Дабрачыннасць у паўсядзённасці буйных землеўласнікаў (да і пасля 1861 г.): некалькі прыкладаў з беларускага Палесся ХІХ ст.

0
831
Дабрачыннасць

З правядзеннем у жыцццё маштабнай сялянскай рэформы 1861 г. грамадства зазнала істотную трансфармацыю ўсіх сацыяльных інстытутаў. Пры іх вывучэнні даследчыкі засяроджваюцца на эканамічных пытаннях і пытаннях сацыяльнай дыферэнцыяцыі і разбурэння структур і ўяўленняў традыцыйнага грамадства. Між тым толькі апошнім часам вывучэнню стала належаць з’ява вотчыннага патэрналізму, у найбольшай меры — праз прызму дабрадзейнасці землеўласнікаў-памешчыкаў (ад феадалаў да капіталістаў). Тое, што гэта ў гісторыі, асабліва пры Старым Парадку, важная частка паўсядзённасці, бачна хаця б з таго, якое месца ў гістарычных штудыях надаецца мецэнацкай дзейнасці Міхаіла-Казіміра Агінскага, Яўстафія Валовіча, Антонія Тызенгаўза, Яна Кішкі, цэлага шэрагу асоб з роду Радзівілаў, Эд­варда Вайніловіча, Карла Чапскага, Рамана Скірмунта, Ірыны Паскевіч. У дадзеным артыкуле хацелася б на некалькіх прыкладах больш пільна прасачыць дынаміку ў справах дабрачыннасці асобных знат­ных фамілій, што валодалі буйнымі маёнткамі ў Беларусі (на Палессі), а таксама паспрабаваць даць інтэрпрэтацыю іх учынкаў і матывацыі праз сацыяльны і эканамічны кантэкст ХІХ ст. — эпохі вялікага пераходу.

Значныя зямельныя валоданні на Палессі належалі Радзівілам: Давыд-Гарадоцкая і Алыцкая ардынацыі, частка маёнткаў Клецкай і Нясвіжскай ардынацый (агулам, не меней за 300 тыс. га). Сярод дакументацыі Радзівілаў сустракаецца няшмат матэрыялаў (фонд 694 НГАБ у Мінску і фонд 257 ЦДІАК у Кіеве) пра хрысціянскасць у XIX ст. Так, па назіранні аўтара, больш звестак пра выдаткі на дабрачынныя мэты князёў знаходзім датычна першай паловы ХІХ ст., гэта значыць прыгоннага часу, і менш — датычна пазнейшага часу, больш прагматычнага і капіталістычнага. Прыклад таму — ведамасць ахвяраванняў Багуслава Радзівіла з 1848 па 1854 г., што разгледжана аўтарам і прадстаўлена ў табл. 1.

Табліца 1

Ведамасць ахвяраванняў князя Багуслава Радзівіла1

Катэгорыя ахвяраванняў Усяго, руб. Штогод, руб.
Капітул у Мінску 11 145 668,7
Бернардзінцы ў Нясвіжы 25 041,81 1502,5
Капітул у Нясвіжы 6000 360
Дамініканы ў Нясвіжы 13 304,4 798,26
Каплан у Глуску 1083,32 64,99
Утрымальнікі ў Кіеве 20 000 1200
Патэр у Любяшове 6750 405
Бернардзіны ў Караліне 3000 180
Капітул у Алыцы 5950 357
Кляштар у Жытоміры 3750 225

Усяго

96 024,53 5761,45

Ахвяраванні былі істотнымі і перавышалі 96 тыс. руб. Параўнаем гэту лічбу, напрыклад, з агульным даходам і выдаткамі, што былі зафіксаваны адміністрацыяй маёнткаў Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў2. Паводле сведчанняў крыніц за 1840-я і ў 1850-я гг., агульная вотчынная адміністрацыя ў Нясвіжы вяла справы як у Нясвіжскай (Мінская губерня), так і ў Алыцкай (Валынская губерня) ардынацыях, а таксама ў пазаардынацкіх валоданнях князёў Радзівілаў, што пражывалі ў Берліне. Такім чынам, у 1855/56 гаспадарчым годзе налічвалася 70 231,43 руб. прыходу і 68 575,96 руб. выдаткаў адпаведна3, або 42,5 тыс. руб. агульнага даходу ў сярэднім штогод за перыяд 1848-1854 гг.4

Выяўляецца, што найбольш ахвяраваў князь Багуслаў Радзівіл манастырам бернардзінаў і дамініканаў у Нясвіжы (40 %), а таксама на нейкіх «утрымальнікаў у Кіеве» (21 %). Агулам за 6 гадоў ах­вяраванні складалі значную суму — 96 тыс. руб. Таксама вядома, што фундушавыя выдаткі, згаданыя вышэй, вяліся з 1829 г.: на капітул у Мінску, бернардзінам і дамініканам у Нясвіжы, каплану ў Глуску, «утрымальнікам у Кіеве»5. Апроч таго, згадваюцца 50 руб. ахвяраванняў Віленскаму дабрачынству за нейкі год, хутчэй у сярэдзіне 1850-х гг.6 На жаль, у крыніцы не паказана, колькі дакладна было ахвяравана ў 1829 г. Так, калі супаставіць звесткі за 1848-1854 гг., атрымаем, што штогадовая выплата складала 6 % ад паказанай агульнай сумы выдаткаў. На працягу 6 гадоў выдаткі складалі штогод 5761,45 руб., або 6 % да агульнай суммы ў 5761,45 руб. Між тым калі падсумаваць выдаткі за згаданыя гады (1848­1854 гг.), то атрымаем 61 455,83 руб., ці 64 % ад той агульнай сумы, што застаецца. З 1829 па 1848 г. налічваецца 19 гадоў. Атрымліваем выдаткаў 3234,52 руб., ці амаль удвая меншую суму для штогадовых ахвяраванняў з 1826 па 1848 г. Наколькі значныя гэта былі выдаткі, можна зразумець з таго, што чысты даход ад маёнткаў Нясвіж і Алыка ў 1850/51 гаспадарчым годзе складаў 34 649,27 руб.7 Такім чынам, ахвяравалася 16,6 % ад усіх даходаў князя Багуслава. Той факт, што князь стала пражываў у Берліне і атрымліваў даходы пераводам у германскую сталіцу8, дзе выдаткі на побыт мусілі быць высокімі, дазваляе ацаніць значную ступень ахвярнасці князя.

