Надыход цёплых вясновых дзянькоў – рэч супярэчлівая. Для некаторых гэты перыяд атаясамляецца з новымі клопатамі, для іншых-гэта пара кахання і бестурботнасці, для мяне ж-гэта сезон вандровак.
19 лютага ў народзе адсвяткавалі Стрэчанне, у некаторых вёсках Лельчыцкага р-ну нават зараз захаваліся рэшткі гэтай традыцыі. Па меркаваннях шаноўных продкаў, у гэты дзень зіма з летам сыходзяцца ў жорсткім “баттле”. Натуральна, лета перамагае і з гэтага моманту сонца усталёўвае сваю дыктатуру аж да канца чэрвеня. Вось пра тое, дзе на Гомельшчыне варта пабываць у гэты перыяд, я і распавяду цікаўнаму чытачу.
Калі вы носіцеся па свеце ў пошуках незвычайных сюжэтаў для відэа і фота здымкі, альбо цікавіцеся фолькам, альбо проста адчуваеце надзвычайную прагу да сваіх паганьскіх каранёў- то пакуйце заплечнік: Прыдняпроў’е і Палессе- лепшы маршрут для вас. Натуральна, ніякая вандроўка не абыйдзецца без добрай мапы. Але ў адрозненні ад звычайных геаграфічных мапаў, тое што я маю прапанаваць, нажаль губляе з цягам часу актуальнасць, таму не адкладайце паездку на Гомельшчыну ў доўгую скрыню.
Мапа традыцыйных святаў Гомельшчыны на перыяд люты–чэрвень 2012
А зараз коратка пра кожнае са святаў у адпаведнасці з уласным досведам:
Гуканне вясны – назва гаворыць сама за сябе. Прыгукаць вясну, значыць прыспешыць прылёт птушак і надыход цяпла. Гэта, бадай адзінае свята, якое сёння не прымеркавана да пэўнай даты і, не мае фармату цэнтраліаванай пагулянкі. Уся абраднасць зводзіцца да адмысловых спеваў на прызбах ды пагорках напрацягу лютага-сакавіка. Абрад у найбольш архаічнай форме можна сустрэць хіба што ў выглядзе рэканструкцыі, зробленай сябрамі Гомельскай маладзёвай краязнаўчай аргаізацыі “Талака”. Тут вам і карагоды са спевамі, і вогнішча, і танцы…карацей, поўны экшн (падрабязна на www.nashkraj.info). Але, трэба зазначыць для аматараў гістарычнай і этнаграфічнай дасканаласці,-сучасная рэканструкцыя традыцыйных святаў уяўляе сабой зборную салянку з абраднасці розных рэгіёнаў Гомельшчыны.
Вялікдзень – (15 красавіка 2012, в. Данілевічы Лельчыцкага р-на) тут мы сустракаемся з захаваўшымся да ХХІ ст. абрадам ахвярапрынясення каменнаму ідалу. Папярэджваю: не чакайце крыві , не чакайце,што хоць хто-небудзь з удзельнікаў скажа вам, што ён язычнік. Абрад дайшоў да нас у трансфармаваным выглядзе. Да каменнага ідала “Еўкі” жанчаны прыносяць вышываныя фартухі, хусткі, ежу…Просяць у “Еўкі” дапамогі. І калі вы будзеце дастаткова цікаўнымі, мясцовыя жыхары распавядуць вам легенду пра тое, кім была “Еўка” у мінулым жыцці.
Ваджэнне і пахаванне стралы (24 траўня 2012, в. Неглюбка, в. Стаўбун, в.Казацкія Бадсуны, в. Пералёўка Веткаўскі р.) – адно з найбольш загадкавых святаў Гомельшчыны. Лічыцца (не беспадтавова), што ўся стрэльная абраднасць накіравана на ўлагоджванне Перуна, так бы мовіць-жывы громаадвод. Пахаванне Стралы-гарантыя добрага надвор’я і, адпаведна, багатага ўраджаю.
Ваджэнне Сулы (21 красавіка 2012 в. Маркавічы Гомельскі р.) – тое ж Пахаванне стралы, але з мясцовай спецыфікай.
Юр’я (6 траўня в. Пагост Жыткавіцкі р) – свята ў гонар Ярылы-Юрыя-Ягорыя( каму як падабаецца) – пакравіцеля сельскай худобы. Сёння на фармат свята сур’ёзна ўплывае з аднога боку клубная культура, з іншага-тураўская царква. Мая вам парада: спяшайцеся пабываць у в. Пагост пакуль архаічны элемент яшчэ можна адрозніць ад фольк-мадэрна кустарнага ўзроўню.
Провады русалкі (10 чэрвеня 2012 в. Вялікі Бор Хойніцкі р.) Нядзеля за тыдзень да Купалля лічыцца Русальнай. Русалкі ўяўляюцца палешукам пераважна негатыўнымі істотамі, таму жыхары в. Вялікі Бор імкнуцца выправадзіць іх за сяло. Па меркаванню саміх носьбітаў традыцыі, свята мае пад сабой аграрную функцыю. Але, не выключна, што сапраўдны сэнс яго значна глыбейшы.
Купалле, у адрозненне ад Русалля, да нашых дзён дайшло выключна ў выглядзе сучаснай рэканструкцыі (гл. Гуканне вясны). Купалле афіцыйна прынята святкаваць 6 ліпеня, натуральна, – гэта поўная лухта. Традыцыйна свята прымяркоўваецца да перыяду летняга сонцазвароту (пік прыпадае на 21-22 чэрвеня 2012). Пасля, сонца паступова пераходзіць у зімовую спячку…але, пра тое пагамонім праз паўгады.
Вясёлага і насычанага вам жыцця!
Аўтар: Марыся Тульжанкова