Дняпроўская камуна — камуністычны эксперымент на Лоеўшчыне

0
181
Дняпроўская камуна — камуністычны эксперымент на Лоеўшчыне

Першае Таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі на Лоеўшчыне ўтварылася ў 1920 г. пасля вызвалення ад польскіх войск, і яго першым кіраўніком стаў Ігнат Асадчы, які пазней быў забіты бандытамі. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні ўлады, у таварыстве засталіся толькі самыя бедныя сяляне вёскі Суткоў [1, 33]. Крызіс кааперацыі праследжваўся не толькі ў Лоеўскай воласці — ён пачаў назірацца па ўсёй Гомельскай губерні. К канцу 1923 года лік камун скараціўся са 123 у 1919 годзе да 34 [2, 176]. Для выпраўленя сітуацыі ў 1922 годзе ў Суткоў быў прысланы новы кіраўнік Іван Мікалаевіч Смірноў, былы галава Холмецкай воласці. Па яго ініцятыве адбыўся сходу членаў Тоза вёскі Суткоў. На ім быў выбраны савет кааператыва, які стаў вышэйшым органам улады. 18 сакавіка 1922 г. у Дзень Парыжскай камуны па ініцыяціве схода ТОЗ быў пераўтвораны ў “Дняпроўскую камуну” [1, 33].

Рэчыцкае праўленне перадало камунарам 333 дзесяціны пашы, 700 дзесяцін лугоў, сад, 25 кароў, 12 коней, 22 авечкі, кузню з поўным інвентаром [3, 129]. Першапачаткова ў камуну ўступіла няшмат: 15 сямей, або 25 чалавек [1, 34]. Канешне, гэта было надзвычай мала, і галава Смірноў вырашыў запрасіць беднякоў са сваёй радзімы. З вёскі Сведскае Васілевіцкай воласці ў камуну было перавезена 20 сямей [4, 2]. Потым з в. Пярэдзелка далучылася яшчэ 6 сямей. Астатнія сяляне вялі сваю гаспадарку самастойна [5, 2].

Першапачаткова сяляне сяліліся ў бараках або ў хатах заможных сялян, адабраных камунарамі. Паступова наладжваўся быт камунараў на прынцыпах камуністычнай роўнасці і справядлівасці [6]. На працягу некалькіх гадоў пры актыўнай падтрымцы з боку ўлад “Дняпроўская камуна” актыўна развівалася. Праўленне Рэчыцкага павета старалася зрабіць з яе рай камунізму для прыцягнення сялян, таму менавіта ў гэтую камуну ішлі самыя перадавыя сельскагаспадарчыя тэхналогіі. Але лік камунараў ніколі не перавышаў 40 чалавек, сялян не вельмі прываблівала аддаваць сваю гаспадарку ў агульнае карыстанне [1, 34]. “Дняпроўская камуна” — першае сельскагаспадарчае аб’яднанне на Лоеўшчыне, якое атрымала трактар. А ў 1927 г. у камуну прыбыло 5 трактароў “Пуцілавец”, з якіх была сфарміравана трактарная калона. Выкарыстанне тэхнікі дазваляла праводзіць сяўбу хутка, у лепшыя месяцы, што павышала ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур [1, 34].

Для павышэння ўраджайнасці дзяржава выдзяляла гатункавае зерне і сеялку. Упершыню ў раёне была праведзена сяўба зерня радковым спосабам на плошчы 40 га. Пасля гэтага ў 1927 годзе быў сабраны рэкордны для Лоеўскага раёна — ўраджай 9,6 ц/га. Для параўнання — у сялян значылася 6 ц/га [1, 34]. Камуна была рэкламай дабрабыту не толькі для сялян Лоеўшчыны. Сюды запрашаліся нават замежныя госці. У сярэдзіне 1920-х гадоў у “Дняпроўскую камуну” прыехала дэлегацыя з ЗША, пасля візіту якой са Злучаных Штатаў было выслана абсталяване для рамонтанай майстэрні — адзінай на раён да 1930 года [5, 2].

Аднак, нягледзячы на такія добрыя вынікі, камунальны рух паказаў сваю нежыццяздольнасць. Галава камуны не быў зацікаўлены ў паляпшэнні гаспадаркі. Напрыклад, калі ў 1929 годзе ўлада ўручыла яму ільноачыстку, тая прастаяла тыдзень без справы. Праявіўся крызіс быту камунараў: сялянам сталі дазваляць сяліцца ў асобных дамах, трымаць у асабістым карыстанні жывёлу і нават зямельныя надзелы [6]. З 1929 года камуну выкарыстоўвалі як плацдарм для правядзення калектывізацыі. Камунараў перасялялі ў пасёлкі — будучыя цэнтры калгасаў, кіраўнікі камуны пачалі выконваць роль першапраходцаў у арганізацыі калгасаў. У выніку камунальны рух не дасягнуў пастаўленых мэтаў па прычыне незацікаўленасці сялян у выніках сваёй працы.

Літаратура

  1. Ермакоў І. Лоеўшчына ў часы станаўлення і ўмацавання савецкай улады / І. Ермакоў // Серп і молат. Раенная газета. 31 студзеня 1970 г. — С. 2.
  2. Інфармант Краўчанка Ганна Іванаўна 1910 года нараджэння. — Матэрыял школь нага музея “Суткоўскі край”.
  3. Долатаў, А. С. Дапаможнік па краязнаўству Лоеўшчыны / А. С. Долатаў. — Лоеў : Карані. — 2002. — 81 с.
  4. Цярэшчанка, С. Дарогай вернай ў 1920 гады / С. Цярэшчанка. — Серп і молат. 16 красавіка 1970 г. — № 45. — С. 2.
  5. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. — Ф. 509. Вопіс 1. Спр. 177., л. 76.
  6. ДАГВ. — Ф. 509. Вопіс 1. Спр. 177., л. 79.

Аўтар: А.В. Колас
Источник: От идеи — к инновации : материалы XXIV Междунар. студ. науч.-практ. конф., Мозырь, 27 апр. 2017 г. В 2 ч. Ч. 2 / УО МГПУ им.И.П.Шамякина ; редкол.: В.Н.Навныко (отв.ред.) [и др.]. — Мозырь, 2017. — 345 с.