Калі ж звернемся да архіўных матэрыялаў за наступныя гады, то ўбачым рэзкае скарачэнне ахвяравальнай ініцыятывы Радзівілаў ужо на пачатку 1860-х гг. Так, знойдзена квітанцыя ад 25 студзеня 1863 г., дзе вышэйшая ў Расійскай імперыі каталіцкая духоўная кансісторыя ў Санкт-Пецярбургу прыносіла справаздачу аб атрыманні коштаў ад князёў Вільгельма і Багуслава Радзівілаў. З гэтага дакумента відаць скарачэнне выдаткаў князёў на фундаванне касцёльных інстытуцый, якімі яны апекаваліся і ра­ней. Такім чынам, разгледзім згаданы дакумент — квітанцыю:

«Квітанцыя, № 265 IV-I. Нададзена гэтая з Рыма-каталіцкай Духоўнай калегіі галоўнаму ўпраўляючаму маёнткамі князей Вільгельма і Бугеслава Радзівілаў, тытулярнаму саветніку Маліноўскаму, у тым, што ў данясенні яго ад 16 снежня 1862 года атрымана было ў калегіі 8-га студзеня і запісана ў прыход пад № 17 тысяча шэсцьсот дваццаць рублёў трыццаць капеек. Грошы гэтыя залічаны на сплату працэнтаў наступным установам: ад сумы 5950 рублёў Алыцкай семінарыі з 1-га студзеня 1862 г. па 1-га студзеня 1863 года 357 рублёў, ад сумы 13 304 рублёў 40 капеек Нясвіжскага манастыра дамініканаў з 1-га студзеня 1862 г. па 1-га студзеня 1863 года 798 рублёў 26 капеек і ад сумы 7747 рублёў 90 капеек Нясвіжскага манастыра бенедыктынак для выплаты нядоімкі з 1-га студзеня 1862 г. па 1-га студзеня 1863 года 464 рублёў 83 капейкі і для выплаты на наступны год 4 капейкі. Для пацверджання чаго з прыкладаннем казённай пячаткі сведчыцца.

Санкт-Пецярбург, 25 студзеня 1863 года. Аншэф-прэлат Рашкевіч»9.

З прыведзенай квітанцыі вынікае: першае — агульныя заяўленыя ахвяраванні князёў у 1860-я гг. мусілі складаць 26 002 руб., або 28 % ад сумы ахвяраванняў за 1848-1854 гг.; другое — як і раней, штогадовы ўнёсак складаў 6 %, або 1620,1 руб., аднак, трэцяе — тое было ў 3,6 разы меней, чым штогод раней пералічвалі Радзівілы на згаданыя мэты. Таксама важна звярнуць увагу на наступнае: першае — былі нядоімкі па пералічэнні ахвяраванняў праз пасрэдніка (прэлат-аншэф па пытаннях касцёла ў Расійскай імперыі); другое — колькасць атрымальнікаў фундуша скарацілася з 10 да 3 найменняў; трэцяе — важнае значэнне як кантралёра і рэгулятара прыватнай дабрачыннасці з боку калегіі ў Санкт-Пецярбургу. У сувязі з апошнім прыкметна рэпрэсіўная лінія ўлад. Так, з крыніц вядома пра нядобразычлівае і нават варожае стаўленне расійскай адміністрацыі да князёў Радзівілаў у ХІХ ст. і пачатку хХ ст. (затрымлівалі выдачу дакументаў служачым Радзівілаў — прускім падданым, ігнаравалі звароты князёў у суды і скаргі да вышэйшых інстанцый, затрымлівалі выплату выкупных плацяжоў па рэформе 1861 г., заахвочвалі нявыплату арэндных плацяжоў і захоп зямлі вольнымі чыншавікамі і сялянамі)10.

Разам з тым у дакументах архіва князёў Радзівілаў з Нясвіжа за другую палову ХІХ ст. і пачатак ХХ ст. знаходзім усё менш сведчанняў дабрачыннай дзейнасці. Так, з бухгалтарскіх справаздач 1875/76 г., 1911 і 1913 гг. не відаць выдаткаў на дабрачыннасць. Пэўнае выключэнне складалі выдаткі ў межах традыцый феадальнага патэрналізму: розныя дапамогі і жалаванні зямельных участкаў за службу леснікам, гаспадарчым афіцыялістам (вотчынным чыноўнікам) і прыслузе, а таксама тыя ахвяраванні, што маглі хавацца за пазначэннем «асабістыя выдаткі» князёў у крыніцы11. Напрыклад, у 1875 г. была вялікая катэгорыя прыходу — «авансы і займы» ў 108 тыс. руб.12, але пры ўважлівым разглядзе вынікае, што яны абазначалі менавіта тыя даходы, якія адмаўляліся з розных нагод сплачваць арандатары13. Поруч з тым нельга дакладна вызначыць кошт на дабрачыннасць і ў рахунках за наступны час (табл. 2).

