«Еду ў Гомель, каб хоць у тралейбусе паслухаць, як па-беларуску прыпынкі абʼяўляюць»

0
1717
Беларуская хата на Палессі
Хата на Палессі

Перада мною некалькі вясковых жанчын у хустках. Адна ў шэрай куртцы, відаць, нямая. На ўсе пытанні толькі сціпла ўсміхаецца ды паказвае пальцам на старэйшую кабету з кійком.

– У Каранейку?.. Вам трэба прама ехаць аж да грэблі, а потым дарогі разыходзяцца, дык вам налева трэба браць, – тлумачыць бабуля з кіем.

Палессе. Вёска. Жоўтыя ды сінія драўляныя дамы. Крыху перакошаны плот з зелянкавым мохам. Недзе ні то кракае качка, ні то крумкае жаба.

Ложак і падушкі
У Каранеўцы – родныя мясціны Івана Мележа

Мясцовыя жыхары радуюцца новым абліччам падарожнікаў, якія пытаюць пра дарогу. Яшчэ адна ахайная жанчына ў хустцы ды бардовай камізэльцы расказвае:

– У нас, у Алексічах, у школе сам Іван Мележ вучыўся. Так, школа колісь была, сямігодка, сельсавет, а цяпер сельсавет перанеслі ў Глінішча, але назва засталася старая – Алексіцкі. Некалі, як Іван Мележ у людзі выбіўся, дык з Менску прылятаў да нас сюды верталётам… От там прызямляўся, каля фермы…

Жанчына прамаўляе хутка, але даволі ціха, асцярожна паглядаючы на нас спадылба, нібы не да канца давяраючы:

– Паглядзіце во, якая я худая, усё лётаю, усё завіхаюся. Няма часу і прысесці, а мужык паабедаў і спіць цяпер… Во каму ўжо добра жыць…

Крыж на могілках
Крыж на Палессі

Вяскоўка ўзнімае вочы, кідае хуткі позірк на мяне, а пасля зноў апускае вочы:

– А вы так прыгожа па-беларуску гаворыце, у мяне аж мурашкі па скуры. Слухала б і слухала.

Асмялеўшы, яна ўжо пляскае ад эмоцыяў у ладкі ды працягвае больш гучным голасам:

– Я ж так люблю беларускую мову. Так мне падабаецца, каб вы толькі ведалі. Як пачую, як нехта гаворыць, дык ледзь не млею. Як у Гомель прыеду, дык спецыяльна катаюся там на тралейбусах ды слухаю, як прыпынкі па-беларуску абʼяўляюць. Такая прыгажосць!..

Гляджу ў чыстыя вочы вяскоўкі і ў мяне самога мурашкі па скуры. Шырока ўсміхаюся аматарцы беларускай мовы, што жыве на палескай дрыгве, ды ледзь стрымліваюся, каб яе не расцалаваць.

Аўтар: Віктар Шукеловіч