Слова – справа вялікая. Вялікая таму, што словам можна з’яднаць людзей, словам можна іх раз’яднаць, словам служыць любові, словам жа служыць варожасці і нянавісці. Асцерагайцеся такога слова, што раз’ядноўвае людзей, засцерагаў Л. Талстой.
Менавіта ў Храме слова і думкі – у Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна – 6 кастрычніка адбылося адкрыццё арт-цэнтра, арт-клуба, назву якому яшчэ давядзецца падабраць самім членам клуба непасрэдна.
У планах стваральнікаў клуба штомесяц ладзіць сустрэчы, каб мець магчымасць разгледаць працэсы, што адбываюцца ў літаратуры, у мастацтве ўвогуле. Акрамя таго, мэтай гэтых сустрэч удзельнікі арт-клуба бачаць у звароце да сінтэзу розных відаў мастацтва, паколькі ў 21-м стагоддзі відавочнай з’яўляецца актуальнасць і запатрабаванасць спалучальнасці розных мастацтваў: літаратуры і жывапісу, літаратуры і скульптуры, музыкі і літаратуры, фатаграфіі і жывапісу.
Выкліканы такі зварот да сінтэзу мастацтваў можа быць як празмернасцю негатыўна маркіраваных і інтэрпрэтаваных шоўбізнесам аб’ектаў мастацтва, якія патрабуюць у такім выпадку “ачысткі” і “фільтрацыі”, так і паўнапраўным развіццём патрэб грамадства, што вядзе ў сваю чаргу да шматсфернай нагрузкі на творы мастацтва.
Вітаць адкрыццё арт-цэнтра сабраліся як мастакі слова, так і мастакі пэндзля. Ніна Шклярава, Алесь Дуброўскі, Аляксандр Каляда, Уладзімір Гаўрыловіч, Міхаіл Міронаў, Алег Ананьеў і іншыя творцы падтрымалі ініцыятыву заснавання арт-клуба сваёй прысутнасцю на адкрыцці. Нібы галерэя партрэтаў, прайшліся перад прысутнымі і самі аўтары твораў выставы.
Генадзь Говар – аўтар 20 графічных работ пад агульнаю назваю “Рысы эры”, ініцыятар і аўтар пераяздной выставы, у якую былі ўключаны творы ў жанры жывапісу, скульптуры, графікі.
Віталій Дзенісенка, нягледзячы на прадстаўленыя на выставу асеннія пейзажы, шукае сябе ў абстрактным жывапісе. Заўважым, што калі абстрактны жывапіс – гэта мала каму даступная сфера пазнання, то, насуперак чакаемаму, работы В. Дзенісенкі з’яўляюцца асобным спосабам, каб атрымаць задавальненне.
Аляксандр Каляда – паэт і мастак, таму гэтак удала ў творчасці аўтара вершы дапаўняюць карціны, а карціны – вершы.
Леанід Пружына – фотакарэспандэнт, “лава творчасці” якога не пакідае раўнадушным сузіральнікаў. Прыкладам таму – прагляд людзьмі створанага мастаком Настольнага календара з вільготнымі вачамі.
Генадзь Трацкіх – вучань Віктара Казачэнкі, масцітага каларыста, які, аднак, не заглушыў у вучня самастойнасць, а дапамог знайсці і адкрыць сябе.
Дазваляе сабе смелы погляд на мастацтва Уладзімір Кароткі, работы якога проста праменяцца аптымізмам. Па словах мастака, менавіта “пейзаж – неспазнаны прастор чалавецтва; гэта Космас, у якім мы жывём”. Таму жанр пейзажа і быў абраны асноўным жанрам на выставе. А паколькі ў шыбіну ўжо пагрукаў кастрычнік, то, адпаведна, і адлюстроўваюць работы асеннія пейзажы.
Не абыйшлося на адкрыцці без музыкі. Спявачка Ірына Марчанка прадставіла песні на словы беларускіх і рускіх паэтаў пад музычнае суправаджэнне і, нават, пад акампанемент гітары. Пранікнёны голас спявачкі з не менш пранікнёнымі словамі песень зрабілі сваю справу: ніхто не пакінуў залу раўнадушным. Сэрца трымцела, пачуццё любові і пяшчоты шукала выйсця…
Насамрэч, мастацтва, як і жыццё, слабым не па сілах. Толькі моцныя духам могуць прыпасці да невядомага і неспазнанага, бо толькі яны, як ўладальнікі здольнасці здзіўляць праўдай, могуць далучаць да таямніц прыроды і асяроддзя і астатніх.
Хочацца выказаць словы падзякі Валянціне Пятроўне Дуброва, дырэктару Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна, за арганізацыю дадзенага мерапрыемства. Мы, чытачы, і Ваша ўстанова – часткі аднаго цэлага. Таму няхай Вам плённа працуецца, лёгка дыхаецца і вольна жывецца!
Дзякуй Вам!
Аўтар: Марына Маркевіч
Фота: Марыся Тульжанкова