У сучасным літаратуразнаўстве асабліва актуальнымі і важнымі з’яўляюцца пытанні паэтыкі мастацкага твора. Мастацкая дэталь з’яўляецца формай выражэння аўтарскай пазіцыі, рэалізаванай ў прыхаваным выглядзе. Паспяховая інтэрпрэтацыя дадзенай з’явы прыводзіць да адэкватнага ўспрымання канцэпцыі твора.
Плённае выкарыстанне мастацкай дэталі прасочваецца ў творчасці выдатнага беларускага раманіста Івана Мележа. Можна гаварыць нават пра тое, што выкарыстанне мастацкай дэталі складае адну з дамінант яго стылю.
Вядома, што мастацкая дэталь падпарадкоўваецца законам жанру. Таму, можна меркаваць, што раманы з цыкла «Палеская хроніка» -«лірычны раман» «Людзі на балоце» і раманы-даследаванні «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань» – расстаўляюць акцэнты ў рэалізацыі мастацкай дэталі – пейзажнай, псіхалагічнай, сімвалічнай ці нейкай іншай.
Мастацкая дэталь заключае ў сабе вялікі ідэйна-эстэтычны і сэнсава-змястоўны свет твора. Адзін з тэарэтыкаў літаратуры Я.С. Добін, які копмлексна і грунтоўна займаўся вывучэннем такога феномена, як мастацкая дэталь, адзначае: «Дэталь – мініяцюрная мадэль мастацтва. У індывідуальным характары – тып. У ланцугу адзінкавых падзей – час, гісторыя. У прыватнай калізіі – супярэчнасці грамадства. У асобных лёсах – заканамернасці эпохі» [1, с. 367]. Доказам гэтых слоў і з’яўляецца панарамная карціна «Палескай хронікі» І. Мележа, якая наскрозь «прапітана» мастацкімі дэталямі, якія ў сваю чаргу праз «мініяцюрныя мадэлі» раскрываюць цэлую эпоху жыцця беларускага Палесся.
Звяртаючыся непасрэдна да тэорыі вывучэння мастацкай дэталі, можна падкрэсліць той факт, што тэарэтыкамі літаратуры была прапанавана не адна класіфікацыя дэталяў, за аснову якіх браліся розныя крытэрыі. Але заўважаецца пэўная заканамернасць у адным: кожны з літаратуразнаўцаў не аспрэчвае той факт, што ў мастацкім свеце любога пісьменніка дэталь набывае сваю непаўторную афарбоўку, сваю адметнасць і наватарства. Па словах Ю.Б. Борава, «дзякуючы мастацкай дэталі ў тэксце з‘яўляецца магчымасць узікнення дадатковага сэнсу» [2]. Не выключэннем стаў і І. Мележ, якога па праву называюць «майстрам мастацкай дэталі». Ён надзвычай умела «даваў жыццё» кожнай сваёй дэталі, «удыхаў» зусім новыя і нечаканыя адценні ў яе значэнне.
Адной з такіх дэталяў у «Палескай хроніцы» з’яўляецца дэталь-лейтматыў, якая чырвонай ніткай праходзіць праз увесь твор. Яна з кожным раманам напаўняецца новым сэнсавым значэннем, узмацняецца яе эмацыйнае напружанне і, адпаведна, уздзеянне на чытацкае ўспрыманне. Сярод даследчыкаў літаратуры менавіта Я.С. Добін поруч з «дэталямі знешняга свету», «дэталямі пластычнага апісання і пластычнага ўзнаўлення свету», «дэталямі- метафарамі» і іншымі асобна вылучаў «дэталь-лейтматыў» [1]. У трылогіі І. Мележа мастацкая дэталь можа выступаць як частка вобраза, а можа, нават, быць роўнай вобразу.
