Аўтар: П.М.Цалка Вяселле як від мастацтва мае адметны характар у кожнай вёсцы, таму і прысвечана мая праца характарыстыцы вясельнай традыцыі роднай вёскі Сіманічы Лельчыцкага раёна. Надзвычай важнай з'яўляецца для нас ацэнка той ці іншай фальклорнай з'явы знутры, з пункту гледжання саміх носьбітаў. У гэтай сувязі і хочацца мне пазнаёміць Вас з уласнымі запісамі вяселля ў в. Сіманічы Лельчыцкага раёна. Адразу адзначу, як пацвярджаюць атрыманыя матэрыялы, ў мясцовым вяселлі добрую захаванасць выяўляюць усе абрадавыя моманты, пры гэтым захоўваецца як агульнаэтнічная аснова, так і назіраюцца адметныя лакальныя рысы. Вяселле нагадвае своеасаблівы спектакль, дзе можна ўбачыць сапраўдную прыгажосць народных звычаяў і дзе разам з тым надзвычай ярка раскрываюцца душа народа, яго псіхалогія. Вясельная абраднасць дае яскравае ўяўленне пра розныя бакі народнага побыту беларусаў, іх характэрныя вераванні, маральныя, этычныя і эстэтычныя погляды. Як і ў класічным вырыянце, вяселле пачынаецца са сватання. У мясцовым апісанні сватання вызначальную ролю, як і наогул у беларускім вяселлі, мае рытуальны іншасказальны дыялог: “Раньшэй перад вяселлем заўсёды хадзілі ў сваты. Хадзілі абязацельно ў мясаед, а не ў пост. Обычно вечаром, як ужо сцямнее. Збіралі самух раднейшых і абязацельно хросного з хросною, бо без іх ніякі хлопец не мог пайці ў сваты до дзеўкі. Збіраюцца яны ўсе гуртом, бяруць з сабою пірага з гарэлкаю і ідуць у хату да молодое. Заходзяць у хату як будто не сватацца, а просто так, по дзелу, і пачынаюць размову: Добры вечар! Добрэ здороўе! А чаго ж ву к нам завіталі? А му чулі, шо ву прадаеце сваю целічку. Ой, да яна ў нас яшчэ малада, хай яшчэ паходзіць, папасецца. Ну... як не хочаце прадаць целічку, то раз му ўжэ прыйшлі, то мо ву сваю Ганночку за нашого Іванка замуж аддасце. І потым ужэ пачынаюць гаварыць пра маладых. Затым хлопец налівае чарку гарэлкі, кідае туды капейку і пудносіць да молодое. Калі вона согласна, то бярэ чарку і прыгублівае з яе трохі гарэлкі. Затым нясе яе бацьку, а затым мацер, каб яны благаславілі, потым усе сядалі, елі-пілі і абгаворвалі, калі і як будуць вяселле гуляць [2]. “А калі дзеўка не согласна була ісці за хлопца замуж, то нічога не кажучы, чы вон хорошы, чы не, а моўчкі вуносіла гарбузу” [4]. Адметнасцю у мясцовым рытуале сватання лічыцца наступны момант: "хлопец, калі дзеўка яму адмовіла, браў у хаці з кутка кавеню і круціў яе, шоб дзеўка замуж не пайшла" [4]. Наступны вясельны абрадавы этап - зборная субота: "зборная субота своеасаблівае развітанне нявесты са сваім дзявоцтвам, з сяброўкамі, з якімі пасля замужжа яна ўжо не мала права хадзіць на гулянні" [2]. У гэты час сяброўкі маладой збіраліся і рыхтавалі яе да замужжа: “У суботу раніцаю малада збірала подружак. Яны збіраліся і плялі вянок для маладой. Калі вяселле було ўлетку, то яго плялі з самых прыгожых кветак. А калі зімою, то рабілі кветкі з паперы, якую красілі. Да вянка прывязвлі шмат доўгіх рознакаляровых каснікоў [2]. У гэты час спявалі: - Маладая ты, Ганночко, Ці ўсе сады аблятала, Ці ўсе сады абкавала. Мо которы міновала? - Не, усе сады