Ельскае патрыятычнае падполле ў Вялікую Айчынную вайну

0
193
Ельскае патрыятычнае падполле

Дзейнічала са жніўня 1941 да снежня 1943 у Ельску і Ельскім раёне пад кіраўніцтвам Палескага падпольнага абкама КП(б)Б і Ельскіх падпольных райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ.

У жніўні  1941 створаны падпольныя групы ў Ельску (кіраўнікі Я.М. Шацко і А.І. Сухамель), у в. Скароднае (М.Н. Драчэўскі); у снежні 1941 у в. Болгарка (І.Р. Шульга). Падпольшчыкі вялі агітацыйную работу сярод насельніцтва і ў вайсковых фармаваннях ворага, пад уплывам якой да партызан перайшлі 40 славакаў; распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, падпольную газету “Кліч Радзімы”; узарвалі чыгуначны мост, паравоз, будынак дэпо вузкакалейнай чыгункі, майстэрню па рамонце ваеннай тэхнікі акупантаў, спалілі мост цераз р. Мытва на шашы Оўруч-Мазыр; здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, медыкаменты, бланкі пашпартоў, харчы. Камсамольцы Скараднянскай групы рабілі завалы на дарогах, псавалі тэлефонна-тэлеграфную сувязь, спалілі мост цераз р. Славечна. Болгарская група інфармавала партызан пра рух варожых войск, здабывала зброю, з партызанамі ўдзельнічала ў дыверсіях.


Крыніца:
Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. Ст. 349.