрашаліся толькі сябры арганізацыі, а на другое – усе ахвочыя. Сярэдняя колькасць удзельнікаў Купалля – 30-40 чалавек. Традыцыйна “Талака” святкавала Купалле ў двух месцах: каля вёскі Заляддзе і пад Добрушам на рацэ Іпуць. У Купаллі звычайна бралі ўдзел і сябры іншых грамадскіх арганізацый: “Розныя роўныя”, “Next stop – new life”, “Беларускія выведнікі”, “Гарт”, “Княжыч”(г.Новаполацак) і інш.
Абрад пачынаецца з пляцення дзяўчатамі вянкоў з прыгожых палявых кветак для сябе і з дуба – для хлапцоў. У гэты час дзяўчаты спяваюць адпаведныя гэтай частцы абрада песні. Хлапцы адмысловым чынам робяць купальскае вогнішча, рыхтуюць дровы на ўсю ноч. Увечары ладзіцца рытуальная вячэра з абавязковымі рытуальнымі стравамі: яешняй, белым сырам, гарэлкай. Потым запальваецца вогнішча, якое шугае высока ў неба, вакол яго водзяць карагоды, спяваюць абрадавыя песні, скочаць, гуляюць у гульні. На досвітку ладзіцца рытуал, калі дзяўчына абірае ўлюбёнага хлапца, а пасля яны разам ідуць шукаць папараць- кветку. Каб зрабіць свой выбар, дзяўчына пераскоквае праз вогнішча, апранае хлапцу на галаву дубовы вянок, потым пара ўжо разам пераскоквае назад праз вогнішча. Раніцою дзеўкі і хлапцы паасобку голымі купаюцца ў рацэ, качаюцца па расе. Большасць талакоўцаў мае свае ўласныя традыцыйныя строі (неглюбскі строй), што вельмі ўпрыгожвае свята, надае яму аўтэнтычнасць і натуралёвасць. Некалькі разоў талакоўцы былі гасцямі на Купалле ў іншых гарадах.
У розныя часы на “Талацэ” былі сябры, якія гралі на розных музычных інструментах: беларуская дуда, дудка, скрыпка, бразготкі, барабан, ліра.
Увосень “Талака” традыцыйна адзначае восеньскія Дзяды. У першыя выходныя лістапада талакоўцы ідуць прыбіраць старыя Навабеліцкія могілкі, дзе захавалася багата пахаванняў канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў. Тут пахаваныя вядомыя жыхары Гомеля – стацкія саветнікі, інжынеры, жаўнеры Першай сусветнай вайны, гімназісты, шляхта і дваране. Сябры “Талакі” прыбіраюць смецце, падымаюць надмагільныя помнікі. Ужо некалькі год сябры арганізацыі займаюцца даследаваннем гісторыі гэтых пахаванняў – перапісваюць старыя надпісы, апытваюць старажылаў. Увечары на “Дзяды” сябрамі арганізацыі ладзіцца памінальная вячэра.
“Талака” ажыццяўляе тэатральныя пастаноўкі ў розных культурна-адукацыйных установах. Талакоўцы паставілі такія п’есы, як “Модны шляхцюк” Каруся Каганца, “Цар Максіміліян”, “ПСХ” Леапольда Родзевіча, абрад”Калядаванне”, “Веснавыя святы”, “Сватанне”.
У 2001 годзе на “Талацэ” з’явілася батлейка – лялечны народны тэатр. Талакоўцы ладзяць прадстаўленні самай папулярнай батлейкавай п’есы на біблейскую тэму – “Цар Ірад”. З батлейкай “Талака” брала ўдзел у мабілізацыйнай кампаніі “Выбірай”, калі цягам двух месяцаў прадстаўленні прэзентаваліся па розных установах Гомеля, пераважна па працоўных інтэрнатах. Разам з “Талакой” выступала вядомая беларуская бардэсса Вальжына Цярэшчанка. 15 ліпеня 2001 года талакоўцы ў памаранчавых майках з разнакаляровымі балёнікамі хадзілі па вуліцах горада, распаўсюджваючы ўлёткі ў гонар перамогі абяднаных войскаў ВКЛ і Польшы над крыжакамі пад Грунвальдам у 1410 годзе.