Уяўленне пра дэталь-лейтматыў – балота – у чытацкай свядомасці ўзнікае паступова, яно быццам бы вырошчваецца, запаволена і асцярожна. Пэўным чынам дэталь-лейтматыў закладваецца аўтарам у самі назвы раманаў хронікі: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань». Мы можам прасачыць пэўную эвалюцыю ўжо ў саміх назвах, але больш глыбока яна раскрываецца непасрэдна ў тэкстах раманаў. Калі звярнуцца да знакамітай класіфікацыі мастацкай дэталі А.Б. Есіна, які падзяляў іх на знешнія (партрэтныя, пейзажныя, рэчыўныя) і псіхалагічныя, то дэталь-лейтматыў можна аднесці да пейзажных дэталяў [3, с. 75]. У гэтым, сапраўды, ёсць пэўная рацыя, але калі аналізаваць прыроду такой дэталі, яе функцыянальную прыналежнасць, непасрэдна тлумачыць яе змястоўны паказчык, то заўважаецца вялікая сімволіка, філасофскі змест. Такім чынам, нельга адназначна аднесці яе да канкрэтнай групы дэталяў: яна значна шырэй і глыбей, умяшчае ў знешніх рысах псіхалагічна-філасофскія праблемы ўсяго твора. Паспрабуем больш глыбока акрэсліць сутнасць дадзенай дэталі.
У першым рамане «Людзі на балоце» дэталь яшчэ толькі «зараджаецца», «набірае сваю моц». Ярка яна не паўстае перад чытачом, толькі праскальзвае пэўнымі штрыхамі-мазкамі: «Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў – аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы…
Большую частку года востраў быў як бы адасоблены ад іншых вёсак і мястэчак. Нават у непаганыя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся сюды ў паляшуцкай торбе нялёгка – каму было прыемна лазіць па гразі без вельмі важнай прычыны, – але і гэтая нямоцная сувязь са светам пры кожным зацяжным дажджы лёгкарвалася.
Але такое становішча тут не палохала, людзям на востраве яно здавалася зусім звычайным» [4, с. 14].
Але якраз гэтыя штрыхі служаць для стварэння скразнога вобраза-топаса балота, які з першых старонак неаднаразова пачне згадваць І. Мележ. Невыпадкова першы раман трылогіі мае назву «Людзі на балоце». Хто гэтыя «людзі на балоце»?! На першы погляд здаецца, што гэта звычайныя жыхары з вёскі Курані, якім лёс падараваў даёка не самае багатае і шчаслівае месца для жыцця – балота. Як адзначае даследчыца М.М. Іаскевіч, «гэта гіблае, “праклятае” месца “з душным балотным смуродам”, сумесь вады і зямлі. Паводле міфалагічных звестак беларусаў, чорт стварыў балота, таму, паводле слоў аднаго з герояў, гэта “зялёная пагібель”, можа нават і смерць» [5]. Але жыццё ў «чортавым месцы» пэўным чынам характарызуе і саміх жыхароў. Нездарма яны апынуліся менавіта тут, бо іх унутрана-псіхалагічны стан пэўным чынам адбіваецца ў гэтым балоце. Яны баяцца і не хочуць перамен у сваім жыцці, не імкнуцца да лепшага, яны «загразлі» ў сваёй паўсядзённасці, не могуць ісці наперад: «той, хто век жыве на балоце, не мог не прывыкнуць даядавіта-зялёнага хараствараскі» [4, с. 153].
Людзі на балоце – гэта ўвасабленне культурна-генетычнага кода саміх беларусаў, якія будуць цярпець да апошняга, будуць баяцца зрабіць крок да лепшай будучыні, бо ўвесь час знаходзяцца на плыткім балоце. І. Мележ акрэслівае пэўныя межы да вялікай бяды, але яна яшчэ зусім далёка, толькі маленькія хмаркі збіраюцца каля яркага і шчаслівага сонейка, пад якім стаіць вялікая і прыгожая грэбля, пэўная надзея на светлую будучыню: «Можна хадзіць у школу, можна ездзіць на кірмаш, можна ў госці – адзін к аднаму, абы зажадалася!.. Вялікаярадасць – грэбля!.. Грэбля гэтая звязвае разам сёлы, лясы, сенажаці. Звязвае людзей з людзьмі!.. Па такіх грэблях пойдзе ў нашы балоты, у нашу цемру святло, новае жыццё! Культура і дастатак!.. Кніжкі, кіно і трактары!..
Апошнім, ад Куранёў, стаў на калёсы Міканор. Ён сказаў, што беднасць і цемра закрываюць жыццё ў Куранях, як раска закрывае балота. Раска заўсёды чапляецца за балота, за ваду, якая не варушыцца, стаіць. Каб разагнаць раску, трэба разварушыць жыццё! І грэбля – гэта першае “вочка”, першы пробліск у моры векавечнай раскі! Трэба, не шкадуючы нічога, не баючыся, варушыць балота, затхлае жыццё – і цемра, і раска назаўсёды прападуць. Будзе адна чыстая, светлая вада, светлае жыццё!» [4, с. 386].