Табліца 2

Урывак з касавай кнігі Радзівілаў у Нясвіжы за 1913/14 гаспадарчы год14

Катэгорыя выдаткаў Выдаткі
руб. %
Выплаты банкам (працэнты, залогі і г. д.) 135 044,88 35,7
На князя Альбрэхта 46 808,21 12,4
Князя Караля 6732,75 1,8
Князя Леона 8167,26 2,2
Княжну Альжбету 1200 0,3
Княгіню Любамірскую 5600 1,5
Княгіню Чацьвярцінскую 5000 1,3
Княгіню Антаніну Радзівіл 8000 2,1
Пані Тышкоўскую 600 0,2
Утрыманне князя Юрыя ў Вене 10 787,88 2,9
Патрэбы князя Юрыя 7863,4 2,1
Выдаткі княжат 20 042,99 5,3
Утрыманне Замка і дворскай службы 35 358,72 9,3
Утрыманне апартаментаў князя Альбрэхта 3491,05 0,9
Утрыманне палаца і парку ў Радзівілмонтах 4833,4 1,3
Утрыманне парку, агароджы пры Нясвіжскім замку 16 119,29 4,3
Утрыманне парку ў Альбе 3290,96 0,9
Стайні 14 023,19 3,7
Базантэрыі 6374,6 1,7
Утрыманне замкавага возера 223,29 0,1
На паляванне 10 991,1 2,9
На архіў 4557,74 1,2
На сталярню 3167,38 0,8
Утрыманне службы ў Вінкралёўшчызне 970,54 0,3
Утрыманне службы ў Цімкавічах 617,66 0,2
Утрыманне аўтамабіляў 2253,92 0,6
На будаўніцтва электрастанцыі 300 0,1
Розныя выдаткі па гаспадарцы 15 781,83 4,2

Усяго

378 202,04 100

Трэба сказаць, што традыцыі вотчыннага патэрналізму хутка разбураліся пасля скасавання прыгоннага права. Асабліва выразна гэта відаць на прыкладзе чыншавай шляхты ў засценках на землях Радзівілаў. Так, гэтыя людзі называліся шляхтай па традыцыі, але паводле ладу жыцця і рэальнага становішча ў сацыяльнай сістэме яны адпавядалі сялянам. Становішча іх пасля 1861 г. толькі пагоршылася. Так характарызаваў сітуацыю ў 1876 г. упраўляючы маёнткамі ў Нясвіжы М. Абламовіч: «Вотчынныя і ардынацкія маёнткі князя Антона Радзівіла ў Мінскай губерні складаюцца па большай частцы з дробных участкаў ад 15 да 30 дзесяцін, што называюцца засценкамі. Здаўна тое паасядалі на зямлю рознага звання людзі на правах арандатараў, што называюць сябе шляхтай <…> нядоімкі дасягнулі да 80 000 рублёў, якія без садзейнічання міравога пасрэдніка цяжка будзе ўзыскаць <…> Міравыя суддзі не прымаюць такога роду справы для разбору на той падставе, што ў агульных судовых інстанцыях заведзены былі гэтымі арандатарамі іскі аб праве валодання і што быццам бы з тае нагоды да рашэння спраў па гэтых ісках яны не могуць вырашаць справы пра нядоімкі»15. Прычына ў тым, што чыншавікі трымалі землі на ўмовах спадчыннай арэнды з платай паводле звычаю, а не ў адпаведнасці з эканамічнымі абставінамі. Пасля скасавання прыгону кошты на зямлю хутка выраслі і чыншавая шляхта (ва ўмовах феадалізму — служылая дробная шляхта на паслугу землеўласніку) сталася са сваім звычаёвым пра­вам на зямлю перашкодай для павелічэння даходаў землеўласніка. Вылілася гэта ў працяглыя супярэчнасці: землеўласнік павышаў арэндную плату, а чыншавікі ігнаравалі патрабаванні і заяўлялі свае правы на зямлю. Як сведчаць дакументы, пытанне гэта заставалася складаным пры актыўным і негатыўным умяшальніцтве дзяржаўных устаноў16.

Важна зазначыць, што, нягледзячы на канфлікт з-за зямлі, які вынікае з парушэння традыцыйнага вотчыннага ладу ў маёнтках Радзівілаў, феномен феадальнага патэрналізму захоўваўся ў свядомасці як сялян, так і чыншавай шляхты, апроч таго, у свядомасці саміх землеўласнікаў, колішніх феадалаў. Напрыклад, у ліпені 1912 г. мешчанін мястэчка Грэск Меер Стэльмах прасіў у князя Радзівіла дрэва, бо яго жытло згарэла ад пажару17; селянін і лясны стражнік у Лактышах Кандраці Жданіш у тым жа годзе прасіў дапамогі з-за неўраджаю на яго зямельным участку18; чыншавая шляхта прасіла аб спадчыннай арэндзе зямель, але не па дамовах на 12 гадоў, як тое прапаноўвала гаспадарчае ўпраўленне кня­зя19; служачыя вотчыннага ўпраўлення князя не мелі жытла і прасілі землеўласніка аб забеспячэнні іх жытлом20; таксама былі пашыраны звароты аб замене зямель, каб ліквідаваць цераспалосіцу, прось­бы аб дробных грашовых выплатах, дапамозе дрэвам і зернем, аб карыстанні сенакосамі на зручных умовах, аб дапамозе пацярпелым ад розных нягод, аб розных пазыках. Вядома, што ў чэрвені 1911 г. Радзівілы давалі земству дрэва для будаўніцтва маста на р. Нёман каля мястэчка Свержань21. Нягледзячы на прыведзеныя прыклады, мяркуем: маштабы так званага вотчыннага патэрналізму ў новых капіталістычных абставінах істотна скараціліся. Варта зазначыць і тое, што традыцыя патэрналізму трымалася пераважна не на інерцыі ў свядомасці былых феадалаў, але сялян і служылай шляхты, як тое бачна з крыніц.

