Дзейнасць праваслаўных манастыроў Тураўскай епархіі ў XI-XII ст.

0
376
Дзейнасць праваслаўных манастыроў Тураўскай епархіі ў ХІ-ХІІ ст.

Працэс хрысціянізацыі беларускіх зямель доўжыўся працяглы час — прыблізна да канца XII — пачатку XIII ст. Новую веру параўнальна хутка прымалі вышэйшыя слаі грамадства, княжацкія дружыннікі і гараджане, тады як вясковы люд яшчэ стагоддзямі маліўся паганскім багам.

Для зацвярджэння новай веры патрэбна была моцная царкоўная арганізацыя. Такая арганізацыя паступова ствараецца, і яе складальнымі часткамі з’яўляліся: Кіеўская мітраполія, епархіі, прыходы, манастыры. Для пашырэння ўплыву царквы на насельніцтва патрэбны былі людзі, жыццё якіх служыла бы ўзорам хрысціянскага жыцця і маралі. Падобная роля адводзілася манаству.

Са старажытнасці вядуць адлік сваёй гісторыі манастыры Тураўскай епархіі. Пачатак іх дзейнасці прыпадае на ХІ-ХІІ стст. Агульная іх колькасць спачатку была невялікай: 6 абіцеляў, з іх 4 мужчынскія і 2 жаночыя. Для зацвярджэння такой сталай формы хрысціянскага жыцця, як манаства, патрэбен быў час.

Манастыры ўзнікалі ў гарадах (Тураў, Пінск, Слуцк, Гародня) або побач з імі. Ініцыятарамі іх заснавання былі, як правіла, князі, вялікія і мясцовыя, або набліжаныя да іх асобы. Заснавальнікамі маглі быць і манахі. 3 68 вядомых стар ажытнарускіх манастыроў (па ііпных звестках, на Русі дзейнічала каля 300 манастыроў) 2/3 былі пабудаваны князямі або прыватнымі асобамі. Адзін толькі Кіева-Пячэрскі манастыр быў у поўным сэнсе «монастырём монашеского строения, воздвигнутым без всяких предварительных денежных средств одним трудом и подвигами братии» [2, с. 225].

Даследчык А. Моця паспрабаваў класіфікаваць старажытныя манастыры. Усе сярэдневяковыя абіцелі Усходняй Еўропы ён падзяліў на двавіды: гарадскія і пустэльныя, г. зн. тыя, жія будаваліся ў бязлюдных месцах. Для часу Кіеўскай Русі тыповымі былі толькі першыя [5, с. 742].

Іншую класіфікацыю прапанаваў Я.Е. Галубінскі. Ён падзяляў манастыры на «собственные», ці «настоящие», а таксама на «несобственные», ці «ненастоящие» [1, с. 564]. Першапачаткова ўзнікалі так званыя «несобственные» манастыры. Манахі сяліліся каля цэркваў, дзе будавалі келлі для жылля, «пребывали в строгой аскезе, собирались вместе на богослужение, но не имели ещё монашествующего устава, строгого пострижения, не давали иноческих обетов» [7, с. 11].

Хто ж былі першыя манахі? На гэты конт можна выказаць некалькі меркаванняў. У першую чаргу, гэта маглі быць манахі-місіянеры, якія прыйшлі з Балгарыі, Афона ці Візантыі. Другую групу, больш шматлікую, маглі складаць выхадцы з мясцовага хрысціянскага асяроддзя.

Манастырскае жыццё наладжвалася ў адпаведнасці з пэўным распарадкам, які вызначаўся як непісьмовымі традыцыямі, так і пісьмовымі статутамі. На чале кожнага манастыра стаяў настаяцель: ігумен ці архімандрыт. Яго пасада была выбарнай [8, с. 733].