І. Мележ-гуманіст, які верыў у чалавека, заканчвае свой першы раман надзеяй, даючы шанс куранёўцам пазбавіцца гэтага балота не толькі знешняга, але і ўнутранага.
Сама назва другога рамана «Подых навальніцы» ўсё ж такі скіроўвае чытацкую ўвагу на тое, што бяда не абміне гэта «чортава месца». Яна проста не можа не адбыцца, бо пэўныя зрухі ў «балоце» прывядуць да вялікага выбуху. Вялікая навальніца ў рамане толькі яшчэ набірае свою моц, удыхаючы яе ў душы нашых герояў. Гром, маланкі ўвесь час з’яўляюцца ў прыродзе, тым самым падкрэсліваючы змены і знешнія, і псіхалагічна-ўнутраныя.
Так, І. Мележ пачынае раман з традыцыйнага апісання прыроды: «Усёвышні ці не пачуў, ці не паслухаўся маленняў: ужо блізка да сенакосу пачалі нядобра лезці навальніцы. Зранку неба было i чыстае, i яснае, i яснасць стаяла доўга ўдзень, але за полуднем проста ўвачавідкі пачыналі пухнуць белыя, потым сіняватыя хмары… Пад вечар хмары зацягвалі ўжо ўсё неба. У вячэрняй цемры безупынку кідаліся чырвоныя выбліскі. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі i агародамі нізалі стрэлы маланак i расколвалі ўдары грому. У навальнічнай цемрадзі бляск маланак быў бела-сіні, прагавіты, грымоты падалі i каціліся так магутна i грозна, што здавалася, на мокрым лапіку зямлі ca стрэхамі i ў балотным абшары навакол усё замірала ад страху. У цёмных хатах божкалі, хрысціліся, з неспакоем i надзеяй чакалі, што будзе далей» [6, с. 4]. Перад намі з’яўляюцца зусім іншыя Курані, якіх мы яшчэ не бачылі. Чытач ужо прывык да вяскоўцаў, якія жылі ў пэўнай згодзе з прыродай, увесь час займаліся справай і «варушыліся» на адным месцы. Яны прывыклі да іх «балотнага» жыцця, але тут здараецца зусім нечаканае. Зараз мы бачым Курані ў вялікім жаху і пэўнай безнадзейнасці ад жыццёвых перамен, якія паставілі іх у тупік. Яны па-сапраўднаму зніякавелі, задрыжалі і не ведалі, у які бок ім падацца, дзе шукаць дапамогі і каму верыць, калі, здаецца, сам Бог адвярнуўся да іх: «Ранкам ужо адкрылася, што навальніца кінула маланку i на крыж за сялом, на разгалку дарог. Куранёўскія жанкі, калі ўбачылі гэтую неспадзеўку, затрывожыліся: большасць ix меркавала цвёрда, што гэта не на добрае, што чорны крыж – знак божай няміласці… Былі i такія – i не толькі з маладых, якія не толькі не трывожыліся, а нават пасмейваліся: глядзіце, маўляў, i бог сам крыжы паліць. Прызнае, што пара святая прайшла…» [6, с. 5].
«Унутраная навальніца» адбываецца і ў душах герояў. Так, Ганна, якая апынулася ў хаце Яўхіма і страціла там дзіця, асаблівым чынам адчувала той пах навальніцы, які прадказваў яе будучыню, яе выбух: «Амаль увесь час нядобра, трывожна шумеў дуб. Пахла навальніцаю.
Чаканне яе таміла душу. Але зіхала i грымела ўсё наводдаль, нібы навальніцы хацелася больш памучыць яшчэ, падыходзячы. Няхутка набліжаліся бліскавіцы, паволі раслі, мацнелі грамы, a ўсё ж падступаліся, гразіліся. Вось ужо сталі заходзіць збоку, як бы акружаць. Вецер таксама нібы цешыўся людскім неспакоем – то ўціхаў на хвіліну, то налятаў з новым шалам, біў вільгаццю i холадам. Старыя даўно не спалі, гнуліся побач з Ганнаю, хрысціліся на кожны бляск, кожную грымоту» [6, с. 25]. Навальніца, як сімвал, вялікай перамены, разгрому, перабудовы, падштурхоўвала яе да таго «ракавога» ўчынку, пасля якога шмат гаварылі. А гаварылі таму, што да гэтага так ніхто не асмельваўся зрабіць: яна пайшла ад Яўхіма і пераехала ў горад. Не змагла больш трываць, пайшла «ад самаго Яўхіма!», як потым скажуць усе ў Куранях. Навальніца цалкам разварушыла «яе балота».
