Ужо нават, як мы лічым, далёка не поўны падлік усяго таго, што сабраў даследчык на прадягу свайго амаль пяцідзесяцігадовага творчага шляху, выклікае здзіўленне і захапленне, а ў некаторым плане — і зайздрасць, бо не кожны фалькларыст, каб нават і хацеў гэтага, можа пахваліцца гэткім упарадкаваным запасам вуснапаэтычных адзінак. Мяркуйце самі: 825 казак, легенд і паданняў, 305 загадак, 2256 прыказак і прымавак, 944 замовы, 58 духоўных вершаў, 3742 песні і 778 прыпевак. Гэта з таго, што вядома па публікацыях, але ж не забываймася і пра падрыхтоўчыя, чарнавыя матэрыялы, якія захоўваюцца ў музейных фондах, а ёсць звесткі, што даволі значны запас назаўсёды страчаны. Яго, Еўдакіма Раманава, ставяць у гэтым плане ўпоравень з Міхалам Федароўскім, падкрэсліваючы тым самым значнасць ягонай асобы, самаадцанасці ў служэнні духоўным ідэалам роднага яму беларускага народа.
Вядома ж, ведучы гаворку пра гэтага даследчыка-самавука, які, тым не меней, дасягнуў небывалай вяршыні прафесіяналізму, адразу ж спынімся на самай грунтоўнай працы ягонага жыцця — “Беларускім зборніку”. Цікава і тое, што выдаваўся ён не ў адным месцы, а нібы распаўсюджваючы вартасныя каштоўнасці духоўнай спадчыны нашых нашчадкаў, у Кіеве, Віцебску, Вільні і Мінску. Праўда, тут можна спасылацца і на пэўныя грамадска-сацыяльныя ды матэрыяльныя абставіны. I тым не меней, сама назва задуманага (і здзейсненага!) ім выдання — сімвалічная. Удумаемся, зусім недалёкі быў той час, калі ўвогуле забаранялася слова “Беларусь”, існаваў толькі “Северо-Западный край”, ніхто не збіраўся верыць у самабытнасць, вуснапаэтычную адметнасць насельніцтва гэтай тэрыторыі. I тут звычайны настаўнік ставіць перад сабою грандыёзную мэту — даказаць адваротнае, прымусіць усіх астатніх паверыць у тое, што беларусы — гэта не занядбаныя, не забітыя і прымхлівыя людзі, а адвечныя працаўнікі, шчырыя і спагадлівыя, мужныя і кемлівыя.
Не выключана і тое, што на першапачатковым этапе Е. Раманаў ставіў перад сваёй збіральніцкай дзейнасцю не такую высокую і надзённую задачу. Магчыма, меў рацыю І. Цішчанка калі пісаў: “Спачатку збіранне фальклору Раманаў вёў з мэтай выкарыстання яго ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу для слоўніка. Але стараннасць збіральніка прынесла яму такі шчодры плён, што сабраныя матэрыялы маглі стаць саліднай базай для іх самастойнага выдання. I ён рашае надрукаваць запісаныя ім творы беларускай вуснай народнай паэзіі ў серыі кніг пад агульнай назвай “Беларускі зборнік”. Любое меркаванне, думка маюць права на існаванне, але мы ўпэўнены ў тым, што Еўдакім Раманавіч адразу ж задумваў выданне, якога яшчэ да яго не бачыла беларуская фалькларыстыка. На гэтакую выснову наводзіць ужо толькі той факт, што Раманаў планаваў выдаць шматгомны (!) зборнік, дзе б знайшлі сваё адлюстраванне матэрыялы па ўсіх рэгіёнах тагачасных беларускіх земляў. Болей таго, на кожную губерню адразу ж было запланавана некалькі выпускаў (тамоў). Праўда, адразу агаворымся, толькі “кіеўскі” том 1886 года выйшаў у двух выпусках і ў Вільні (1912) было здзейснена два выпускі. Астатнія выходзілі па аднаму, ці больш правільна будзе адзначыць — “многае засталося ў няздзейсненых планах”. Бо, напрыклад, па словах В. Бандарчыка: “Том, прысвечаны Магілёўскай губерні, меркавалася выдаваць у пяці вьшусках. У першам і другім — пазаабрадавыя і каляндарна-абрадавыя песні, а таксама танцавальныя прыпеўкі і духоўныя вершы — каля 900 тэкстаў; трэці выпуск уключаў празаічныя жанры: казкі, вусныя сказы, прыгаворкі — звыш 130 нумароў; чацьвёрты з’яўляўся дапаўненнем да слоўніка Насовіча і налічваў 700 слоў; у пяты ўваходзіла беларуская граматьпса, загадкі і прымаўкі”.