Гэта было своеасаблівае хістанне паміж звычаем і рацыянальным разуменнем сітуацыі, калі кожны стаў гаспадаром сваёй зямлі і ўласнасці і мусіў сам адказваць за вядзенне спраў і будучыню. Аднак, з нашага пункту гледжання, рэшткі вотчыннага патэрналізму цяжка аднесці да ўласна дабрачыннасці. Чаму? Напрыклад, падобныя звесткі знаходзім датычна іншых маёнткаў, але бачым іх спарадычнасць і нешматлікасць. Справа ў тым, што вывучаныя дакументы не дазваляюць нам казаць аб вотчыннай дабрачыннасці як сістэмнай з’яве пасля скасавання прыгону.

Для прыкладу возьмем маёнткі Горватаў у Мінскай губерні. Так, вядома, што ў 1853 г. у Мазырскім і Рэчыцкім паветах быў неўраджай і Даніл Ігнатавіч Горват надаў 380 сялянскім дварам, або рэвізскім душам з 12 вёсак (Вішэнкі, Багушэвічы, Шарэшня, Добрынь, Дзянісаўка і інш.) і мястэчка Нароўля, дапамогу зернем, пра што сведчаць два спісы, складзеныя ў красавіку 1854 г. Намі былі апрацаваны дадзеныя спісы і прадстаўлены ў табл. 3.

Табліца 3

Выдаткі Даніла Горвата на дапамогу сялянам22

Вёска, мястэчка Рэвізскія душы Збожжа, чвэрцяў
жыта авёс
Каралін 33 78 58
Вішэнкі 21 125 88
Багушэвічы 29 200 142
Шарэшня 33 279 146
Добрынь 33 355 246
Дзянісаўка 20 418 289
Нароўля (мястэчка) 37 56 24
Кнуроўка 56 170 78
Карповічы 26 208 95
Вялемічэ 18 202 103
Гамарня 15 256 114
Кажушкі 49 352 169
Ламачы 10 368 177

Усяго

380 3067 1729

Звяртаючыся да прыведзенай табліцы, улічым, што чвэрць утрымлівала 8 пудоў (1 пуд — 16,38 кг), і выдаткоўваем дапамогу сялянам у 402 т жыта і 226,5 т аўса. Між тым заўважана, што панская дапамога размяркоўвалася няроўна — відаць, тое было звязана з нераўнамернасцю шкоды ад неўраджаю, а таксама з памерамі сялянскіх сем’яў. Назіралася таксама, што ўдовы атрымлівалі дапамогу ў сярэднім на 1/3 большую. Цікава, што 1 чвэрць аўса тады каштавала ў Мінскай губерні 3,2 руб., а жыта — 6,9 руб.23 Такім чынам, выдаткі Горвата на дапамогу сялянам можна ацаніць у 26 695,1 руб. Гэта была вялікая сума: напрыклад, у 1854 г. з 4 фальваркаў (Прыборск, Русак, Даманаўка, Сукач) на Кіеўшчыне Даніл Горват мог атрымаць толькі 1227,15 руб. даходу (1,4 руб. з рэвізскай душы ў сярэднім), прычым фактычна атрымаць змог толькі 909 руб., або 74 %24. Апроч таго, напрыклад, за 1856 г. пазначана ў крыніцы 4505,46 руб. агульнага даходу ў Данілы Горвата, што паказвае істотныя маштабы неўраджаю 1854 г.25

Звесткі аб дапамозе сялянам у 1854 г. знаходзім не ў прыватным архіўным фондзе Горватаў, а ў зборы мінскага губернатара. Тое можа ўказваць на ціск з боку дзяржавы на землеўласніка: расійскае імперскае заканадаўства змушала памешчыкаў апекавацца сялянамі26. У доказ таму знаходзім звест­кі пра вылучэнне грошай Горватамі ў 1853-1855 гг., як і іншымі мясцовымі памешчыкамі, на рамонт і ўтрыманне праваслаўных цэркваў у Жарах, Белавушы, Цешкава, Дзямідавічах, Нароўлі, Каржаневічах, Еўтушкевічах па патрабаванні дзяржавы27. Між тым калі Горваты спрабавалі ашчаджаць сродкі для падтрымкі свайго веравызнання — каталіцкага, то сустракаліся з відавочным супраціўленнем дзяржаўных устаноў. Напрыклад, у 1840-я гг. пры спробе пабудаваць капліцы ў Барбарава і Коржані Горваты сустра­каліся з моцным процідзеяннем мясцовых чыноўнікаў, са штрафамі, судовымі выдаткамі і рознымі грашовымі паборамі28. Як вынік, у 1857 г. Горваты мелі запазычанасць у 68 960 руб., за што акцызнае ўпраўленне ў Кіеве забрала ў іх 400 дзесяцін дубовага лесу29.

Вядома, што сын Данілы Горвата Артур, уласнік маёнтка Нароўля, займаўся ў сярэдзіне ХІХ ст. перспектыўнай гаспадаркай — адкормам валоў, якіх набываў цялятамі на Украіне, а таксама меў значныя статкі авечак30. Пазней (1860-я гг.), як вынік абмежавальнай і дыскрымінацыйнай палітыкі дзяр­жавы датычна «польскіх» землеўласнікаў, ён панёс катастрафічныя страты ў сваім жывёлагадоўчым бізнесе31. У выніку Горваты ў 1870-я гг. перажывалі істотныя фінансавыя цяжкасці: Артур Горват не мог сплаціць па векселю мазырскаму купцу Моўшу Аляксандраву 725 руб. і на частку яго маёмасці быў накладзены арышт; у 1868 г. Даніл Горват быў вінны 1653,51 руб. падаткаў дзяржаве і больш істотныя сумы запазычанасці прыватным асобам, што спаганяліся з яго праз павятовы суд у Радамыслі32.

