Гарадская ўлада ў Гомелі: 1918 — пачатак 1919 гг.

0
452
Гарадская ўлада ў Гомелі 1918 — пачатак 1919 гг.

Фармаванне і шматлікія змены суб’ектаў і форм улады ў Гомелі на працягу 1918 г. вызначалася некалькімі фактарамі. Па-першае, вострай барацьбой за панаванне ў паслярэвалюцыйнай краіне партыйна-палітычных сілаў, з якіх найбольш уплывовыя — эсэры, меньшавікі, бальшавікі, бундаўцы, сацыял-сіяністы ды іншыя мелі ў горадзе даволі моцнае прадстаўніцтва. Па-другое, Гомель апынуўся ў эпіцэнтры працэсаў напыянальна-дзяржаўнага самавызначэння і тэрытарыяльнай экспансіі ў заходнім рэгіёне былой Расійскай Імлерыі. Дадатковым чыннікам ус­кладнення ўнутрыпалітычных калізіяў стала амаль гадовая нямецкая акупацыя Гомеля.

Бальшавіцкая ўлада ўсталявалася ў Гомелі толькі 17 лістапада 1917 г., калі бальшавікі дамагліся манапольнага становішча ў складае Гомельскага Савета і правялі яго рэарганізацыю. Для кантролю за асноўнымі сферамі гарадскога жыцця былі сфармаваны спецыяльныя аддзелы-камісарыяты, а рэўкаму было даручана стварэнне пастаяннага атрада Чырвонай гвардыі. Гэтыя захады, аднак, аказаліся недастатковымі каб зліквідаваць гарадскую думу і земскія ўправы, за захаванне якіх як органаў гарадскога самакіравання выступілі пры падтрымцы насельніцтва ўсе небальшавіцкія партыі, у тым ліку сацыялістычнай арыентацыі.

Суадносіны сілаў змяніліся ў сувязі з разгорнутым пасля зрыву 18 лютага брэсцкіх перамоў наступленнем на гомельскім напрамку 41 дывізійнага корпуса германскай арміі. Ужо 21 лютага дзейнасць бальшавіцкага Савета была паралізавана ў сувязі з эвакуацыяй з горада часткі яго членаў. Каб прадухіліць наспяваючую паніку і бязладдзе, Гомельская дума на надзвычайным пасяджэнні абірае камісію для кіравання горадам у складае 5 чалавек з паўнамоцтвамі ваеннага часу. На наступны дзень уся Магілёўская губерня, уключаючы і Гомель, была абвешчана на ваенным становішчы, у сувязі з чым у горад увайшоў і Мінскі рэвалюцыйны полк пад камандаваннем Р. Берзіна. Пры дапамозе ваеннай сілы савецкая ўлада была адноўлена, праведзены давыбары Савета, выканкам якога разам з вайсковым кіраўніцтвам стварылі ваенна-рэвалюцыйны камітэт і абвясцілі перадачу яму ўсёй улады. На працягу тыдня гэтая ўлада спрабавала здзейсніць у горадзе дырэктыву ЦК РКП(б) аб стварэнні па лініі Віцебск-Орша-Магілёў-Гомель фронт абароны, распачаўшы мабілізацыю ў Чырвоную армію і на будаўніцтва абарончых аб’ектаў. Але 1 сакавіка разам з чырвонаармейскімі часткамі Савет пакідае горад і ў той жа дзень яго займаюць нямецкія фармаванні.

Паводле падісаннага 3 сакавіка Брэсцкага міру Гомель разам з ўсёй Усходняй Беларуссю мусіў заставацца пад часовай акупацыяй да заключэння ўсеагульнага міру і выплаты кантрыбуцыі на карысць Германіі. Гэтым вызначалася акупацыйная палітыка, галоўным зместам якой ста­ла забеспячэнне гаспадарчых інтарэсаў германской дзяржавы і арміі і прадухіленне антынямецкіх выступленняў. Нямецкая комендатура праяўляла большую цікаўнасць работай прамысловасці і чыгуначнага вуз­ла, не прэтэндуючы на рэгуляванне мясцовага цывільнага і грамадзянска-палітычнага жыцця. Захавалася легальнае існаванне ўсіх партыйных арганізацый, уключаючы бальшавікоў, аднак усе публічныя акцыі ўзгадняліся з ваенным камендантам. Не было забаронена, напрыклад, правядаенне гарадскога мітынга з нагоды пахавання чырвонаармейцаў, што загінулі ў сутычках з немцамі, святкаванне Першамая, прафсаюзная дзейнасць на прадпрыемствах і г.д.