аблятала, Усе сады абкавала. Маладая ты Ганночко , Ці ўсіх дружок позбірара? Усіх дружок позбірала, Толькі ту міновала, На котору злобу мала. - Ужэ ж табе Ганночко дзень-дзень, Ты сабе вій вяночка хоць весь дзень, Хоць з руты, з мяты, з борвенку, Бо прыедзе Іванко ў нядзельку. Ох, не ў етую та ў тую, Ён прывязе хустку рабую. - Ой, калі б знала, Ой, каліб ведала, Шо ко мне сваты прыедут, Я б атправіла сваю матухну У цёмны гай по каліну. У цёмны гай по каліну Матухна пайшла, Увесь лес абуйшла, Коліночкі ж не знойшла. [3]. Важным абрадам лічылася выпечка вясельнага каравая, гэта не было выпадковым. “Каравай - сімвал шчасця, дабрабыту, сімвал жыцця” [1]. “Ні адно вяселле не абуходзіласа без каравая. Раней каравай заўсёды пяклі ў сваёй печы. Вот збірала маці маладой суседак і не абы якіх, а самых лепшых: хто добра жыў, было ў іх усё ў дастатку, былі замужнія, а не ўдовы. І яшчэ булі са сваім первум чалавекам і не развадныя” [2]. Выпечка каравая заўсёды суправаджалася песнямі: -Ох, Ганноччына ж маці 2р. По суседочкам ходзіць 2р. По суседочкам ходзіць Да суседочок просіць: Ох, суседочкі ж мое 2р. Да ходзеце ж ву ко мне, Не ко мне, а к дзіцяці, 2р. Каравай у печ саджаці. [4]. Адметнасцю маёй мясцовасці лічыцца выпечка двух маленькіх пірагоў, якія рыхтаваліся як у маладога, так і ў маладой: "гэтыя піражочкі пякліся з таго ж цеста, шо і каравай. Калі малады ўжо прыяжджаў по молоду, то яны етые піражочкі звязвалі ў адну хустачку і пасля вяселля абавязковыа павінны былі з'есці іх саміе, не даваць яго нікому" [2]. Само ж гулянне пачыналася, калі "…ўжо ўвечары ў суботу малады і маладая ехалі ў царкву да вянца. "Повенчаюцца ў царкве дый раз'яжджаюцца па дамам" [4]. Затым апоўначы малады, па старажытнаму звычаю, пасля благаслаўлення бацькоў ехаў па маладую: Ох, ворогі, ворогі, Да не перэходзьце дорогі, Да нехай перойдзе господ Бог, Да мой бацюхно наперод, Да нехай перойдзе матка моя, Шоб наша дорога гладкой була, Да нехай перойдзе Радзіна, Шоб на дорога шчасліва була. Помолюса ж Богу 2р. Да з Богом й у дорогу, Да ў дарожэньку шчасну, 2р. Да по Ганночку красну. [3]. У хаце маладой сватоў сустракалі дружкі маладой, якія "обязацельно для маршалкаў упрыгожвалі елачку і вушывалі платочкі з кветачкамі. Кожны маршалак выкупаў сваю дружку разам з платочкам і кветачкаю" [2]. Затым пачыналася вясельнае застолле, кульмінацыяй якога была дзяльба каравая: "гаспадары хаты ўставалі і прамаўлялі: "Дай Божэ не маўчаць, да добрэ пачаць. Дзе есцека тута хросны-бацько і маці, то абазвецеса каханые." Затым хросны-бацько вуносіў каравай. Каравай стаўлялі каля маладых, і хросны-бацько пачынае дзяліць каравай. Першые самуе смачные кавалкі адрэзае маладому і маладой, затым бацькам маладое. Потым караваем пачыналі частаваць і ўсіх астатніх гасцей. Кожны падыходзіў, дараваў свой падарунак, браў кавалак каравая, затым абавязкова павінен буў вукупіць чарку гарэлкі, якую налівала хросна-маці. I пры гэтым кожны прыдумваў якую-небудзь прыказку-пажаданку: дарую дуба з ралом, шоб сын буў генералом. Дарую міску гліны, шоб да году булі радзіны" [2]. Затым малады забіраў маладую і вёз яе