Давясельны перыяд на Гомельшчыне ў сучасных фальклорных запісах

0
304
Давясельны перыяд на Гомельшчыне ў сучасных фальклорных запісах вяселле

Артыкул прысвечаны разгляду абрадавых этапаў давясельнага перыяду: «пярэпыты», «дамоўленасць», «сватанне», «запоіны», «заручыны». Увага засяроджана на асобных рытуалах, характэрных для абрадавых момантаў давясельнай часткі. У артыкуле знайшлі месца самастойныя назіранні і высновы, зробленыя на падставе аналізу фактычнага матэрыялу, запісанага ў розных вёсках і раёнах Гомельскай вобласці.

Калі маладыя людзі дасягалі пэўнага ўзросту, то яны самі і іх бацькі пачыналі сур’ёзна думаць аб шлюбе. Выходзілі замуж і жаніліся рана — пятнаццаці-шаснаццацігадовая дзяўчына і хлопец, старэйшы за яе на год-два, лічыліся прыгоднымі для стварэння сям’і. Маладыя людзі не заўсёды самі выбіралі сваю пару, часта гэта за іх рабілі бацькі: «Дзеўка і хлопец не ведалі адзін аднаго. Бацькі самі вырашалі лёс сваіх дзяцей» (в. Ляскавічы Петрыкаўскага р-на)*.

Вяселле праводзілася, «калі скончыцца ўборка ўраджаю, пасля Крашчэння, як вада асвеціцца, на первую Прачыстую (28 аўгуста)» (г. Рэчыца), «вяселле можна было гуляць увесь час, акрамя Піліпаўкі, бо маладыя будуць выць друг на друга, і месяца мая, бо маладыя ўвесь час будуць маяцца» (в. Зашчоб’е Рэчыцкага р-на). «Свята праводзілася звычайна ўвосень, калі маглі накрыць стол з таго, з таго, што паспелі зжаць, сабраць у полі, лесе» (г. Жлобін).

Даследчыкі ўсю вялікую разнастайнасць вясельных звычаяў і абрадаў падзяляюць на тры перыяды: перадвясельны, вясельны і паслявясельны.

Засяродзім увагу на асаблівасцях давясельнага перыяду на Гомельшчыне, які па структуры складаецца з наступных кампанентаў: дамоўленасць, пярэпыты, сватанне, запоіны, заручыны (змовіны).

Дамоўленасць і пярэпыты — гэта часткі давясельнай абраднасці, якія ў нашых мясцовасцях сустракаюцца рэдка. Адзначым, што яны могуць выступаць у асобных мясцовасцях як адзін абрад або як самастойныя асобныя абрадавыя этапы. Іншы раз мы сустракаемся з тэрміналагічнай блытанінай: людзі могуць называць «дамоўленасць» — «пярэпытамі», а «пярэпыты» — «дамоўленасцю».

Дамоўленасць — гэта адзін з абрадаў, падчас якога маладыя дамаўляюцца аб шлюбе: «Жаніх прыходзіць або прыязджае ў дом нявесты і просіць дазволу на жаніцьбу ў бацькоў нявесты» (в. Елянец Буда-Кашалёўскага р-на).

Пярэпыты праходзілі па просьбе жаніха і пры згодзе дзяўчыны. Звычайна ўдзельнічалі ў гэтай цырымоніі 3 чалавекі: маці жаніха, хрышчоная маці і яе сястра. Маці жаніха павінна была ацаніць падвор’е будучай нявесткі і перапытаць, ці згодна яна выйсці замуж. «Пры саглашэнні мацеры абменьваюцца хлебам» (в. Пянчын Буда-Кашалёўскага р-на), а вось «калі не нравіўся дзяўчыне хлопец, і яна не хацела за яго ісці, то на вароты клалі гарбуз» (в. Рудзянец Буда-Кашалёўскага р-на).

Пасля пярэпытаў адразу прызначаўся дзень сватання. Аднак у в. Елянец Буда-Кашалёўскага р-на сватанне адбываецца адразу пасля «дамоўленасці», а пярэпытаў у іх не было.

Сватанне — гэта адна з галоўных частак давясельнага перыяду, калі сваты дамаўляюцца, ці будзе вяселле, і прызначалі час заручын або запоін (у некаторых мясцовасцях адзін з гэтых абрадаў адсутнічаў або ўвогуле праходзіў адначасова са сватаннем).

