Чаму жыхарам Светлагорскага раёна блізкая трагедыя на “Нямізе”?

0
351
Чаму жыхарам раёна блізкая трагедыя на Нямізе

У траўні 1999 года ў падземным пераходзе каля станцыі метро “Няміга” ў Мінску адбылася трагедыя: у выніку даўкі тут загінулі 53 чалавекі, каля 360 атрымалі раненні. Сярод загінулых быў светлагорац Зміцер Корзун — студэнт другога курса Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва.

У нядзелю, 30 траўня 1999 года, мінскі бровар “Аліварыя” сумесна з ТА А «Клас Клуб-ДжасКрафт» з дазволу Мінгарвыканкама наладзіў свята піва. Да мерапрыемства далучылася тэлерадыёкампанія “Мир”, якая адзначала двухгоддзе свайго заснавання. Народнае баляванне адбывалася каля мінскага Палаца спорту, побач з ім стаялі намёты, у якіх бясплатна раздавалася піва. На сцэне ля Палаца спорту выступаў расійскі гурт “Манга-манга”. У гэты ж дзень праваслаўнымі вернікамі святкавалася Сёмуха.

Раптам пачалася навальніца, пайшоў моцны дождж, пазней град. Прыкладна 2,5 тысячы маладых людзей [1] пабеглі ў бок падземнага пераходу да станцыі метро “Няміга”, каб схавацца ад непагадзі. У ім сабралася шмат людзей, пачалася цісканіна, у выніку загінулі 53 чалавекі, сярод якіх 42 дзяўчынкі і 2 супрацоўніка міліцыі. Болынасць загінулых — маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 20 год. Раненні атрымалі, паводле розных крыніц, ад 150 [2] да 300 [1] чалавек. Прэзідэнт Беларусі сваім указам аб’явіў 1 і 2 чэрвеня 1999 года днямі нацыянальнай жалобы.

Сярод загінулых быў светлагорац Зміцер Георгіевіч Корзун — студэнт другога курса Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва [3].

Зміцер Корзун, выпускнік СШ №5 горада Светлагорска, марыў стаць юрыстам. Яму было 20 год.

“Ён у мяне прыгожы быў хлопец, высокі — метр дзевяноста, — распавядае маці. — Ён быў вельмі добры, мой сыночак… Не мог трываць несправядлівасці, таму і пайшоў вучыцца на юрыдычны факультэт: “Мама, — казаў мне, — вось стану юрыстам, буду далей вучыцца на эканаміста”. Спяшаўся вучыцца, хацеў у жыцці шмат чаго дасягнуць. Не паспеў…” [4].

Пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу па факце масавай гібелі людзей у падземным пераходзе каля станцыі метро “Няміга”. Некалькі бацькоў падалі іскі ў суд, у якіх запатрабавалі ад арганізатараў мерапрыемства выплаціць матэрыяльную кампенсацыю за гібель іх дзяцей у памеры 100 млн. рублёў за кожнага. Праз год пасля трагедыі Міністерства юстыцыі зарэгістравала грамадскае аб’яднанне “Няміга-99”, у якое ўвайшлі бацькі загінулых. Мэта аб’яднання — увекавечыць памяць тых, чыё жыццё раптоўна абарвалася падчас фэсіу каля станцыі метро “Няміга”. Следства, у якім абвінавачваліся намеснік начальніка міліцыі грамадскага парадку г. Мінска Віктар Русак і начальнік аддзела масавых мерапрыемстваў міліцыі Міхаіл Кандрацін [5], цягнулася два з паловай гады і было закрыта “ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці” [6].

Светлагорац Зміцер Корзун быў пахаваны на могілках ў родным горадзе 2 чэрвеня 1999 года.

Доўгі час падземныя сходы да станцыі метро “Няміга” былі месцам паломніцтва: людзі вывешвалі на сценах партрэты, абразы, тэксты малітваў, запальвалі свечкі.

30 траўня 2000 года на Кальварыйскіх могілках, побач з пахаваннем загінулых каля станцыі “Няміга”, быў адкрыты помнік ахвярам трагедыі — вялізны валун з шыльдай, на якой пералічаны імёны. Ен быў асвечаны святаром праваслаўнай царквы.

Яшчэ праз два гады, 30 траўня 2002 года адбылася адкрыццё мемарыяла ля сходаў да станцыі метро “Няміга”. 53 металёвыя ружы (колькасць трагічна загінулых) ляжаць на гранітных прыступках, побач знаходзіцца маленькая каплічка з праваслаўным крыжам. На пліце выбіты імёны загунулых, у тым ліку і імя светлагорца Зміцера Корзуна, ніжэй змешчаны ўрывак з Евангелля ад Іаана: «Я есмь уваскрашэнне і жыццё. Той, хто верыць у Мяне, калі і памрэ, ажыве. І кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ ніколі».

Крыніцы:

  1. Третюк А. Виновные найдены. Белорусская газета. Информационно-аналитический еженедель­ник [Электронный ресурс]. 2000. 24 июля. Доступ через Интернет: http://ww.belgazeta.bу120000724.28/060210280/. Дата доступа: 03.06.2009.
  2. Печальная Немига, что берега в крови II Минский курьер. 2007. 30 мая.
  3. Бяда не абыйшла і нас II Светлагорскія навіны. 5 чэрвеня. С. 1.
  4. Поседько Н. Немига: год спустя II Регион-вести. № 22. С. 2.
  5. Будут судить II Регион-вести. 2002. № 11. С. 2.
  6. Третюк А. Дело закрыто… Вопрос по-прежнему открыт… Белорусская газета. Информационно­аналитический еженедельник [Электронный ресурс].
  7. 8 апреля. Доступ через Интернет: http: //wwbelgazeta.by120020408.1410602002801. Дата доступа: 03.06.2009.

Аўтар: В. Раманцоў
Крыніца: Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск: Галіяфы, 2011. — 252 с. Ст. 17-19.