Такая задача патрабавала не толькі карпатлівай працы ca шматлікімі добраахвотнікамі-карэспандэнтамі, але і пэўнай самаахвярнасці ад Еўдакіма Раманавіча. Не пахваляючыся, а канстатуючы здзейснены факт, ён пісаў: “…Я пачаў весці жыццё бадзягі-збіральніка, якога, як пералётную птушку, з кожнай вясной цягне ў беларускую вёску — да казачнікаў, знахароў, любак і г.д.” Безумоўна, той, хто хоць аднойчы пабываў у фальклорнай экспедыцыі, мог бы сказаць тое ж самае. Мы перакананы, што сутыкнуўшыся ў шчыльную з інфарматарамі, непасрэднымі носьбітамі духоўнасці, Е. Раманаў быў здзіўлены, палонены глыбінёй архетыпічнасці, першавобразнасці захапляльных вусна-паэтычных твораў. Тут ён зразумеў, што апынуўся на своеасаблівым цаліку, які амаль нікім і ніколі не даследаваўся. Хутчэй за ўсё, не толькі гонар перапоўніў сэрца даследчыка, але і страх таксама. Страх перад тым, што з гадамі (надзвычай хутка, імкліва, непрадказальна) усё гэта страчваецца, губляецца назаўсёды. Недзе тут на першае месца і выступіла жаданне не столькі праславіцца самому, з’яўляючыся першаадкрывальнікам, першазбіральнікам і публікатарам-укладальнікам, колькі сабраць, як мага болей, матэрыялу і тым самым гарантаваць, што зафіксаванае застанецца. Як бачым, і тут неабходна ўдакладненне — апублікаванае дайшло да нашчадкаў, ў многім стала хрэстаматыйным, а вось тое, што было падрыхтавана, добра калі нават захоўваецца ў архівах.
Е. Раманаў, паглыбіўшыся ў праблему збіральніцгва, заадно пазнаёміўся і з усімі тагачаснымі выданнямі па беларускаму фальклору, убачыў шматлікія недахопы, памылкі ранейшых даследчыкаў. Вядома ж, яго здзіўляла, што не захоўваецца аўтэнтычнасць, што няма дакладнасці ў перадачы моўных асаблівасцей, што некаторыя ca збіральнікаў самі “дапісваюць” вуснапаэтычныя творы. Крытыкуючы такі стан рэчаў у фалькларыстыцы, Еўдакім Раманавіч не імкнуўся да нейкага выключэння сярод працаўнікоў на ніве збіральніцтва. Таму не дзіўна, што ён сам называў сябе “чорнарабочым ў справе збірання твораў вуснай народнай паэзіі беларусаў”.
Абавязкова адзначым, што даследчьпс з’яўляецца адным з пачынальнікаў збірання і вывучэння твораў народнай міфалогіі, духоўных вершаў, замоў. Як бачыцца, тут больш глыбокаму пранікненню “у тэму”, перашкаджалі пэўныя цяжкасці, звязаныя не толькі з палітычнай цэнзурай, але і з рэлігійнай таксама. Нават проста запісваючы фальклор неабавязковым уяўлялася тлумачэнне ўзнікнення Сусвету, чалавецтва, сіл прыроды без удзелу Усявьшіняга, святых і г.д. Таму не лішнім будзе прыгадаць выказванне І. Цішчанкі: “Раманаў меў свой погляд на міфалогію, збіраючыся выказаць яго ў каментарыях да тэкстаў, але акадэмік А.М. Весялоўскі параіў яму ўстрымацца ад гэтага”. Хутчэй з-за таго, што яго пазіцыя не супадала з агульнапрынятай, якая сыходзіла ад прадстаўнікоў тагачаснай міфалагічнай школы. А нашаму земляку, мабыць, вельмі карцела заявіць пра адметнасць беларускай народнай міфалогіі.
Падкрэслім і тое, што ўпершыню імкнучыся (і здзейсніўшы гэта!) да стварэння такой аб’ёмнай працы, Е.Раманаў не здолей пазбегнуць пэўных пралікаў, а, найперш, не здолеў правільна сістэматызаваць фальклорньи творы, а, па-другое, незахаванне вершаванай формы песенных тэкстаў. Але на гэта былі, як кажуць, свае прычыны: не было ў каго навучыцца, не было пад рукою дасканалага ўзору.
Аўтар: А.М. Ненадавец
Крыніца: “Открыть миру душу белоруса…”, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя (2005, Гомель). Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, 25 — 26 кастрычніка 2005 г.: [прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Е.Р. Раманава: зборнік матэрыялаў / рэдкал.: А.Р. Яшчанка [і інш.]. — Гомель: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2005. — С. 10-12.