Гаўрыла Вашчанка. Жнівень

0
393
Гаўрыла Вашчанка - Жнівень / Гавриил Ващенко - Август (1975)
Гаўрыла Вашчанка - Жнівень (1975 г.)

Калі некалі заходзіў у мінскі колішні Дом настаўніка і бачыў у фае велізарнае пано “Асветнікі” — галоўны скарб гэтай установы, што мае каштоўнасць большую за архітэктуру самога будынка, то душу ахоплівалі нечаканыя пачуцці. Для дасведчаных — гэта быў найбуйнейшы ўзор энкаўстыкі, спецыфічнай мастацкай тэхналогіі, карані якое ўзыходзяць яшчэ да старога Егіпту. Зноў жа для дасведчаных — гэта канцэптуальная рэч, у якой распаведзена пра гісторыю нашай культуры ад Скарыны да Купалы, якія нясуць скрозь вякі справу сваіх думаў і дораць яе нашчадкам. Менавіта ня­суць. Фаліянты, скруткі, кніжачкі… Як вешчуны-каралі, што пабачылі зорку над Віфлеемам, нясуць дары да ног дзіцяці. Пасярэдзіне кампазіцыі кола святла — адпаведнік мандолы, у якім дзве постаці, жанчыны-настаўніцы i хлопца. Менавіта хлопца. Цяжка абстрагавацца, каб не прымаць іх за спрадвечны біблейскі сюжэт Маці i Сына… Гэта i ёсць алтар беларушчыны, зроблены згодна з кано­намі. Цікава, як гэткая апалагетыка нацыянальнай ідэі “прайшла” ў тыя часы? А менавіта ў 1976 г. [1, с. 233].

На той жа перыяд прыпадае, бадай, росквіт Вашчанкі як жывапісца. Безумоўна, ягоныя вітражы для Дома кіно таксама вартая ўвагі рэч. I ўжо праз чвэрць стагоддзя яны глядзяцца ў Чырвоным касцёле, нібы былі тут спрадвеку. Балазе ацалелі… Уражвае так­сама і каласальнае пано ў Салігорску [1, с. 73]. Аднак усё ж найлепшае створана Вашчанкам менавіта ў станковым жывапісе. Я маю на ўвазе не толькі “Баладу пра мужнасць”, за якую мастак атрымаў прэмію ды срэбны медаль у Маскве. Гэта насамрэч адметнае палатно, якое пераўзышло ўсё, што было папярэдне створанае ў тэме нашай партызаншчыны. Дакладней, яно вывела гэтую тэму з калідораў натуралізму і тэатралізацыі ў іншае вымярэнне. “Балада…” Вашчанкі — гэта аповед не пра нейкую “мужнасць”, а пра гармонію беларуса i беларускага лесу. Пра нязломнасць нашую, пакуль будзе нашай нашая зямля. Я маю на ўвазе і “Маё Палессе”, і “Нафтавікоў Палесся”, і “Мацярынскія крылы”, “Вераснёўскія туманы”, “Першы снег” ды іншыя творы [2, с. 32-33].

У эпоху манументалізму гэтыя работы ўпісаліся як нельга лепей, не гэтак непазбежнай маштабнасцю, як узважанасцю думак і адсутнасцю штучнай раз’ятранасці, за якою часцяком ягоныя калегі хавалі сваю бездапаможнасць. Манументалізм Вашчанкі ў ягонай цэласнасці, мастакоўскай і чалавечай. Можна нанава перагледзець ягоную творчую спадчыну і не знойдзецца тут ані дэбільнай радасці будаўнікоў камунізму, ані туманнага “эзатэрызму”… Вашчанка займаўся тым, што добра ведаў. Напрыклад, ён добра ведаў людское жыццё на родным Палессі. Пэўна, да гэткай дэідэалагізацыі (за выняткам нацыянальнага фундаменталізму пано ў Доме настаўніка) спрычынілася і львоўская школа. Менавіта там у першыя пасляваенныя гады ўлады не спяшаліся “дражніць гусі”, а таму атмасфера там, поўная трывогі і тугі па незваротна страчаным, была плённай для тых, хто хацеў проста тварыць… Бадай, адтуль жа было вынесенае пачуццё самакаштоўнасці ўсяго свайго, таго, чаго нікому не аддасі, але і крычаць пра што не будзеш.