У сваты звычайна хадзілі ў суботу вечарам, нават ноччу. Звычайна гэта былі 3-4 чалавекі: «хросны бацька, бацька маладога, малады» (в. Лескі Акцябрскага р-на), аднак гэтая колькасць іншы раз вагаецца: «У сваты ішлі чалавек 5-7: хросны бацька, дзядзькі, родны бацька, жаніх» (в. Вялікія Нямкі Веткаўскага р-на), або «ўся радня: бацько, маці, хросныя (бацько, маці), дзядзько, цётка, брат. Магло прыйсці 10-12 чалавек». Сваты складалі людзі толькі з радні, аднак вельмі рэдка сустракаецца і такой выпадак, што ў сваты павінны адпраўляць «знаёмых мужчын» (в. Шкураты Брагінскага р-на).

Падыходзілі да дому нявесты таксама незвычайна: «На двор, дзе жыве маладая дзяўчына, заяджаюць муляваныя вазы. На вазу сядзяць сваты» (в. Чырвоная Слабада Акцябрскага р-на), «Прыехаўшы да маладой, у хату адразу не ўваходзілі, а стаялі ў двары і гучна размаўлялі, каб іх пачулі і паспелі падрыхтавацца» (г. Рэчыца).

Шэраг цікавых абрадаў быў звязаны з уваходам у хату: «Грэлі рукі аб печ, каб здароўкацца цёплымі рукамі, каб дзеці цёпла жылі, багата» (в. Азершчына Рэчыцкага р-на).

Абрад сватання суправаджаўся рытуальным дыялогам, які адбываўся паміж сватамі і бацькамі нявесты, дзеяннямі, якія сімвалізавалі ўмову згоды або нязгоды на шлюб.

Сваты маглі выступаць сімвалічна ў ролі жабракоў і купцоў: «Падыходзілі да дому дзяўчыны, стучалі ў дзверы і вокны, громка крычалі: “Мы ішлі доўга-доўга, замёрзлі, пусціце пагрэцца жабракоў”» (в. Дуброва Акцябрскага р-на), «Заходзяць у хату, адразу не гавораць, чаго прыехалі, а нібы гандлююць што-небудзь, напрыклад, кажуць, што прыехалі куплыць цялушку» (в. Гажын Нараўлянскага р-на).

У іншасказальнай форме дыялогу вырашалася пытанне аб шлюбе:

«— У суседняй вёсцы казалі, што ё ў вас цялушка добрая. Ці не прададзіце нам?
— Не, няма ў нас цялушкі.
— Не, не за цялушкай мы прыйшлі ў еты дом, а за дачушкай. Кажуць, прыгожая яна, як кветачка, разумная, гаспадарлівая. А ў нас ё пятушок да пары вашай курачцы: і красівенькі, і гаворкі, і работнічак добры. Ці не спарыць іх нам?»
(в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага р-на).

У іншых мясцовасцях сваты казалі так: «Мы чулі шмат добрага аб вашай дачушцы, што яна і прыгожая, і добрая хазяйка. У нас ёсць галубок да пары вашай галубцы. І прыгожы, гаваркі, у полі работнік, пашукаць такога. Дык ці не спараваць нашых галубкоў? Каб яны разам жылі, дзетак расцілі, дый нас не забывалі» (в. Пянчын Буда-Кашалёўскага р-на).

Рытуал абменьвання падарункамі або нейкімі рэчамі адбываўся напрыканцы сватання. Прывядзем прыклады абрадавых дзеянняў, якія сімвалізавалі згоду або нязгоду маладой на шлюб: «Калі нявеста сагласная была выйсці замуж, то яна дарыла бацькам жаніха ручнік — ета для бацькі, і хусцінку — для маці» (в. Пянчын Буда-Кашалёўскага р-на), «Абменьваюцца ласінай (кусок сала, хлеб, соль), калі панравіліся» (в. Рудзянец Буда-Кашалёўскага р-на). Сваты маглі зразумець рашэнне нявесты па яе дзеяннях: «Калі нявеста давала згоду ісці замуж, то яна павінна была перарэзаць хлеб, які прынеслі сваты» (в. Міхнаўка Брагінскага р-на), або, калі згодна: «Яна падыходзіць да стала, на яком стаіць бутэлька з гарэлкай, прывезенная бацькамі жаніха, і развязвае красную лентачку» (в. Зашчоб’е Рэчыцкага р-на). Звычайна, каб сказаць, што нявеста не згодна на шлюб, «сватам даюць гарбуз» (в. Касакоўка Жлобінскага р-на).