Адначасна абвастраліся адносіны з сялянамі: памешчык не падпісваў выкупныя акты з сялянамі в. Вачоўка, і тыя былі ўведзены праз суд у верасні 1867 г.; у верасні 1876 г. нехта наўмысна спаліў хлебны свіран Горвата ў маёнтку Кажушкі; сяляне злоўжывалі сервітутным правам і праз тое вельмі спустошылі і засмецілі лясы, шырока ўжывалі адвольныя парубкі і патравы выпасам жывёлы ў ля­сах33. Асабліва абвастрылася сітуацыя ў 1911 г.: за год зафіксавана 180 выпадкаў парушэння ўласнасці Горвата пры ўдзеле да 200 чал. (у Нароўлі тады жыло крыху больш за 1200 чал.), у 1912 г. — ужо 212 парушэнняў пры ўдзеле 240 чал.34 Прычым нельга сказаць, што праз суды і закон землеўласнік мог утаймаваць сялян. Так, зімой 1899/1900 гаспадарчага года Артур Горват наняў 26 сялян в. Арэвічы на нарыхтоўку дроў, пры гэтым сяляне мусілі вярнуць неадпрацаваную частку грошай у 145 руб. (разлік у 5 руб. за кубічны сажань). 12 сялян адмовіліся вяртаць задатак. Затым да іх далучыліся яшчэ 18 ся­лян з падобнымі абавязкамі, што агульна адмовіліся вяртаць выплачаныя ім 200 руб. за нявыкананую па найме працу35. Не знойдзена сведчанняў таму, што памешчык змог вярнуць свае грошы.

Між тым адзначым, што дакументы фіксавалі выпадкі інерцыі вотчыннага патэрналізму ў свядомасці менавіта сялян і мяшчан, што адсылае да сацыяльных стасункаў у ранейшы час. Яркі прыклад таму — выпадак з Пракопам Дарашэвічам у 1897-1905 гг.

«Зварот Дарашэвіча да ўпраўляючага маёнтка Нароўля Ляневіча (у 1897 г. мазырскі мешчанін Пракоп Іванавіч Дарашэвіч праштрафіўся на 56,7 руб. і доўгі час не мог сплаціць віну. — В. К.). Пра­шу прыняць да ўвагі мой заробак у маёнтку ў 34 руб. на рахунак даведзенага мне штрафа <…> І калі не залічана (яшчэ), то прашу залічыць у гэты штраф, а рэшту дараваць мне так, бо я апынуўся у скрайняй беднасці: маю аднога каня і таго скралі, і я болей нічога не маю, толькі адную пару быкоў.

І калі пан не будзе літасцівы, то валасное праўленне прадасць маіх быкоў, і я не здолею пракарміцца са сваім сямействам. З улікам гэтага маю гонар пакорна прасіць Ваша Высакароддзе пана Ляневіча па маёй беднасці і безвыходнасці становішча, прашу вынесці распараджэнне ў сілу маіх абставінаў. 16 кастрычніка 1905 г.»36.

Разам з тым калі звярнуцца да іншых дакументаў архіўнага фонду НГАБ у Мінску Горватаў і губернскай канцылярыі, то аўтарам не знойдзена іншых доказаў, апроч прыведзенага вышэй, таго, што Горва­ты традыцыі вотчыннага патэрналізму ў часы капіталізму працягвалі.

Канешне, новыя часы пасля скасавання прыгону вымагалі іншага стаўлення да зямельнай і іншай уласнасці ў масах насельніцтва — не толькі памешчыкаў, але і сялян, і мяшчан. Нарастала сацыяльная канфліктнасць і маёмасная няроўнасць, што ва ўмовах росту значэння прыватнай уласнасці было непазбежна. Праз гэта, напрыклад, сучасны расійскі філосаф С. Г. Кара-Мурза адмаўляе капіталізм і спрабуе патлумачыць савецкі лад ХХ ст. як натуральную рэакцыю «развітой сялянскай цывілізацыі» ў Расіі37. Між тым няма сумневу, што апошняе — велізарнае перабольшванне, бо, напрыклад, для амаль усіх сучаснікаў (аграномаў, земскіх дзеячаў, звычайных чыноўнікаў, падарожнікаў, даследчыкаў, памешчыкаў і іх эканомаў, пісьменных сялян) сялянская гаспадарка таго часу была пераважна дробнай і адсталай. Падобнай жа заставалася сітуацыя і ў часы нэпа38.

Выключэннем, што больш выразна акрэслівае правіла, былі нямецкія, латышскія і чэшскія каланісты на Палессі ў апошняй трэці ХІХ — пачатку ХХ ст. Цікава, што пераважна яны належалі да пратэстанцкіх кірункаў, чым адрозніваліся ад масы мясцовых жыхароў — праваслаўных (сяляне) і католікаў (дваране). Так, сярод буйных землеўласнікаў было няшмат лютэранаў: П. Л. Вітгенштэйн і М. Л. Гогенлоэ, род дэ Бехлей і купец з Рыгі Карл-Генрых Шэпелер у Мазырскім павеце, купец Карл Шленкорн, дваранкі Ган­не Вернэке і Вера Гільдэрбрант у Пінскім павеце, Флор Штарк і бароны Артур Манергейм і Канстанцін Корф — у Брэсцкім. Калі пра памешчыкаў-пратэстантаў нярэдка нічога большага апроч запісаў у спісах землеўласнікаў не засталося, то больш шырока крыніцы асвятляюць лёс пэўных асяродкаў каланістаў-сялян. У лёсе гэтых каланістаў прыкметна агульная рыса: яны прыязджалі ў край па запрашэнні мясцо­вых памешчыкаў і амаль без усялякай маёмасці, атрымлівалі ў арэнду лясныя і балоцістыя ўчасткі і ўжо праз 10-15 гадоў на гэтых землях былі добрыя палеткі і гаспадаркі, лепшыя за тыя, што былі ў мясцовых сялян-старажылаў39. Аўтарамі (Карл Шкільтэр, У. В. Тугай, В. П. Пічукоў, Н. М. Філюта) адзначалася, што такі стан рэчаў вынікаў з большай культурнасці (адукаванасці), разважлівасці і працавітасці каланістаў-пратэстантаў, іх моцнай унутрыгрупавой салідарнасці.