Навальніца, што навісла над Куранямі, закранула і Васіля. Яна таксама дала шанс хлопцу змяніцца, стаць больш рашучым. Яна вельмі ярка «раскалола» яго душу на дзве палавіны: зямля і Ганна: «І яшчэ дайшло – бліснула недзе недалёка. Бліснула і загрымела, туга, працавіта…» [6, с. 91]. Васіль зноў выбраў не яе, не Ганну. Зямля, клопат за сям’ю, адданасць слову і абавязку ўзялі над ім верх. Бо прывык ён да «навальніцы жыцця». Лёс не падарыў яму лёгкага і шчаслівага будзеня, таму і не верыў Васіль у яго.
Найбольш моцна навальніца ўдыхнула небяспекі і трывожнасці ў жыццё старога Глушака: «Хмару прыгнала не на яснае – на хмарнае, чорнае неба. Не да таго, не да малой было – нюхам старога, бітага воўка чуў неадступна Глушак: ішло на страту большае. Хоць не хацелася верыць: усё магло неўзабаве загінуць» [6, с. 95]. Вельмі ярка аўтар падкрэслівае той факт, што хмару прыгнала на чорнае неба. І. Мележ атаясамлівае жыццё Глушака з чорным небам, на якое зараз прыгнала яшчэ хмар. Вось тут навальніца ўдарыць мацней за ўсё, яго валадарства над жыццём скончыцца: «Перастаць жыць заўсёдным клопатам было яму як смерць. А ён хацеў жыць. Ён ірваўся жыць» [6, с. 97]. «У жыцці кожнага чалавека бываюць такія моманты, пра якія раней ці пазней чалавек думае: от ён – пачатак перамены; пачатак радасці ці бяды. Быў i ў Глушака момант, калі стары воўчым нюхам пачуў, што жыццё робіць цвёрды паварот; нядобры паварот – мусіць каціцца ўніз» [6, с. 98]. У «балотным жыцці» ён быў сапраўды валадар, але прыйшла навальніца, новае жыццё, да якога Глушак быў яўна не гатовы. Не прывык ён, што жыццё можа паварочвацца не так, як зручна гэта яму.
Подых навальніцы стаўся для ўсіх Куранёўцаў сапраўднымі грымотамі і бітвамі маланак, якія не абмінулі нікога. Балота разварушылася, ператварылася на момант у пэўнае месца бітваў. Але сапраўдная «сутычка» з жыццём адбудзецца ў трэцім рамане, на што нам указвае сам І. Мележ у канцы другога рамана: «З гэтага дня на змену імжы і макрэчы прывалілі маразы. Скамянела гразь на дарогах, зацвярдзелі пацямнелыя балоты, скавала вясёлым лёдам канавы, копані… УКуранях сталі белымі, звонкіміраніцы, шэрымі, пякучымі ночы» [6, с. 502].
Дэталь-лейтматыў выяўляецца не столькі ў вузкім сэнсе слова (як паўтор), колькі ў шырокім паэталагічным плане. Мележу ўласцівая лейтматыўнасць – вылучэнне ў вобразах шэрагу «скразных» рознапланавых дэталей, якія ён не выпускае з свайго мастацкага поля ад аднаго рамана да іншага. Так, у трэцім рамане пад назвай «Завеі, снежань» аўтар лагічна падводзіць нас да той вялікай жыццёвай завеі, якая павінна была прыйсці на балота пасля навальніцы. Гэтая завея «закружыла» герояў у зусім неспадзяваны бок, падарыла ім унутраны холад, мароз: «А холад не толькі не адступіў, а як бы нават узяўся мацней. І днямі, і начамі ўсё стыла на роўнай, шкляной халадэчы. І днямі, і начамі, не сціхаючы, гайсаў над зямлёй сухі, сіверны вецер, сунуліся нізкія шэрыя хмары. Пад нелагодным небам, вылізаныя ветрам, цьмяна льсніліся заледзянелыя лужы на вуліцы, балотныя разлівы, што падступалі да голых зараснікаў» [7, с. 3]. Снежань пэўным чынам «астудзіў» грымотную восень, але разам з тым ён з яшчэ большай заўзятасцю церусіў снегам і «закручваў» усіх у бядзе: «Увесь час налятаў вецер, сыпаў снегам у твар, усё намагаўся насыпаць за каўнер. Пасмы снегу раз- пораз перабягалі цераз дарогу, праносіліся ў паветры перад вачыма – ад гэтага ўсё выглядала варухлівым, неспакойным і нібы няпэўным. Уражанне неспакойнасці і няпэўнасці яшчэ ўзмацняла цьмяная шэрань, што атульвала ўсё поле…» [7, с. 68].