Каб даведацца, ці згодна дзяўчына ісці замуж, адбываўся абрад з лапцямі: «Хлопец падыходзіў к дзвярам сенцаў, адкрываў іх і кідаў лапці, прыгаворваючы: “Шуры-буры лапці ў хату!”. І сам быстра бег пад акно паглядзець, што будзе рабіць дзеўка з тымі лапцямі.

Еслі она не согласна ісці замуж, то выбрасывала лапці на двор з прыгаворам: “Не шурай, не бурай — свае лапці забірай!”.

А еслі она была согласна на замужэство, то падымала іх, прыоткрывала дзверы і запрашала ў хату сватоў» (в. Ляскавічы Петрыкаўскага р-на).

Пасля сватання звычайна адбываліся запоіны (заповіны), праз два тыдні вечарам у суботу ці ў нядзелю. Звычайна падчас гэтага абрадавага этапу «дзяўчыну як бы “запіваюць” да роду жаніха» (в. Любавічы Жыткавіцкі р-н). Таксама ў гэты час вырашаюць пытанні, звязаныя з днём правядзення вяселля і месцам, дзе яно будзе адбывацца. На гэтым этапе сустракаецца рэдкі абрад пад назвай «рукабіццё»: «Білі па руках, гэта значыць, дамаўляліся аб тэрміну вяселля» (г. Лоеў). Каб паспяхова прайшлі заповіны, «маці жаніха звязвала поясам качаргі, венікі» (в. Ляскавічы Петрыкаўскага р-на). Пасля запоін дзяўчыну лічылі засватанай.

На заручынах «заручалі нявесту» (в. Дварэц Рагачоўскага р-н). Заручыны праходзілі звычайна за тыдзень перад вяселлем у хаце нявесты, і прысутнічалі толькі блізкія родзічы. Аднак іншы раз маладыя «гуляюць заручаны паасобку — нявеста сабе, жаніх сабе» (в. Рудня Марымонава Гомельскага р-на)

Лічылася, што на заручынах «замацоўвалася канчаткова згода на шлюб. Хлопца і дзяўчыну ўжо называлі маладым і маладой. Тут абменьваліся кольцамі, якія купляў жаніх» (в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на). Бацькі на заручынах «абменьваліся хлебам, соллю. Хросная маці нявесты перавязвала сватоў і жніха ручнікамі. А дзяўчына дарыла ўсім сваякам маладога падарункі» (в. Востранка Жыткавіцкага р-на).

Па-іншаму заручыны называюць яшчэ «сугляды», кажуць, што «малады і маладая ішлі па вёсцы і звалі гасцей» (в. Ворнаўка Кармянскага р-на).

Таксама галоўным рытуалам заручын з’яўлялася расплятанне касы нявесты, «якую яна не мела права заплятаць да пачатку вяселля» (в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на). Лічылася, што «пасля заручын адмаўленне ад шлюбу было амаль немагчымым» (в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на).

Можна адзначыць, што на заручынах «галоўная задача, якая тут вырашалася, — канчаткова дамовіцца аб усіх падрабязнасцях вяселля і пра пасаг» (в. Кругавец Добрушскага р-на).

Давясельныя абрадавыя этапы «заручыны» («змовіны»), «запоіны» сустракаюцца не ў кожнай мясцовасці, звычайна выконваецца адзін з гэтых абрадаў. Некаторыя з іх адбываюцца адначасова са сватаннем, адны і тыя ж дзеянні могуць аднолькава выконвацца ў розных мясцовасцях, але пры гэтым на розных этапах: у адной мясцовасці на этапе заручын, а ў іншай — на этапе запоін.

Адзначым, што давясельныя абрады ў кожнай мясцовасці вылучаюцца адметнымі лакальнымі асаблівасцямі, якія выяўляюцца на узроўнях структуры, рытуалаў, песеннага суправаджэння.

* Выкарыстаны матэрыялы архіва навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА «ГДУ імя Ф. Скарыны».


Аўтар:
Д.І. Дуброўская
Крыніца:
Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования “Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины”. — 2013. ― Вып. 6. Ст. 131-135.