ў сваю хату, дзе іх сустракалі бацькі маладога з хлебам, соллю і мёдам, пры гэтым усе гэтыя деянні суправаджаліся песнямі: -Вуйдзі, матухно, погледзі Ой, шо ж му табе прывезлі, Ці серу козу, ці целя, Ой, ці нявесточка молода? Тонкую ек буліна, Чырвону ек каліна. Хорошую да робочую, Да на дзело ахвочую. [3]. Маці маладога "вуносіла молодой дзежку, у якой пякла хлеб і пераварочвала яе уверх дном. Малада павінна була сплясці надзежніцу, якую яна прасцілала на дзежку. I калі яна була яшчэ нявінною, то яна ставала на дзежку, а калі ўжо саграшыла, то абуходзіла гэтую дзежку кругом" [2]. Унось маці дзежку, 2р. Бо везе сын невестку, Тонкую ек буліну, 2р. Чырвону ек коліну. Токую высокую, 2р. На работу ахвочую. Да й у хату і у святліцу 2р. За ворота молодзіцу. [3]. Вясельныя абрады не маглі абысці бокам будучы ўраджай. 3 ім звязанна абрад "сеяння" маладой збожжа ў час яе ўваходу ў хату: "Калі ўжэ молодые заходзяць у хату, то молода з самого порогу пачынае наўхрост сеяць жыто по хаці і пры гэтым пачыналі спяваць: "Зарадзі, Божэ, жыто, (2р.) Дэй на новое лето. Шчоб наша молодая (2р.) Стоечы жыто жала" [3]. “У час гуляння ў хаце маладога свекруха повінна була пасадзіць молоду на табурэтку, зняць з яе голову вянок і завязаць хусточку. Завязаўшы хусточку маладой, яе подводзілі да молодого і жартавалі: "забралі мы ў цябе маладзіцу маладу, а прывялі табе бабу стару" "[2]. На гэты дзень вяселле яшчэ не заканчвалася: "ужо на наступны дзень, у панядзелак, гулянне называлі "на куры". Зранку людзі збіраліса, перадзявалі бацька і мацер молодое і молодого ў "маладых". I пачыналі па-жартоўнаму гуляць "вяселле". Ішлі по хатам до госцей, якія былі на вяселлі, яны павінны былі іх пачаставаць і дазволіць злавіць у сябе з двара куру. Затым увечары з гэтых курэй варылі смачную юшку. А ўжо праз тыдзень бацькі молодой ішлі ў госці да сваёй дачкі, паглядзець, як яна там жыве. Даставалі елачку, якая да гэтага часу знаходзіласа за вобразам у хаце, і разбіралі яе на шчасце" [2]. Прыведзеныя звесткі даюць яскравае ўяўленне пра асноўныя асаблівасці беларускага традыцыйнага вяселля. Маладое пакаленне (гэтага вельмі жадаюць мае інфарматары) будзе памятаць і захоўваць абрады і звычаі сваіх продкаў. Словы глыбокай падзякі хочацца выказаць усім жыхарам вёскі Сіманічы, асобна - маёй бабулі Куціс Валянціне Мікалаеўне, 1937 г.н., Федаровіч Ніне Мікалаеўне, 1938 г.н. і Астаповіч Валянціне Дзмітрыеўне, 1942 г.н., якія і падзяліліся са мной гэтымі найкаштоўнейшымі звесткамі. Літаратура: [1] Вяселле: Абрад/ К.А.Цвірка; Муз. Дадат. З.Я.Мажэйка; Рэд. Тома В.К.Бандарчык, А.С.Фядосік - 2-е выд. - Мн.: Бел. Навука, 2004 - 683с.: іл. (Бел. нар. творчасць) Спіс інфармантаў: [2]. Куціс Валянціна Мікалаеўна, 1937 г.н., в. Сіманічы [3]. Федаровіч Ніна Мікалаеўна, 1938 г.н., в. Сіманічы [4]. Астаповіч Валянціна Дзмітрыеўна, 1942 г.н., в. Сіманічы
|
Каментарыi
мазила мазила скачать бесплатно скачать мазилу мазила скачать бесплатно скачать мазилу бесплатно мазила мазила скачать бесплатно скачать мазилу скачать мазилу бесплатно скачать мазилу бесплатно Цытаваць
RSS лента каментарыяў гэтага запiсу.