Можна меркаваць, што настаяцелі ажыццяўлялі кіраўніцтва манастырамі не аднаасобна. Важную ролю ў гэтай справе адыгрывалі саборныя старцы — звычайна 12 найболып паважаных манахаў, якія ажыццяўлялі судовыя функцыі. Асобную групу складалі інакі, якія выконвалі розныя царкоўныя абавязкі — святары, дыяканы, дзякі, эклесіярхі і іншыя. З цягам часу з’яўляюцца пасады, звязаныя з гаспадарчымкіраваннем: эканом, келар, кухар і іншыя [8, с. 734; 9, с. 388]. Наяўнасць усіх згаданых пасад маглі дазволіць сабе толькі шматнаселеныя абіцелі, чаго не скажаш пра беларускія манастыры, якія і ў больш позні час не вызначаліся вялікай колькасцю манахаў (нярэдка да 10 манахаў) [6, с. 167].

Згодна са статутам, манастыры павінны быць самадастатковымі структурамі і забяспечваць сябе толькі праз «дела рук своих». Аднак пры стварэнні абіцелі яны забяспечваліся сваімі апекунамі. Так, Уладзімір запісаў на ўтрыманне Лешчанскага манастыра вёску Вільча [4, с. 9]. Асновай матэрыяльнага забеспячэння царквы (у тым ліку манастыроў) была дзесяціна [5, с. 743], але толькі першапачаткова. З цягам часу гэтай асновай становяцца маёнткі. Манастырскі зямельны фонд пачаў фарміравацца ў ХІІ-ХІІІ стст.

Важную крыніцу манастырскіх прыбыткаў складалі рознага роду ахвяраванні: на дабрачынныя мэты, на памін душы, а таксама ўклады людзей, якія пастрыгаліся ў манахі. Акрамя гэтага, абіцелі маглі атрымліваць прыбыткі і ад гандлёвых аперацый [1, с. 715; 5, с. 743-744].

Праваслаўныя абіцелі аказаліся ўцягнутымі ў сферу гаспадарчага жыцця, што паспрыяла ўмацаванню іх сувязяў са свецкім грамадствам. Нормы манаскага жыцця, вызначаныя статутам, на практыцы ажыццявіць аказалася вельмі цяжка. Стаўшы складальнай часткай не толькі царквы, але і грамадства, абіцелі павінны былі наладжваць сваё жыццё згодна з яго парадкамі і правіламі, а апошнія не заўсёды былі дасканалымі.

XII ст. лічыцца часам росквіту манаскага жыцця. Гэта стагоддзе нарадзіла людзей, жыццё якіх стала ўзорам для сучаснікаў і нашчадкаў. Сярод «колоссов аскетики», такіх як Антоній і Феадосій Пячорскія, імёны тураўскіх епіскапаў Кірылы і Лаўрэнція, прападобнага Марціна [3, с. 71].

Павышэнню аўтарытэту манаства спрыяла яго дабрачынная і апякунская дзейнасць. Валодаючы пэўнымі матэрыяльнымі сродкамі, манастыры бралі пад сваю апеку: 1) людзей, якія ў сілу розных абставін не маглі весці нармальны спосаб жыцця (напрыклад, «прошчанікі» — людзі, якія за правіннасці атрымалі «прошчу» ад царквы і апынуліся пад яе патранатам); 2) турэмных вязшў; 3) людзей, якія мелі фізічныя недахопы, жабракоў, юродзівых і інш. Для апошніх ствараліся багадзельні, а першым дзвюм катэгорыям пакаранні замяняліся работай на карысць абіцелі [8, с 734-736].

Праваслаўныя манастыры з’яўляліся асяродаамі асветы і адукацыі. Яны садзейнічалі распаўсюджванню хрысціянскіх кніг. Дзякуючы працы манахаў паступова фарміраваліся манастырскія бібліятэкі. Менавіта ў манастырах з’явілася традыцыя адлюстравання мінулага праз летапісанне. Згаданая дзейнасць вялася ў абіцелях Турава і Пінска.