Нямала сярод буйных землеўласнікаў пасля 1861-1865 гг. было ў краі дваран і купцоў праваслаўных. Але не аб многіх з іх захаваліся звесткі як аб дабрачынцах. Канешне, нейкая інерцыя вотчыннага патэрналізму магла закранаць многіх, але прыкладам шырокай прыватнай дабрачыннай дзейнасці засталася хіба што княгіня Ірына Іванаўна Паскевіч.

Княгіня Ірына Паскевіч (1835-1925) паходзіла з роду Варанцовых-Дашкавых і пабралася шлюбам у 1853 г. з Фёдарам Паскевічам, спадкаемцам багатай Гомельскай вотчыны. У 1880 г. Паскевічы пераехалі ў Гомель з Пецярбурга, і тут адарваная ад свецкага жыцця княгіня пачала ўцягвацца ў дабрачынную дзейнасць. Асабліва шырокі характар набыла гэта дзейнасць пасля смерці князя (16.06.1903) і атрымання ў спадчыну маёмасці княгіняй (жнівень 1903 г.). Прыкладам таму з’яўляецца роспіс асабістых выдаткаў княгіні са справаздачы Гомельскага замка за 1913/14 гаспадарчы год (табл. 4).

Табліца 4

Асабістыя выдаткі княгіні Ірыны Паскевіч40

Катэгорыя выдаткаў Выдаткі
руб. %
Асабістыя сродкі княгіні 1600 2,8
Выдаткі на дарогу 1341,25 2,3
Богаслужэнне ў Замку 16 чэрвеня 50 0,1
Жалаванне пані Жукоўскай 300 0,5
Утрыманне стала, уключана жалаванне повару пану Дзерлінку і кухоннай прыслузе 4772,55 8,2
Выдаткі па буфеце 8678,8 14,9
Выдаткі пральні 9009,21 15,5
Паштовыя і тэлеграфныя выдаткі 163,9 0,3
Музыка і ілюмінацыя 300 0,5
Петраградская прыслуга (пакаёўка, 2 лакеі, памочніца Епанчова, кухонная прис­луга) 2033,93 3,5
Паляванне, Каранёўскі паляўнічы дом 459,41 0,8
Стыпендыі 8 стыпендыятам і 9 стыпендыяткам Гомельскай гімназіі 1020 1,8
Утрыманне школ у Прыборску, Заліп’і, Давыдаўцы, Студзёнай Гуце, Папоўцы 2340 4,0
Выдаткі на рамонт школ 61,82 0,1
На вучэбныя дапаможнікі 113,46 0,2
На дровы для 9 вясковых школ 145 0,2
Жалаванне настаўніцы Добрушскай школы 84 0,1
На дзіцячую летнюю калонію пры фальварку Хамінскі 427,33 0,7
Пабудова дома для згаданай летняй калоніі для дзяцей 3703,18 6,4
Ахвяраванні Магілёўскаму аддзелу Усерасійскай лігі для барацьбы з туберкулёзам 1000 1,7
Выдаткі Гомельскаму таварыству патранату для калоніі малалетніх злачынцаў 13 000 22,3
Пенсіі старым бабулям, аднаразовыя дапамогі ўдовам 1925,47 3,3
Велікодныя раздачы міластыні 117 0,2
Падараванне дроў бедным 2062 3,5
У тым ліку ўсе выдаткі дабрачыннасці бедным 23 295,97 40,0
Усяго пралічваецца на справы дабрачыннасці 49 295,23 84,7
На рамонт і ўтрыманне Гомельскага замка 16 641,3 28,6
На жалаванне замкавай прыслузе 5149,15 8,9
На ўтрыманне замкавай аранжарэі 12 316,93 21,2
Усяго 58 167,32 100,0

Звяртаючыся да рахункаў дадзенага роспісу выдаткаў княгіні Паскевіч, звернем увагу на тое, што асабістыя выдаткі яе ў 14,5 разы саступалі выдаткам на справы дабрачыннасці, Так, асабліва шмат выдаткоўвалася на патрэбы малалетніх злачынцаў і мясцовай адукацыі. Разам з тым са слоў відавочцаў вядома, што княгіня Ірына Іванаўна вяла вельмі сціплы вобраз жыцця, які па сведчанні сучаснікаў быў «амаль манаскі»41.

