Два фрагменты з мінулага (выстава «Радавод» Алега Белавусава)

0
387
Выстава Радавод Алега Белавусава ў Гомелі мела фатаздымак закаханай пары
Закаханыя жыхары сярэднявечнага Гомеля, ХІІ ст.

У ХІІ ст. Гомель (Гомій) быў цэнтрам удзельнага княства ў складзе Чарнігаўскага княства. Гомель быў вялікім ўмацаваным фарпостам – гомельскі замак займаў тэрыторыю больш за 2 гектары, што па тых часах было досыць вялікім збудаваннем. Унікальнасць сярэднявечнай культуры гэтага горада пацвярджаецца знаходкамі археолагаў – у Гомелі знойдзена і даследавана адзіная ва ўсёй Усходняй Еўропе збройная майстэрня па вырабу кальчуг. На дадзеным здымку рэканструявана вопратка княскага асяроддзя Гомеля.

Маці з сынам у вышыванцы
Маці з сынам — жыхары Ўсходняга Палесся

Беларускае сялянства захавала ўнікальную старадаўнюю фальклорную і этнаграфічную культуру. Пры гэтым розныя рэгіёны Беларусі мелі адметныя рысы – Віцебскае Паазер’е, Падзвінне, Магілёўскае Падняпроўе, Віленскі край, Гарадзеншчына, Заходняе і Усходняе Палессе. Арыгінальная культура Усходняга Палесся, акрамя ўсяго іншага, знаходзіла адбітак у карункавым аздабленні вопраткі. Паводле старадаўняй традыцыі вышыўка на жаночай кашулі мусіла адпавядаць сацыяльнаму і сямейнаму стану жынчыны. Адрозную вышыўку кашулі мелі дзяўчынкі-падлеткі, дарослыя дзяўчыны, маладыя жонкі, жанчыны-маці і бабулі. Пасля нараджэння першага дзіцяці для людзей традыцыйнага грамадства дзяўчына пераходзіла ў статус жанчыны і мусіла адпаведным чынам аздобіць рукавы і шыю сваёй кашулі.

Аўтар: Алег Белавусаў – беларускі фотамастак, нарадзіўся ў Еўпаторыі (Крым), стала жыве ў г. Гомелі. Скончыў Маскоўскі лесатэхнічны інстытут. Захапленне мастацтвам, кіно і музыкай паўплывала на змену прафесіі. Працаваў у галіне фотарэкламы, расійскіх і беларускіх СМІ. Зараз з’яўляецца фотакарэспандэнтам абласной газеты “Гомельская праўда”. Доўгі час працуе з гуртом старадаўняй музыкі “Стары Ольса”, здымаў спартовыя і грамадскія мерапрыемствы. У якасці фотакора актыўна супрацоўнічае з шматлікімі перыядычнымі выданнямі. Сябра Беларускага творчага аб’яднання “Фотамастацтва”. Жанаты, мае дзвюх дачок. Застаючыся патрыётам сваёй Радзімы – Украіны і Крыма, закаханы ў сваю другую Радзіму – Беларусь. Ягоны творчы светапогляд вызначае сінтэз на першы погляд незлучальных рыс – лірычны рамантызм і філасофскі цынізм. Актыўна супрацоўнічае з агенцтвам “Гісторыя-Тур”.

Спасылка (разам з астатнімі 29 працамі): http://www.h-t.by/belavus-1.html