Штолета талакоўцы ладзяць фальклорна-краязнаўчыя вандроўкі. Талакоўцамі запісаны аўтэнтычны матэрыял з наступных раёнаў:
1994 год – Тураўскі раён (в.Бечы, Бечанская Буда, Верасніцы). Удзельнікі: Зміцер Вінаградаў, Вітаўт Юрчанка, Андрусь Пуканаў.
1995 год – Чачэрскі раён (Залессе). Удзельнікі: Зміцер Вінаградаў, Сяргей Васкоўскі, Вітаўт Юрчанка, Ларыса Шчыракова, Алена Ведзь.
1995 год – Петрыкаўскі раён (в. Вышалаў, Турок, Галубіцы, Снядзін). Удзельнікі: Ларыса Шчыракова.
1996 год – Жлобінскі раён (в. Ляды, Стрэшын). Удзельнікі:Сяржук Вінаградаў, Андрусь Асмалоўскі, Таццяна Конюхава, Таццяна Адамава, Наталля Маркевіч, Васіль Пакаташкін, Андрусь Пуканаў, Наталля Дзенісюк, Алена Ведзь, Ігар Бяляеў.
1996 год – Калінкавіцкі раён (в.Юравічы). Удзельнікі: Ганна Ашурка, Андрусь Асмалоўскі, Юнэля Сальнікава, Васіль Пакаташкін, Наталля Арцёменка, Ведзь Алена.
1997 год – Лельчыцкі раён (в.Убарцкая Рудня, Замошша, Астражанка). Удзельнікі: Ларыса Шчыракова, Дзяніс Міхасёў, Ганна Ашурка, Яўген Малікаў, Андрусь Пуканаў, Наталля Маркевіч, Вітаўт Юрчанка, Кастусь Марозаў.
1997 год – Столінскі раён (в.Альпень, Альшаны, Велямічы, Давыд-Гарадок). Удзельнікі: Улад Палякоў, Ларыса Шчыракова, Кастусь Марозаў, Кірыл Асмалоўскі, Вітаўт Юрчанка, Тацьцяна Тоўсцік.
1998 год – Калінкавіцкі раён (в.Скрыгалаў, Перадрэйка, Асавец). Удзельнікі: Таццяна Конюхава, Таццяна Адамава, Ларыса Шчыракова, Наталля Маркевіч, Вітаўт Юрчанка, Андрусь Асмалоўскі, Андрусь Пуканаў, Кірыл Асмалоўскі.
1998 год – Калінкавіцкі раён (в. Юравічы). Удзельнікі: Яўген Малікаў, Юнэля Сальнікава, Ларыса Шчыракова, Наталля Маркевіч, Вікторыя Купчанка, Таццяна Тоўсцік.
1998 год – Жлобінскі раён (в.Адрубы, Кабанаўка, Ляды). Удзельнікі: Таццяна Тоўсцік, Ларыса Шчыракова, Яўген Малікаў, Андрусь Пуканаў, Вітаўт Юрчанка, Кастусь Марозаў.
1999 год – Лоеўскі раён (в.Мохаў, Пярэдзелка). Удзельнікі: Ларыса Шчыракова, Улад Палякоў, Андрусь Пуканаў.
1999 год – Петрыкаўскі раён (в. Снядзін, Таргошын, Дарашэвічы, Ляскавічы, Галубіцы). Удзельнікі: Ларыса Шчыракова, Кастусь Марозаў, Вікторыя Купчанка, Наталля Маркевіч, Кірыл Асмалоўскі.
2000 год – Нараўлянскі раён (в. Грыдні, Грушаўка, Вербавічы, Антонава). Удзельнікі: Ларыса Шчыракова, Наталля Маркевіч, Вольга Фінагенава, Вітаўт Юрчанка, Кастусь Марозаў.
2000 год – Жыткавіцкі раён (в. Грабаў, Ананьчыцы, Старыя Мілевічы, Новыя Мілевічы, Новыя Залюцічы, Старыя Залюцічы). Удзельнікі: Таццяна Тоўсцік, Ларыса Шчыракова, Наталля Маркевіч, Вітаўт Юрчанка, Андрусь Пуканаў.
2003 год – Жыткавіцкі раён (в. Семурадцы, Пагост, Старажоўка, Рычоў, Чэрнічы). Удзельнікі: Васіль Пакаташкін, Кастусь Марозаў, Ларыса Шчыракова, Таццяна Тоўсцік, Алег Ларычаў.