У сваіх палескіх творах мастак унікнуў этнаграфізму, штучна прытарнаванага да калгасных сюжэтаў. Зямля і людзі для Гаўрылы Вашчанкі — гэта не паказны эрзац для чужых, якім трэба яшчэ раз даводзіць сваю адметнасць. Будзь сабою, а ўжо выключным табе быць наканавана — блізу гэткім дэвізам можна вызначыць творчыя прынцыпы жывапісца. Там, дзе ён імкнуўся да абагульнення персанальнага досведу, там жа ўзнікала і яснасць. Яснасць думкі, кампазіцыі і каларыту…

Лепшае пацверджанне таму — палатно “Жнівень”, напісанае ў пару найвышэйшага творчага ўздыму мастака, у 1975 г. Калі ў каго добры зрок, ці добрае ўяўленне, той разгледзіць у самым версе, па цэнтры, вышэй за ўсё — чырвоную падводу, запрэжаную чырвоным канём, абрыс чалавека на тле странцыянавага пісяга — гурбы яблык. Ці гэта ўлагаднелы Ілля перуновы, ці Юры святы, што — такі дабіў ужо цмока? Гэтая загадкавая, напаўпрывідная постаць злучае сабою, нібы замковы камень выгбу брамы, усю кампазіцыю. На персанажы з падводаю сыходзяцца простыя лініі абсечанага трохкутніка, лініі Саду. Сам Сад, бязмежны і ўсеабдымны, нібы мадэль самога яблыка, убірае ў сябе сокі жыцця, а косткаю, стрыжнем ягоным, з’яўляецца чалавек… Трохкутнік паўтораны наўмысна яшчэ раз пірамідаю яблык на другім плане. А на першым — Яна. Ці не Ева з плодам? Не. Тут няма ні граху, ні спакусы. Тут шчодры i шчыры дар. I толькі… Аднак ад Эдэму тут усё ж багата: распахнутая Брама (няхай сабе i адрыны), пры ёй дзве жанчыны ў светлым, нібы анёлы, і водар, гэткі незямны, загуслы i свежы, у бліскавіцах залатых, пунсовых і зяленкавых пісягоў.

«Жнівень» Вашчанкі адразу быў ацэнены высока, як і ўся ягоная тагачасная творчасць. Гэтая карціна патрапіла ў хрэстаматыі, альбомы, часопісы. Хто мог прадбачыць, што гэты твор загучыць гэтак драматычна сёння, калі родныя мясціны мастака густа зацярушаны чарнобыльскім попелам. А які быў там Сад!…

Гаўрыла Вашчанка (1928, вёска Чыкалавічы, Брагіншчына) — жывапісец, педагог. Вучыўся ў Львоўскім інстытуце ўжытковага і дэкаратыўнага мастацтва, які скончыў у 1955. Выкладаў у Кішынёўскай мастацкай вучэльні да 1960. З 1961 выкладае ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе ў 1980 і стаў прафесарам. Народны мастак Беларусі.

Крыніцы

  1. Гісторыя беларускага мастацтва. — Мінск: Навука і тэхніка, 1994. — Т. 6.
  2. Драчоў, П. Народжаны беларускім Палессем / П. Драчоў // Бе­ларускі гістарычны часопіс. — 2004. — № 2.


Аўтар:
 Сяргей Харэўскі
Крыніца: Харэўскі С. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі, Рэд. Баразна М. — Вільня: ЕГУ, 2011. Ст. 291-293.