У выніку на структураванне і функцыянаванне гарадской улады ў гэты перыяд большы ўплыў аказаў не акупацыйны статус Гомеля, а прэтэнзіі з боку новаўтвораных суседніх дзяржаў. Геапалітычнае становішча горада на сумежжы Беларусі, Украіны і Расіі, яго роля буйнога прамысловага і чыгуначнага цэнтра абумовілі імкненне кожнай з іх захаваць Гомель за сабой.

Спробы Беларускай Народнай Рэспублікі дамагчыся вяртання Палесся беларускай дзяржаве шляхам перамоў, як вядома, станоўчага выніку не мелі. Каб падтрымаць сувязі з Гомелем і Гомельшчынай Народ­ны Сакратарыят ВНР надаў паўнамоцтвы свайго прадстаўніка лідэру гарадской суполкі БСГ Язэпу Няцецкаму, усклаўшы на яго абавязак адстойваць інтарэсы беларускага жыхарства і бежанцаў перад акупацыйнымі і цывільнымі ўладамі1. Аднак звесткі аб яго стасунках з уладнымі структурамі пакуль адсутнічаюць.

Са свайго боку савецкі бок разглядаў Гомель і рэгіён як неад’емную частку расійскай тэрыторыі, усведамляючы яго значэнне і ў барацьбе за Украіну. Бальшавіцкія ўлады ў цэнтры і на месцах адкрыта заяўлялі, што Гомельшчына — «вароты паўднёвай жытніцы ў сталіцу»2. Сілы бальшавікоў у Гомелі складалі ў асноўным рабочыя, мабілізаваныя на абарончыя прадпрыемствы з цэнтральнарасійскіх раёнаў, салдаты-франтавікі а таксама партыйцы, накіраваныя з цэнтра. У пачатку сакавіка адноўлены Палескі камітэт РКП(б) быў падпарадкаваны ЦК Кампартыі Украіны і па яго рашэнню стварыў нелегальны рэўкам для падрыхтоўкі антынямецкага паўстання як часткі агульнаўкраінскага. Спроба яго арганізацыі ў жніўні скончылася ў Гомелі забойствам 14 нямецкіх салдат і блакаваннем на кароткі час казармаў «дзяржаўнай варты»і рэпрэсіямі ў адказ. Падпісанне неўзабаве дадатковага савецка-германскага дагавора аб эвакуацыі нямецкіх войск з усходу Беларусі стымулявала падрыхтоўку Палескага камітэта да ўзяцця ўлады: у го­рад з-за дэмаркацыйнай лініі актыўна ўвозілася зброя, вялася агітацыя супраць «згодніцкіх» партый і «буржуазнай дэмакратыі».

Аднак чарговая змена ўлады ў Гомелі адбылася ўсе ж пад уплывам падзей на Украіне, дзе месца правага ўраду гетмана Скарападскага за­няла сацыялістычная Дырэкторыя, лідэры якой С. Пятлюра і В. Вінічэнка пацвердзілі прэтэнзіі на Гомельшчыну і Палессе. Змена палітычнай сітуацыі была скарыстана гомельскімі палітычнымі сіламі для аднаўлення і ўзмацнення пазіцый гарадскога самакіравання. Па рашэнні агульнагарадскіх рабочай і сацыялістычных канферэнцый, а таксама нарады 65 прадстаўнікоў правых партый, было вырашана стварыць на шматпартыйнай аснове Гомельскую Дырэкторыю як органа часовай улады да стварэння дзяржаўных органаў і правядзення дэмакратычных выбараў. Бальшавіцкае ж патрабаванне перадаць усю уладу рэўкаму было адхілена3.

Праца новага органа улады пачалася 17 снежня. У склад яго ўвайшлі 6 чалавек: 2 — прадстаўнікі гарадской думы, 1 — цэнтральнага савета прафсаюзаў, 2 рабочай канферэнцыі і 1 — камітэта чыгуначнікаў. Узяўшы на сябе функцыі распарадчай улады, для практычна-адміністрацыйнай работы Дырэкторыя аднавіла структуры былой гарадской думы, прызначыўшы для іх кантроля ўласных камісараў: па справах казначэйства, міліцыі, пошт, забеспячэння хлебам і ў адміністратыўныя рав­ны горада. Функцыі галоўнага грамадзянскага камісара былі ўскладзены на былora гарадскога галаву Бабарыкіна4. Падтрымку грамадскага парадку па ўзгадненні з Дырэкторыяй браў на сябе створаны пад уплы­вам рэвалюцыі ў Германіі салдацкі савет 41 корпуса нямецкай арміі. Нягледзячы на афіцыйнае зацвярджэнне і падтрымку з боку Кіева, Го­мельская Дырэкторыя прадэманстравала імкненне дыстанцыравацца ад яго палітыкі: украінізацыя і законы пятлюраўскага ўраду былі адмененыя, «дзяржаўная варта» рэарганізавана ў міліцьпо, «павітовы камісар» падпарадкаваны гарадской уладзе. Галоўным прынцыпам сваей дзейнасці Дырэкторыя дэкларавала безгвалтоўнасць, у пацверджанне чаго былі вызвалены палітычныя вязні, а камандуючы гомельскім гарнізо­нам прысягнуў на невыкарыстанне сілы супраць гарадскіх улад і насельніцтва5.