Такім чынам, дэталь-лейтматыў у «Палескай хроніцы» І. Мележа – з’ява надзвычай самабытная і неардынарная, сведчанне цэласнасці мастацкага свету пісьменніка. Яна сумяшчае ў сабе элементы пейзажнай дэталі, псіхалагічнай, сімвалічнай. Надзвычай умела пераплятаюцца ў ёй змены ў самой прыродзе, знешнія, і разам з тым змены ўнутраныя, якія адбываюцца ў душах герояў. Дэталь-лейтматыў праходзіць скразной ніткай праз усю трылогію. Яна аб’ядноўвае раманы ў адно цэлае, дае ім паўнавартаснае, цэласнае жыццё. Яна стварае каларытнасць той эпохі, непаўторнасць кожнага мастацкага штрыха, удыхае асаблівае жыццё ў мастацкі твор.
Дадзеная дэталь эвалюцыянуе, змяняецца, пераўтвараецца: балота ^ навальніца ^ завея, снежань. Яна мае дынамічны характар. З кожным новым сюжэтным паваротам, дэталь узбагачаецца, «напітваецца» новымі сэнсамі, уключае ў сябе яшчэ больш значнай сімволікі. Такім чынам, дэталь, паўтараючыся і набываючы дадатковыя сэнсы, становіцца дэталлю-лейтматывам, нават больш: перарастае да сімвала. Нездарма яна вынесена ў загаловак кожнага з раманаў. Дэталь- лейтматыў, з аднаго боку, не толькі праясняе задуму аўтара, але найперш агаляе яе. З другога, дэталь-лейтматыў у І. Мележа становіцца сэнсавым фокусам, кандэнсатарам аўтарскай ідэі.
Як вядома, «Палеская хроніка» так і не была скончана, невядома, як бы дэталь- лейтматыў раскрылася ў іншых раманах. Але вядома адно: яна з’яўляецца неад’емным элементам твора, які вылучае трылогію І. Мележа сярод іншых твораў мастацтва сваёй арыгінальнасцю і непаўторнасцю аўтарскай задумы і спосабамі яе рэалізацыі.
Літаратура
- Добин, Е.С. Герой. Сюжет. Деталь / Е.С. Добин. – М., Ленинград: Советский писатель, 1962. – 408 с.
- Теории, школы, концепции: критические анализы: художественная рецепция и герменевтика / отв. ред. Ю.Б. Борев. – М.: Наука, 1985. – 286 с.
- Есин, А.Б. Принципы и приемы анализа литературного произведения: учебное пособие / А.Б. Есин. – 9-е изд. – М.: Флинта: Наука, 2008. – 248 с.
- Мележ, І.П. Людзі на балоце: раман з «Палескай хронікі»: у 6 т. / І.П. Мележ. – Мн.: Юнацтва, 1987. – Т. 5. – 388 с.
- Развернутая метафора заглавия романа И. Мележа «Людзі на балоце»: глубина мифологического контекста [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://docviewer.yandex.by/view/0/?page= 5&*=M5c%2FmWK%2BR%2B2KoN7Xdv85g8xv. – Дата доступа: 15.02.2020.
- Мележ, І.П. Подых навальніцы: раман з «Палескай хронікі» / І.П. Мележ. – Мн.: Мастацкая літаратура, – 512 с.
- Мележ, І.П. Завеі, снежань: раман з «Палескай хронікі» / І.П. Мележ. – Мн.: Мастацкая літаратура, – 240 с.
Аўтары: Т.А. Аляшкевіч, Н.В. Шмігера
Крыніца: Известия Гомельского госуниверситета, 2020, №4 (121) С. 85-89