Жыў некалі тут, на хутары, адзін гаспадар. Заможны, багаты, што той пан, ды і не кожны памешчык мог з ім пацягацца. Звалі яго Сцяпанам. Урадзіўся, відаць, такім сквапным ды злым, што ніхто з ім не мог ужыцца, і ўжо жонка не раз, не два яму гаварыла:
— Ты так не дзяры скуру з людзей.
— Кінь, дурніца, што ты разумееш у гэтых справах?
— Людзі праходу не даюць. З нашымі дзецьмі іхнія гуляцца не хочуць.
— Нашы цалейшыя ды разумнейшыя будуць. Што яны могуць ад той галыцьбы пераняць?
— Сорамна ж, Сцяпане.
— Маўчы, бо як трэсну ў каршэнь, то мала не падасца!
Дажыўся гаспадар да таго, што сам не мог ужо апрацаваць усю зямлю, якую скупіў за бясцэнак, а ў парабкі да яго ніхто не наймаўся.
Задумаўся Сцяпан, як далей быць. Калі так працягнецца год-другі, то гаспадарка ў заняпад прыйдзе. Сам жа не вечны, а на дзяцей спадзяванняў не было. Нікому не давяраў.
— Цяжка, цяжка мне давядзецца, — самому сабе жаліўся.
Ужо і на дарогу паглядваў, высочваючы, ці не ідзе там які незнаёмец, але нікога не было. Людзі ведалі, які злыдзень там жыве, то і падарожных папярэджвалі, каб не ўздумалі шукаць там шчасця-долі.
Цяпер гаспадар амаль зусім не размаўляў спакойна з роднымі, усё гарлаў на іх, злосць спаганяючы, шукаючы розныя зачэпкі, каб выліць на іх накіпелы гнеў. Дзеці азвацца баяліся, а гаспадыня часам не вытрымлівала і сурова пыталася:
— Што, зусім ужо ваўком стаў?
— Ды…
— То вазьмі ды жывымі нас заглыні, калі ў цябе паіншаму не атрымліваецца.
Дзіўна, але Сцяпан не кідаўся біцца. Аднаго разу ў дзверы пачуўся стук.
— Хто там? — запытаўся гаспадар.
— Я. Падарожны.
— То заходзь.
Парог пераступіў малады хлапчына. Здаровы, высокі, прыгожы.
— Добры дзень вам, людзі добрыя.
— I табе добры, — паспяшалася адказаць гаспадыня, не спадзеючыся на тое, што Сцяпан па-добраму будзе размаўляць з чалавекам.
— Ну? — нацэліў на яго вочы гаспадар.
— Працу шукаю.
— То цябе нам сам Усявышні паслаў!
— Чаму?
— Ды ў нас многа працы. Чакаем, што хто прыйдзе наймацца, ды не ідуць. I заплацілі б добра, і кармілі б нармальна, і калі работнік будзе працавіты, то і накінулі б да платы, — пачаў рассыпацца Сцяпан.
Хлапчына адразу азваўся:
— Во, а мне людзі такога ўжо на вас нагаварылі…
— Ды не слухай ты іх. Зайздросцяць і не даюць нам спакойна працаваць.
— То на працу да вас можна наняцца?
— Ведама ж.
— А плата будзе добрая?
— Самая лепшая.
— Тады я згодны.
— А як жа цябе завуць?
— Даніла, гаспадар.
— Тады скажы мне, Даніла, калі ты хочаш, каб я з табой за працу разлічыўся?
— Ды на свята, якое ўвосень звычайна бывае.
— Што за свята такое?
— Казінае.
— Казінае?..
Сцяпан болей не стаў перапытваць, каб будучы работнік не перадумаў, бо тады ж аднаму ўсё рабіць давядзецца. Пагадзіўся чалавек з парабкам, сказаў, што ўсё выканае менавіта ў тое, мала зразумелае для яго, казінае свята.
На другі дзень сталі яны працаваць. Сцяпан стараўся паказаць, што не дасць чалавеку і хвіліны адпачыць, але Даніла на гэта ўвагі не звяртаў — спяваў сабе, за плугам ходзячы, быццам і стома яго не брала, а вечарам яшчэ і заявіў:
— Я, гаспадар, да дзяўчат схаджу.
— Адпачыў бы лепей, — ледзьве здолеў вымавіць той і адразу ж магутна захроп.
Даніла пайшоў да дзяўчат. Па дарозе яму падалося, што ў старым гумне нехта гамоніць і смяецца. Падкраўся да сцяны, прыслухаўся — і сапраўды. Ён тады ў дзірачку зазірнуў і аслупянеў: ягоная гаспадыня з нейкім мужчынам у чым маці нарадзіла на посцілцы качалася. Пайшоў хлапчына дамоў, не стаў ужо тых і дзяўчат шукаць.
На наступны дзень касіць пайшлі. Шчыра адмахалі да полудня, прыселі есці. Як дастаў з торбы полудзень Сцяпан, то работнік не стрымаўся і прысвіснуў:
— Цябе, гаспадар, жонка не надта шануе.
— Чаму?
— Я табе на казінае свята пакажу, чаму.
А што ж там есці здаровым мужчынам, якія так цяжка з дня ў дзень працуюць? Пару салёных, разлезлых агуркоў ды падмочаны хлеб. Сцяпан заўвагу гэтую ўспрыняў балюча, ён і сам разумеў, што есці трэба лепей, бо ўжо за парабкам не паспявае, а праз тыдзень і ўвогуле прытоміцца.
Цяпер калі ішлі ці ехалі куды на працу, то Сцяпан сам есці ў торбу клаў, не давяраў жонцы. I парабку, ведама ж, намнога лепшае перападала.
— Нічога сабе, але на казінае свята, гаспадар, пераканаешся, што моцна дураць цябе.
— Пабачым, — адказваў Сцяпан. Ён не могдачакацца таго часу, калі Даніла распавядзе пра ўсё.
Нарэшце надышоў доўгачаканы момант. Даніла шапнуў:
— Сёння, як добра звечарэе, пойдзем на казінае свята.
Прыйшлі дамоў, перакусілі і прыкінуліся, што спяць. А праз колькі часу павёў хлапчына свайго гаспадара да старога гумна. Смела адчыніў дзверы, і Сцяпан на ўласныя вочы ўбачыў, што там рабілася. Як ухапіў селянін дубовы кій, ды як стаў хвастаць-лупцаваць палюбоўнікаў, то такія стагненне ды крыкі несліся па наваколлі, што ўсе думалі, нібыта там нячысцікі вяселле спраўляюць.
Заплаціў Сцяпан Данілу ўсё да капейкі. Упершыню ў жыцці так зрабіў ды яшчэ і шчыра дзякаваў работніку, запрашаў і надалей да яго прыходзіць. Хлапчына за тыя грошы сабе зямлі купіў і хату паставіў, якраз там, дзе сёння нашы Данілевічы.
Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 223-226.