Падчас фальклорна-этнаграфічных і краязнаўчых вандровак талакоўцы фіксуюць традыцыйныя абрадавыя і пазаабрадавыя спевы, танцы, робяць апісанне народных абрадаў, святаў, рытуалаў, а таксама збіраюць гістарычныя і этнаграфічныя звесткі. Як вынік шматгадовай працы назапашана грунтоўная база дадзеных па розных раёнах Гомельшчыны, якая складаецца з 80 аўдыёкасэт і 5 відыёкасэт з запісам танцаў і абрадаў. Удзел у фальклорных вандроўках – гэта не толькі карысны занятак, але і цікавы адпачынак у прыгожых мясцінах Гомельшчыны, магчымасць стасункаў з гасціннымі, адкрытымі, шчырымі, добразычлівымі вяскоўцамі, асабліва сталага веку. Вандроўкі звычайна пакідаюць пасля сябе радасныя і адначасна сумныя ўспаміны. Сум агортвае таму, што вёска імкліва вымірае і фактычна мы фіксуем ужо апошнія рэшткі традыцыйнай беларускай цывілізацыі, якая відаць неўзабаве знікне.
Амаль кожны год, пачыная з 1993 года, талакоўцы наведваюць архаічнае свята “Пахаванне стралы” ў вёсках Стаўбун, Неглюбка, Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, якое адбываецца на праваслаўнае свята Ушэсце (на саракавы дзень пасля Вялікадня). Падчас свята талакоўцы запісваюць абрадавыя песні, карагоды, складаюць апісанне абрада, робяць відэазапіс.
Увесну 2000 года “Талака” пачала добраўпарадкаванне тэрыторыі Кагальнага рова – гістарычнага раёна Гомеля канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў – размешчанага ўверсе былога рэчышча рэчкі Гамеюк. Зараз гэта велізарная яміна ў самым цэнтры Гомеля, адгарожаная высокім плотам, у якую скідваецца смецце. З 2000 па 2003 гады было праведзена 15 акцый па прыборцы смецця. Колькасць удзельнікаў складала ад 10 да 50 чалавек. З інвентаром і тэхнікай для вывазу смецця дапамагала Адміністрацыя Цэнтральнага раёна Гомеля, на тэрыторыі якога і знаходзіцца Кагальны роў.
З мэтай уключэння тэрыторыі Кагальнага рова ў сучасную структуру горада, увосень 2003 года “Талака” зладзіла конкурс праектаў пад назвай “Новы парк у старым горадзе”. У конкурсе бралі ўдзел каля 30 навучэнцаў розных навучальных устаноў Гомеля, якія прапанавалі разнастайныя варыянты бачання Кагальнага рова: ад стварэння геапарка да ўльтрасучасных забаўляльных комплексаў. Пра акцыі па ачышчэнню Кагальнага рова і конкурс неаднаразова паведамлялі мясцовыя газеты і тэлебачанне. Для ўдзельнікаў конкурса і ўсіх аматараў сярэднявечнай музыкі 15 сакавіка ў Гарадскім цэнтры культуры (ГЦК) выступіў гурт “Стары Ольса”.
На жаль, у той перыяд гарадскія ўлады асаблівай увагі на прапановы ўдзельнікаў конкурса не звярнулі. Але ў 2006 годзе была распачатая праца над стварэннем гарадскога праекта добраўпарадкавання Кагальнага рова, у чым відавочна ёсць і заслуга “Талакі”.
У 2002 годзе “Талака” супольна з іншымі маладзёвымі арганізацыямі Гомеля правяла ў межах агульнарэспубліканскай кампаніі “Зробім лепш!” дзве акцыі па добраўпарадкаванні набярэжнай Сожа ў межах гарадскога парка імя Луначарскага. Дапамогала ў правядзенні мерапрыемства (інвентар, транспарт) адміністрацыя парка.
Многія талакоўцы актыўна падвышаюць свой узровень грамадскіх лідэраў, актывістаў на шматлікіх трэнінгах, сэмінарах для сябраў неўрадавых арганізацый як у Беларусі так і па-за яе межамі. Гэта бязспрэчна якасна сказалася не толькі на развіцці іх, як грамадскіх актывістаў, але і на ўзроўні асабістых здольнасцяў і навыкаў.