Пры манастырах, верагодна, дзейнічалі школы. Ёсць меркаванне, што школы меліся пры тураўскім Барыса-Глебскім, пінскім Лешчанскім і слуцкім Троіцкім манастырах. Калі і бьші школы, то яны з’яўляліся ўстановамі элементарнай пісьменнасці. Вучыліся ў іх дзеці заможных людзей. Сяляне і гараджане ў асноўнай масе былі непісьменнымі.

Такім чынам, манастыры Тураўскай епархіі, па сваёй сутнасці не прызначаныя служыць якім-небудзь іншым інтарэсам чалавечага грамадства, акрамя духоўных, аказваюцца ўцягнутымі ва ўсе сферы грамадскага развіцця. Стаўшы часткай не толькі царквы, але і грамадства, манастыры жылі па яго законах. Апошнія не заўсёды адпавядалі, а то і наогул супярэчылі нормам манастырскага статута, прыводзілі да яго парушэнняў. Тым не менш, менавіта ў той час вылучылася цэлая плеяда хрысціянскіх падзвіжнікаў, аскетаў і асветнікаў, якія значна паўплывалі на маральны стан манаства ды і грамадства ў цэлым.

Дабрачынная і апякунская дзейнасць спалучалася з клопатамі, звязанымі з забеспячэннем сваіх уласных гаспадарчых патрэб. Прызначаныя быць прыстанішчам ад жыццёвай навальніцы, манастыры сталі асяродкамі асветы і адукацыі. Хоць гэта дзейнасць не была вызначальнай, інтэлектуальная праца манахаў значна ажывіла духоўнае жыццё Турава-Пінскага рэгіёну.

Дваісты характар унутранага зместу духоўных устаноў вызначаў шляхі гістарычнага развіцця практычна ўсіх манастыроў Усходу і Захаду [8, с. 736]. Тэндэнцыі развіцця манастыроў Тураўскай епархіі, пры пэўных мясцовых асаблівасцях, адпавядалі падобным працэсам рэлігійнага жыцця Старажытнай Русі і Еўропы ў цэлым.

Спіс крыніц і літаратуры

  1. Голубинский, Е.Е. История русской церкви: в 2 т. / Е.Е. Голубинский. — М., 1901. — Т. 1.
  2. Карташев, А.В. Очерки по истории русской церкви: в 2т. / А.В. Каргашев. — М., 1991. — Т. 1.
  3. Мартос, А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни / А. Мартос. — Минск, 1990.
  4. Мосейчук, В. История Пинского Свято-Успенского Лещинского монастыря / В. Мосейчук. — Сергиев Посад, 2002.
  5. Моця, А. Древнерусские монастыри Среднего Поднепровья (Х-ХІІІ вв.) / А. Моця // La vie quotidienne des moines etchanoines reguliers au Mcyen Ags et Temps mocfernes: Actes du Premier Colloque International du L.A.R.H.C.O.R, Wroclaw-Ksiaz, 30 novembre — 4 decembre 1994 / Publжations de 1’Institut d’Histoire de l’Uni\Ђrsite de Wrocіaw; redacteur: M. Derwich. — Wrocіaw, 1995. -P. 741-752.
  6. Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. / М.П. Касцюк [і інш.]. — Мінск, 1994. — Ч. 1.
  7. Православные мошсгыри Беларуси / сост.: С.Э. Сомов [и др.]. — Минск, 2003.
  8. Ричка, В. ПовсякденнежиттямонастирівКиівськоіРуси / В. Ричка // La vie quotidienne des moines et chanoines reguliers au Mcyen A^ et Temps modernes: Actes du Premier Colloque International du L.A.R.H.C.O.R, Wrocіaw — Ksiaz, 30 novembre — 4 decembre 1994 / Publications de rinstitut d’Histoire de 1’Universite de Wrocіaw; redacteur: M. Derwich. — Wrocіaw, 1995. — P. 731-739.
  9. Русская православная церковь. Монастыри. — М., 2000.

Аўтар: А. Дзянісава
Крыніца: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа: Х 12 зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С.В. Марозава [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2008. – 497 с. С. 431-434.