Расцаніўшы дзеянні рэўкама як парушэнне ўзаемных дамоўленасцей, нямецкія ўлады вяртаюць горад пад свой кантроль, і афіцыйна пацвярджаецца ўлада Дырэкторыі. Падзеі ў Гомелі выклікалі напру, жанасць у савецка-германскіх адносінах і ў міністерства замежных спраў Германіі была нават накіравана спецыяльная нота міністра за­межных спраў РСФСР Р. Чычэрына «Аб падзеях у Гомелі»6.

Ca свайго боку рэўкам імкнуўся выкарыстаць правераныя сілавыя метады. 22 снежня гарадская рабочая канферэнцыя абмяркоўвала палітычную сітуацыю ў горадзе і яе перспектывы. Аргументам Дырэкторыі аб тым, што неабходна стварыць усё магчымае для хутчэйшага вызвалення Гомеля ад акупацыі і захавання дэмакратычных асноў гарадскога кіравання, рэўкам супрацьпаставіў тэзіс аб вырашаннасці лёсу горада і непазбежнасці перадачы яго Чырвонай Арміі. У выніку канферэнцыя, якая яшчэ тыдзень таму падтрымала Дырэкторьпо, вы­казалася на карысць рэўкама.

Нямецкі бок не прыняў ультыматыўнага запатрабавання перадаць уладу рэўкаму, падкрэсліўшы, што не можа лічыць яго уладнай, а толькі партыйна-палітычнай струкгурай. Для стабілізацыі абсганоўкі.ў горад была ўведзена 47 нямецкая дывізія, вядомая сваімі антыбальшавіцкімі настроямі. Адначасова з Кіева прыбывае браніраваны цягнік, каб блакаваць пранікненне чырвоных войск на Украіну.

У адказ пры падтрымцы Магілёўскага губкама і камандавання Заходняга фронта рэўкам арганізуе агульнагарадскую забастоўку, якая паралізавала работу і чыгункі і горада. Нямецкі савет змог вярнуць кантроль над чыгуначным вузлом, аднак у выніку перамоў паміж ім і рэўкамам была дасягнута дамова аб узаемных уступках: немцы абавязваліся пакінуць горад у дзесяцідзённы тэрмін і не перашкаджаць падрыхтоўцы да ўвядзення савецкай улады, а рэўкам спыняў забастоўку. Дамова уступіла ў дзеянне 7 студзеня 1919r., пры гэтым бальшавіцкі сход горада вырашыў не ўваходзіць ні ў якія кааліцыі і пагадненні з іншымі, у тым ліку і сацыялістычнымі партыямі. Толькі 14 студзеня апошнія нямецкія часткі пакінулі горад і ў гэты ж дзень у яго ўвайшла Чырвоная Армія, што дазволіла ўсталяваць паўнаўладдзе бальшавіцкага гомельскага рэўкама.

  1. НАРБ, ф. 62, воп. 1, спр. 2, арк. 162.
  2. Трудящиеся Гомельщины в борьбе за вдасть Советов (1917-1920): Хроника событий. — Гомель, 1958. — С. 90.
  3. Гомельскі абласны краязнаўчы музей (ГАКМ), ф. 5, спр. 2а, арк. 72.
  4. ДА Гомельскай вобласці, ф. 52, воп. 1, спр. 10, арк. 60.
  5. ГАКМ, ф. 5, воп. 1, спр. 3, арк. 27.
  6. Тамсама, спр. 3, арк. 132-133.

Аўтар: Валянціна Лебедзева
Крыніца: Беларускі горад у часе і прасторы: 500 гадоў Полацкай магдэбургіі: Зборнік навуковых прац. — Наваполацк: ПДУ, 2001. — С. 68-72.