У апошнія гады (З 2006 года) “Талака” актыўна здзяйсняе новы кірунак дзейнасці – культурна-асветніцкі. Арганізацыя займаецца арганізацыяй канцэртаў, выступаў у Гомелі беларускіх музыкаў розных напрамкаў, сустрэч з пісьменнікамі, паэтамі, гісторыкамі, журналістамі. За паўгады “Талака” зладзіла супольны бардаўскі канцэрт, у якім бралі ўдзел Вальжына Цярэшчанка, Зміцер Вінаградаў, Андрусь Мельнікаў, Яўген Валошын, Зміцер Бартосік. 28 верасня быў арганізаваны выступ Зміцера Бартосіка, 27 кастрычніка – паэтычная вечарына, прысвечаная паэту Анатолю Сысу, 12 лістапада – сустрэча з “Нашай Нівай”, “Архэ”, 28 лістапада – прэзентацыя новай праграмы Зміцера Бартосіка “Б.Акуджава, У.Высоцкі, А.Вярцінскі на беларускай мове ў перакладзе Рыгора Барадуліна”, 12 снежня – сустрэча з рэдкалегіяй часопіса “Дзеяслоў”(адзіны ў Беларусі недзяржаўны літаратурны часопіс), на якой прысутнічалі галоўны рэдактар часопіса, пісьменнік і былы талаковец Барыс Сачанка, паэт і бард Эдуард Акулін, паэт і пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк, 28 лютага – прэзентацыя новай кнігі пісменніка Уладзіміра Арлова “Імёны свабоды”.
“Талака” дапамагае гомельскім бардам у запісы ды выданні музычных дыскаў – такім чынам, былі выдадзены дыскі бліскучых беларускіх бардаў – “Хтось крануўся крылаў…” Вальжыны Цярэшчанкі і “Нібы метэарыт” Зміцера Вінаградава. “Талака” арганізавала ў Гомелі 3 буйныя канцэрты-прэзентацыі гэтых дыскаў, з агульнай колькасьцю наведвальнікаў 1500 чалавек.
Дзейнасць арганізацыі не застаецца па-за увагай СМІ. Так, за ўвесь перыяд існавання у газетах было каля 40 публікацый пра “Талаку”.
У бліжэйшых планах “Талакі” – стварэнне відэастужак, прысвечаных традыцыйнай ды сучаснай беларускай культуры Гомеля і Гомельшчыны, а таксама фільма, прысвечанага самой арганізацыі.
Цяжка пераацаніць значэнне “Талакі” для грамадскага жыцця Гомельшчыны. Без перабольшвання можна сказаць, што “Талака” – гэта сапраўдная з’ява ў культурным жыцці Гомеля. У розныя часы каля 200 маладых людзей былі сябрамі арганізацыі. Многія талакоўцы, узброеныя ведамі па гісторыі і культуры Гомельшчыны, надалей пачалі прафесійна займацца гісторыяй ды краязнаўствам, сталі супрацоўнікамі музеяў. “Талака” стала, ў пэўнай меры, асновай для ўзнікнення многіх новых грамадскіх арганізацый. Так, Наталля Дзенісюк стала заснавальніцай моладзёвай арганізацыі “Беларускія выведнікі”, Яўген Касцюшка – Моладзевага цэнтра “Яравіт”. Старшыня “Талакі” Зміцер Сасноўскі стварыў папулярны музычны гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”, Барыс Сачанка стаў вядомым пісьменнікам, Алесь Бяляцкі і Алесь Яўсеянка – вядомымі праваабаронцамі, Вальжына Цярэшчанка – бліскучым бардам. Багата былых талакоўцаў працуюць настаўнікамі і выкладчыкамі:Яўген Касцюшка, Ларыса Шчыракова, Наталля Маркевіч, Сяржук Балахонаў, Дзяніс Міхасёў, Яўген Малікаў. Навукоўцамі, даследчыкамі беларускай нацыянальнай культуры сталі талакоўкі Таццяна Тоўсцік, Алена Ведзь і шмат іншых.
“Талака” – гэта маладосць, апантанасць, беларускасць. Гомельская “Талака” запрашае да супрацоўніцтва ўсіх неабыякавых да развіцця беларускай нацыянальнай самабытнасці. Толькі разам, талакою, мы зробім Беларусь сучаснай, культурнай і заможнай еўрапейскай краінай. Наш адрас: homeltalaka@gmail.com
Калі ты хочаш жыць насычана,
Не шукай прыгод запазычаных,
А хадзем да нас, запрашаем мы ў нашую “Талаку”!