Між тым дакументы паказваюць, што княгіня не мела кантролю над вотчыннай адміністрацыяй яе маёнткаў, і сярод служачых квітнела шырокая карупцыя. Так, нават выдаткі ў прапанаваным роспісе Гомельскага замка пры пераліку амаль у 2 разы перавышаюць тыя лічбы, што намінальна заяўлены ў дакуменце (табл. 4): 58 167,32 руб. і 112 111,66 руб. Асабліва выразна гэта паўстала пры рэвізіі губернскім праўленнем спагнання падаткаў з Гомельскай вотчыны ў 1905 г. і Сенатам у 1909 г.42 Ёсць падставы меркаваць, што да паловы чыстага прыбытку вотчыны раскрадалася яе служачымі, разам з тым гэта не перашкаджала гаспадарцы расці і павялічваць даходы за кошт лясной гаспадаркі і прамысловага прадпрымальніцтва43. Цікава таксама тое, што і княгіня, і адміністрацыя яе вотчыны працягвалі традыцыі вотчыннага патэрналізму. Так, вядомы шэраг дамоваў княгіні з вясковымі грамадамі (вёскі Давыдаўка, Случ-Мільча, Макееўка і інш.) аб перадачы ім за танны кошт і часам нават без акрэслення межаў арандаваных угоддзяў — сенакосаў і паш — пры ўмове зберажэння ўгоддзяў і лясоў ад пажараў і іншых шкод44. Між тым ні ў 1905 г., ні асабліва з кастрычніка 1914 г. гэта не дапамагло спыніць лавіны з тысяч выпадкаў спрычынення шкоды і захопу ўласнасці княгіні сялянамі45.

Прыведзеныя прыклады гавораць аб пэўнай хрысціянскасці ў паўсядзённасці ўласнікаў маёнткаў на Палессі ў ХІХ — пачатку ХХ ст. Аб ёй мы збольшага можам гаварыць знешне як аб дабрадзейнасці. Заўважана, што ў новых умовах пасля скасавання прыгону ў 1861-1863 гг. хутка адміралі традыцыі вот­чыннага патэрналізму. Дзяржава ў Расіі спрабавала замарозіць і навязаць вотчынны патэрналізм у прыватнай сферы і пасля 1861 г. Аднак прыклад Радзівілаў і Горватаў відавочна паказвае на хібы такой сістэмы: празмерная справаздачнасць, залежнасць ад чыноўнікаў у праявах сваёй добрай волі мела вынікам страту інтарэсу да справы і ініцыятывы. Традыцыйны патэрналізм у новых умовах дэградаваў і губляў сэнс у канкурэнтнай барацьбе за эканамічна мэтазгодныя рабочыя рукі. Вядома, у імперыі падтрымлівалася інерцыя колішняй сацыяльнай сістэмы, што ў большай ступені (сервітуты, асобны статус землеўласнасці сялянскіх грамад да 1906 г., абяцанні чыноўнікаў) адбівалася ў свядомасці сялянства. Між тым дабрачыннасць колішніх феадалаў-землеўласнікаў скарачалася, як і іх значэнне ў грамадстве. У новых абставінах на першае месца мусілі выйсці ініцыятывы буржуазных колаў, дабра­чыннасць прадпрымальнікаў.

Можна сцвярджаць, што значэнне інстытутаў колішняга грамадства заставалася істотным на агульным сацыяльным фоне, бо вясковае асяроддзе па-ранейшаму дамінавала ў Беларусі на Палессі. Іншая справа, што дабрачыннасць новай эпохі станавілася ў пэўным сэнсе больш шчырай: сялянскія грамады і асобныя сяляне ў большай ступені мусілі клапаціцца пра сябе самастойна, а памешчыкі змушаны былі займацца ў першую чаргу сваёй гаспадаркай і справамі. Тым болей, што ва ўмовах заходніх губерняў існаваў абмежавальны рэжым для мясцовага дваранства, які кіраваў яго гуртавацца вакол ідэй падтрымкі свайго асяродка і нацыянальнага захавання і адраджэння. Істотнай якасцю гэтай мясцовай дваранскай рэфлексіі была больш шчыльная прывязка спраў дабрачыннасці да прыватнай ініцыятывы. Таксама і прыклад сялян-каланістаў — пратэстантаў (немцы, латышы, чэхі) — паказвае, што менавіта ўзровень самасвядомасці, апора на ўласныя сілы (адказнасць па-за межамі традыцый вотчыннага патэрналізму), згуртаванасць і маральнасць вялі да поспеху ў справах.

Як вядома, ХІХ ст. прынесла ў пачатку ХХ ст. востры сацыяльны крызіс, што праявіўся ў межах Расійскай тагачаснай імперыі як, перадусім, крызіс аграрнага грамадства: адносная перанаселенасць вёскі, нізкі ўзровень даходаў і гаспадаркі, вялізны попыт на зямлю і абвостраная міжсаслоўная барацьба за сельскагаспадарчыя ўгоддзі, дэградацыя традыцыйных сацыяльных інстытутаў (вясковая абшчына, традыцыйная вялікая сялянская сям’я, мірская апека, вотчынны патэрналізм). Наогул, пры капіталізме (свабодным рынку) абвастраецца барацьба за ўсе рэсурсы. Затое расце каштоўнасць гэтых рэсурсаў — непазбежна стаіць пытанне аб іх эфектыўным выкарыстанні. Інакш было пры тым ладзе, дзе доступ да рэсурсаў больш замкнуты: змяншаецца каштоўнасць рэсурсаў і эфектыўнасць іх выкарыстання. Давядзём яшчэ і тую акалічнасць, што назіралі на прыкладзе Гомельскай вотчыны: заглыбленасць на сацыяльным не дазволіла перамагчы карэнныя праблемы эпохі ў межах валоданняў Паскевіч, а гэта значыць — пераадолець адсталасць і крызіс сялянскай гаспадаркі.

Бібліяграфічны спіс

  1. Гл.: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (далей — НГАБ). Ф. 694. Воп. 7. Спр. 383. Арк. 182 адв.
  2. Гл.: Administracja Dobr Ordynacji Nieswiezskiej JOO. Ksi^zat Wilhelma i Bogustawa Radziwittow ; zamek Nieswiezski — тытул установи ў архіўных фондах.
  3. Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. Спр. 660. Арк. 30.
  4. Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. Спр. 383. Арк. 3 адв., 211 адв. — 217.
  5. Там жа. Арк. 182.
  6. Там жа. Арк. 211 адв.
  7. Там жа. Арк. 214.
  8. Там жа. Арк. 182.
  9. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 804. Арк. 27-30 ; Ф. 694. Воп. 3. Спр. 803. Арк. 41.
  10. Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. Спр. 803. Арк. 45-46 адв., 201-201 адв., 214 адв. — 215 адв., 234-249, 260.
  11. Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. Спр. 10387. Арк. 342-342 адв. ; Ф. 694. Воп. 2. Спр. 10655. Арк. 1-14 ; Ф. 694. Воп. 2. Спр. 10666. Арк. 1 адв. — 16.
  12. Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 10387. Арк. 341 адв.
  13. Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 10666. Арк. 14 адв. — 16.
  14. Там жа. Арк. 14 адв. — 16.
  15. Там жа. Арк. 58 адв.
  16. Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 393 ; Ф. 694. Воп. 1. Спр. 399.
  17. Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 399. Арк. 55-55 адв.
  18. Там жа. Арк. 16.
  19. Там жа. Арк. 4-35.
  20. Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 400. Арк. 7.
  21. Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 804. Арк. 48.
  22. Гл.: НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 1276. Арк. 9 адв. — 37 ; Ф. 295. Воп. 1. Спр. 1277. Арк. 3-35.
  23. Гл.: НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 1279. Арк. 63.
  24. Гл. НГАБ. Ф. 986. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 24, 26-31.
  25. Гл. НГАБ. Ф. 986. Воп. 1. Спр. 16. Арк. 3-7 адв.
  26. Гл.: Рянский Р. Л. Помещичье хозяйство Курской губернии перед отменой крепостного права: К проблеме кризиса крепостничества в России : дис. … канд. ист. наук : 07.00.02. Курск, 2006. С. 49.
  27. Гл.: НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 1267. Арк. 1-4 адв. ; Ф. 986. Воп. 1. Спр. 7. Арк. 7-8 адв.
  28. Гл.: НГАБ. Ф. 299. Воп. 5. Спр. 184 ; Ф. 299. Воп. 5. Спр. 185.
  29. Гл.: НГАБ. Ф. 986. Воп. 1. Спр. 20. Арк. 14.
  30. Гл.: Понютич В. П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861-1900 гг. Минск, 1990. С. 253 ; Бейлькин Х. Ю. Сельскохозяйственный рынок Белоруссии. 1861-1914 гг. Минск, 1989. С. 74.
  31. Гл.: Жытко А. П. Дваранства Беларусі перыяду капіталізму, 1861-1914 гг Мінск, 2003. С. 113, 116.
  32. Гл.: НГАБ. Ф. 986. Воп. 1. Спр. 20. Арк. 14-14 адв. ; Ф. 986. Воп. 1. Спр. 47. Арк. 12-13 адв.
  33. Гл.: НГАБ. Ф. 299. Воп. 5. Спр. 184. Арк. 13 адв. ; Ф. 986. Воп. Спр. 7. Арк. 9 ; Ф. 986. Воп. 1. Спр. 29. Арк. 19-23 адв.
  34. Гл.: Кахновіч В. А. Гаспадаранне ў маёнтках Палескага рэгіёна Расійскай імперыі ў 1861-1917 гг.: дыс. … канд. гіст навук : 07.00.03. Мінск, 2010.
  35. Гл.: НГАБ. Ф. 986. Воп. 1. Спр. 8. Арк. 6-11 адв.
  36. Там жа. Арк. 2-2 адв.
  37. Гл.: Кара-Мурза С. Г. Столыпин — отец русской революции. М., 2002. С. 41,71.
  38. Гл.: Кочетов И. В. Зерновое производство в годы НЭПа: действительность и возможности // Экономическая история России ХІХ-ХХ вв.: современный взгляд. М., 2000. С. 80-104.
  39. Гл.: Тугай У. В. Латышы на Беларусі. Мінск, 1999. С. 70, 72, 76 ; Малые диаспоры Гомельщины в 20-30-е гг. ХХ века: аналит. материалы и документы Гос. арх. Гомел. обл. Гомель, 2008. С. 68.
  40. Гл.: НГАБ. Ф. 3013. Воп. 1. Спр. 2415. Арк. 2-28.
  41. Гл.: Пиховкина Т. А. Графиня Ирина Ивановна Паскевич-Эриванская… Гомель, 2002. С. 25.
  42. Гл.: НГАБ. Ф. 3013. Воп. 1. Спр. 2041. Арк. 10-57 адв.
  43. Гл.: Кахновіч В. А. Гаспадаранне ў маёнтках Палескага рэгіёна Расійскай імперыі ў 1861-1917 гг.
  44. Гл.: НГАБ. Ф. 3013. Воп. 1. Спр. 1894. Арк. 47-58.
  45. Гл.: Кахновіч В. А. Гаспадаранне ў маёнтках Палескага рэгіёна Расійскай імперыі ў 1861-1917 гг.


Аўтар:
В.А. Кахновіч
Крыніца: Веснік БДУ. Серыя 3, Гісторыя. Эканоміка. Права. — Мінск : БДУ, 2014. — № 3. — С. 22-30

This article has summarized the changes in the practice of the patrimonial paternalism in everyday life of some large estates (Radziwill, Gorvat, Paskevich). The mechanisms of social relationships between landowners and peasants through the prism of Christian values and charity. The author has revealed the negative impact of state coercion, as well as the gradual degradation of the paternalistic relationship is influenced by the development of capitalist forms and waves of the modernization.